Візіт братоў у Камбоджу

Цягам многіх гадоў браты наведваюць Камбоджу. На пачатку, у найбольш складаныя часы 70-ых гг. ХХ ст. там была вельмі складаная сітуацыя, прысутнасць была амаль нябачнай. Але ад 1992 г. пачаліся рэгулярныя візіты з малітвамі - часам у адну дыяцэзію, часам у тры адначасова. У 2015 г. моладзевая арганізацыя пры Федэрацыі Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў у Азіі (FABC Youth desk) запрасіла братоў, каб правесці сустрэчу для моладзі з Тайланду, Лаосу, В’етнаму і М’янмы. Сустрэча адбылася ў пастаральным цэнтры ў горадзе Пнампень, сталіцы Камбоджы. Пэўнага дня маладзёны наведвалі розныя месцы, звязаныя з надзеяй. Адзін з маладзёнаў распавядае ніжэй пра візіт у Дом св. Эльжбеты, адзін з праектаў, што мае падтрымку ў рамках Аперацыі “Надзея”.

“Зараз дом можа прымаць больш пацыентаў, часцяком нават з чальцамі іх сем’яў. Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта годнасць, якой там надзелены кожны. Да кожнае асобы індывідуальны падыход. Тут была створана сапраўдная сямейная атмасфера. Усё настолькі па-чалавечы. Была тут й маладая пара разам са сваім дзіцяці, што пакутвала на рак. Малое патрабавала сталае апекі, таму бацькі чарагаваліся так, каб заўсёды хтосьці быў поруч з малым. У іншым пакоі быў яшчэ адзін хлопчык, што таксама хварэў на рак, разам з мамаю. Гэта больш нагадвала не ўстанову, але дом, дзе для кожнага было месца. Супрацоўнікі разам з пацыентамі разам ішлі да шпіталя, каб упэўніцца, што апошніх прынялі і зразумелі, якога яны патрабуюць лячэння. У св. Эльжбеце пануе пачуццё бяспекі, а акрамя таго радасць, якую можна прачытаць на тварах. Найлепшым доказам гэтага служаць здымкі”.


У сакавіку 2012

Два браты былі ў Камбоджы ў сакавіку 2012 г. Адзін з іх дзеліцца некаторымі ўражаннямі свайго побыту:

JPEG - 31.1 kb

Тахен - гэта вёска ля Батамбанга ў паўночна-заходняе Камбоджы. Летась юнак з Тахен правёў тры месяцы ў Тэзэ. Падчас нашага падарожжа ў Камбоджу мы хацелі наведаць яго, як й іншых маладзёнаў вёскі, каб прыняць удзел у супольнае вечаровае малітве. Па нашым прыбыцці мы адразу ж зразумелі, што тое быў нешэраговы дзень для месцічаў. Усё было падрыхтавана да фэсту - багата людзей былі ўбраныя ў нацыянальныя строі, паўсюль на вясковых вуліцах луналі каляровыя сцягі, парафіяльная кухня была цалкам заангажавана ў справу, а сталы і зэдлікі былі расстаўлены ў чаканні на вялікі абед. Тое было ў панядзелак 19 сакавіка. Каталіцкая парафія Тахен адзначала ўрачыстасць св. Юзафа, які быў патронам мясцовага касцёла. Для нас тое было надзвычайна, бо мы маглі прыняць удзел у святкаванні гэтага дня разам з усімі.

Парафія сёння аджыла дзякуючы мужнае жанчыне. У часы дыктатуры Чырвоных кхмераў у Камбоджы хрысціяне былі жорстка пераследваныя. Жанчына малілася разам са сваімі дзецьмі, перадаючы такім чынам веру, якая падтрымлівалася ў вёсцы. Зараз яна ўжо вельмі старая, не ў стане больш самастойна прходзіць да касцёла. Урачыстасць мы распачалі з кароткае малітвы ў ейным доме, каб яна магла прыняць у ёй удзел.

JPEG - 20.4 kb

Падчас фэсту танцы ў каляровых традыцыйных строях працягваліся й ў касцёле, нават ў часе адмаўлення малітвы Ойча Наш. Тое быў вельмі надзвычайны момант. Моладзь танчыла пад Ойча Наш, некаторыя з іх былі ў інвалідных вазках, але нягледзчы на тое прымалі ўдзел у забаве разам з усімі ў коле. Многія з іх - гэта ахвяры мін; гэта галоўная праблема ў Камбоджы. Штогод дадаюцца чарговыя 300 ахвяраў. У часе танцу пад Ойча Наш было цалкам зразумела, што ўсе мы дзеці аднаго Айца, кожны з ягонымі асабістымі дарамі і здольнасцямі.

