TAIZÉ

Навіны з малых часовых супольнасцяў

 

Цягам апошняга году маленькія групы маладзёнаў жывуць на працягу некалькіх тыдняў у вёсцы ці па суседстве, каб сведчыць пра Евангелле, падзяляючы радасці і цяжкасці тых людзей, якія жывуць там. Той вопыт вельмі багаты, як для абшчынаў, што гасцілі іх, парафій, месцаў салідарансці, так і для саміх маладзёнаў, што перажылі тую духоўную прыгоду. Таму мы цешымся працягваць гэты праект. Маленькія часовыя групы засяроджаныя вакол сумеснае малітвы тройчы ўдзень, удзелу ў пастаральнае і сацыяльнае дзейнасці разам з хрысціянскімі супольнасцямі, наведванне самотных людзей і тых, што знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, кіраўніцтва малітвамі і моладзевымі сходамі.

На гэтае старонцы вы можаце пабачыць навіны з малых часовых групаў.

Bellvitge (Гішпанія)

Наш час у маленькай групе ў Bellvitge дабягае канца. Мы мелі багаты вопыт, разнастайны ды інтэнсіўны. Мы былі сведкамі шчырай гасціннасці людзей з парафіяў, дзе нам былі вельмі рады.
 
Мы жылі ў Bellvitge, горадхе, які разам з другім па вялічыні горадам у Каталоніі - Hospitalet de Llobregat, - да якога паўгадзіны паездкі ў метро з цэнтру Барселоны. Bellvitge быў заснаваны толькі 50 гадоў таму, а іх парафія яшчэ маладзейшая. Яна была заснаваная ў 1993 г. і месціць у адным будынку касцёл, капліцу, маленькую бібліятэку, некалькі маленькіх офісаў (для святароў і супрацоўнікаў фундацыі La Vinya), банк харчавання, кухню, багата заляў і нашую кватэру.
 
Малітва з’яўляецца вельмі важным момантам для нашае маленькае супольнасці. Тройчы на дзень мы маліліся ў маленькім старым касцёле, што называецца “la Ermita“, літаральна 3 хвіліны пешшу ад таго месца, дзе мы жылі. Сумесная малітва яднала нас з кожнаю асобаю і таксама з парафіяю. Амаль заўсёды да "la Ermita" хтосьці прыходзіў, каб падтрымаць нас малітваю.
 
Штодня мы працавалі ў парафіі: дапамагаючы ў банку харчавання, фарбуючы пакоі і працуючы з дзецьмі ў летнім лагеры.
 
Нам вельмі спадабаліся спатканні з людзьмі і дзяленне часткаю іх жыцця. Салідарнасць тут праяўляецца вельмі стрымана, але разам з тым вельмі канкрэтна. Галоўным чынам, гэта азначала працаваць разам, а таксама знайсці час, каб паразмаўляць, падзяліцца штодзённымі ўражаннямі і пажартаваць. Салідарнасць не азначае даць камусьці выйграць у латарэі ці быць вельмі карысным у дапамозе, але быць разам з іншымі і дзяліцца самымі простымі рэчамі з іншымі.
 
Нашае сумеснае жыццё было таксама магчымасцю расці і вучыцца адзін у аднаго. У нас былі вельмі розныя асобы, і нам прыйшлося мець справу з пэўнымі цяжкасцямі, у тым ліку з-за культурных адрозненняў. У сумесным жыцці нам давялося змагацца з уласнаю беднасцю: часцяком мы адчувалі сябе беспараднымі ў вырашэнні цяжкасцяў і праблем, але малітва вельмі дапамагала нам паверыць іх Богу і захаваць супакой у сэрцы...
 
Мы ад’ехалі з Bellvitge учора ўвечары і павінны сказаць "Adios" ("Бывай!") людзям у парафіі. Мы ўсе адчуваем сябе ўзбагачанымі гэтым дасвядчэннем.
Наталі (Нямеччына), Мірыям (Нямеччына) і Лена (Францыя)

Hérouville Saint Clair (Францыя)

Месяц травень разам з маленькаю групаю ў Hérouville Saint Clair завяршыўся, і мы вельмі ўсцешаныя тым, што ў нас была магчымасць гэтага цудоўнага дасвядчэння!
 
