Кастрычніцкі візіт братоў з Тэзэ ў Беларусь - 2017 (абноўлена)

Паважаныя кіраўнікі моладзевых груп з Беларусі, прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў, дарагія Браты і Сёстры!

Прамінула чарговае прыгожае лета ў вёсцы Тэзэ, якое мы правялі разам з тысячамі маладзёнаў з усяе Еўропы, у тым ліку з Беларусі. Шчырая падзяка і вітанні групам праваслаўнае моладзі, якія наведалі нашую Супольнасць гэтым летам тут, ува Францыі! Вельмі цешымся з вашае прысутнасці і малітвы разам з намі! Шчырая падзяка кіраўнікам груп - а. Сергію Лепіну, Уладзіславу Гурыну ды Яраславу Блізнюку - за апеку над моладдзю ў часе падрыхтоўкі да паездкі, а таксама побыту на ўзгорку! Цешымся таксама з побыту маленькіх груп з Менску і Пінску, і чакаем на чарговую сустрэчу з Вамі!

Для нас, братоў, вельмі істотна, што пасля свайго побыту ў Тэзэ, моладзь вяртаецца да сваіх лакальных царкоўных супольнасцяў. Мы заўсёды заахвочваем іх працягваць гэты шлях ва ўласных абшчынах ды моладзевых групах. Гэта таксама прычына таго, чаму мы стараемся раз на год наведаць краіны, што маюць найбольшае прадстаўніцтва ў Тэзэ падчас летніх сустрэч альбо прыканцы году на Еўрапейскае Сустрэчы Моладзі. Адною з такіх краін з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.

Напэўна, як Вы ведаеце, сёлетняя Еўрапейская Сустрэча Моладзі адбудзецца ў швейцарскім Базэлі. Мы ўжо зараз рыхтуем гэтую сустрэчу разам з сёстрамі і валанцёрамі, якія прыязджаюць да нас у Тэзэ ці працуюць з намі на адлегласці. Аднак перад тым, як адбудзецца сустрэча ў Швейцарыі, мы прагнем паінфармаваць Вам, што ў перыяд з 4 па 11 кастрычніка 2017 г. плануецца візіт братоў Бэнуа і Жана-Даніэля (браты Супольнасці Тэзэ, якія адказваюць за кантакты з беларускае і ўкраінскае моладдзю) ў розныя гарады Беларусі.

Браты маюць намер наведаць наступныя гарады:

Чацвер, 5 кастрычніка - Гародня: 19.00 - св. імша, 20.00 - малітва ў інтэнцыі супакою і сустрэча ў брыгіцкім касцёле Звеставання НМП, вул. Маладзёжная 2
Чацвер, 5 кастрычніка - Магілёў: сустрэча з малітваю ў рыма-каталіцкае конкатэдры ЎНПМ і св. Станіслава, вул. Камсамольская 4 (пасля службы на 18.30)

Субота, 7 кастрычніка - Гомель: 15.00 - сустрэча з праваслаўнае моладдзю
Субота, 7 кастрычніка - Полацк

Нядзеля, 8 кастрычніка - Менск: 13.00 - сустрэча з малітваю ў рыма-каталіцкае архікатэдры НПМ, пл. Свабоды 9
17.00 - малітва ў праваслаўным прыходзе храму іконы Божай Маці "Усіх тужлівых Радасце", вул. Прытыцкага 65
19.00 - малітва ў грэка-каталіцкім Цэнтры імя сьв. Язэпа, вул.Арджанікідзэ, 6; ст.метро “Аўтазаводская”

Панядзелак, 9 кастрычніка - Брэст
Панядзелак, 9 кастрычніка - Деречин

Аўторак, 10 кастрычніка - Слуцк
Аўторак, 10 кастрычніка - Пінск

Калі ў вас ёсць жаданне далучыцца да сустрэчы і прыняць удзел у адным са спатканняў, альбо з’арганізаваць сваю ўласную сустрэчу ў Вашае мясцовасці, калі ласка, напішыце пра тое на info.taize gmail.com.

Па магчымасці, калі ласка, пастарайцеся перадаць інфармацыю пра побыт братоў Бэнуа і Жана-Даніэля ў Беларусі вашым знаёмым, калегам ці аднадумцам, прадстаўнікам іншых хрысціянскіх супольнасцяў на Беларусі, якія арганізоўваюць малітвы ў духу Тэзэ ў РБ, ужо былі раней на Еўрапейскіх Сустрэчах ці можа нават прыязджалі да нас у вёску, але па нейкае прычыне не атрымліваюць рассылкі ці не маюць сталага кантакту з Супольнасцю. Па меры магчымсцяў, браты таксама могуць сустрэцца з прадстаўнікамі новых парафій і суполак, якія хацелі б далучыцца да малітваў Тэзэ.

Найлепшыя вітанні з Тэзэ, і да хуткае сустрэчы!


Printed from: http://www.taize.fr/be_article22747.html - 22 October 2017
Copyright © 2017 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France