Затым перад касцёлам адбыўся ўрачысты абед, пасля якога ў храме распачалася вечаровая малітва са спевамі Тэзэ перакладзенымі на кхмерскую - нацыянальную мову Камбоджы. Прысутнічаць на малітве прыходзілі групы моладзі з наваколля, пакуль у касцёле не зрабілася зусім цесна. Многія маліліся звонку на крытым касцёльным падворку.

JPEG - 20.6 kb

На нашае дарозе спачатку мы прашлі ля мясцовасці Кампонг Хам і вёскі Хомляк. Касцёлы там упрыгожваюцца фрэскамі, што паказваюць жыццё Езуса. Перад распачаццем малітвы мы аглядалі тыя абразы разам з моладдзю. Таксама там былі фрагменты са штодзённага камбаджыйскага жыцця. Езус і вучні былі апранутыя ў звычайныя камбаджыйскія строі, таму мы хутка маглі зразумець, што пасланне Езуса датычыць кожнага з нас, і таксама тое, што Ён хоча змяніць нашае жыццё Сваёй прысутнасцю ў ім. Для некаторых тамтэйшых маладзёнаў, што прыгатаваліся да хросту, Евангелле было нечым новым. Дарослыя асобы з парафіі і моладзь з іншых месцаў былі запрошаныя, каб прыняць удзел у малітве. Прасёлачнаю дарогаю, што прабягала праз вёску, джыпы, мінібусы і грузавікі прыязджалі з усіх бакоў, запоўненыя моладдзю, што радасна махала рукамі перад тым, як увайсці ў касцёл. Неўзабаве храм быў перапоўнены так, як тады у Хомляк, таму многія грамадзіліся звонку.

На поўдзень ад Пнампень, сталіцы Камбоджы, на вечаровую малітву мы скіраваліся ў Кампонг Сум, як зрэштаю малітвы адбыліся ў самой сталіцы ў парафіях Сва Пак, Хампа і Пшар Тач. Паўсюль, дзе мы былі, нас прымалі цёпла і з вялікае радасцю. Моладзь усё добра падрыхтавала, часта прысутнічаў нават маленькі хор ці аркестр, адмыслова сабраны на такі вечар. Да іх далучыліся таксама музыкі з Евангелікальнае Царквы.

JPEG - 27.9 kb

У часе нашае вандроўкі мы сустрэлі самых розных людзей: дзяцей і моладзь, што актыўна ўдзельнічалі ў жыцці хрысціянскіх супольнасцяў; людзей з абмежаванымі магчымасцямі разам з іх сябрамі, што былі адданыя сваім знаёмым настолькі, што кожны мог жыць годна й у радасці; старую ў Тахен і такіх, як яна, што працягвалі жыць сваёю вераю ў вельмі складаных варунках; людзей, чыя цікаўнасць была абуджаная сведчаннем хрысціянаў і хто зараз рыхтаваўся прыняць хрост, становячыся часткаю супольнасці Хрыста; а таксама багата каго яшчэ, хто чыніў Касцёл месцам радасці, надзеі і супольнасці для кожнага.

Поўныя ўдзячнасці за ўсё гэта мы з нецярпеннем радасна чакаем на сёлетні візіт камбаджыйскае моладзі ў Тэзэ; безумоўна, яны падзеляцца гэтае радасцю і надзеяю з багата кім яшчэ.


У красавіку 2011

“Без сумневаў мы знайшлі новую радасць”. Браты з Тэзэ вярнуліся ў Камбоджу ў красавіку 2011 г. Адзін з іх дзеліцца сваім дасвядчэннем.

JPEG - 13.4 kb

“Ubi Caritas et amor, Deus ibi est”. Якою нечаканасцю было пачуць той спеў з Тэзэ па-кхмерску тут, у Кампонг Ко, вёсачцы паблізу ракі ля гораду Кампонг Том у цэнтральнае Камбоджы. Нас запрасіў сябар святара, што запрасіў нас прыйсці на нядзельную Эўхарыстыю. Дарога машынаю нам заняла 45 хвілін; праязджалі праз вёску, дзе нарадзіўся Пол Пот - правадыр Чырвоных кхмераў, што прынеслі столькі пакутаў гэтае краіне. Пазней дарога стала вузкаю, мы праязджалі палі з рысам, бачылі кароў, што атрымлівалі асалоду ад купання ў сажалках і ўрэшце дабраліся да вёскі. Перад настаннем цяжкіх часоў Чырвоных кхмераў тут быў мураваны касцёл, школа і нават шпіталь. Пазней усё змянілася. Касцёл быў разбураны, хрысціяне сутыкнуліся з пераследам і пагрозаю смерцю, многія сталі пакутнікамі. Цяперака тут няма электрычнасці, а рачная вада выкарыстоўваецца для ўсяго: для прання вопраткі, прыняцця ваннаў, а нават служыць крыніцаю пітное вады. Хваробы з гэтае прычыны не з’яўляюцца рэдкасцю, тлумачыць святар. Багата хто не ўмее чытаць і пісаць. Таму парафія запрапанавала збудаваць школу на тэрыторыі парафіі. Спадзяемся на лепшую будучыню.