Тры маладыя дзяўчыны, Сара, Жулі і Катарына былі паўсюль вельмі паважаныя за іх шчырасць, увагу і гатовасць дапамагчы. Багата людзей прыходзіла на дзённую малітву і наноў адкрывала радасць простай малітвы - прыгажосць і даступнасць. Гэта вяло людзей разам такім чынам у будучыню.
 
Што было яшчэ добрым, дык гэта тое, як людзі разам прымалі рашэнні, хаця раней і не ведалі адзін адно. Напоўненыя радасцю яны адкрываліся на іншых людзей і дасвядчэнне, нават калі часам вельмі хутка перасоўваліся з аднаго месца ў іншае! З рамеснае майстэрні з асобамі з псіхічнымі захворваннямі да шпацыраў з асобамі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, гуляючы з самотнымі сталымі людзьмі, сустракаючыся з дзецьмі альбо навучэнцамі сярэдняй школы, студэнтамі, размяркоўваючы прадукты па пачках ... тэмп быў часта насамрэч уражваючым!
 
Развітанні напрыканцы нядзельнае Эўхарыстыі перад усім зборам было вельмі чулым! Перадусім вялічэзныя словы падзякі Братам з Тэзэ, каторыя вынайшлі тую ідэю малых групаў і змаглі тое насамрэч зрэалізаваць ... Гэта стала вялікм стымулам для таго, каб рэалізаваць на практыцы іншыя добрыя задумкі, прыносячы гэтую радасць супольнасці і групам дзялення!
Айцец Мішэль, Herouville


Düsseldorf-Gerresheim (Нямеччына)

Мы спыніліся ў маленькай кватэры ў мілай частцы горада Gerresheim. Раніцою мы маліліся ў нашае кватэры, а ўвечары - ў каталіцкіх і пратэстанцкіх касцёлах (кожны другі дзень). Звычайна нас наведвалі каля 20-30 асобаў. Мы дапамагалі па доме сталым людзям з дэменцыяй: гулялі разам з німі, хадзілі на шпацыр, дапамагалі накарміць іх ... Мне здаецца, гэтае месца навучыла нас, як толькі сама нашая прысутнасць ужо можа быць карыснаю - большасць пацыентаў нават не ведала нямецкай мовы, яны не пазнавалі людзей у сваім атачэнні, але яны адчувалі, што хтосьці разам з німі і звяртае на іх увагу. І гэта важна. Часам апоўдні мы маліліся разам з некаторымі гасцямі ў невялікай каплічцы ў доме.
 
Двойчы на тыдзень мы наведвалі пачатковую школу, каб пабавіцца з дзецьмі і дапамагчы ім з хатнім заданнем. Мы таксама наведвалі дзіцячы садок, дзе былі ў асноўным бежанцы. Таксама мы ўдзельнічалі ў сацыяльных праектах, што былі прыгатаваныя для іх, напрыклад, у міжнароднай кавярні, куды бежанцаў з наваколля запрашаюць на кубак кавы і кавалак торту, каб разам правесці крыху часу ў прыемнае атмасферы. У мінулую суботу адбылася майстэрня ровараў - тыя, хто не мог дазволіць сабе направіць свой ровэр, маглі зрабіць тое задарма. Некаторыя сацыяльныя работнікі таксама знайшлі некалькі ровэраў, якія перадалі пэўным людзям. Малыя ініцыятывы кшталту гэтай часцяком адбываюцца ў гэтае частцы Дзюсельдорфу, дзе жыве багата бежанцаў. Назіраць за ўсім гэтым вельмі прыемна!
 
Па суботах мы наведвалі царкву коптаў; мы ўдзельнічалі ў літургіі і сустракаліся з людзьмі, якія запрашалі нас нібы мы былт членамі іх сем’яў. Па сутнасці, гэта выглядае наступным чынам: пасля службы ўсе збіраюцца разам у агульным вялікім пакоі, кожны прыносіць штосьці на пачастунак, і потым яны дзеляцца, размаўляюць, смяюцца... Тут таксама адбываюцца спатканні для моладзі. У мінулую нядзелю была служба са спевамі з Тэзэ і пасля сустрэча на тэму жыцця ў Тэзэ. Некаторыя з іх запланавалі наведаць Тэзэ гэтым летам! У папярэднюю нядзелю быў праведзены семінар пра культурныя адрозненні паміж немцамі і егіпцянамі.
 
