Навучаць, бы жыць

Стыпендыяльная школьная праграма ў Маймансінгх

Вось ужо цягам многіх гадоў браты з Тэзэ жывуць у Бангладэш. Там браты распачалі праводзіць школы для вельмі бедных дзяцей з мусульманскіх, індуісцкіх і хрысціянскіх сем’яў.

У Маймансінгх тысячы студэнтаў. Багата з іх прыязджаюць туды з вёсак ці мястэчак з наваколля, часцяком яны паходзяць з бедных сем’яў, магчыма нават з такіх, што толькі ў першым пакаленні навучыліся чытаць і пісаць. Многія з іх маюць патрэбу ў фінансавае падтрымцы, каб працягваць сваё навучанне. Вось чаму браты з Тэзэ амаль 25 гадоў таму распачалі невялікую стыпендыяльную праграму. Тое, што пачыналася як сціплы жэст салідарнасці з незаможнымі студэнтамі, пакрысе і натуральна развілося ў нешта больш сур’ёзнае. Таму можна сказаць, што вядучым прынцыпам гэтае праграмы з’яўляюцца словы “Калі вы дарма атрымалі, дарма давайце”.

Кожнага, хто атрымлівае стыпендыю, просяць зрабіць нешта для іншага. Пакуль адны становяцца настаўнікамі ў пачатковых школах, іншыя дапамагаюць займацца з дзецьмі ў іх штодзённых абавязках, працаваць з людзьмі з інваліднасцю, альбо выконваць якую-небудзь іншую службу. Гэтыя студэнты - мусульманіне, хрысціяніне ды індусы, мужчыны і жанчыны з прынамсі пяці розных этнічных груп. Працуючы разам, яны лепей пазнаюць адзін адно і становяцца сябрамі. Штогод яны ўдзельнічаюць у хрысціянскім набажэнстве, мусульманскім іфатры (вечаровы пасілак падчас посту ў месяц Рамадан), а таксама ў пуджы - цэлебрацыі на хвалу індуісцкае багіні вучобы Сарасваці. Гэтыя маладыя хлопцы і дзяўчаты правялі багата часу на падрыхтоўку, каб займацца школаю, яны запрацавалі на павагу да сябе з боку старэйшых і кваліфікаваных настаўнікаў з бліжэйшых сярэдніх школ. Служачы разам на карысць бедным, яны ўсведамляюць, што з’яўляюцца часткаю адной чалавечай сям’і. Цягам месячных сустрэч настаўнікі заахвочваюцца да кшталтавання ў сабе ўнутранага пачуцця справядлівасці, супакою і спагады да бедных, павагі да іншых культур і рэлігій. Тое становіць неад’емную частку праекту.

“Навучаць, бы жыць” - гэта прыклад навучання, якое сканцэнтравана не толькі на тым, што можа быць зачэрпнута з кніжак, але таксама бярэ пад увагу тое, чаму мы можам навучыцца адно ў аднаго, ад людзей, што маюць небагатае ці зусім аніякага акадэмічнага заплечча, ад паэтаў і артыстаў, а таксама праз распазнаванне ўласных талентаў і развіваючы шчодрасць. У “Навучаць, бы жыць” істотным з’яўляецца баланс паміж здароваю канкурэнцыяю ды павагаю да слабых і спагадаю да ўсіх іншых. “Навучаць, бы жыць” таксама азначае лепшае пазнаванне сябе праз адкрытыя дыскусіі, аналізаванні ды распазнаванні ўласных пачуццяў і страхаў. “Навучаць, бы жыць” справа няпростая, але й не немагчымая дзеля яднання са стылем навучання, які з’арыентаваны на вынікі тэстаў, а менавіта такі стыль дамінуе ў Бангладэш. Настаўнікі супольна вучацца, як запраектаваць план заняткаў, следваць правілам і праводзіць рэгулярныя ўрокі; якім чынам камунікаваць з бацькамі ды іншымі настаўнікамі, адсочваць развіццё вучняў у іх занятках ды дапамагаць ім, калі тое патрэбна. Дзеці вывучаюць усе звычайныя патрэбныя прадметы паводле тых падручнікаў, што адобраныя ўрадам. Але таксама маюць заняткі з культуры, развучваюць спевы, ставяць сцэнкі, а апроч таго на адмысловых занятках вучацца супакою і развязванню канфліктаў.

