Другія выходныя хрысціянска-мусульманскага сяброўства

5-8 ліпеня ў Тэзэ адбыліся другія выходныя для сяброўства паміж хрысціянамі і мусульманамі. Ніжэй прыведзеныя некаторыя моманты з гэтае падзеі, узгаданыя французскаю валанцёркаю Люсі:

Другія выходныя для “Сяброўства паміж хрысціянамі і мусульманамі” распачаліся ў чацвер з прамовы брата Алоіса, які прывітаў усіх прысутных, але асаблівым чынам маладых мусульманаў:

Ваш давер уплывае на нас. Насамрэч, ведаючы, што нашая абшчына прыналежыць да хрысціянскае супольнасці, вы вырашылі далучыцца да нас. ... Спадзяюся, што гэтыя выходныя стануць духоўным вопытам для кожнага з вас, а вашыя сэрцы ўзбагацяцца.

Акрамя 2500 маладзёнаў, што прысутныя на ўзгорку ў першы тыдзень сёлетніх летніх сустрэч, цягам гэтых дзён дадаткова 300 хрысціянаў і мусульманаў сустрэліся на мінулых выходных, каб абмеркаваць сваю веру, разважаючы тэму “Духоўнае жыццё і сяброўства”. Семінары, варштаты, групы дзялення, малітвы, музыка, супольныя пасілкі - кожны мог знайсці спосаб, каб зразумець тэматыку сустрэчы.

У першы дзень паўстала багата пытанняў наконт веры, дыялогу, малітвы, нашае сувязі з Богам. Прафесар Усама Набіль з Універсітэту аль-Азхар у Каіры ў сваёй ранішняй прамове распавёў пра веру. Паводле яго, рэлігію можна перадаць у спадчыну, але нельга тое самае зрабіць з вераю. Вера - гэта абмен, асабістыя адносіны з Богам. Малітва, якая з’яўляецца няспынным адараваннем сэрца, - гэта сродак дыялогу з Богам. Пасля чаго ён працытаваў 13 хадзіс: “Не будзеш мець веры, пакуль не будзеш жадаць твайму брату і сястры таго ж, чаго жадаеш для сябе”.

Жан-Марк Авелен, дапаможны біскуп Марсэлю, які адказны за міжрэлігійны дыялог пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Францыі, прызнаў, што дыялог з’яўляецца праверкаю веры. Трэба прызнаць, што ў тым другім ёсць нешта праўдзівае, чаго не можна зразумець. А менавіта тое, што Бог - нехта большы, чым я думаў. Углядаюся ў Бога і задаюся пытаннем: “Кім вы з’яўляецеся, каб паверыць у тое, што асабіста глядзіце на Яго?” Біскуп таксама ўзгадаў пра рызыку памылення сапраўднага Бога з абсалютам інстытуцыі. У дыялогу і падчас сустрэчы з вызнаўцамі іншых традыцый неабходна пазбегнуць той пасткі, не адкідваючы аднак спадчыны вернікаў мінулых стагоддзяў, якія штодзённа вядуць нас у малітве.


Расповед пра супакой, паяднанне і дыялог таксама азначае выслуханне гневу ды пакутаў тых людзей, што дасведчылі лютасці ці нават вайны ў кантэксце, дзе ролю адыграла рэлігія. У суботу дзве жанчыны распавялі нам пра свае асабістыя дасвядчэнні гвалту і надзею.

Онджалі Рауф, засноўніца і старшыня пазаўрадавае ангельскае арганізацыі “Make her story”, што займаецца правамі чалавека, распавяла пра сітуацыі асобаў, якія дасведчылі гвалту і якім яна таварышыць, а таксама пра сваю дарогу, каб знайсці паразуменне з Богам. Сказала, што злуецца на Бога, але таксама перакананая, што мы маем права выказаць свой гнеў. Бог настолькі велічны, што патрафіць прыняць нашыя злосць ды сумневы. А потым распавяла пра дабрыню і важнасць таго, каб не памяншаць уласных чынаў дабрыні.

Сястра Мар’ям ан-Нур, дырэктарка ліванскае школы Mechref, нагадала нам, што “супрацьлегласцю гвалту не будзе супакой паміж рознымі партызанцкімі атрадамі, што прыналежаць да розных супольнасцяў”. Англіканскі святар Гі Вількінсан прапанаваў свае думкі наконт сяброўства: гэта рызыка, рызыка сказаць іншаму “так”. Гэта выклік для сённяшняе моладзі: сказаць “так” сяброўству з людзьмі, якія выглядаюць не так, як мы.

Напрыканцы сустрэчы біскуп-суфраган Авелен падсумаваў: “Дыялог ня лёгкая штука, але вера ў яго ды ўдзел у ім праз нават малыя чыны, робіць немагчымае магчымым”.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24452.html - 21 August 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France