Наш графік быў досыць збалансаваным. Былі дні напоўненыя працаю і падзеямі, але ў нас таксама быў час для саміх сябе, каб пашпацыраваць, наведаць горад альбо проста правесці вечар разам у нашае кватэры.
 
У нас было багата ініцыятываў штотыдзень. Людзі, здаецца, вельмі ўсцешаныя нашай прысутнасцю тут, бо сустракаюцца і моляцца ... ну, і мы таксама. Часам здаецца, што мы так мала даем, але так багата атрымоўваем.
 
Мы таксама просім маліцца за ўсіх тых, хто гасціў нас тут.
Эбба са Швецыі, Марэйке з Нямеччыны і Навойка з Польшчы


Sélestat (Францыя)

Зараз ідзе апошні тыдзень нашага перабывання. Цягам першых трох тыдняў мы прымалі ўдзел у розных сацыяльных праграмах (раздача вопраткі і ежы, наведванне самотных асобаў...). У дадатак мы мелі таксама трохразовыя малітвы на працягу дня; малітвы апоўдні і ўвечары, што адкрытыя для ўсіх. Кожнага дня прыходзілі людзі, маліліся з намі і прыносілі што-небудзь на пачастунак.
 
Вялікі Тыдзень мы правялі на малітве ў Sélestat, таксама прысутнічалі на імшы хрызма ў Страсбургу.
 
Нас вельмі цёпла прывіталі, мы насамрэч шчаслівыя быць часткаю экуменічнае супольнасці ў гэтае мясцовасці.
 
Цудоўным было бачыць, як багата людзей уключаныя ў розныя сацыяльныя праекты і ў працу ў парафіях. Пад час гэтых кантактаў для нас стала відавочным, што салідарнасць пачынаецца ад перабывання разам, і грунтуецца не на вялікіх праектах, але толькі на братэрскае любові.
 
Проста дзяліцца нашым штодзённым жыццём у сціплы спосаб, без нейкіх прэтэнзій на тое, каб змяніць свет, і з’яўляецца нашым шляхам, каб жыць новай салідарнасцю.
Анна, Рэгіна і Анніка з Нямеччыны


Бірмінгем (Злучанае Каралеўства)

У студзені і на пачатку лютага мы запрасілі Джэні і Юрга, маладую шведскую пару, у нашую супольнасць на некалькі тыдняў. Разам цягам пяці тыдняў пяцёра з нас утваралі "маленькую часовую групу". Гэтая група крыху адрознівалася ад іншых звычайных супольнасцяў, мы запрасілі двух новых членаў да нашае групы, якая ўжо існавала і будзе працягваць існаваць далей, пасля таго, як яны павінны былі ад’ехаць.
 
Разам мы адкрывалі новыя шляхі існавання супольнасці. Сілкуючыся разам, перабываючы разам, размаўляючы разам і бавячыся разам, мы раслі ў пазнаванні адзін аднаго. Гэтыя пяць тыдняў былі вельмі насычанымі дзяленнем нашым дасвядчэннем.
 
Насуперак нашым першапачатковым чаканням, а, магчыма, і спадзяванням знайсці каго-небудзь, хто хацеў бы таксама, як мы, згадзіцца на доўгатэрміновыя абавязкі, якіх не мелі раней, атрымалася. Тое, з чым мы сутыкнуліся, гэта людзі, што жадаюць падзяліцца сваім жыццём пад час гэтага кароткага перыяду. Безумоўна, развіццё тых стасункаў спарадзіла пэўныя праблемы, што было звязана і з паўторным навязваннем адносінаў з новымі людзьмі, і з пошукам новых асобаў, якім варта было знайсці новыя доўгатэрміновыя абавязкі на час перабывання ў супольнасці.
 
