Браты ў Сенегале

Браты прыбылі да Сенегалу ў пачатку 1993 г. на запрашэнне кардынала Тыандума, арцыбіскупа Дакару. Прадчуванне Брата Ражэ палягала на тым, што мы маем закласці там невялікую часовую супольнасць у мусульманскае краіне Чорнае Афрыкі (афіцыйна ў Сенегале толькі 5% хрысціянаў) нават нягледзячы на тое, што напружанасць вакол ісламу ў той час у свеце не адчувалася так моцна.

Браты арганізавалі дом у вялікім рабочым раёне ў Дакары, каб жыць у абшчыне малітваю, прымаючы іншых і дзелячыся неабходным. Прыём, які дасведчылі браты ад суседзяў, што спачатку падазрона паставіліся да прыбылых братоў, неўзабаве перамяніўся ў цеплыню і давер. Гэты дом штодзённа адчынены для дзяцей з наваколіц дзеля таго, каб яны маглі працягнуць свае заняткі, што маюць у школе. Дзецьмі займаецца моладзь у падлеткавым узросце, якая сама некалі дасвядчыла дапамогі ў сваіх занятках. Моладзь таксама прыходзіць сюды дзеля навучання і разважанняў. Некаторыя жанчыны прыходзяць, каб выканаць швейную працу, якой яны шукалі.

Паводле колькасці і кваліфікацыі братоў былі арганізаваныя розныя чыннасці, якія ангажавалі бежанцаў ды мігрантаў, вязняў ды хворых на СНІД, з асабліваю ўвагаю ў дачыненні да найбольш абяздоленых, тых, што знаходзяцца на самым сацыяльным дне.

Мясцовая Царква цёпла прыняла братоў, якія розным чынам пачалі ангажоўвацца ў мясцовае жыццё: арганізацыя малітваў, праграмы трэнінгу, архітэктура. Але найбольш істотнаю была іх суседская прысутнасць, каб выслухаць і часам дапамагчы ў праблемах, што ўвесь час вярталіся да людзей: здароўе, праца, а нават выжыванне ў той сітуацыі, калі найбольш абяздоленыя адчуваюць наступствы эканамічнага крызісу і ўжо сягнулі межаў таго, што самі маглі зрабіць.

Супольная малітва сілкуецца і стымулюецца фактам закаранення ў абшчынным жыцці. Яна таксама знаходзіць падтрымку праз удзел у ёй багатае колькасці дзяцей, моладзі і некаторых дарослых, сярод якіх і хрысціяне з наваколіц.

JPEG - 20.1 kb

24 снежня ў Гранд Ёф

Адзін з братоў, што жыве ў Дакары, піша:
Так, як штогод перад Раством, мы бачым вялікі намёт, усталяваны на скрыжаванні дарог, які сягае амаль нашых дзвярэй. Людзі прыносяць дываны, платформы, стулы і фотэлі для важных асоб, акрамя таго вельмі моцную гукавую сістэму разам з электрычным генератарам дзеля таго, каб паклапаціца пра электрычнасць у выпадку перабояў. Дынамікі накіраваны такім чынам, каб ахапіць увесь раён, у тым ліку й нас. Ужо ад 15-ае гадзіны мы не чуем саміх сябе, знаходзячыся ў нашым маленькім падворку. Мы кажам, што нашае мэтаю з’яўляецца арганізацыя начэй малітвы і рэлігійных спеваў для мусульманскае моладзі! Там няма нічога супраць нас. Але чым мы маем стаць пасля гэтага невялікага малітоўнага чування, якое мы запланавалі?

Калі надыходзіць вечар, мы пачынаем весці перамовы. Вялікі намёт надаль пусты, пакуль што ў ім толькі арганізатары ды суседзі, якіх мы добра ведаем. Мы тлумачым, што ў гэты вечар мы прагнем адзначыць народзіны Езуса праз чуванне, у асноўным у цішыні. “Няма праблемаў! Мы вашая сям’я!” І гукавая сістэма адразу ж суцішаецца. “Калі вы скончыце, проста паведаміце пра тое”.

Прыгожае чуванне, поўнае радасці ды медытацыі, з дзецьмі, моладдзю, а нават некаторымі маткамі. Наш падворак сціплы і стабільны, нібы ноччу ў Бэтлееме. Калі мы скончваем, навокал поўнач, аднак дзеці выходзяць з дамоў, а дынамікі ізноў пачынаюць грымець. Сёння ўначы мы не заплюшчым вока.

Перамяненне

Адзін з братоў піша: “Ў Сенегале няма гор. Усё надзвычай плоскае. Як жа мы можам перажыць урачыстасць Перамянення?

Мы выходзім на тэрасу дома а шостае гадзіне раніцы. Навокал усё яшчэ ноч. Адзін са знаёмых святароў прыйшоў, каб цэлебраваць Эўхарыстыю разам з намі. Маюць прыйсці таксама маладзёны, некаторыя з іх з аддаленых частак. Дзеці прыбываюць адзін па другім, усё яшчэ сонныя, каб уласнымі сіламі ўзыйсці па сходах, некаторыя прыцягнулі з сабою сваю маму. Мы можам пачынаць. Пакрысе спевы становяцца больш упэўненымі...

Усё амаль выдатна. Сёння не павінна быць дажджу, але толькі лёгкі ветрык і крыху аблокаў на небе. Світанак быў ласкавы, пачалі спяваць птушкі. Знянацку мы прайшлі ад ночы да святла дня. Амаль як у прыпавесці!”

Чынячы зямлю месцам, дзе ўсе могуць жыць, паблізу ці ў далечыні, - адна з самых прыгожых старонак Евангелля, якую вы можаце напісаць сваім жыццём. ...
Дзелячыся, ці перабываеце вы сярод тых, хто мае няшмат, але спрыяе людской надзеі?

The Sources of Taizé

Printed from: https://www.taize.fr/be_article24469.html - 18 April 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France