Разам з Турынам

Гэты артыкул быў напісаны маладзёнамі, што прыканцы красавіка прымалі ўдзел у Сустрэчы ў Турыне.


 [1]

21 красавіка 2018 г. ў Турыне мы адбылі этап Пілігрымкі Даверу.

“Служыць у радасці” стала тэмаю Сустрэчы і цэнтрам разважанняў, дзякуючы малітвам і медытацыям прысутных трох братоў Тэзэ. Атмасфера дня, як й усяго тыдня падрыхтоўкі, дзякуючы шчырасці і даступнасці шэрагу людзей, характарызаваліся радасцю служэння ў стылі, уласцівым сустрэчам Тэзэ: сціпласць, гасціннасць, міласэрнасць.

Ад 10:30 й праз усю раніцу былі прынятыя каля 600 чалавек: моладзь, сем’і, дарослыя. Малітва а 12-ае гадзіне ў прысутнасці арцыбіскупа Чэзарэ Насільі (іт. Cesare Nosiglia) стала фармальным пачаткам Сустрэчы. Далей былі сустрэчы паводле ўзросту: наймалодшыя, моладзь і дарослыя ў розных месцах маглі паслухаць роздумаў і разважанняў, якія былі прапанаваныя братамі Радрыга, Ксаўерам і Джонам, а пасля гэтага падзяліцца сваім дасвядчэннем у малых групах.

Пазней была магчымасць узяць удзел у адным з адзінаццаці семінараў, што дазволіла нам пазнаёміцца з некаторымі турынскімі рэаліямі, “знакамі надзеі”, што былі засеяны ў горадзе: мастацка-культурнымі ды музычнымі сцежкамі, вопытам па прыёме імігрантаў, блізкасцю да хворых, разважаннямі на духоўныя тэмы, і, нарэшце, магічным шоў для наймалодшых.

Вячэра а 19-ае гадзіне праходзіла ў цудоўным антуражы на падворку Тэалагічнага факультэта, што дазволіла правесці нефармальны брацкі абмен думкамі наконт разнастайных падзей, што адбыліся ў другой палове дня.

Урэшце, а 21-ае гадзіне ў катэдры адбылася вечаровая малітва ў прысутнасці арцыбіскупа Насільі, настаяцеля румынскай праваслаўнай парафіі айца Георге Васілеску ды Яўгеніі Фэррэры, старшыні евангеліцкай камісіі да спраў экуменізму. У суботу мы маліліся разам з пасхальным святлом, пасля чаго адбылася медытацыя перад іконаю Езуса Маладога Пана, якая была напісаная ў Турынскай дыяцэзіі з нагоды Сіноду Моладзі.

Для нас гэта быў насычаны і незабыўны дзень, падчас каторага мы разам з братамі ўмацаваліся і заахвоціліся да працягвання нашага падарожжа.

Заканчваем некаторымі словамі разважання брата Джона з вечаровае малітвы:

Чаму мы знаходзімся тут гэтым вечарам? Чаму мы прыбылі з розных гарадоў ды парафій, каб правесці дзень супольных малітваў і пошукаў? Мы перакананыя, што нягледзячы на нашую сталую непамятлівасць пра Крыніцу жыцця, Бог ніколі не забываецца на нас, і ніколі нас не пакідае. Ён працягвае ісці нам насустрач у Сваім пасхальным прыйсцю, дзеля таго каб адкрыць шлях надзеі, каб зрабіць магчымымі новыя адносіны паміж людзьмі.
 
Гэта менавіта й ёсць вера ўва ўваскрасенне.
 
У тую святую суботу нашае гісторыі Езус перабывае з намі, бярэ нас за руку, прапаноўваючы радасць, што ніколі не знікне. Гэтага Хрыстуса мы павінны распазнаць у нашых братах і сёстрах, асабліва ў найбольш абяздоленых, бо толькі разам мы, як Царква, Цела Хрыстова, можам учыніць той новы свет, што надыходзіць, відочным. Менавіта гэтага мы й прагнулі сёння, молячыся і дзелячыся: паказваючы новы кшталт быцця мужчынаю і жанчынаю, новы, але такі, што мае ўжо дзве тысячы гадоў, які нарадзіўся разам з дарам жыцця Езуса на крыжы, асветленым Ягоным уваскрасеннем. Тое й дазваляе нам служыць у радасці.

Іншыя здымкі ў сеціве [https://www.vocetempo.it/torino-incontra-taize-la-preghiera-in-cattedrale/]

[1Здымкі: (C) Ph. Andrea Pellegrini / La Voce e Il Tempo

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24236.html - 11 December 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France