TAIZÉ

Пра Тэзэ

Абшчына сёння

 
Сёння Cупольнасць Тэзэ аб’ядноўвае больш за восемдзясят братоў – каталікоў, англіканаў і пратэстантаў – прадстаўнікоў больш, чым трыццаці нацыянальнасцяў. Існаванне Абшчыны само па сабе ёсць “алегорыяй супольнасці”: канкрэтным знакам паяднання паміж падзеленым хрысціянствам, падзеленымі народамі.
JPEG - 135.9 kb

Большая частка братоў жыве ў бургундскае вёсцы Тэзэ. Іншыя браты, якія пасланыя на місію, падзяляюць умовы жыцця людзей са свайго атачэння ў Азіі, Афрыцы, Лацінскае Амерыцы ды на прадмесцях Парыжа. Дзякуючы простае прысутнасці сярод насельніцтва і далучэння да жыцця мясцовых Цэркваў, гэтыя невялікія брацтвы з некалькіх братоў – фратэрніі – па сваёй прыродзе маюць часовы характар.

На працягу ўсяго года Абшчына прымае дзясяткі тысяч маладзёнаў з Еўропы ды іншых кантынентаў. Яны прыязджаюць на сустрэчы на тыдзень да асяроддзя, дзе могуць запытацца пра сваё жыццё і сваю будучыню, на сустрэчы, падчас якіх атрымліваюць досвед малітвы і супольнага жыцця, перажываюць моманты разважанняў над Бібліяй і дзялення з іншымі асобамі.

Напрыканцы года, пачынаючы з 1978 г., на запрашэнне мясцовых Цэркваў Супольнасць праводзіць Еўрапейскую моладзевую Сустрэчу, штогод у іншым горадзе на кантыненце. Моладзевыя сустрэчы адбываюцца таксама ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Некалькі пілігрымак у краіны з праваслаўнай традыцыяй дазволілі моладзі адкрыць для сябе скарб й гэтае спадчыны.

JPEG - 78.1 kb

Цягам дзясяцігоддзяў у Тэзэ прыязджалі многія царкоўныя лідары. У 1986 г. Тэзэ наведаў папа Ян Павел ІІ, у 2017 – Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей, а пачынаючы з 1973 г. тут пабывалі чатыры арцыбіскупы Кентэрберыйскія. Двойчы ў Тэзэ былі чатырнаццаць лютэранскіх біскупаў са Швецыі (1994 г. і 2022 г.), а ў 2024 г. – лютэранскія біскупы Фінляндыі. Тэзэ наведвалі таксама мітрапаліты і біскупы розных Праваслаўных Цэркваў, а таксама шматлікія біскупы і пастыры з усяго свету.

Разам з братамі значную частку задач, звязаных з прыёмам моладзі, бяруць на сябе сёстры з міжнароднай каталіцкай супольнасці Святога Андрэя, заснаванай больш за сем стагоддзяў таму, а таксама польскія сёстры ўршулянкі (Кангрэгацыя Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага).

Браты Супольнасці жывуць выключна з уласнай працы. Яны не прымаюць ані грашовых ахвяраванняў, ані ўваходзяць ва ўласнасць маёмаснай спадчыны.

JPEG - 131.5 kb

Пасля драматычнай смерці 90-гадовага брата Ражэ, падчас вечаровае малітвы 16 жніўня 2005 г., справу заснавальніка Абшчыны, працягнуў брат Алоіс, якога брат Ражэ выбраў задоўга перад гэтым, прымаючы разам з іншымі братамі кіраванне моладзевымі сустрэчамі ў Тэзэ і на іншых кантынентах. Ён таксама прымаў удзел у шматлікіх экуменічных сустрэчах і пры розных нагодах наведваў каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх лідэраў, каб падтрымліваць сувязі еднасці і сяброўства з іх Цэрквамі.

У 2019 г. брат Алоіс апублічніў абвінавачванні ў сексуальных злоўжываннях з удзелам братоў, а Супольнасць пачала працу «стаючы ў праўдзе». У далейшым, калі да Супольнасці дасягалі іншыя сведчанні, першапачатковае паведамленне брата Алоіса рэгулярна абнаўлялася. Абшчына прыняла з’абавязванне кожны год публікаваць справаздачу за папярэдні год, падрыхтаваную незалежнай групай па прыёме і маніторынгу справаздач. Сталы трэнінг па пытаннях асабістае бяспекі цяпер з’яўляецца часткай жыцця братоў, сясцёр, валанцёраў і супрацоўнікаў, так што Тэзэ можа быць бяспечным месцам для тых, хто там перабывае.

2 снежня 2023 г. брат Алоіс перадаў свае функцыі ў Тэзэ брату Мэцью, які належыць да Абшчыны з 1986 г., падданаму Вялікай Брытаніі, англіканіну па веравызнанні.


Апошняе абнаўленне: 18 April 2024

«Дабраславі нас, Хрысце, нас і тых, каго Ты нам даручыў. Захавай нас у духу Блажэнстваў,
радасці,
сціпласці,
міласэрнасці».

Вытокі Тэзэ