Школьная стыпендыяльная праграма лічыць сабе ўжо больш дваццаці гадоў, дзякуючы дабраахвотным ахвярам добразычліўцаў і спонсараў. Такім чынам, школы становяцца знакам таго, якім чынам мы можам сумесна дзейнічаць, не прагнучы пры тым атрымаць багата ўзамен. Год за годам у нас атрымліваецца падтрымліваць існаванне гэтае праграмы. Для 1600 дзяцей у нашых школах - гэта шанец на змены ў іх жыцці. Студэнты са стыпендыяльнае праграмы актуальна праводзяць пяць школьных пляцовак. У пяці маленькіх школах з 50 настаўнікамі мы не патрафім зрабіць забагата, але мы імкнемся рабіць тое, што мажліва зрабіць, маючы тыя сродкі, якія пасядаем.

У сельскае мясцовасці ды гарадскіх трушчобах Бангладэш заўважная вялікая патрэба на пачатковую адукацыю. Лічба насельніцтва краіны вельмі вялікая, і пакуль ураду цяжка займацца школамі і настаўнікамі, таму надаль багатая колькасць дзяцей гадуюцца ўвогуле без аніякае фармальнае адукацыі. Таму натуральным было звярнуцца да стыпендыстаў праграмы, каб тыя праводзілі заняткі для такіх дзяцей. Пачаткі былі няпростыя. Тое, што пачыналася як невялікія заняткі рэпетытарства, станавілася неўзабаве пачатковаю школаю на рэгулярнай аснове, дзе ўвесь выкладчыцкі калектыў быў кааптаваны са стыпендыяльнае праграмы. Адзін з братоў распавядае гісторыю пра адну з такіх школ у мясцовасці Бінпара, на рацэ Брахмапутра:

“Нашую першую школу ў Бінпара мы распачалі ў 1988 г., вёсцы з пераважна індускім насельніцтвам на супрацьлеглым беразе ракі. Там было багата п’янства і сварак, а некаторыя з мужчын былі залежнымі ад азартных гульняў. Мы збудавалі невялікі дом (сцены з бамбуку, а дах пакрылі бляхаю) на пустыры ля ракі. Са значнымі ваганнямі, але дзеці пачалі прыходзіць. Штораніцы настаўнік абыходзіў навакольныя дамы, заахвочваючы бацькоў скіраваць дзіцяці ў школу. Яны маглі аднаго дня прыйсці да школы, а ўжо наступнага заставаліся дома. Мы праводзілі невялікую групу праз увесь першы навучальны год. Потым дзеці перайшлі ў другі клас. Пакрысе настаўленне індуісцкіх і мусульманскіх бацькоў у наваколлі змянялася. Яны пагадзіліся прыходзіць да школы на невялікія сустрэчы, на якіх мы абмяркоўвалі іх праблемы з п’янствам, сваркамі ды гвалтам у сям’і. Яны пачалі рэгулярна ашчаджаць грошы, якія перадавалі нам на зберажэнне. Маткі прыходзілі вучыцца вышыўцы, каб папраўляць вопратку сваіх дзяцей. Сваімі дзецьмі пачалі цікавіцца й ба́цькі, пачалі прыходзіць да школы, пакуль адукацыйныя пляцоўкі канчаткова не сталі цэнтрамі іх мясцовасцяў. Праз неалькі гадоў школы трэба было перанесці, бо тэрыторыя на якой яны знаходзіліся была загрожаная эрозіяю, выкліканаю ракою. На дадзены момант часу дадзены кавалак вёскі зусім знік. Новая школа мае каля 400 студэнтаў з вялікае тэрыторыі Бінпара: некалькі індусаў, большасць мусульмане, да таго 18 маладых настаўнікаў. Год за годам мы аднаўляем школу пасля паводкі, дабудоўваючы дамы, калі тое патрэба. Пакрысе дрэвы, якія мы тут засадзілі, становяцца большымі, а школа, такім чынам, нібы расплываецца ў навакольным асяроддзі. Значныя таксама змены ментальнасці. Месцічы разумеюць важнасць вучобы ды дацэньваюць нашае бачанне, якім мы дзелімся.”

Printed from: http://www.taize.fr/be_article22533.html - 16 December 2017
Copyright © 2017 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France