Моладзь і малітва ў Тэзэ

Адзін з братоў разважае, якім чынам моладзь прымае ўдзел у малітве; ён падкрэслівае тры аспекты малітвы ў Тэзэ, якія, здаецца, адлюстроўваюць пошукі маладзёнаў.

Кожнага дня, тры разы на дзень, на ўзгорку Тэзэ ўсё спыняецца: праца, вывучэнне Бібліі, дыскусіі па малых групах. Званы заклікаюць усіх у храм на малітву. Сотні, а часам тысячы маладых людзей з розных краін свету моляцца і спяваюць разам з братамі Абшчыны. Кароткія спевы спяваюцца зноў і зноў, каб у некалькіх словах выразіць асноўную рэчаіснасць, што хутка можа быць асэнсавана розумам. Пасля гучыць чытанне з Бібліі на некалькіх мовах. У цэнтры кожнага малітоўнага спаткання працяглая хвіліна цішыні, якая прапануе незаменную магчымасць сустрэчы з Богам.

Мы, браты, часта ўражаны здольнасцю маладых людзей заставацца ў нашым храме, часам нават гадзінамі, моўчкі альбо падтрымліваючы медытатыўныя спевы. Часам яны самі здзіўляюцца, калі даведваюцца, колькі яны маліліся ў Тэзэ. Калі мы запытваем групы падчас сустрэчы ў канцы іх побыту, што іх найбольш уразіла, адказ прыходзіць хутка, без роздумаў: “малітва!” І тым не менш, колькі з тых, хто так захоплена гаворыць аб сваім малітоўным вопыце, на першы погляд наўрад ці выглядае на “экспертаў!” Гэта тым больш кранальна.

Зноў жа, чарговы раз мы самі застаемся гэтым здзіўлены. Што дазваляе маладым людзям стаць сапраўды адкрытымі для ўнутранага дыялогу ў малітве? Як у нас атрымліваецца дазволіць ім адкрыць, што нават не ведаючы, як маліцца, нават не ведаючы, пра што прасіць і чаго спадзявацца, што Бог ужо ўклаў у нас тугу да еднасці?

Не маючы магчымасці адказаць на гэтыя пытанні, я ўсё ж магу спрабаваць вызначыць тры аспекты малітвы ў Тэзэ, якія, як мне здаецца, з’яўляюцца рэхам пошукаў моладзі: простая малітва, медытатыўная малітва, малітва сэрца.

Простая малітва

Супольная малітва цягам гадоў крыху змянілася, стала значна прасцей. Брат Ражэ заўсёды клапаціўся пра тое, каб у малітве нічога не здавалася недаступным. Паводле яго, прачытанне занадта доўгага або занадта складанага тэксту можа перашкодзіць людзям успрымаць адносіны любові, якую ў малітве прапануе прысутнасць Святога Духа.

Гэты клопат, каб зрабіць духоўны вопыт малітвы даступным для вялікае колькасці людзей, з’яўляецца прычынаю таго, што Абшчына распрацавала спосаб малітвы з простымі і медытатыўнымі спевамі. Не тое, каб усё было прыстасавана для моладзі. У пэўным сэнсе, спевы Тэзэ самі па сабе не з’яўляюцца песнямі, напісанымі ў моладзевым музычным стылі. Я лічу, што нашы песні сягаюць каранямі манаскае традыцыі. У іх лексіконе, якім з’яўляюцца псальмы, шматгадовая традыцыя спявання малітвы бярэ пачатак у самых ранніх сходах Ізраэля. Сваім медытатыўным і нават паўтаральным характарам. У асноўным Супольнасць пачыналася са спеву псальмаў, і так робіцца дагэтуль сёння. Але замест таго, каб праспяваць увесь псальм, мы засяроджваемся на адным вершы, разважаем над ім, дазваляючы яму гучаць рэхам і знаходзіць у нас перажыванні, на якія ён пралівае святло.

