Беларусь, кастрычнік 2017 г.

Пашырэнне сяброўства з беларускімі хрысціянамі

З 4 па 11 кастрычніка два браты з Тэзэ наведалі каля дзясятка беларускіх гарадоў. Цягам мінулага лета некалькі праваслаўных груп з Беларусі прымалі ўдзел у міжнародных сустрэчах на ўзгорку ў вёсцы, а на дадзены момант часу шмат груп ужо зарэгістраваліся на Сустрэчу ў швейцарскім Базэлі напрыканцы гэтага года [http://www.taize.fr/be_article21975.html].

Групы, што рыхтуюцца да паездкі ў Базэль

У сталіцы Беларусі моладзь з розных цэркваў рыхтуецца да таго, каб адбыць чарговы этап Пілігрымкі Даверу на Зямлі. Швейцарыя не мае свайго кансуляту ў Менску, таму браты наведалі амбасаду Вугоршчыны, якая сёлета будзе займацца афармленнем віз.

Цягам некалькіх гадоў ані ў Пінску, ані ў Берасці не было нікога з Тэзэ. Аднак з абодвух гарадоў былі групы на Сустрэчы ў Рызе прыканцы 2016 г., і браты былі запрошаныя мясцовымі каталіцкімі парафіямі з мэтаю прадставіць Сустрэчу ў Базэлі ды запрасіць на яе моладзь.

Прысутнасць беларускае моладзі на сустрэчах Тэзэ была цэнтральнаю тэматыкаю ў часе абмеркаванняў і гутаркі з некаторымі царкоўнымі лідарамі ды святарамі, што сустрэліся ў сядзібе Беларускага Экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Сустрэчы між іншым адбыліся з Апостальскім Нунцыем у РБ абп. Габарам Пінтарам, ардынарыем Гарадзенскае дыяцэзіі бп. Аляксандрам Кашкевічам, а таксама Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргеем Гаекам.


Цягам шэрагу гадоў сапраўднае сяброўства пашыраецца з некаторымі мясцовымі суполкамі

Першая праваслаўная беларуская група, што прыехала да Тэзэ ў 90-ыя гг., належала да прыходу "Ўсіх тужлівых Радасце" ў Менску. І за кожным разам, калі браты наведваюць Беларусь, у гэтым прыходзе ў прысутнасці некалькіх святароў заўсёды праходзіць сустрэча з моладдзю. На сустрэчы былі пачутыя водгукі пра летні побыт у Тэзэ мінулым летам. Акрамя таго ў сталіцы браты таксама ўдзельнічалі ў малітве ў рыма-каталіцкае катэдры ды адной з грэка-каталіцкіх цэркваў.

Чарговая сустрэча з праваслаўнае моладдзю адбылася ў Гомелі, другім па колькасці насельніцтва горадзе краіны. За справы моладзі ў гэтым горадзе адказвае малады дыякан. Пасля наведвання манастыра св. Мікалая адбылася сустрэча ў саборы, падрыхтаваная моладдзю ў адмысловым месцы, дзе маладзёны рэгулярна сустракаюцца. У гэтым горадзе, як й у іншых, цудоўная гасціна была падрыхтаваная мясцовымі сем’ямі.

На захадзе краіны каталіцкую парафію з Гародні з Тэзэ злучаюць доўгія гады сяброўства. Спачатку малітва ў інтэнцыі супакою, а пазней сустрэча ледзь не да ночы сабрала вялікую колькасць маладзёнаў, некаторыя з якіх ужо прымалі ўдзел у еўрапейскіх сустрэчах, некаторыя ж толькі рыхтуюцца да сваёй першай сустрэчы. У суправаджэнні малое групкі моладзі брат таксама наведаў сінагогу. Гародня застаецца горадам, дзе надаль прысутнічае і дзейнічае габрэйская абшчына.


Некаторыя гарады былі наведаны ўпершыню

Паездка братоў таксама стала добрае магчымасцю, каб наведаць чатыры новыя населеныя пункты. На беразе Дняпра ў Магілёве ў каталіцкае катэдры сабралася маленькая групка моладзі, каб паразмаўляць пра Тэзэ. На сустрэчы былі таксама прысутныя і сталыя кабеты, што стала добрай магчымасцю, каб убачыць, якія розныя пакаленні разам збіраюцца ў касцёле.

У касцёле св. Андрэя Баболі ў Полацку рэгулярна збіраецца моладзь. На сустрэчы таксама былі маладзёны з аддаленага а 130 км Браслава. Вечар распачаўся супольнаю малітваю, пасля чаго маладзёны дзяліліся сваімі планамі адносна наступнае Сустрэчы ў Базэлі. У часе гэтага кароткага побыту таксама быў наведаны праваслаўны манастыр, дзе захоўваюцца мошчы св. Еўфрасінні Полацкай, а таксама Полацкі Сафійскі сабор, дзе адбыўся цудоўны канцэрт арганнае музыкі.

JPEG - 253.3 kb

здымак © група ВК Санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў

У мястэчку Дзярэчын, каля Слоніму, моладзь сабралася на малітву і кароткую рэфлексію. Блізкасць аднаго з самых важных месцаў Праваслаўнае царквы - Свята-Успенскага Жыровіцкіага манастыра - было прычынаю, каб адведаць і ўшанаваць цудадзейную ікону Жыровіцкай Божай Маці.

JPEG - 187.4 kb

здымак © Юрый Філіпаў, catholic.by

Нарэшце, у Слуцку праваслаўны біскуп Антоній пажадаў запрасіць брата на абмен думкамі разам са святарамі, што адказваюць за пастарскую працу сярод моладзі ў гэтае епархіі. У гэтае дыяцэзіі Царква займаецца шэрагам праектаў, пачынаючы ад моладзевых летнікаў да адведзінаў школ для інвалідаў. Тыднёвыя сустрэчы "братэрства" дазваляюць моладзі пачуць сябе ўцягнутай у жыццё мясцовае царквы. Увечары невялікая група маладых людзей скіравалася да суседняга Салігорску, каб наведаць новы сабор, адну з самых вялікіх праваслаўных цэркваў у Беларусі, што будзе афіцыйна адкрытая напрыканцы лістапада ў прысутнасці праваслаўных біскупаў краіны. У якасці падарунку Тэзэ атрымала дзве іконы, на якіх былі прадстаўлены постаці, што найбольш ушаноўваюцца ў гэтых двух гарадах: св. Сафіі і Св. Яна Салігорскага, якія былі закатаваныя паводле загаду Сталіна ў 1937 г.


Гэты візіт стаў магчымасцю аднатаваць таксама невялікую адлігу, што адбылася ў адносінах паміж цэрквамі і ўрадам. Цягам побыту братоў каля сарака каталіцкіх біскупаў з усяе Еўропы прыбылі ў Менск у рамках Генеральнае Асамблеі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, а таксама каб адкрыць новую сядзібу Апостальскае Нунцыятуры, на цэрэмоніі прысутнічаў таксама мітрапаліт Павел з РПЦ МП. Таму спадзяемся, што ўдзел беларускае моладзі ў сустрэчах Тэзэ таксама спрычыніцца, й у значнае ступені, да ўсталявання мастоў паміж рознымі хрысціянскімі дэнамінацыямі краіны.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article22875.html - 16 July 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France