Вялікдзень 2017 / Разважанні Брата Алоіса

Сведкі ўваскрослага Хрыста

Чацвер 20 красавіка 2017 г.

У гэтыя дні мы нястомна ўсклікаем: “Хрыстос уваскрос”. Каб апісаць гэтую цэнтральную падзею нашае веры, нам бракуе слоў. Таму супольнае спяванне пра змёртвыхпаўсталага Езуса дапамагае нам спадзявацца на таямніцу, якая нас саміх пераўзыходзіць.

Але чым ёсць тая таямніца? Хрыстус уваскрос, таму Ён прысутнічае ў кожным з нас і ўва ўсіх, Ён безварункова любіць кожнага, а гэтая любоў будзе трываць вечна ды ніколі не зменіцца.

На мінулым тыдні пэўны маладзён запытаўся ў мяне: як Вы можаце простымі словамі растлумачыць уваскрасенне Хрыстова камусьці, хто не падзяляе нашае веры? Як бачна, пытанне тое ня з лёгкіх. Таму я распавёў яму пра нашых братоў з Тэзэ, якія больш за сорак гадоў жылі пасярод найбяднейшых асобаў у Бангладэшы.

У гэтае краіне пераважная большасць насельніцтва - гэта мусульмане. Якім чынам мы можам быць сведкамі ўваскрослага Хрыста? Тое можа адбыцца не праз шматмоўе, але толькі праз запрашэнне людзей да перабывання поруч з німі, захапляючыся іх пачуццём прыгажосці і паэзіяй, але таксама бяручы на сябе іх пакуты, спрычыньваючыся да таго, каб яны адчувалі, што іх нехта любіць.

Усе мы знаходзімся ў грамадстве, дзе багата людзей дазнаюць адчай. Гэта гвалт, войны, апошнія атакі ў Егіпце ды Швецыі. Якім чынам мы можам сведчыць пра надзею ўваскрасення? Не толькі нашымі словамі, але й нашым жыццём, і тады мы будзем сведкамі любові Хрыста ў дачыненні да кожнага чалавека.

Праз сваё ўваскрасенне Хрыстус збудаваў мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяю, мост, які вядзе па-за межы смерці, па-за гвалт. Наслядуючы Яго, мы таксама зможам будаваць масты, нават там, дзе тое здаецца быць немагчымым.


Там, дзе існуюць падзелы, раздзяленні, адчужанасць, мы можам імкнуцца да таго, каб быць творцамі супакою, прабачэння і паяднання. Такім чынам, менавіта нашым жыццём мы засведчым пра ўваскрасенне. Безумоўна, нам могуць задаваць пытанні, а таму становіцца магчымым, а нават важным, каб вытлумачыць нашую веру за дапамогаю слоў.

Я таксама думаю пра бежанцаў, якіх мы прынялі тут, на ўзгорку, з Судану, Эрытрэі, Афганістану, Іраку і Сірыі. Пераважная большасць з іх мусульмане. Прымаючы іх, жывучы поруч, мы сталі сябрамі. А таму часам мы нават можам паразмаўляць пра веру, што жыве ў нас.

Памятайма, праз сваё ўваскрасенне Хрыстус перадусім запрашае нас стаць больш чалавечнымі, а не толькі тымі, хто забагата гаворыць.


У пасхальны аўторак у Тэзэ выключны візіт Патрыярха Варфаламея. Ён жыве ў Стамбуле, які раней называўся Канстанцінопалем. Гэта першы візіт Канстанцінопальскага Патрыярха ў Тэзэ.

Патрыярх мае ганаровае першынства па-над Праваслаўнымі цэрквамі. Гэта чалавек вялікае годнасці і адкрытасці. Ён нястомна прапаведвае еднасць хрысціянаў і клопат пра ўсё стварэнне. Ягоны візіт нясе нам незвычайную радасць, бо мы так глыбока прывязаныя да Праваслаўнае царквы.

Нашая супольнасць прасякнутая праваслаўнае традыцыяю. Каштоўнасцямі, якімі жыве Усход - уваскрасенне Хрыста і роля Святога Духа, што знаходзяцца ў цэнтры ўвагі, трывалае навязванне да Айцоў Царквы, літургічнае жыццё, іконы, але таксама і мужнасць дзесяцігоддзяў выпрабаванняў - з’яўляюцца для нас крыніцамі натхнення.

Цягам гадоў праваслаўная моладзь з Расіі, Украіны, Сербіі, Румыніі ды іншых месцаў прыязджала сюды, асабліва ўлетку, каб удзельнічаць у сустрэчах. Іх прысутнасць была заклікам да заходняе моладзі, з якой яны тут сустракаліся: якім чынам мы можам яшчэ больш дзяліцца тымі дарамі, якія заклаў Бог у нашых душах, з усходнімі хрысціянамі?

Таму вы можаце адкрыць нейкія з тых скарбаў усходняга хрысціянства. Я хацеў бы запрасіць вас застацца пасля нядзелі да аўторка, каб павітаць Канстанцінопальскага Патрыярха. Аднак, на жаль, я гэта разумею, толькі невялікая колькасць з вас зможа ўчыніць тое.


Пасля летніх сустрэч у верасні мы будзем тымі, хто наведае іншую галіну ўсходняга хрысціянства, у Егіпце. З некаторымі з маіх братоў, а таксама маладзёнамі, што будуць суправаджаць нас, мы скіруемся ў Каір, каб сустрэцца і правесці некалькі дзён пілігрымкі з егіпецкае моладдзю ў іх краіне.

Нашая Пілігрымка Даверу 2017 сёлета скончыцца напрыканцы снежня ў Базэлі, дзе моладзь, якая прыме ўдзел у Еўрапейскае сустрэчы, будзе вітаная адразу ў трох краінах - Швейцарыі, Францыі ды Нямеччыне.

Перад гэтым прагну сказаць многім прысутным тут немцам, што я з нецярпеннем чакаю на тое, каб далучыцца да вас увечары суботы 27 траўня ў Вітэнбергу падчас Тыдня цэркваў на малітоўным чуванні на адкрытым паветры. З нагоды ўшанавання Рэфармацыі XVI ст. мы збярэмся разам на малітве ў інтэнцыі еднасці ўсіх хрысціянаў.



 [1]

[1Здымак: Cédric Nisi

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21954.html - 12 December 2017
Copyright © 2017 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France