Тое, што кранае моладзь у Тэзэ, дык гэта, магчыма, тое пачуццё, што мы імкнемся зрабіць выражэнне веры максімальна простым, як толькі тое магчыма, аднак без спробы размывання веры. Яны інстынктыўна адчуваюць, што прапанаваная ім малітва - гэта не столькі пераклад на іх родную мову, а хутчэй запрашэнне да пошуку, што цягне іх далей за сябе, што, размяшчаючы на вуснах словы з іншай эпохі, асцярожна змушае іх да дэцэнтралізацыі свайго ‘я’, спустошыць сябе. Маладыя людзі вельмі добра адчуваюць гэта. Яны могуць адрозніць дыскурсы, напоўненыя самімі сабой, ад тых, якія ствараюць прастору праз высвятленне пэўных рэчаў. Магчыма, яны адчуваюць, што, прыстасоўваючы нашу малітву да іх прысутнасці, мы як Супольнасць хацелі б, каб Абшчына пашырыла нашую дарогу, распаўсюджваючы на ўсю блізкасць, якою мы хочам жыць у Богу. У гэтым сэнсе вельмі важна, каб спевы пастаянна выконваліся ўсімі, а не толькі салістамі ці вакалістамі, якія пакінулі б толькі рэфрэн для спявання ўсімі астатнімі.

Медытатыўная малітва

Малітва са спевамі Тэзэ - гэта таксама разважанне Бібліі. Я так уражаны, калі на Урачыстасць Усіх Святых наш храм перапоўнены французскімі студэнтамі, адкрываючы як натуральна 2500 маладзёнаў спяваюць словы “Que j’exulte et jubile en ton amour!” з аднаго з самых апошніх спеваў, напісаных па-французску. У мяне такое пачуцце, што паўтараючы адзін ці два вершы, спеў адкрывае для іх просты напрамак да Божага Слова, дазваляючы ім засвоіць, уцелавіць прыгажосць а нават “шурпатасць” слоў Бібліі. І потым, калі словы ўжо вывучаны на памяць, чытаючы наноў адкрываць іх; некаторыя тэксты зіхацяць неверагодным святлом.

Часам я задумваюся, ці наш спосаб спявання не можа быць уводзінамі да lectio divina, уважнага прачытання Слова, які адкрывае прастору, дзе тэкст можа гучаць ва ўсіх ягоных праявах. Габрэі кажуць пра “перажоўванне” Торы. Адзін з рабінаў сабраў разам габрэйскія тэксты з першага стагоддзя па Хрысце, кажучы: “Паварочвай Тору зноў і зноў, ва ўсіх напрамках, каб знайсці ў ёй усё неабходнае; толькі гэта дасць вам сапраўдныя веды. Прыкладайце намаганні ў гэтым кірунку і ніколі яго не пакідайце - гэта найлепшае, што вы можаце ўчыніць” (Мішна Абот 5, 25). У Тэзэ паўтарэнне спеваў нібы рэха гэтага “перажоўвання”, аддыхання Словам.

Малітва сэрца

Іншы момант, які заўсёды кранае мяне, калі я чую размовы моладзі пра малітву ў Тэзэ, гэта магчымасць мець час цішыні пасяродку малітвы, што дае ім здольнасць засяродзіцца на тым, што адбываецца ўнутры іх. Яны ведаюць, як апісаць, што тая цішыня можа ўчыніць: “падвесці вынікі”, “прыслухацца да свайго сэрца”, “падумаць пра клопаты”, “ачысціць ваш розум”, “адпачыць”, “заняцца самааналізам”, “пазбавіцца сваіх масак”... Калі яны разам, яны не баяцца цішыні. І наадварот, багата хто кажа, што першыя дзесяць хвілін здаюцца доўгімі, але пасля яны запаўняюцца самі сабою.

