Мадрыд 2018

Пасланні, атрыманыя на Сустрэчу

На гэтае старонцы апублікаваныя пасланні рэлігійных лідараў, старшыняў міжнародных арганізацый, палітычных лідараў і мэраў Мадрыда ды Уроцлава, скіраваныя ўдзельнікам 41-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы Тэзэ ў Мадрыдзе.


Папа Францішак
Усяленскі Патрыярх Варфаламей
Маскоўскі Патрыярхат
Арцыбіскуп Ёрка, вялебны Джон Сентаму, прымас Англіі
Генеральны сакратар Сусветнае рады Цэркваў, вялебны др. Олаф Фюксэ-Твейт
Сакратар Сусветнага Хрысціянскага Форума, вялебны Кейслі Б. Эсамуа
Генеральны сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі, вялебны Марцін Юнгэ
Генеральны сакратар Сусветнага баптысцкага альянсу, вялебны др. Элія М. Браун
Выканаўчы дырэктар Тэалагічнае камісіі Сусветнага евангелічнага альянсу, др. Разалі Вэллоса Івэл
Генеральны сакратар ААН, сп. Антоніа Гуцьерэш
Мэр г. Мадрыд, сп-ня Мануэла Кармэна
Прэзідэнт Польшчы, сп. Анджэй Дуда
Мэр г. Уроцлаў, сп. Яцэк Сутрык


Папа Францішак

Дарагая моладзь,

прыбываючы з усёй Еўропы, а таксама з іншых кантынентаў у Мадырд дзеля ўдзелу ў 41-ай Еўрапейскай моладзевай Сустрэчы, якая арганізаваная і анімаваная Абшчынаю Тэзэ, вы запрошаныя дзеля таго, каб “не забывацца на гасціннасць”. Гэта тэма, што будзе кіраваць вашымі роздумамі, асвячаць вашую малітву, да якой вы будзеце вяртацца ў часе міжнародных сустрэч у Тэзэ, Бейруце ці Кейптаўне. З гэтае нагоды папа Францішак прагне запэўніць вас у сваёй духоўнай блізасці. А па апошнім Сінодзе Біскупаў у Рыме на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” яшчэ раз прагне сказаць, што разам з усім Касцёлам давярае вам. Святы Айцец таксама дзякуе за тое, што вы вырашылі ўдзельнічаць у гэтае сустрэчы, каб адчыніць дзверы вашых сэрцаў Пану і Ягонаму Слову, каб вы маглі бачыць і развіваць культуру сустрэчы, прымаючы адно аднаго і паважаючы вашыя адрозненні.

Папа заклікае вас “[...] ніколі не губляць задавальнення ад сустрэчы, сяброўства, задавальнення ад супольных мараў, супольнага шпацыру. [Бо] сапраўдныя хрысціяне не баяцца адкрыцца на іншых, дзяліцца сваёю жыццёваю прастораю, ператвараючы яе ў прастору братэрства” (Пасланне на XXXIII Сусветны дзень моладзі, 25 сакавіка 2018 г.). Праз тое ён запрашае вас, каб у сваім жыцці вы знайшлі месца для Госпада, і каб адкрылі, што дзякуючы сяброўсту з Езусам можна жыць шчыраю гасціннасцю, навучыцца ўзбагачацца розніцамі іншых і развіваць свае таленты, каб стаць будаўнічымі мастоў паміж Цэрквамі, рэлігіямі і народамі.

Папа таксама просіць Святога Духа дапамагчы вам, маладым пратэстантам, католікам і праваслаўным, умацаваць давер да Бога, які прымае вас і любіць такімі, якімі вы ёсць, і які заклікае вас прыняць адрозненне ў якасці запрашэння да адносінаў.

Няхай прыклад Марыі, “любоў якой поўная смеласці і дару адданасці самой сябе”, пабуджае вас да канкрэтнага жыцця “гэтай міласэрнасцю, што пабуджае нас любіць Бога больш за ўсё і нават больш самога сябе, любіць людзей, з якімі мы дзелім нашае штодзённае жыццё” (Тамсама). З сэрцам поўным надзеі Святы Айцец заахвочвае вас Божае ласкаю прымаць і падтрымліваць вашых старэйшых у веры братоў і сясцёр, выкарыстоўваць вашыя таленты, вашую энергію і вашую моц дзеля ўдасканальвання света, каб кожная асоба змагла знайсці сваё месца ў вялікай чалавечай сям’і. Ён разлічвае на цябе і твой энтузіязм, каб прыняць заклік да гасціннасці, у прыватнасці, праз набліжэнне да параненага чалавека і да тых, што аддзеленыя, адрынутыя ці выключаныя, да малых і бедных!

