TAIZÉ

Разважаючы фрагменты Бібліі

 
Дадзеныя біблійныя разважанні маюць стаць спосабам на шуканне Бога ў цішыні і малітве пасярод нашага звычайнага штодзённага жыцця. Цягам дня паспрабуй знайсці хвіліну, каб прачытаць урывак са Святога Пісання з невялікім каментарыем ды паразважаць над прапанаванымі пытаннямі. Затым у невялікае групе (3-10 чалавек) паспрабуйце пры сустрэчы падзяліцца тым, што кожны адкрыў для сябе, знайдзіце таксама час на малітву.
2024

June

Эфесцаў 2, 4-10: Бясплатны дар Божае любові
А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе, каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе. Вы ж збаўлены ласкаю праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі.

Аўтар Паслання да Эфесцаў агалошвае і праслаўляе дар Божае любові. Нягледзячы на тое, што «мы, мёртвыя з-за грахоў, [...] былі збаўленыя ласкаю» (гл. Эфесцаў 2, 5). Для святога Паўла асновай хрысціянскага жыцця з’яўляецца ласка. Збаўленне – гэта Божы дар. Мы не атрымліваем збаўлення нібы заробак пасля таго, як добра выканаем сваю працу. Мы збаўленыя, таму што Бог багаты на міласэрнасць і пяшчоту, і таму, што «ўсё, што Бог можа зрабіць, дык гэта даць сваю любоў» (Ісаак Сірыйскі, 613-700 г.).

У Старым Запавеце адзін з прарокаў – прарок Ісая – добра разумеў, што Бог бязмежна любіць свой народ. Ва ўрыўку, які кожны год чытаецца падчас Пасхальнай вігіліі, Ісая кажа свайму народу: “Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы за віно і малако” (Ісаі 55, 1).

У Новым Запавеце гэтая любоў ператварылася ў асобу – Езуса Хрыстуса. Езус ніколі не ўжываў слова “ласка”. Але сваімі ўчынкамі і словамі, сваім прабачэннем і ахвяраваннем свайго жыцця Ён паказаў нам глыбіню гэтае любові. І Езус запрашае нас жыць гэтак жа, як і Ён. Бясплатны дар Божае любові не ўчыньвае з нас пасіўных людзей. Гэтая любоў «ажыўляе нас» з Хрыстом (Эфесцаў 2, 5) і робіць нас здольнымі аддаваць сваё жыццё за іншых. Тады ў нашым жыцці можа адбыцца цуд: мы пачынаем любіць так, як палюбіў нас Бог. Больш за тое: Бог пачынае любіць унутры нас. “Мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі” (Эфесцаў 2, 10).

- Калі ў маім жыцці мне здарылася дасведчыць безварунковай любові? Як гэты досвед паўплываў на маё жыццё альбо нават змяніў яго?

- Якія іншыя тэксты з Бібліі, словы ці ўчынкі Езуса дапамагаюць мне зразумець словы з Паслання да Эфесцаў: мы “збаўлены ласкаю” – бясплатным дарам Божае любові?



Іншыя біблійныя разважанні:

Апошняе абнаўленне: 1 June 2024