Мяне цікавіць, а ці не будзе тое, што спрабуе выразіць моладзь тымі словамі, тым, што ўсходнія хрысціяне называюць “малітваю сэрца” альбо “захоўваннем сэрца”. “Захоўвай сэрца сваё”, як сказана ў Прыпавесцях Саламона, “бо ў ім крыніца жыцця” (Прып 4, 23).

Сэрца - гэта, паводле Бібліі, цэнтр чалавечае істоты, фокус, дзе зыходзяцца ўсе энергетычныя шляхі. Для манахаў усходняе традыцыі малітва праз паўтарэнне кароткае фразы, якая дапасавана да рытму подыху, - гэта перадусім малітва сэрца, інакш кажучы, намаганне аб’яднання ўсіх энергій, каб яны змаглі прайсці праз агонь сэрца ў тыглях кахання. Аб’яднаўшы пачуцці, энергію, сэрца - месца, дзе могуць нараджацца добрыя намеры нібы ачышчаная вада. Малітва нібы пільнасць, калі абуджэнне і праслухоўванне дазваляе нам канцэнтравацца, пераасэнсаваць уласныя жаданні і сінхранізаваць іх з любоўю. Малітва складаецца на тое, каб падрыхтаваць сэрца быць уважлівым да пільнасці, якой патрабуе любоў у розных сітуацыях.

Праз спевы і цішыню маладыя людзі выяўляюць, што ў іх ёсць новыя сэрцы, простыя сэрцы ў першапачатковым значэнні гэтага тэрміна, сэрца без зморшчыны, разгарнутае сэрца. Першыя хрысціяне казалі пра малітву як пра спосаб таплення “духоўнага тлушчу”, які замінае нашым думкам і жаданням. Вобраз складак таксама вымушае задумацца: разгарнутае сэрца - гэта сэрца, “распранутае” да самага неабходнага, сэрца, якое застаецца набліжана да сваіх жаданняў, і такім чынам больш выразна выяўляе, якім чынам Бог заклікае быць больш творчым. “Кожнае жаданне ўнутры нас, якое кліча Бога, ужо з’яўляецца малітвай. Вашыя прагненні - гэта ўжо вашыя малітвы. Існуе ўнутраная малітва, якая ніколі не спыняецца: тваё прагненне. Калі хочаш маліцца, ніколі не пераставай прагнуць” (святы Аўгустын, каментарый да Псальма 37).

Бесперашкодна, адкрытае на пэўную празрыстасць, сэрца таксама вучыцца прыводзіць рашэнні ды інтуіцыі да сталасці, прасочваць рысы жыццёвага шляху. Таксама можна выявіць далікатныя сітуацыі і тупікі. У гэтым сэнсе я спадзяюся, што моладзь зможа зразумець, што “малітва не спрыяе таму, што мы меней заангажаваныя ў свет. Наадварот, няма нічога больш адказнага, чым малітва. Чым больш мы робім нашую малітву сціплаю і простаю, тым больш мы дазваляем любіць і выражаць тое сваім жыццём. Брат Ражэ, Ліст 2005, Будучыня Супакою”.

Праз гэтыя тры вымярэнні малітвы, якімі мы спрабуем дзяліцца з маладзёнамі: “дэцэнтралізацыя” свайго ‘я’, “перажоўванне” Пісання ды “пільнае слуханне” сэрца, нашае найбольш глыбокае жаданне палягае на тым, каб учыніць іх здольнымі ўсвядоміць тое, што брат Ражэ пакінуў нам у сваім апошнім пасланні:

“Бог застаецца побач з намі нават у бяздоннай глыбіні нашай адзіноты. Бог кажа кожнае асобе, ‘Ты каштоўны ў маіх вачах, Я шаную і люблю цябе’. Сапраўды, адзінае, што можа нам даць Бог, дык гэта каханне; і тое падсумоўвае ўсё Евангелле”.

Ля вытокаў веры

Каб даведацца пра малітву Тэзэ, праслухаць некаторыя песні, адчытаць музыку і паглыбіць значэнне цішыні.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article26955.html - 28 March 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France