Давяраючы вас Госпаду, каб вы змаглі прыняць Яго, ідучы прыкладам Марыі, каб дазволіць Яму напоўніць вас Ягонай радасцю, ад усяго сэрца Святы Айцец дабраслаўляе вам, маладым удзельнікам гэтае сустрэчы з братамі Тэзэ, а таксама ўсім тым у Мадрыдзе, што адкрываюць свае дзверы і прымаюць вас.

кардынал П’етра Паралін
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці

Усяленскі Патрыярх Варфаламей, Архіепіскап Канстанцінопаля – Новага Рыма

Дарагія маладыя пілігрымы,

сёлета вы збіраецеся ў Мадрыдзе, у Гішпаніі, каб як мага лепш, з малітваю і ў найбольш братэрскі спосаб, увайсці ў новы год, што як ніколі раней, патрабуе вашага ангажавання, каб вы сталі “соллю зямлі” і “святлом света” (Мацвея 5,13-14). Моц хрысціянскага паклікання там, дзе вы жывеце, залежыць ад імкнення Цэркваў да еднасці. На сваім гістарычным шляху хрысціянскія Цэрквы і супольнасці нязменна былі прывязаныя да неабходнасці захавання інтэгральнасці Цела Хрыста. Таму сёння, нават калі тая еднасць вагаецца, надаль трывае прагненне і воля збліжэння, каторыя акрэсліваюць тоеснасць экуменічнага дыялогу, будучы не толькі шансам, але таксама й магчымасцю.

Мы вельмі цешымся з нагоды 41-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы. Цягам гэтых некалькіх дзён вы наноў адкрыеце разнастайнасць хрысціянства, прысутнага ў міжчалавечых адносінах, як й гісторыю мясцовых абшчын, якія вас прымаюць. Арганізаваныя праз Тэзэ сустрэчы з’яўляюцца, перадусім, пазнаннем багацця веры, якою мы дзелімся з іншымі, веры, якая змяняецца ў залежнасці ад культур і цывілізацый, што цягам гадоў былі кшталтаваныя гэтай вераю.

Няма аднак сапраўднае сустрэчы без ажыўляльнага духа гасціннасці. У Праваслаўнае царкве багаслоўскай канцэпцыяй боскасці з’яўляецца вобраз Бога ў сустрэчы і еднасці. Таму традыцыйная ікона Святой Троіцы прадстаўляе трох чужынцаў пад постаццю анёлаў, якіх Абрагам госціць пад дубамі Мамрэ, як тое апісана ў 18 главе Кнігі Быцця. Абрагам не лічыў, што яны небяспечныя альбо могуць загражаць ягоным звычаям ці маёнтку. Наадварот, наўрышча і будучы цалкам адкрытым ён дзяліўся з імі сябрынаю і пасілкам. А ў якасці падзякі за шчырую гасціннасць Абрагам атрымлівае абяцанне нечага, што яму здавалася дагэтуль немагчымым, абяцанне нашчадка, хаця ягоная жонка была бясплоднаю. Гасціннасць – гэта дар і ласка.

Не памыляецца той, хто спадзяецца на дыялог і супрацоўніцтва народаў з рознымі рэлігійнымі перакананнямі, адкрываючы дзверы для суіснавання ўсяго чалавецтва ў свеце, дзе будзе панаваць супакой. Колькі чужынцаў мы прымем пры нашым стале? Гэта таксама тое пытанне, якое перад намі ставіць прагненне да хрысціянскае еднасці. У афіцыйным дакуменце пад назваю “Місія Праваслаўнае Царквы ў сучасным свеце” Святога і Вялікага Сабору Праваслаўнае Царквы з чэрвеня 2016 г. было ўзнятае пытанне гасціннасці, супакою і справядлівасці: “Праваслаўная Царква прымае за свой абавязак усхвальваць усё тое, што служыць супакою (Рымлянаў 14,19) і адкрывае шлях да справядлівасці, братэрства, сапраўднай свабоды і ўзаемнай любові паміж дзецьмі аднаго Нябеснага Айца, як й паміж усімі народамі, якія складаюць адзіную чалавечую сям’ю. Яна спачувае ўсім людзям, каторыя ў розных частках свету пазбаўленыя дабротаў супакою і справядлівасці”.

Напрыканцы мы молімся за вас і дабраслаўляем вам. Няхай ласка еднасці прамянее ў кожным з вас, няхай нясе надзею, якая падтрымлівае жыццё Царквы, каб вы сталі годнымі работнікамі для працы ў вінаградніку Пана.


