TAIZÉ

Апошнія навіны

Нарада 2017

Малітва брата Алоіса

Як і кожны год, браты сустрэліся на сваёй штогадовай нарадзе, якая сёлета адбылася 24-29 студзеня. Вечарам у нядзелю нарада была завершаная супольнаю вечароваю малітваю, у тым ліку з малітваю "ляжаннем крыжам", падчас якой браты прыгадваюць свае манаскія зарокі. Перад гэтым брат Алоіс звярнуўся з наступнымі словамі малітвы.


Малітва на завяршэнне

Мы молімся да Цябе, Езу Хрыстэ, бо Ты ўваскрос з памерлых. Ты вядзеш нас за сабою, каб быць сведкамі надзеі, быць міратворцамі дзекольвек мы знаходзімся, тут у Тэзэ ці ў Сенегале, Кеніі, Карэі, Бангладэш, Бразіліі, на Кубе ці ўва Францыі.

У гэтыя дні Ты аднаўляеш у нас нашае пакліканне. Мы прагнем ісці за Табою, Езу, ціхі і пакорны сэрцам. Тваё Евангелле запрашае нас развіваць дух дзялення, заўсёды імкнучыся зрабіць нашае жыццё больш сціплым. Таму дапамажы нам засяродзіцца на істотным, на любові і сталае прысутнасці Святога Духа. Дазволь нам прыняць тую любоў, так каб яна закранула нас да глыбіні, бо мы патрабуем сталага навяртання аж да апошняга подыху. Там знаходзіцца крыніца радаснае ўнутранае свабоды.

Калі ў свеце расце гвалт і пачуццё страху, Ты дазваляеш нам трываць у надзеі Твайго прыйсця па паўстанні з памерлых. Для нас тое нібыта якар у нашым жыцці, пэўны і надзейны. Вера ў Цябе адкрывае нашыя вочы на Тваю прысутнасць у свеце. А нашая малітва становіцца больш палымянаю: Валадарства Божае можа быць асягнутае і ахопіць усе чалавечыя істоты.

Уваскрослы Хрысце, Твая любоў заахвочвае нас шукаць бачнае еднасці хрысціянаў, якая павінна быць зачынам супакою па ўсім свеце. Калі мы збіраемся ля крыніцы, што нарадзілася з Тваёй Пасхі, менавіта тады раскрываецца дынаміка Евангелля. Тады мы прымаем тое ў якасці дару з абавязковым распазнаннем разнастайнасці паміж хрысціянамі. Дазволь нам, братам, і ўсім хрысціянам пагадзіцца на ахвяры, неабходныя для прымірэння. Абудзі ў нашым грамадстве запал да адзінства, дазволь нам адчуць, наколькі пільным мае быць прабачэнне, дзеля таго каб мы не спыняліся ствараць даверлівыя адносіны паміж рознымі традыцыямі і каб быў магчымы абмен дарамі.

Рыхтуючы супакой на зямлі, Ты спрыяеш узросту нашага братэрства. Мы молімся да Цябе ў гэты вечар за ўсіх тых, каго Ты нам паверыў, пачынаючы ад тых прынятых тут у Тэзэ, як таксама ў іншых нашых супольнасцях, у часе паездак і пілігрымак Даверу, за бежанцаў, якія жывуць у нашае вёсцы. Часцяком праз тых, каго мы прымаем тут, Ты адкрываеш нашыя сэрцы на Тваю любоў, нават калі таго не ўсведамляем. Захоўвай нас усіх у духу Дабраслаўленняў, радасці, сціпласці ды міласэрнасці.

А зараз, пасля чарговага спеву, тыя браты, што маюць скласці свае жыццёвыя зарокі, будуць ляжаць на падлозе, прыгадваючы сваё пасвячэнне Богу.

Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў

З нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян у сераду 18 студзеня а 18-ае гадзіне ў Тэзэ адбылася спецыяльная малітва, на якой прысутнічалі маладзёны, што перабываюць зараз у Тэзэ, а таксама лідары мясцовых Цэркваў.

