Вялікі пост: спяваючы радасць прабачэння

Аўторак, 5 сакавіка 2019 г. | Храм Паяднання

Для нас, братоў, вельмі ўсцешна было бачыць так багата ўсіх вас на гэтым тыдні. Цягам апошніх двух тыдняў на ўзгорку з’явіліся французы, але перад тым, зімою, пілігрымаў было няшмат. Цягам некалькіх тыдняў валанцёраў было нават болей, чым моладзі, якая прыязджае да Тэзэ. Зараз жа тут перабывае каля 2000 маладзёнаў з Партугаліі ды моладзь з іншых краін.

Заўтра распачнецца перыяд Вялікага посту. Першае, што мне прыходзіць на розум, калі я разважаю пра тыя 40 дзён падарожжа праз Вялікі пост, дык гэта вобраз пустыні, дзе Езус у самотнасці правёў 40 дзён, альбо іншы вобраз, калі Божы народ крочыў праз пустыню цягам 40 гадоў.

Брат Ражэ, які распачаў нашае абшчыннае жыццё ў Супольнасці Тэзэ, любіў прыгадваць, калі надыходзілі тыдні перад Вялікаднем, што тое не мае быць часам смутку ці аскезы, не мае тое таксама быць часам віны, але часам, каб праспяваць радасць прабачэння. Вялікі пост ён лічыў сарака днямі падрыхтоўкі да таго, каб адкрыць малыя крыніцы ў нашым жыцці.

На пачатку Евангелля паводле Марка Езус заклікае тых, хто Яго слухае, да навяртання: “Навяртайцеся да Бога і верце ў Евангелле”. І сапраўды, у перыяд Вялікага посту, нам бы хацелася звярнуцца да Бога, каб прыняць Ягонае прабачэнне.

Праз сваё сталае прабачэнне Бог дазваляе аднавіць нам духоўнае жыццё. Гэта навяртанне, да якога нас запрасілі: не звяртацца з самааналізам да самога сябе, але шукаць адносінаў з Богам ды кантактаў з іншымі.

Навяртанне ж, да якога мы запрошаныя, датычыць таксама з’яднання з усім стварэннем. Цуд стварэння вядзе нас да больш паважнай паставы ў дачыненні да навакольнага асяроддзя.


Перыяд Вялікага посту - час адмоваў, сціпласці. Аднак аскеза не мае вартасці сама ў сабе, але толькі сціпласць у нашым жыцці дапаможа знайсці нам нашыя самыя глубокія спадзяванні, нашае прагненне істотнага. На гэтым тыдні вы тое адчуеце. Вы жывеце тут вельмі сціпла, з некалькімі матэрыяльнымі рэчамі, аднак у вас ёсць радасць, вы адкрываеце, што маўчанне можа прынесці карысць.

Такім чынам, вы можаце паглыбіць веру, якая з’яўляецца простым даверам. Будучы вернікамі, мы не крочым за ідэалам, мы ідзем за чалавекам, за Хрыстом. Мы не асамотненыя, Ён ідзе наперадзе. Усё гэта спрычыньваецца да ўнутранае барацьбы, да рашэнняў, якія варта прыняць, да вернасці жыцця.

У той барацьбе мы не лічым на ўласныя сілы, але падпарадкоўваемся Ягонае прысутнасці. Гэтая сцежка не акрэсленая адразу, што таксама азначае быць падрыхтаваным да неспадзяванняў, быць адкрытым на стварэнне з нечаканым.

Бог не стоміцца ад таго, што будзе крочыць сцежкаю разам з намі. Мы можам верыць у тое, што еднасць з Богам магчымая, а нашую барацьбу мы можам пачынаць зноў і зноў, не стамляючыся. Мы не імкнемся паказаць сябе Богу як найлепей. Мы гатовыя на тое, каб крочыць наперад нібы бедныя людзі з Евангелля, што паверылі ў Божую ласку.

Вялікі пост - гэта таксама перыяд, у якім мы запрошаныя дзяліцца. Калі Езус чарговы раз быў на пустыні, маючы спагаду да тых, хто перабываў з Ім, Ён памножыў дзве рыбы і пяць хлябоў, каб усіх накарміць. А якія знакі дзялення можам здзейсніць мы?


Каб зазначыць уваход у гэты Вялікі пост, заўтра падчас супольнае малітвы будуць два адмысловыя знакі. Першым знакам ёсць попел. Падчас ранішняе малітвы браты ўсім, хто таго будзе сабе зычыць, накрэсляць попелам на чоле знак крыжа. Пакідаючы попел, браты прамовяць да кожнага: “Навяртайцеся да Бога і верце ў Евангелле”. Гэта вельмі старажытны жэст, які заклікае нас да пакоры.

Другі знак - пэўны літургічны жэст, які паходзіць з праваслаўнае традыцыі. Падчас вечаровае малітвы тыя, хто жадаюць, могуць атрымаць памазанне алеем на чоле. Робячы знак крыжа, браты кожнаму скажуць: “Вось памазанне ацалення, памазанне свята”.

Попел і алей, якія мы заўтра атрымаем, з’яўляюцца двума сімваламі, што запрашаюць нас да прабачэння і да свята. Няхай гэты Вялікі пост стане часам радасці для кожнага з нас; радасці прабачэння, радасці прымірэння.


 [1]

[1Здымак: Cédric Nisi

Printed from: http://www.taize.fr/be_article25770.html - 12 November 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France