Маскоўскі Патрыярхат

Ад імя Яго Святасці Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ды ад сябе асабіста сардэчна вітаю ўсіх, хто сёння сабраўся ў Мадрыдзе на штогадовую сустрэчу хрысціянскае моладзі, арганізаваную манаскай абшчынай Тэзэ. Я зычу вам шчаслівага Раства і Новага года.

Прыйсце на свет Пана Езуса Хрыста адкрыла шлях да новага жыцця, прапануючы людзям святло глыбокай надзеі, якая правакуе духоўнае ператварэнне і маральнае ўдасканальванне, бо Хрыстус “прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет” (Яна 12,47).

Моладзевая сустрэча, арганізаваная Супольнасцю Тэзэ, выразна дэманструе, што хрысціянская моладзь дакладна ўсведамляе неабходнасць сумеснага садзейнічання па стварэнні ў ментальнасці хрысціянскіх каштоўнасцяў міласэрнасці і салідарнасці. “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Яна 13,35). Сапраўдная любоў, актыўная дабрачыннасць з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў вернасці Евангеллю. Таму ініцыятывы, сумесна прынятыя маладымі людзьмі, аб’яднаных агульным жаданнем рабіць дабро вакол сябе, маюць вялікае значэнне для сапраўднага сведчання пра Хрыста ў сучасным свеце.

Сёлетняя сустрэча адбываецца на тэму “Не забываймася на гасціннасць!” Сёння свет перажывае цяжкія часы войнаў і канфліктаў, прымушаючы шматлікіх людзей пакідаць сваю радзіму ў пошуках бяспекі і лепшае будучыні. Таму й не дзіўна, што натоўпы ўцекачоў кінуліся ў квітнеючыя еўрапейскія краіны. У гэтых умовах важна, каб еўрапейскія хрысціяне праявілі салідарнасць і паказалі сябе гасціннымі адносна патрабуючых, бачачы ў кожным з іх выгнанага Хрыста, які нарадзіўся ў пячоры і які не меў месца, каб прыхіліць галаву. Глыбокая чалавечая салідарнасць схаваная ў боскім сыноўстве ўсіх людзей, што адкрываецца нам у падзеях Нараджэння Хрыстовага, і, такім чынам, у іх братэрстве, якое пераўзыходзіць усе нацыянальныя і сацыяльныя адрозненні. Ў Хрысце, які даў нам дар гэтага братэрства, “няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім – Хрыстус” (Каласянаў 3,11).

Будзьце сведкамі любові Хрыста, пераможцы нянавісці гэтага свету, дапамагаючы сваім сваякам і ўсім людзям, якія падтрымліваюць тых, хто ў тым мае патрэбу. Давайце зробім так, каб на працягу года паміж людзьмі было больш шчырае любові, учыньма, каб анельскія павітанні гэтых дзён Раства “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лукі 2,14) змусілі кожнае чалавечае сэрца трымцець ад радасці!

Хай Божае дабраслаўленне будзе з вамі ўсімі. З сяброўскім прывітаннем у Пану,

Іларыён, Мітрапаліт Валакаламскі,
старшыня Сінадальнага аддзелу знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату

Арцыбіскуп Ёрка, вялебны Джон Сентаму, прымас Англіі

У гэтыя дні Раства мы адзначаем слаўную ісціну, што Езус зрабіў свой дом з намі. Аллелуйя! Няхай Бог дабраславіць усім вам, калі Тэзэ прыбывае ў Мадрыд дзеля адзначэння гасціннасці Бога!

Хоць не было месца ў гасцініцы, Дзіцятка Езус разам з Марыяй і Юзафам знайшлі месца, а нованароджанае дзіцяці было змешчанае ў яслях. Незнаёмцы, пастухі і мудрацы прывіталі Яго. У іх таварыстве ўсе мы павітаныя ў яслях Раства, дзе разам з тымі, хто прыйшоў да Караля-Пастыра, мы згінаем калена дзеля адарацыі. Такім чынам, мы таксама знаходзім у Ім свой дом.

Бог заўсёды стварае для нас дом. Зямля, якую Ён сатварыў, з’яўляецца зараз для нас дарагім домам, пра які мы маем клапаціцца і песціць, а таксама дзяліцца. Моцаю Святога Духа мы павінны забяспечыць тое, каб ён заставаўся гасцінным светам для нашых суседзяў па Сусвеце, для тых, хто сёння патрабуе нашага павітання, і для надыходзячых пакаленняў. Не забываймася на гасціннасць!

Перад сваёй смерцю і ўваскрасеннем Езус абяцаў, што ідзе наперад прыгатаваць месца. Ягоная дабрыня не ведае канца. Нібыта сын, які вяртаецца да свайго айца ў прыпавесці, якую Ён распавёў, нас заўсёды прымаюць, калі мы вяртаемся да Бога. А ў небе цешацца ўсе анёлы!