JPEG - 23 kb

Жыццё тут не належыць да простых, а тым не меней мы ўбачылі тут столькі радасці. Малады хлопец з парафіі, які кіраваў хорам, чакаў на нас. Некаторыя маладзёны ведаюць пра Тэзэ, таму што тут рэгулярна адбываліся спевы ў іх студэнцкіх інтэрнатах у г. Пнампень. Мы былі вельмі ўсцешаныя, што прымаем удзел у тых малітвах, спяваючы разам з німі “Ubi caritas” падчас малітвы верных, што несла да Бога нашую надзею на супакой і справядлівасць у свеце. Пасля Эўхарыстыі дзве дзяўчыны з парафіі забралі нас на човен, каб ракою мы змаглі дабрацца да іх сем’яў. Наколькі цёплым быў тамтэйшы прыём! Мы не маглі прамаўляць забагата, толькі некаторыя з іх крыху валодалі ангельскаю, але заўсёды былі ўсмешкі, заўсёды знак радасці. Пасярод гэтых бедных людзей, якія штодня вымушаны змагацца, каб мець асноўнае ў іх жыцці, працуючы на рысавых палях і займаючыся рабалоўствам, мы знайшлі тое, пра што была гутарка ў Пасланні з Чылі: “Часам тыя, хто церпяць ад беднасці ды лішэнняў, здольныя на неспадзяваную радасць у жыцці, радасць, якая перамагае збянтэжанасць”. Безумоўна, падчас нашага наведвання гэтае краіны мы знайшлі новую радасць.

JPEG - 10.7 kb

Некалькі дзён пасля таго, на поўдзень ад камбаджыйскае сталіцы Пнампень, мы сустрэліся з прыблізна 50 маладзёнамі, што сабраліся разам на трэнінг лідарства ў Кампонг Сум. У дадзены час Царква ў Камбоджы пасля дасвядчэнняў так моцных пераследаў і катаванняў, знаходзіцца на шляху свайго адраджэння. Відавочна, што за гэтае моладздзю будучыня. Кожная парафія вікарыяту (дыяцэзіі) скіроўвае маладых людзей на гэтую фармацыйную праграму. Частка іх паходзіць з сем’яў, якія з’яўляюцца хрысціянамі ад некалькіх пакаленняў, іншыя толькі ў працэсе распазнавання веры. Нас запрасілі сумесна правесці раніцу. Распачаўшы малітваю разам са спевамі Тэзэ па-кхмерску, мы працягнулі біблійным разважаннем, часам на цішыню, а пазней дзяліліся сваімі роздумамі ў малых групах. Кожная з груп магла выбраць адну з трох тэм, якія былі ўзгаданыя ў Пасланні з Чылі: “Радасць, Спачуванне і Прабачэнне”. Перад палуднёваю малітваю некаторыя маладзёны падзяліліся з іншымі тым, што яны адкрылі для сябе. Мы былі шчаслівыя, бачучы, што прагненне радасці, пачуццё спагады для іншых ды туга за атрыманнем й сталым прабачэннем агульнае для ўсіх нас.

JPEG - 15.1 kb

Праз некалькі дзён некалькі маладзёнаў наведалі нас на малітве ў сталічнае парафіі. Парафіяльная моладзь і хор не былі да канца ўпэўненыя, колькі людзей прыйдзе, бо гэта было падчас перыяду, калі ў Камбоджы людзі святкуюць мясцовы кхмерскі Новы год. “Браце, напэўна прыйдзе толькі некалькі асобаў”, папярэджвалі яны нас, таму мы не павінны былі б быць расчараванымі. Тым не меней, яны пастанавілі ўпрыгожыць касцёл іконамі, памаранчавым аздабленнем і багатае колькасцю свечак. На здзіўленне ўсіх сабралося багата людзей, так што касцёл быў поўны. Адарацыя крыжа цягнулася вельмі доўга, і многія былі здзіўленыя такой разнастайнасцю людзей, што прымалі ўдзел у малітве. Акрамя маладзёнаў і маладых святароў з парафіі былі прысутныя таксама старэйшыя парафіяне, а таксама манашкі з розных рэлігійных таварыстваў, як дарэчы й тая моладзь, што цягам трох гадоў рыхтавалася да хросту і прыме гэты сакрамэнт на Вялікдзень. Там таксама была невялікая група з Евангелікальнае Царквы разам з пастарам, дзе рэгулярна адбываліся малітвы са спевамі Тэзэ, група хворых з каталіцкага Дому св. Эльжбеты, прыбыў таксама й біскуп.

