Брат Франсуа (1929-2018)

Сітс Ступ (Siets Stoop) нарадзіўся 11 жніўня 1929 г. у Леўвардэн, Фрысландыя, у паўночных Нідэрландах. Да Абшчыны Тэзэ ўступіў у 1951 г., прымаючы імя Франсуа (François).

Ягоны бацька быў юрыстам і меў яшчэ двух сыноў; браты памерлі яшчэ да нараджэння Франсуа. Быў вернікам Галандскае рэфармацкае царквы, вывучаў тэалогію ва Утрэхце і Жэневе, дзе ў ліпені 1954 г. скончыў навучанне і атрымаў дыплом за працу па тэматыцы “духоўнага адасаблення”.

Як тое было прынята ў тыя часы, пасля палутара гадоў, на Вялікдзень 1953 г. ён склаў свае жыццёвыя зарокі ў Супольнасці. Ужо ў маладым узросце Брат Ражэ даручаў яму важныя заданні. Ад 1953 г. брат Франсуа рэгулярна наведваў сясцёр з манаскае абшчыны Грандшамп у Швейцарыі, якой таварышыў аж да самае смерці. Брат Франсуа меў выключна вялікую праніклівасць і цягам многіх дзесяцігоддзяў ад 1954 г. быў адказны за фармацыю маладых братоў Абшчыны.

Таксама брат Франсуа, як тое было ўласціва братам, што працягвалі сваю душпастарскую сцежку перад далучэннем да Супольнасці, ў 1956 г. скончыў інтэрнатуру ў лютэранскім зборы Шажэ (Chagey) каля Манбельяр (Montbéliard), дзе ў 1957 г. атрымаў ардынацыю на пастара.


Цягам усяго жыцця таварышыў святарам, пастарам і манахам са многіх краін, якія вельмі цанілі ягоную душпастырскую службу.

Брат Франсуа вельмі добра ведаў Біблію і сачыў за сучасным развіццём экзэгетыкі. Ягоныя жыццёвыя разважанні над тэкстам Святога Пісання былі падсумаваныя ў маленькай кніжцы пад назваю Suivre le Christ et se faire disciple („Ідзі ха Хрыстом і стань Ягоным вучнем“).

Быў таксама музыкам, і, будучы студэнтам, граў на флейце ў аркестры Утрэхта, а пазней на арганах у Тэзэ. Некалькі спеваў Тэзэ склаў менавіта ён.

Браў Франсуа неспадзявана раптоўна памёр ва ўзросце 90 г. 18 кастрычніка 2018 г. падчас вечаровае малітвы.

Ягоным жаданнем было, каб на ягоных хаўтурах не было аніякіх узнёслых слоў. Брат Франсуа быў пахаваны ў нядзелю раніцаю 21 кастрычніка ў прысутнасці адной з ягоных сясцёр ды шматлікіх пляменнікаў і пляменніц.


Малітва Брата Алоіса

Божа ўсіх людзкіх істот, мы давяраем Табе нашага брата Франсуа. Зараз Ты паклікаў яго да паўнаты жыцця.

Ягонае жыццё прынесла плённы ўраджай. Калі ён быў усё яшчэ даволі малады, Ты паклікаў яго пакінуць Нідэрланды, ягоную краіну, і далучыцца да Супольнасці. Ён заўсёды падтрымліваў Брата Ражэ ў развіцці ды зменах, праз якія праходзіла Супольнасць: ён быў вельмі свядомы таго, што ў сумеснае прыгодзе нашага жыцця Ты клічаш нас ісці ад аднаго пачатку да наступнага. Яго заўсёды вёў імпэт яднання Цела Хрыстовага, Тваёй Царквы.

Так, ягонае жыццё прынесла добры плён. Ты дапамагаў яму таварышыць так многім людзям з такім глыбокім разуменнем вельмі разнастайных жыццёвых сітуацый. Сваёю дыскрэтнаю і поўнаю веры прысутнасцю ён заахвочваў людзей, якіх ён выслухоўваў, пагаджацца з неабходнымі працэсамі сталення ў іх жыцці. І ён ведаў, як перадаць ягоную глыбокую чуласць да прыгажосці мастацтва, музыкі і прыроды.

Ягонае замілаванне Тваім Словам пакінула ў нашае Супольнасці глыбокі след. Ён дазволіў сабе быць кіраваным уваскрослым Хрыстом. Ён разумеў словы Езуса: “Я ж назваў сябрамі вас”, і ён быў здольны перадаць давер, які быў выкліканы тымі словамі. Гэтае сяброўства з Езусам мацнейшае за зло, што можа існаваць у чалавечым жыцці і на свеце.

Божа любові, мы праслаўляем Цябе за жыццё нашага брата Франсуа. Яно прынесла багаты плён, плён, які будзе доўжыцца.


Printed from: http://www.taize.fr/be_article25026.html - 18 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France