Няхай будзе вялікая радасць ад таго, што Бог прымае вас, калі вы ў Езусе на гэтым тыдні сабраліся ў Гішпаніі! І няхай Святы Дух напаўняе вас ласкаю, каб забраць тую гасціну з сабою, куды б вы ні скіраваліся.


Генеральны сакратар Сусветнае рады Цэркваў, вялебны др. Олаф Фюксэ-Твейт

“Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога” (Эфесцаў 2,19).

Вельмі прыемна прывітаць вас, братоў-пілігрымаў падчас нашага падарожжа веры, ад імя Сусветнае супольнасці хрысціянаў і хрысціянскіх абшчын, якім з’яўляецца Сусветная рада Цэркваў, з нагоды вашага сабрання ў Мадрыдзе на 41-ай Еўрапейскай моладзевай Сустрэчы Тэзэ.

Цягам шэрагу дзесяцігоддзяў экуменічны рух атрымліваў падтрымку, імпульс ды натхненне ад Супольнасці Тэзэ, ды ад больш шырокага руху, які яна стварала.

Разам з Тэзэ мы бачым, што экуменізм – гэта не толькі адкідванне розніцаў ці пераадольванне даўнішніх рознагалоссяў сярод хрысціянаў. Гэта будаўніцтва еднасці, супольнасці альбо, па-грэцку, koinonia, што заснаваная на нашых адносінах з Богам у Хрысце, а таксама тое, як здзяйсняць правільныя ўчынкі ў свеце. Гэта мае быць экуменічны рух любові. Мова пра цалкавітае выпрабаванне падстаў, што надыходзяць з агульнай верай, сумесным жыццём, супольнай малітвай і спевам, а таксама з цішынёю. Мова пра аднаўленне і ажыўленне нашых Цэркваў са зменаю ў свеце праз кахаючую салідарнасць.

У многіх адносінах, Тэзэ ўвасабляе сабою ўсё найлепшае, што існуе ў экуменічным руху.

Няхай гэтыя дні будуць для вас часам сустрэчы і ўзрастаннем сяброўства, часам добрага дзялення, часам супольнасці і духоўнае навукі, часам натхнення і адновы. Няхай, іншымі словамі, гэта будзе сустрэча, падчас якой вы прымаеце і ахвяруеце гасціннасць так, як сказана ў Бібліі, што вы ўжо не чужыя, але сябры і дамачадцы вялікай Божай сям’і.

Для гасціны, якую дэманструе Тэзэ, гэта не толькі форма ветлівасці. Гасціннасць азначае не толькі дабразычлівую рысу ўнутры нас, але адносіны, у якія мы ўступаем: ласкавага і даверлівага павітання, узаемнасці і сяброўства, дзялення ежаю і прытулкам. Гэта таксама непазбежна звязана з уразлівасцю, а часам нават з рызыкам. Мы запрашаем іншых у нашыя дамы, а праз тое й у нашыя сэрцы.

Гасціннасць – гэта ўсёахопная форма любові. Гэта спецыяльны дар альбо ласка Тэзэ.

Гэта таксама фундаментальны біблейскі наказ і абавязак самога Бога: безварунковая, некрытычная Божая любоў азначае, што ў гэтым свеце Бог – наш гаспадар, а ў Хрысце мы падзяляем гэтае дабраслаўленне, гэтую сям’ю з іншымі.

Сапраўды, Бог – наш прытулак, без значэння, дзе мы жывем альбо вандруем, і таму мы сталі домам Бога, “жыллём Бога ў Духу”, як напісана ў Пасланні да Эфесцаў, тут, на зямлі.

Такая гасцінная любоў – дармова ахвяраваная, пакорліва атрыманая – патрэбная сёння ва ўсіх частках свету. Незалежна ад таго, ці то прапаноўваючы гасціну мігрантам, ці то ратуючы бежанцаў, ці топадтрымліваючы бяздомных і патрабуючых, нашае разуменне, дыялог і спачуванне для тых, што адрозніваюцца ад нас, нашая поўная любові гасціна можа выратаваць жыцці, стварыць супольнасць, направіць час.

Вы авангард гэтага экуменічнага руху любові, не ў будучыні, але зараз, і таму я малюся, каб вашая сустрэча ў Мадрыдзе ўмацавала вашыя сэрцы і пашырыла вашую кахаючую прыхільнасць да Бога і да Божага Слова.

Ваш у Хрысце.

