Пілігрымка на Святую Зямлю (люты 2021 г.)

Пасланні царкоўных лідараў

Пасланне Яго Свяцейшаства Тэафіла ІІІ, праваслаўнага Патрыярха Ерузалема

Яго Свяцейшаства Патрыярх Ерузалема Тэафіл ІІІ дабраслаўляе ўсім маладзёнам, якія рыхтуюцца да пілігрымкі на Святую Зямлю ў лютым 2021 г., кіраванаю Абшчынаю Тэзэ ў супрацоўніцтве з Экуменічным інстытутам у Тантур.

Прыязджаючы да краіны, дзе пражываў і навучаў Езус, абвяшчаў Божае Валадарства, быў укрыжаваны і ўваскрос з памерлых, вы будзеце мець магчымасць дайсці да самых вытокаў хрысціянскае веры.

Тут жылі першыя сведкі ўваскрослага Хрыста. Парафіі ды сем’і будуць з радасцю вітаць вас на Святой Зямлі, калі вы будзеце вывучаць, якім чынам умацаваць веру ўва Уваскрослага Пана. Дзякуючы гэтаму вопыту гасціннасці, а таксама дзяленню з іншымі, вы пазнаёміцеся з самаю старажытнаю Царквою на свеце.

Няхай наш Пан і Збаўца, Езус Хрыстус, будзе з вамі на час падрыхтоўкі да гэтае пілігрымкі.


Пасланне Яго Эксцэленцыі а. П’ербатысты Піцабалы, Апостальскага адміністратара Лацінскага Патрыярхата Ерузалема

Дарагі браце Алоіс,

з вялікім задавальненнем я даведаўся пра ваш план узначаліць пілігрымку на Святую Зямлю ў лютым 2021 г., а са мною ўзрадаваўся ўвесь Лацінскі Патрыярхат, каб прыняць яе ды ўдзельнічаць у ейным плёне.

Нашыя парафіі ды сем’і з радасцю адчыняць вам дзверы. Гасціннасць у гэтае частцы свету - важная рэальнасць, пра якую неаднакроць узгадваецца ў Бібліі. Таму я не хвалююся з гэтае нагоды!

Ваш прыезд з моладдзю з Еўропы ды іншых краін стане для вас магчымасцю адкрыць для сябе не толькі месцы, але і людзей - Жывыя Камяні Касцёла. Для нашых вернікаў гэта будзе магчымасць больш уважліва раскрыць магчыма іншы спосаб перажывання веры, што таксама будзе для іх выдатным вопытам. Мы будзем разам маліцца і разам вывучаць, якім чынам сёння мы можам быць сведкамі Хрыста, падтрымліваючы адзін аднаго.

Экуменічнае вымярэнне вашае Супольнасці ўяўляе таксама шанец для нас і дазволіць нам падчас гэтае падзеі працягваць наш шлях братэрства з іншымі Цэрквамі.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article27371.html - 26 May 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France