Але, калі былі праблемы, безумоўна, былі і хвіліны радасці. Нават цяжка пералічыць мільён тых малых справаў, якімі мы дзяліліся. Жылі разам новымі адкрыццямі, новымі дасвядчэннямі, новымі сустрэчамі. Нас падбадзёрвалі іншыя ў часе агульнае руціны малітвы. Маючы розныя багаслоўскія погляды, але ведаючы, што і далей можаце сесці да супольнага пасілку, як адна сям’я.
 
Мы навучыліся таму, што ёсць пэўныя моманты, калі лепш не спрабаваць прымаць пэўныя рашэнні, але спрабаваць далікатна вырашыць сітуацыю. Разам з тым, у часе пастаянных зменаў і абнаўлення мы таксама навучыліся важнасці сталасці і пастаянства. Як не дзіўна, вопыт гэтых зменаў дазволіў нам больш трывала трымацца бачання нашае супольнасці, якая, аднак, можа існаваць. У той жа час нашае жыццё можа істотна адрознівацца ад таго, як мы тое сабе ўяўлялі спачатку, ёсць адчуванне, што пэўныя вартасці ўсё-ткі не аспрэчваюцца.
 
Таму зараз, мне здаецца, я задаволены гэтым балансам часовасці і сталасці, як гэта зараз можна апісаць.
Carrs Lane Lived Community


Ратэрдам (Нідэрланды)

Мы прыбылі ў Ратэрдам.
 
Як на пачатак, мы мелі вельмі багатую насычаную праграму, але пасля абмеркаванняў мы змаглі крыху яе змяніць. У першы тыдзень мы маліліся і сілкаваліся ў храме Paradijskerk і не мелі дастаткова магчымасцяў, каб пазнаць іншыя рэаліі. На будучыню: мне здаецца, было б добраю ідэяю зрабіць малітвы ў розных храмах.
 
Paradijikerk і Сёстры Міласэрнасці, якія гасцілі нас, былі вельмі чулыя, і мы вельмі ўдзячныя ім за гэтую гасціннасць. Зараз мы нарэшце ўвайшлі ў рытм арганізацыі нашых супольных малітваў тры разы штодня і працоўных абавязкаў, што павінны быць загадзя падрыхтаваныя - такія як адкрыццё храму, запальванне свечак, звоны. Тое апошняе заданне прыносіць нам найбольш задавальнення. Званіць адразу ў два званы даволі цяжка, але мы неяк даем сабе рады. Ужо менш тое нагадвае звон небяспекі, і больш прыгадвае мягкі царкоўны звон!
 
Мы насамрэч цешымся, калі бачым усё больш і больш людзей, што прыходзяць на нашыя малітвы. Маладзёны, якія тут займаюцца малітваю ўжо чатыры гады, пасля таго, як пабывалі на Еўрапейскім спатканні, прыгарнулі нас пад сваё крыло, таму вельмі прыемна бачыць знаёмыя твары. Кожную пятніцу маладзёны з парафіі арганізоўвалі малітву, так, гэтым вечарам у нас быў каталіцкі біскуп, які прыйшоў памаліцца разам з намі.
 
Мы таксама актыўна ўключыліся ў розныя навакольныя гарадскія праекты. Мы праводзілі час, дапамагаючы сёстрам Міласэрнасці Маткі Тэрэзы карміць бяздомных. Мы ўдзельнічалі ў "Туры Веры" - спатканні біскупаў з маладзёнамі парафій, былі валанцёрамі ў Pauluskerk і многіх падзей, што былі арганізаваныя праз Paradijikerk.
Аліна і Міхаэла з Нямеччыны ды Сорха з Ангеліі


Montpellier - Montferrier - Prades (Францыя)

Нашая маленькая часовая супольнасць была прынятая ў Montferrier-sur-Lez і Montpellier. Мы спыніліся ў каталіцкай вышэйшай школе. Раніцаю мы сустрэлі людзей, якія віталі нас у "Solidarity Stop" у Montpellier, якія жывуць на вуліцы альбо не маюць дастатковых варункаў для жыцця. Розныя бакі рэчасінасці адкрываліся нам, калі мы размаўлялі з гэтымі людзьмі, і асабліва тады, калі выслухоўвалі іх. Іхняе жыццё часцяком вельмі цяжкае, але яны маюць патрэбу ў размове, таксама патрэбу быць выслуханым. Мы таксама запрашалі іх на нашыя малітвы.
 