Сакратар Сусветнага Хрысціянскага Форума, вялебны Кейслі Байдэн Эсамуа

Вітанні ў імя нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста ад Сусветнага Хрысціянскага Форума для міжнароднае супольнасці маладзёнаў, што сабраліся ў гэты пераднавагодні перыяд 2018 г.

Вашая сустрэча – гэта дэманстрацыя вашага сведчання еднасці, якую мы маем у Хрыстусе з адзінаверцамі і з усім чалавецтвам на знак салідарнасці. Я вітаю ахвярнасць і рашучасць, якую вы ўсе паказалі сустрэчаю ў гэты час і ў гэтым месцы.

Нашаму свету адчайна патрэбныя такія прыклады пераадолення рознагалоссяў і падзелаў моцаю любові і даверу. Вы падбадзёрваеце нас. Вы нас натхняеце.

Малюся, каб вашыя супольна праведзеныя дні, разважанні, набажэнствы і цішыня прыгатавалі вас працягваць здзяйсняць адвечнае ўздзейванне ў вашых сферах ангажавання.

Малюся, каб вы вярнуліся да вашых дамоў і цэркваў з адноўленаю пастановаю будаваць масты паміж людзьмі і паміж адно адным, а па-над усім паслядоўна развівалі адносіны, каторыя кожны з вас мае з Богам, які так моцна любіць нас, што паказаў тое праз смерць Езуса на Крыжы.

Урэшце, я малюся, каб тое, што Якуб убачыў ува сне, стала вашым дасвядчэннем, калі ён сказаў: “Сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым (...) якое страшнае месца гэтае! Гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта – брама нябесная” (Кніга Быцця 28, 16-17).


Генеральны сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі, вялебны Марцін Юнгэ

Не забываймася на гасціннасць.

Дарагія сёстры, дарагія браты ў Хрысце,

з вялікай радасцю высылаю гэты ліст з цёплымі братэрскімі павітаннямі ад Сусветнай лютэранскай федэрацыі ў той час, калі вы сабраліся на Еўрапейскай моладзевай Сустрэчы Тэзэ.

Мы дзякуем Богу за наяўнасць усіх і кожнага з вас. Нам усцешна бачыць вас разам, якія дзеляцца Пісаннем, супольна моляцца, спяваюць і распазнаюць Божую волю сярод сённяшніх часоў.

У многіх адносінах, цяперашнія часы не з’яўляюцца лёгкімі, з незлічоным мноствам праблем, некаторыя з іх глабальнага кшталту. Відаць, што на шэраг з іх бракуе ўласцівых адказаў і канкрэтных прапановаў па іх вырашэнні. Між іншым, напрыклад, я маю на ўвазе кліматычныя змены. Але й праблемы міграцыі, якія сёння дасягнулі ўзроўню, якога ніколі не было раней.

На шчасце, мы хрысціяне, натхнёныя вельмі моцным чаканнем таго, што сілкуе глыбокі давер: Бог ніколі не перастае прысутнічаць у нашым свеце. Гэта пасланне, якое мы чулі на Раство. Святкуючы прыйсце на свет у Бэтлееме Езуса Хрыста, мы прымаем добрую навіну, што Бог прыйшоў, каб сустрэцца з намі, што Бог прыйшоў, каб застацца.

У гэтым сэнсе, я заклікаю вас, каб знайсці адказ на гэтыя выклікі, што не адзначаныя страхам, варожасцю і нясмелым закрыццём у прыватных ды індывідуальных адносінах, але, наадварот, ісці з упэўненасцю і надзеяй, ўдзельнічаць у будаўніцтве суіснавання паміж людзьмі і з усім тварэннем, якое адлюстроўвае глыбіню пераўтваральнага ўплыву Хрыста ў нашым жыцці.

З гэтага пункту гледжання, гасціннасць – не штучнае патрабаванне, але выраз глыбокага пачуцця чалавецтва, якому Бог адкрывае Ягоную Боскую прысутнасць сярод нас.

Не забывайцеся на гасціннасць, браты і сёстры, бо тое б азначала забыцца, хто мы і якімі нас стварыў Бог: людзі непарыўна звязаныя адзін з адным пры дапамозе распазнання асобы Хрыста ў іншым.

Я звяртаюся да вас ад імя лютэранскае супольнасці з цёплым прывітаннем, прасякнуты глыбокім экуменічным узаемадзеяннем і перакананнем у велізарнай важнасці вашай сустрэчы, у якой, адкрываючыся на інышх, вы адкрываеце прастору для гасціннасці.

Па-братэрску, у Езусе Хрысце.

Генеральны сакратар Сусветнага баптысцкага альянсу, вялебны др. Элія М. Браун

Вітаю вас у імя Езуса Хрыста і ад імя сям’і Сусветнага баптысцкага альянсу (BWA) – арганізацыі з 229 чальцоў у 125 краінах і тэрыторыях, дзе прадстаўленыя 169,000 цэркваў і 47 мільёнаў людзей.

