Брат Алоіс 2019

Не забываймася на гасціннасць!

Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў. (Габрэяў 13,2)

Пілігрымка Даверу – няспынная паслядоўнасць моладзевых сустрэч, якую некалькі дзесяцігоддзяў таму распачало Тэзэ, сёння працягваецца на ўсіх кантынентах.

У кожнае з тых сустрэч адною з найбольш незабыўных падзей з’яўляецца гасціна, як для маладых удзельнікаў, так й для тых, хто адчыняе свае дзверы для іх.

У жніўні 2018 г. мы яшчэ раз змаглі ацаніць значэнне гасціннасці ў Ганконгу падчас Сустрэчы моладзі з азіяцкіх краін ды іншчых частак свету, у тым ліку з дзяржаў, дзе точацца канфлікты і дзе надаль заўважныя гістарычныя раны, што патрабуюць загаення.

Семсот удзельнікаў прыехалі з розных правінцый мацярыковага Кітая. Прысутнасць моладзі з так вялікае колькасці дзяржаў разам з гасцінаю, якую яны атрымалі ў сем’ях Ганконга, былі знакам надзеі.

Маладыя хрысціяне ў Азіі – гэта часцяком малыя супольнасці ў грамадствах, што перажываюць змены. Яны спрабуюць чэрпаць сілу са сваёй веры ў Хрыста і з жыцця ў Царкве нібы браты і сёстры.

Ад Еўрапейскае Сустрэчы ў Мадрыдзе і далей, цягам 2019 года, у Тэзэ, Бейруце, Кейптаўне ды іншых месцах будзьма больш глыбока разважаць розныя аспекты гасціннасці.

Ніжэйшыя прапановы базуюцца на веры; яны запрашаюць хрысціянаў адкрыць гасціннасць у Богу. Тое вядзе нас да пытання вобраза Бога, які мы маем. Бог ніколі не выключае, але запрашае кожнага.

Мае браты і я бачым, што дасвядчэнне гасціннасці ангажуе не толькі хрысціянаў з розных Цэркваў, але таксама вернікаў іншых рэлігій, а нават неверуючых.

Сярод цяперашніх цяжкасцяў, калі, здаецца, недавер набірае моц, ці будзьма мець адвагу жыць жыццём гасціны, дазваляючы, такім чынам, узрастаць даверу?


Першая прапанова: Адкрыць крыніцу гасціннасці ў Богу

Ад пачатку Сусвету Бог быў у таямнічы спосаб за працаю. Тое перакананне было сэрцам паэтычнае гісторыі стварэння на пачатку Бібліі. Бог спазіраў на тое, што стварыў, і блаславіў гэта: Бог бачыў, што ўсё стварэнне было добрым. Бог вельмі палюбіў увесь Сусвет.

Часам мы разумеем пра Бога вельмі мала, але мы можам крочыць наперад з пэўнасцю, што Бог прагне нашага шчасця і безварункова запрашае нас усіх. Бог – крыніца гасціннасці.

А нават больш, праз Хрыста Бог пасунуўся аж да таго, каб стаць адным з нас, каб прыцягнуць чалавецтва да сябе і запрасіць нас. Гэтая Божая гасціна для нас кранае глыбіні нашае душы: яна перапаўняе і выходзіць па-за ўсе чалавечыя межы.

• Перад абліччам небяспекі, што ўплывае на наш час, ці ахоплівае нас збянтэжанасць? Падтрымліваючы жывой нашую надзею, гартуйма дух захаплення, спаглядаючы навокал сябе вачыма, што вылучаюць усё тое, чым можна захапляцца.

• Сам-насам альбо з кімсьці чытайма Біблію, пачынаючы з Евангелля, што распавядае гісторыю жыцця Езуса. Магчыма, мы не зразумеем усяго адразу; часам нам будзе патрэбна даведацца больш. Ідучы разам да Бібліі – крыніцы жывое вады, – тое дапаможа нам узрастаць у даверы да Бога.