Трансмісія праз "Facebook Live"

Вітальнае слова ад брата Алоіса

У гэты першы дзень Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў я запрасіў вас у нашую Царкву паяднання. Разам з братамі я цешуся, што магу павітаць вас тут падчас гэтае малітвы. Я дзякую за прысутнасць прадстаўнікам Каталіцкае, Праваслаўнае, Аб’яднанае Пратэстанцкае, Англіканскае, Евангелічнае, Менаніцкае цэркваў. Няхай узрастае нашая еднасць у Хрысце Езусе так, каб дынаміка і праўда Евангелля магла свяціць усяму свету.

Малітоўныя інтэнцыі, чытаныя царкоўнымі лідарамі

Духоўныя лідары прачыталі наступныя малітоўныя інтэнцыі:

  • Езу Хрыстэ, Ты паслаў сваю Царкву падрыхтаваць Табе шлях у свеце. Натхняй нашыя справы і словы дзень за днём, каб мы маглі абвяшчаць Тваё Евангелле вакол нас.
  • Езу Хрыстэ, святло свету, Ты асвятляеш кожную чалавечую істоту: дазволь нам распазнаць Тваю прысутнасць у кожным і прыняць Цябе ў нашым блізкім.
  • Езу Хрыстэ, адкрый нашыя вочы на пакуты найбольш абяздоленых нашых часоў, што жывуць у самотнасці пасярод нас так, каб мы маглі жыць у салідарнасці з тымі, хто быў нам павераны.
  • Езу Хрыстэ, усеагульны браце, Ты на баку выгнаннікаў, бежанцаў, мігрантаў. Мы давяраем Табе ўсіх тых, каго мы прынялі ў нашым рэгіёне і мы молімся за Саміра з Судану.
  • Езу Хрыстэ, дай нам навучыцца слухаць Цябе так, каб мы разам праявілі сябе, каб тое было больш заўважным у вачах іншых, у Тваёй адзінай Царкве, каб свет мог паверыць.
  • Езу Хрыстэ, хвала Табе за хрысціянскія супольнасці з нашага рэгіёну. За сінод дыяцэзіі Отун (diocèse d’Autun). За праваслаўны прыход Шалон. За пратэстанцкія цэрквы ў год узгадвання Рэфармацыі.
  • Езу Хрыстэ, таксама, як Тваіх вучняў па паўстанні з памёрлых, ты чыніш наш братамі і сёстрамі. Навучы нас крочыць за Табою і кіруй нас на сцежкі жыцця.
  • Езу Хрыстэ, мы давяраем Табе людзей з Блізкага Ўсходу, ахвяры гвалту, усіх тых, хто не бачыць будучыні ў сваёй краіне. Будзь падтрымкаю для тых, хто прагне справядівасці і супакою.

Малітва брата Алоіса

Хрысце Езу, мы сабраліся ў Тваё імя. Дапамажы нам прыняць Твайго Святога Духа, Духа прабачэння і паяднання, што яднае нашыя галасы ў Тваёй прысутнасці. Бліжэй да канца Твайго жыцця Ты маліўся "Ойча, няхай усе былі адно". Зрабі з нас сведкаў еднасці і носьбітаў прымірэння.

Сад салідарнасці ў Тэзэ

Цягам апошніх гадоў міжнародныя сустрэчы ў Тэзэ лы іншых месцах імкунліся паглыбіць пошук новых формаў салідарнасці ў сучасным грамадстве. Адным з ейных аспектаў з’яўляецца нашая ўвага да Стварэння. У адным са сваіх апошніх пасланняў моладзі брат Алоіс напісаў, “Зямля належыць Богу; людзі атрымліваюць яе ў якасці дара. На нас ляжыць вялікая адказнасць: клапаціцца пра планету і не марнаваць ейных рэсурсаў. Зямля абмежаваная, таму людзі таксама павінны пагадзіцца на пэўныя межы”.


Адным з пладоў такой рэфлексіі - сціплай, але канкрэтнай - было стварэнне “саду салідарнасці” ў Тэзэ.

Маладзёны, працуючы з братам, па чарзе, тыдзень за тыднем працуюць у садзе. Гародніна, якая там вырошчваецца, перадаецца мясцовае асацыяцыі супольнасці, якая распаўсюджвае яе ў навакольных мястэчках і вёсках ля Тэзэ.