Калі вы сустракаецеся, я малюся, каб у Хрысце вы знайшлі ўзор гасціннасці, які б можна было назваць Супольным сталом. На працягу ўсяго Евангелля ад Лукі Езус паслядоўна ўжывае супольны стол, каб распачаць змястоўную гутарку і духоўныя разважанні. Усе і кожны з нас мае стол, месца, да якога мы можам запрасіць нашых суседзяў, месца, дзе мы можам прапанаваць фізічную ежу і духоўную рэфлексію.

Шукайма ж у афрыканскае Царкве дар гасціннасці, упершыню прадэманстраваны Езусу Хрысту, Марыі і Юзафу. Народ Егіпта прыняў Святую Сям’ю ў якасці палітычных уцекачоў, што ратаваліся ад прыгнёту. Хаця ніхто ніколі не даведаецца, які ўплыў тое аказала на сям’ю, лёгка сабе ўявіць, як Езус узрастаў і чуў ад бацькоў гісторыі пра тое, як яны былі вымушаныя бегчы ўначы, задаючыся пытаннем, як яны пачуюцца ў новай краіне, знойдуць сяброў і дапамогу сярод новай супольнасці. Сёння ў нашым свеце больш бежанцаў, чым у любы іншы момант ад часоў другой сусветнай вайны, спрабуйма разгледець, якім чынам мы ізноў зможам надаць асобную ўвагу ўзору гасціннасці. Памятайма таксама, што Царква па сваёй прыродзе заўсёды была глабальнага характару і пра тое, што мы маем вучыцца ад нашых братоў і сясцёр па ўсім свеце. Часткаю гасціннасці з’яўляецца пакорлівасць, што гатовая слухаць і вучыцца.

У канфліктах нашага свету шукайма закліку практыкаваць гасціннасць у адносінах. Нашыя грамадствы ў сённяшнім свеце надаль пад пагрозаю моцы і сутычак. Генацыд працягваецца ў некалькіх кантэкстах. Празмернае багацце суіснуе з голадам, які ў шматлікіх краінах хаваецца ў ценю. Рэлігійныя пераследванні знаходзяцца на адным з самых высокіх сусветных узроўнях за апошнія гады. Дух гасціннасці заклікае нас будаваць адносіны – будаваць адносіны з людзьмі іншае веры, людзьмі іншае нацыянальнасці, людзьмі іншае мовы. Езус заклікаў нас мець стасункі нават з нашымі ворагамі. Праблемы, што стаяць перад нашым светам, не будуць вырашаныя без адносінаў.

Будзьце выклікам, моладзь веры! Жыйце Супольным сталом са сваім суседам, нібы частка адной сусветнай Царквы, бо ў пагранічным свеце нам патрэбныя вашыя голас і лідэрства.


Выканаўчы дырэктар Тэалагічнае камісіі Сусветнага евангелічнага альянсу, др. Разалі Вэллоса Івэл

Усім, хто сабраўся ў Мадрыдзе, ласка і супакой з вамі! Цешуся з нагоды вашае сустрэчы і дзякую Богу за вашае сведчанне пра добрую навіну аб Езусе Хрыстусе. Гэта нібыта дар – быць разам і дзяліцца Божае гасціннасцю!

На працягу Адвэнту і Раства нам прыгадваюць, як прыгатавацца і чакаць на прыйсце Хрыста – Ягонае нараджэнне і Ягонае другое прыйсце. Пакуль мы рыхтуемся, мы вучымся, як быць гасціннымі, як прымаць найбольш уразлівых і тых, каго не прымае свет. Гасціннасць – гэта Божы дар, які Ён дае божаму люду. Гасціннасць можа быць складанаю і цяжкаю, але таксама можа быць цудоўнаю і дзіўнаю. Як цудоўна, што вы можаце сабрацца разам, каб дзяліцца Божае гасціннасцю і каб узрастаць у сяброўстве і ласцы ў адносінах адзін да аднаго.

Рэдкліфскі каледж, Аб’яднаныя біблійныя таварыствы і Сусветны евангелічны альянс маліліся за вас. Асабіста я працягваю маліцца за кожнага з вас, калі вы знаходзіце здзіўленне і складанасці ў тым, каб ісці ў гэтым свеце за Хрыстом.

Няхай ваш час малітвы, набажэнстваў і адносінаў будзе знакам веры ў грамадстве сумневу, супакою ў ваюючым свеце, надзеі ў месцах роспачы ды любові там, дзе ёсць нянавісць.