Сын, які апусціў дом, устаў і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. (Лукі 15, 20)

  • Чаму мяне вучыць гэтая прыпавесць пра Божую гасціннасць, якую мы бачым у Лукі 15, 11-32?

Другая прапанова: Быць уважным на прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці

Бог прапануе нам гасціну, але тое становіцца праўдзіваю камуніяй з Ім толькі праз наш вольны выбар.

Езус паказвае нам, што Бог ёсць любоў, прапануючы нам сяброўства. Пакорліва стоячы ля нашых дзвярэй, Хрыстус стаіць і грукае. Нібы жабрак Ён спадзяецца і чакае на нашую гасціну ўзамен. Ён увойдзе, калі нехта адчыніць Яму дзверы.

Сціплаю малітваю мы дазваляем Яму ўвайсці ў нашыя сэрцы. Затым, нават калі мы амаль не адчуваем Ягонае прысутнасці, Хрыстус прыходзіць, каб жыць унутры нас.

• Молячыся ў царкве, нават толькі праз хвіліну, час ад часу, увечары ці раніцою, без аніякае іншае мэты, як толькі даверыць свой дзень Богу, – гэта тыя рэчы, якія ўнутрана збудоўваюць нас у часе. Прыгадванне пра прысутнасць Хрыста таксама вызваляе нас ад нашых страхаў – страху іншага, страху быцця недастаткова добрым, неспакою перад абліччам няпэўнае будучыні.

• Калі нам не стае часу, мы можам распавесці Хрысту пра нас ды іншых – тых, хто блізка, і тых, хто далёка, – толькі ў некалькіх словах, нібы шэптам. Мы можам сказаць Яму пра тое, што ўнутры нас, і пра тое, чаго мы не заўсёды разумеем. Некалькі слоў з Бібліі могуць таксама заставацца з намі праз увесь дзень.

Уваскрослы Хрыстус сказаў: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною”. (Апакаліпсіс 3, 20)

  • Што дапамагае мне пачуць Хрыста? Што для мяне значыць “адчыніць Яму дзверы”?

Трэцяя прапанова: Прымаючы нашыя дары і нашыя абмежаванні

Бог прымае ўсё, што ў нас; у сваю чаргу, мы можам прыняць сябе такімі, якімі мы з’яўляемся. Гэта пачатак ацалення, якога мы ўсе так патрабуем.

Хвальма Бога за нашыя дары. Варта таксама прыняць нашую немач, нібы дзверы, праз якія да нас ўваходзіць Бог. Каб весці нас далей, каб дапамагчы нам змяніць нашае жыццё, Бог жадае, каб перадусім мы прынялі саміх сябе.

Прыняццё нашых абмежаванняў не чыніць нас пасіўнымі перад абліччам несправядлівасці, лютасці ці эксплуатацыі людзкіх істот. Наадварот, пагаджаючыся на нашыя абмежаванні, мы з паяднаным сэрцам атрымліваем моц для барацьбы.

Святы Дух, пломень, які схаваны ў нашае глыбіні, паступова змяняе ўсё, што процістаіць жыццю, унутры і абапал нас.

• Каб адкрыць нашыя дары і згадзіцца на нашыя абмежаванні, шукайма кагосьці, хто выслухае нас з дабрынёю, некага, хто дапаможа нам узрастаць у жыцці і веры.

• Істотна, каб у нашае малітве было месца для хвалы. Гэта яднае нашае існаванне. Супольна спяваная малітва проста незаменная; яна працягвае гучаць і пасля, рэзануючы ў нашых сэрцах.

„Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі”. (Мацвея 11, 28-30)

  • Пра які цяжар і пра якую прыемнасць кажа Езус? Чаго я магу навучыцца ад Яго?

Чацвёртая прапанова: Знайсці ў Царкве месца дружбы

Каб дзяліцца з іншымі нашым даверам Богу, неабходна мець месцы, дзе мы зможам знайсці не толькі некалькіх сяброў, але дружбу, якая дастаткова шырокая, каб ахапіць й тых, што адрозніваюцца ад нас.

