Брат Томас (1939-2019)

Брат Томас памёр ноччу з 11 на 12 студзеня 2019 г. На пачатку лютага ён бы адзначыў свае 80-ыя народзіны.

Больш трох гадоў таму з’явіліся прыкметы працяглае хваробы, а за апошнія паўтара гады яго здароўе моцна пагоршылася, у тым ліку заўважная страта памяці. Тым не меней, акрамя аднаго працяглага знаходжання ў шпіталі пасля падзення, ён перабываў дома ў Тэзэ да канца. На малітвах Тэзэ ён з’яўляўся ў інвалідным вазку, а браты па чарзе яго суправаджалі.

Ян Уільямсан (анг. Ian Williamson) нарадзіўся ў 1939 г. і дарастаў у шатландскім Данфермліне. У 1960 г. па сканчэнні навучання ва Ўніверсітэце Эдынбурга ён працягваў вучыцца ў Нью Коледж, рыхтуючыся да паслугі ў Царкве Шатландыі (прэсвітэрыянская галіна кальвінізму). Цягам двух гадоў ён быў памочнікам пры Парафіяльнай Царкве Крэйгсбанк у Кёрсторфін, а затым два гады служыў у якасці дапаможнага пастара ў царкве ў Дандзі. Ужо плануючы далучыцца да Абшчыны Тэзэ ў часе ягонай паслугі ў Дандзі, са згоды Брата Ражэ, ён быў ардынаваны на пастара. Ад 1963 г. ён быў сябрам экуменічнай хрысціянскай дысперснай Супольнасці Іёна [https://iona.org.uk].

Далучыўшыся да Абшчыны Тэзэ ў 1965 г., ён прыняў імя Томас, складаючы свае манаскія зарокі на Вялікдзень 1969 г. Першапачаткова ён адказваў за прыём моладзі, што прыязджалі, каб правесці тыдзень у цішыні, а пасля стаў адным з групы братоў, якія рахтавалі “Нараду Моладзі” на пачатку 70-ых гг.

Пакрысе Супольнасць пашырала свае шэрагі, таму ў 1973 г. брат Ражэ папрасіў яго аб дапамозе ў арганізацыі жыцця і працы братоў, выступаючы ў якасці злучнага звяна паміж братамі Супольнасці і тымі братамі, што жывуць па-за Тэзэ ў розных частках свету. Ён таксама таварышыў некаторым маладзёнам, асабліва тым, што прыбываюць з Азіі і застаюцца ў Тэзэ на больш працяглы тэрмін у якасці валанцёраў. Ён рэдагаваў шэраг публікацый Супольнасці ў перакладзе на ангельскую мову. Са з’яўленнем сеціва менавіта ён, перад тым як перадаць гэтую функцыю малодшым братам, быў тым, хто першапачаткова адказваў за змест старонкі і склад бюлетэню Супольнасці, высыланага электроннаю поштаю.

Пасля смерці брата Ражэ брат Алоіс працягваў лічыць на ягоную дапамогу, якою ён мог ахвоча ахвяраваць у той ступені, на колькі яму дазваляла ягонае здароўе.


Малітва Брата Алоіса

Божа ўсіх чалавечых істот, мы перадаем табе нашага Брата Томаса. Зараз Ты запрасіў яго да паўнаты жыцця. Мы дзякуем Табе за ягоную прысутнасць сярод нас. З намі, ягонымі братамі, ён змагаўся ў добрай барацьбе веры, ён завяршыў свой крок, і сёння Ты абдорваеш яго ўваходам у вечнае жыццё.

Ён рыхтаваўся да паслугі ў Царкве Шатландыі, а Ты паклікаў пакінуць ягоную краіну, каб далучыцца да Супольнасці. У якасці брата ён таварышыў і дапамагаў усім тым, хто быў павераны яму - многім маладым і не такім ужо маладым людзям.

Ён быў адзіным сынам у сям’і, а ягоная мама памёрла, калі ён быў яшчэ малым, што ўкшталтавала ягоны самотны тэмперамент. У той самы час, Ты змясціў у ягоным сэрцы дары, неабходныя для ўкладу, здзейсненага ім у пабудову нашага супольнага жыцця. Добрасумленна і бескарысліва ён даваў падтрымку і супрацоўніцтва брату Ражэ, пра якія той прасіў яго, каб дапамагаць братам у адзінстве крочыць наперад.

Праз Святога Духа Суцяшальніка Ты працягваў перабываць з ім, каб дапамагчы яму перанесці некалькі гадоў дрэннага здароўя і страты самастойнасці, што яны прынеслі. Божа любові, мы ўсхваляем Цябе за жыццё Брата Томаса. Разам з ім і мы таксама прагнем змагацца ў добрай барацьбе аж да самага канца.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article25447.html - 18 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France