Няхай ваш час побыту ў Мадрыдзе будзе бласлаўлёны ўсімі дарамі Божага Святога Духа і няхай вас натхняе дзяленне любоўю Езуса дзе б вы ні знаходзіліся і куды б вы ні пайшлі.


Генеральны сакратар ААН, сп. Антоніа Гуцьерэш

Маю гонар прывітаць штогадовую Сустрэчу моладзі, арганізаваную Абшчынаю Тэзэ. Да сённяшняга дня я надаль узгадваю сустрэчу Тэзэ, у якой удзельнічаў будучы студэнтам універсітэту, і ў мяне засталіся прыемныя ўспаміны пра дух экуменізма, які характарызуе вашыя сустрэчы.

Вы збіраецеся ў час выклікаў і нявызначанасці перад абліччам кліматычных змен, канфліктаў, узрастання няроўнасці ды ўздыму неталеранцыі. Так, гэта таксама эпоха магчымасцяў, з ветрам пераменаў, які вее па ўсёй планеце, у тым ліку з нядаўна прынятым Глабальным дагаворам па пытаннях міграцыі і паспяховым завяршэннем кліматычнага саміту ў Польшчы.

Міжнародная супраца важная як ніколі раней, а ўсе мы маем ролі да выканання па прасоўванні мэтаў устойлівага развіцця ды будавання для ўсіх лепшае будучыні. Цягам усяго майго перабывання на пасадзе я бачыў маладзёнаў, што падыходзілі да вырашэння глабальных праблем, якія паказвалі, што яны не толькі лідары заўтрашняга дня, але ўжо сённяшняга. Каб садзейнічаць пашырэнню магчымасцяў моладзі ў свеце, я распачаў стратэгію Моладзь2030, якая накіраваная на больш цеснае і плённае супрацоўніцтва з імі, каб зразумець іх патрэбы, каб прыслухацца да іх голасу й увесці іх ідэі ў дзеянне.

У 2019 г. я буду працягваць разлічваць на вас, каб дапамагчы прасоўваць нашыя агульныя мэты супакою, устойлівага развіцця і правоў чалавека для ўсіх. Калі ласка, прыміце мае найлепшыя пажаданні з нагоды важнае сустрэчы, шчаслівага Раства і Новага года.


Мэр г. Мадрыд, сп-ня Мануэла Кармэна

Калі 2018 год дабягае канца, тысячы маладзёнаў як ты сабраліся ў Мадрыдзе для ўдзелу ў 41-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы, скліканай Абшчынаю Тэзэ, якую ў 1940 г. заснаваў Брат Ражэ. Вы прынялі запрашэнне, высланае вам ад кардынала Карласа Асора, каб зрабіць наш горад месцам для ўсіх вас, каб сустрэць адно аднаго, католікаў, а таксама чальцоў іншых дэнамінацый. Мы вітаем усіх і кожнага з вас.

Мадрыд – адкрыты, шматнацыянальны, талерантны, бяспечны і гасцінны горад. А па-над усім гасцінны. Наш сімвал уяўляе сабою пару рук, якая ахоплівае ўсіх і кожнага, хто адведвае нас. Але ў гэты час года Мадрыд нават яшчэ больш ветлівы, пагружаны ў святы Раства, якія напаўняюць горад святлом і колерамі. Будзьце ўпэўненыя, вы будзеце пачувацца як дома.

Мадрыд быў месцам істотных сустрэч, міжнародных падзей ды мірных паразуменняў. У лістападзе 2018 г. мы прымалі ІІ Сусветны форум супраць гарадскога гвалту і па выхаванні ў духу мірнага суіснавання, на якім мы імкнуліся высветліць першапрычыны розных аспектаў гвалту паміж асобамі. Я ведаю, што вы, маладыя людзі, якія бярэце удзел у гэтае Сустрэчы, таксама імкнецеся да супакою на свеце.

Як мэр горада я ў стане прапанаваць вам, і вам тое прапаную, усю падтрымку і дапамогу Гарадское рады і ўсіх нас, хто з’яўляецца часткаю гэтае інстытуцыі. Мы служым для вас. Калі ласка, не вагайцеся прыйсці да нас па ўсё, што вам будзе неабходна. Ад усяго сэрца я зычу вам вельмі шчаслівага і плённага побыту сярод гэтай вялікай сям’і, якою ёсць Мадрыд.


Прэзідэнт Польшчы, сп. Анджэй Дуда

Арганізатары і ўдзельнікі
Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы ў Мадрыдзе

Шаноўны Браце Прыёр!
Шаноўныя Браты – сябры Абшчыны Тэзэ!
Дарагія маладыя сябры з Польшчы ды іншых краін Еўропы!