Тут, у гомане і занятасці сталіцы, як й у вёсцы ля ракі, мы нанова адкрылі праўду слоў, якімі людзі ва ўсім свеце моляцца падчас спеву “Ubi Caritas et amor, Deus ibi est.....” “Там, дзе ёсць любоў і дабрачыннасць, там ёсць Бог”.


У лістападзе 2007

Святло надзеі

JPEG - 22.6 kb

2007: у лістападзе Брат Алоіс разам з іншымі братамі падарожнічаў па Азіі, каб наведаць братоў, што жывуць у Карэі, а таксама, каб правесці некалькі моладзевых сустрэч у розных краінах. Часткаю падарожжа было затрыманне Брата Алоіса ў Камбоджы, дзе хрысціяне былі моцна пераследаваныя падчас цёмнага перыяду нядаўняе гісторыі. Браты мелі магчымасць наведаць тры дыяцэзіі, скіроўваючыся перадусім у Кампонг Том, а адтуль у Кампонг Хам, з малітваю ў г. Пнампень у якасці завяршальнага этапу падарожжа.

29 лістапада больш як 600 маладзёнаў былі прысутныя на малітве ў парафіі св. Юзэфа ў сталіцы, падчас каторай прэор Тэзэ выказаў сваю ‘вялікую радасць’ з таго, што прыбыў на малітву ў сталіцу Камбоджы. Разважаючы словы Хрыста “Вы святло свету” (Яна 8:12), Брат Алоіс быў у стане падкрэсліць надзею, якая з’явілася па адраджэнні Царквы ў Камбоджы: “Нават, калі вашая царква вельмі маленькая, гэтае святло ззяе таксама ж, як у Тэзэ, нашым доме ўва Францыі”.

JPEG - 21.4 kb

Узгадваючы пра розум, святло якога цемра не можа пераадолець, Брат Алоіс разважаў у часе дыскусій, што праводзіў, над гісторыямі з мінулага, пра візіт у Туол Сленг, былую вязніцу Чырвоных кхмераў. Ён таксама ўзгадаў візіт у Тан Кок, месца, што стала цэнтрам пілігрымак. Гэта было там, дзе недалёк ад пагады знайшлі цела мансіньёра Саласа, апостальскага вікарыя, які быў закатаваны. Працягам гэтага візіту было відавочна, што святло ўсімі тымі пакутнымі дасвядчэннямі не было згашанае.

Сёння жыццё мясцовых хрысціянскіх супольнасцяў непарыўна злучанае ў двух вымярэннях: малітве і салідарнасці. Акрамя працы недзяржаўных устаноў існуе шэраг ненавязлівых малых ініцыятываў, што існуюць на запатрабаванні бягучых патрэб. У Кампонг Том, у памяшканнях парафіі, свецкі маладзён каардынуе дапамогу для патрабуючых, багата хто з якіх сталі ахвяраю мін. Гэта вельмі канкрэтная дапамога, што вяртае самастойнасць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, шляхам прадастаўлення ім інвалідных вазкоў альбо неабходнага мінімуму, каб закласці невялікую краму.

JPEG - 22.7 kb

У Ко Рокха жанчынам з вялікімі сямейнымі праблемамі далі надзелы зямлі дзеля апрацоўкі, што дазволіла ім мець невялікі прыбытак, а таксама зноў здабыць радасць сумеснае працы, бо ў іх усё яшчэ застаюцца негатыўныя ўспаміны ад сумеснае працы за часоў Пол Пота.

У сталічнае парафіі Б’ёнг Тампун таксама было вырашана стварыць месца прыёму, дзе б можна было клапаціцца пра хворых, што паходзяць з правінцыі і часцяком вельмі бедныя. Брат Алоіс падкрэсліў тую сувязь паміж малітваю і салідарнасцю ў жыцці хрысціян: “Вельмі добра бачыць, як вашыя парафіі і супольнасці сталі месцамі надзеі, месцамі супольнае малітвы, там, дзе выражаецца салідарнасць з найбяднейшымі асобамі”.

JPEG - 18.4 kb

“Візіт Брата Алоіса значыць вельмі шмат для хрысціянаў Камбоджы; гэта нібы знак, што вядзе да паўсюднае Царквы”, - сказаў у інтэрв’ю UCAN press Сок, малады кхмер з групы, што арганізавала візіт. “Ва ўмовах цяжкіх выпрабаванняў, у якіх выпала жыць іх краіне, хрысціяне Камбоджы ў малітве знайшлі мужнасць, каб працягваць жыць. Гэтая надзея свеціць далёка па-за межамі дзяржаўных граніц, і прыходзіць да нас з пераканання, што Бог заўсёды прысутны ў нашым жыцці, так як й у гісторыі нашае краіны”.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article22583.html - 18 December 2017
Copyright © 2017 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France