Парафіі ды мясцовыя суполкі збіраюць разам розныя пакаленні і людзей з розных сацыяльных і культурных слаёў. Гэта й ёсць той скарб дружбы – часам не адкрыты, і які трэба добра выкарыстаць.

Калі б кожная мясцовая Царква была нібы прымаючая сям’я, дзе б мы былі, з нашымі сумневамі і нашымі пытаннямі, без страху быць асуджаным…

Царква ўсюды там, дзе вее подых Святога Духа, усюды там, дзе звонку прамянее дружба Хрыста. У некаторых краінах Поўдня існуюць малыя нізавыя хрысціянскія абшчыны, якія робяць у іх раёне ці ў вёсцы далёкасяжныя абавязацельствы для іншых. Ці могуць яны быць крыніцаю натхнення для іншых краін?

• Хораша рэгулярна сустракацца для малітвы і дзялення па малых групах, але ж варта падтрымліваць жыццё й большае хрысціянскае супольнасці, што існуе ў нашым горадзе ці вёсцы. Ці можа нашая малая група быць уважнаю, напрыклад, да тых, хто прыходзіць на нядзельную службу, але нікога там не ведае?

• Хрыстус прагне сабраць усіх, хто любіць і наслядуе Яго, у адну супольнасць, па-за іх канфесійнае прыналежнасцю. Дзяленне гасцінаю – шлях да еднасці. Ці не маглі б мы часцей, чым мы тое ўжо робім, запрашаць тых, хто інакш выражае сваю веру, маліцца разам з намі?

На крыжы, літаральна перад Ягонаю смерцю, Езус прамовіў да Сваёй маці і вучня, якога любіў, што стаяў побач. Ён сказаў ёй: “Жанчына, вось сын Твой”. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе. (Яна 19, 25-27)

  • У падножжа крыжа з волі Езуса нарадзілася новая сям’я. Якім чынам сёння мы можам жыць нібы браты і сёстры?

Пятая прапанова: Карыстайма са шчодрае гасціннасці

Божая гасціна – заклік для нас. Ці можам мы прыняць іншых, не такімі, якімі мы хацім, але такімі, якімі яны ёсць? Ці можам мы дазволіць ім прыняць нас паводле іх, а не нашага ўпадабання?

• Будзьма ж гасціннымі жанчынамі і мужчынамі, знаходзячы час на слуханне іншых, запрашаючы іх на пасілак, набліжаючыся да асобы ў нястачы, маючы добрае слова для тых, каго сустракаем…

• Перад абліччам значных пераменаў, выкліканых міграцыяй, шукайма шляхоў, на якіх гасціна можа стаць спрыяльнае магчымасцю; не толькі для тых, каго прынялі, але й для тых, хто прымае. Асабістыя сустрэчы – незаменныя: напрыклад, мы можам выслухаць гісторыі мігранта ці бежанца. Сустрэчы з тымі, хто прыбывае з іншых месцаў, дапамогуць нам у лепшым разуменні нашых уласных шляхоў, паглыбяць нашую тоеснасць.

• Неабходна паклапаціцца пра зямлю. Гэтая дзівосная планета – наш агульны дом. Захавайма ж яе гасціннаю, таксама для будучых пакаленняў. Тое важна для перагляду свайго ладу жыцця, робячы ўсё магчымае дзеля спынення бессэнсоўнага карыстання з рэсурсаў, і для барацьбы з рознымі формамі забруджвання і зніжэння біяразнастайнасці. Будучы салідарнымі з усім стварэннем, мы адкрыем радасць, якая з гэтага выцякае.

Езус сказаў: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. (Мацвея 25, 40)

Трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!” (Дзеі 20, 35)

  • Ці ў мяне калі-небудзь раней было дасвядчэнне, што даванне дае шчасце? Ці я здаю сабе справу, што мушу нешта таксама атрымаць ад іншых?

Printed from: http://www.taize.fr/be_article25330.html - 20 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France