Вось ужо ад сарака гадоў маладыя еўрапейцы збіраюцца на сустрэчах, арганізаваных Абшчынаю Тэзэ. З нагоды гэтага юбілею дасылаю ўсім вам віншаванні і сардэчныя вітанні. Глыбокую павагу і прызнанне абуджае тое, як вы праз спатканне ў духу салідарнасці выказваеце сваю тоеснасць і перакананні.

Маладыя ўдзельнікі сустрэчы ў сталіцы Гішпаніі – голас хрысціянскае Еўропы, поўны павагі да супольнае традыцыі ды прагнення супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі. Зычу вам, каб вы засталіся пасламі супакою і яднання таксама й пасля завяршэння гэтае сустрэчы: у сваіх сем’ях, Цэрквах і мясцовых суполках.

Вы з’яўляецеся знакам надзеі ў свеце, усхваляваным канфліктамі, а дзе-нідзе нават вайсковай агрэсіяй. Памятаючы пра трагічнае дасвядчэнне дзвюх сусветных войнаў, нават цяжка паверыць, што тое ж самае мы дасвядчаем у Еўропе. Недалёк, на ўсходзе Польшчы, ва Украіне трывае трагедыя мільёнаў людзей, якая спавадаваная ваенным нападам. Прашу вас маліцца ў інтэнцыі ахвяр і тых, каго вайна закранула сваімі страшэннымі вынікамі.

Для маладых полек і палякаў свабода з’яўляецца чымсьці відавочным. Але так было не заўсёды. Сёлета мінае сто гадоў ад часу вяртання Польшчы незалежнасці. Мой народ з тых часоў прайшоў праз багата драматычных, цяжкіх здарэнняў. Таму таксама мы, палякі, ведаем, што такое боль і цярпенне, на колькі значнаю ёсць вартасць Айчыны – ўласнай суверэннай дзяржавы, адначасова, як жа каштоўным ёсць прабачэнне і міласэрнасць.

Засноўнік Абшчыны Тэзэ, Брат Ражэ, кахаў Польшчу. У верасні 1939 г. ён не мог пагадзіцца з атакаю і акупацыяю маёй краіны праз нацысцкую Нямеччыну і савецкую Расію, пра што ён пісаў у адным са сваіх лістоў. Пазней ён падтрымліваў маладых палякаў, якія змагаліся з камунізмам, да якога была гвалтоўна змушаная Польшча. Сёння мы зноў свабодны народ, зноў жывем у незалежнай Айчыне. Робім усё, каб суверэнная Польшча засталася вернаю сваёй спадчыне.

Дарагія Сябры, маладосць – прыгожы, але й складаны перыяд. Гэта час узрастання, жыццёвых выбараў ды ўнутраных змаганняў. Сваёю паслугаю Браты Тэзэ падтрымліваюць у пошуках кожнага, хто гэтага патрабуе. Зычу ўсім, якія прыбылі на гэтае мадрыдзкае спатканне, шмат плённых дасвядчэнняў і адкрыццяў. Няхай моладзевы энтузіязм, радасць і хрысціянская любоў бліжняга будуць з вамі кожны дзень праз увесь новы, 2019 год. Няхай дабраслаўляе вам Бог!

з павагаю,
Анджэй Дуда

Мэр г. Уроцлаў, сп. Яцэк Сутрык

Дарагія Браты,
Шаноўная Моладзь,

вельмі цешуся з нагоды прыняцця Вамі запрашэння ва Уроцлаў на чарговую Еўрапейскую моладзевую Сустрэчу.

2019 год – вельмі асаблівая гадавіна таксама й для Польшчы: 15 гадоў таму мы ўвайшлі ў Еўразвяз. Мне вельмі ўсцешна, што ў такі год, як гэты, надзея і будучыня Еўропы будзе гасціць ва Уроцлаве.

Вы прыбудзеце да нашага горада ўжо трэці раз, пасля перапынку ў 24 гады. Магчыма, нехта з вас памятае Уроцлаў з ранейшых часоў, з 1989 альбо 1995 года. Наш горад вельмі змяніўся – вы самі гэта ўбачыце, аднак у сваім самым істотным элеменце застаўся такім самым, як заўсёды – горадам людзей са шчырым сэрцам.

Уроцлаў мае багатую гісторыю, мае розныя назвы ў шэрагу моў света. Але прашу вас, каб, рыхтуючыся да чарговае сустрэчы, вы называлі яго проста Вашым домам.

Да пабачэння ва Уроцлаве!

Яцэк Сутрык,
мэр Уроцлава

Printed from: http://www.taize.fr/be_article25297.html - 20 August 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France