Базэль 2017

Наступная Еўрапейская Сустрэча Моладзі ў Базэлі

У пятніцу 30 снежня ў Рызе падчас 39-ае Еўрапейскае Сустрэчы, што адбывалася ў латвійскае сталіцы на запрашэнне мясцовых Цэркваў, Брат Алоіс звяртаўся да 15.000 маладзёнаў, што бралі ўдзел у чарговым этапе Пілігрымкі Даверу на Зямлі, распачатай Братам Ражэ шмат гадоў таму.

У часе вечаровае малітвы, Брат Алоіс пачаў з напаміну пра тое, што сустрэчы ў Тэзэ будуць адбывацца праз увесь 2017 год. Затым ён распавёў пра планы сустрэчаў у розных месцах, асаблівым чынам пра наступную Еўрапейскую Сустрэчу Моладзі ў Базэлі напрыканцы снежня 2017 г.

Базэль: экуменічнае запрашэнне, што пераадольвае межы

Некалькі тыдняў таму Брат Алоіс атрымаў ліст, скіраваны да яго лідарамі мясцовых Цэркваў з рэгіёну Базэль у Швейцарыі, Францыі і Нямеччыне, што заангажаваныя ў падрыхтоўку наступнае Сустрэчы. Вось, што яны пішуць:

"Рэгіён Базэль і Супольнасць Тэзэ маюць стасункі ўжо на працягу даволі доўгага часу. Цэрквы і хрысціянскія супольнасці рэгіёну Базэль разам з Тэзэ суправаджаюць і падтрымліваюць моладзь на іх асабістае дарозе да веры.
 
Будучы перакананым у тым, што вера здольная сабраць разам, пераадолець цяжкасці і замірыць, Цэрквы і хрысціянскія супольнасці рэгіёну Базэль шчыра запрасілі братоў Супольнасці Тэзэ з’арганізаваць і правесці з 28 снежня 2017 г. па 1 студзеня 2018 г. 40-ую Еўрапейскую Сустрэчу Моладзі ў Базэлі.
 
Цягам стагоддзяў Базэль быў важным месцам развіцця хрысціянства ў Еўропе. Рэфармацыя, 500-ую гадавіну якой будзьма абыходзіць у наступным годзе, стала ў гэтым сэнсе знакаваю падзеяю. У рэгіёне Базэль тая падзея моцна звязаная з традыцыяю гуманізму. З гэтае нагоды для ўзгаданага рэгіёну характэрныя адкрытасць на свет, цярпімасць і клопат пра супакой. З геаграфічнага пункту гледжання рэгіён знаходзіцца на тэрыторыі адразу трох краін, таму мае здольнасць пераадольваць межы.
 
Цэрквы і хрысціянскія супольнасці рэгіёну Базэль перакананыя што да розных спосабаў разумення і следвання за Хрыстом, якія не могуць быць перашкодаю на агульным шляху хрысціянаў. А нават больш, "мы складаем адзінае цела Хрыстова", а "дары дадзеныя" кожнае асобе ўносяць узаемнае ўзбагачэнне й умацоўваюць нашую еднасць (Рым. 12:5-6).
 
Цэрквы і хрысціянскія супольнасці рэгіёну Базэль разам з усімі ў іх багатае разнастайнасці і з блізкімі да іх людзьмі адчуваюць сябе натхнёнымі традыцыйным адкрыццём іх рэгіёну на свет, цешучыся з нагоды магчымасці адкрыць іх храмы, дамы і сэрцы іх будучым гасцям і запрасіць да сябе чарговы этап Пілігрымкі Даверу на Зямлі".

Некаторыя з царкоўных лідэраў Базэлю былі ў Рызе

У часе прэс-канферэнцыі, арганізаванае паралельна гэтае абвестцы, некаторыя лідары мясцовых Цэркваў былі ў Рызе. Між іншых быў там Лукас Кундэрт (ням. Lukas Kundert), Прэзідэнт Рэфармаванае Царквы кантону Базэль. Ніжэй частка таго, што ён сказаў:

"Мы разглядаем Еўрапейскую Сустрэчу Моладзі ў якасці магчымасці сумеснае рэфлексіі над роллю хрысціянства і Цэркваў у нашым рэгіёне. З гэтае нагоды, прымаючы да ўвагі, што Год Рэфармацыі скончыцца экуменічнаю сустрэчаю, якая акцэнтуе моманты нашага яднання, а не падзелу, тое з’яўляецца даволі красамоўным знакам".

Штэфан Кемлер (ням. Stefan Kemmler), каталіцкі дыякан з Базэлю, дадае:

"Цэрквы і рэлігійныя супольнасці рэгіёну Базэль цешацца з нагоды сустрэчы моладзі з усяе Еўропы, што мае тут адбыцца. Мы цешымся, што зможам падзяліцца з прадстаўнікамі розных хрысціняскіх супольнасцяў, а таксама радуемся, што будзьма мець магчымасць дасведчыць у нашых дамах трансгранічную салідарнасць гэтае сустрэчы".

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21357.html - 18 October 2017
Copyright © 2017 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France