Дадаткова нас рэгулярна запрашалі ў душпастэрствы і моладзевыя групы па ўсёй дыяцэзіі Montpellier. Больш таго, мы праводзілі вельмі цікавыя дыскусіі, у тым ліку на тэмы паклікання, характэрыстыкі розных канфесій, бо нашая маленькая супольнасць была экуменічнай.
 
Мы мелі магчымасць прыняць удзел у імшах і малітвах з рознымі рэлігійнымі групамі: Сёстрамі з Бэтлеему ў іх кляштары ў Mougères, дамініканскімі манахамі, святаром, які апекуецца "Solidarity Stop", у двух пратэстанцкіх прыходах, некалькіх каталіцкіх парафіях, біскупамі і іх калектывамі ў дыяцэзіяльных дамах... Акрамя таго, нас запрасілі ў мячэт.
 
Гэтая паездка дазволіла пераканацца, што жыць разам, дзяліцца пасілкам і пачуццямі між людзьмі розных светапоглядаў, культур і моў цалкам магчыма. Мы вельмі ўдзячныя ўсім тым, хто здзейсніў гэтае дасвядчэнне магчымым і так прыемным.
 
Сяочэнь з Кітаю, Кандзідо з Партугаліі і Лукас з Нямеччыны


Chatillon (Францыя)

Цяжка паверыць у тое, што пяць тыдняў ужо скончыліся і мы ўжо вярнуліся дадому. Таксама складана знайсці словы, каб апісаць нашае дасвядчэнне; мы ніколі не зможам дастаткова падзякаваць нашай парафіі ў Chatillon і Супольнасці Тэзэ за тое, што дазволілі перажыць гэты вопыт, які змяніў нашае жыццё.
 
Нічога не прыходзіць само сабою; пачатак не быў лёгкі. Патрэбны час, каб сабрацца разам, асабліва ў тым выпадку, калі вы прыязджаеце з чатырох розных краін з рознымі культурамі, з розным дасвядчэннем... Але напрыканцы нашыя намаганні былі плённымі: мы сустрэліся як незнаёмцы, але развітваліся як сябры, а нават як сёстры.
 
Дні былі разнастайнымі, часам мы прымалі ўдзел у розных акцыях у парафіі, часам мы езьдзілі ў Парыж, альбо дзе-небудзь у дыяцэзію, каб пабачыць, як хрысціяне жывуць разам.
.
Мы таксама адкрылі важнасць малітвы для сумеснага жыцця. Перабыванне разам, каб ахвяраваць Богу ўсё тое, чаго сведкамі мы былі, насамрэч дапамагло нам пад час нашага жыцця.
Амандзін, Катарына, Сандра і Шымен


Leeuwarden (Нідэрланды)

Цікае гадзіннік, бяжыць час, мінуў ужо месяц ад таго часу, як мы былі там. Нашая прыгода заканчваецца, час развітвацца, сказаць "дзякуй" і "бывайце", выказаць нашыя зычэнні...нашыя сэрцы перапоўненыя шчасцем, а наш багаж поўны ўспамінаў. Час на тое, каб вяртацца да свайго жыцця, перапынак скончыўся, заслона! Зараз мы мусім вярнуцца да нашага штодзённага жыцця, нашых звычак, нашых традыцый, вярнуцца да нашых сем’яў, да нашык краін...[...], але з той розніцаю, што мы выраслі, мы пасталелі і змяніліся! Так, сёння мы можам сказаць, што мы паспяхова стварылі малую супольнасць, мы цалкам разумеем, што гэтая група насіла часовы характар, але мы ганарымся тым, што рабілі, і тым, што ў нас атрымалася. Гэта, безумоўна, адно з лепшых дасвядчэняў, якое мы перажылі, спрабуючы збудаваць штосьці так велічнае, так прывабнае і так жывое!
 
Мы абавязаныя ўсім тым людзям, якія віталі нас тут, блізка ці поруч, на працы ці ў царкве. Усім гэытм людзям, дзякуючы якім гэты жыццёвы досвед назаўжды застанецца ў нашае памяці, мы кажам: ДЗЯКУЙ!
Каміль


Amstetten (Аўстрыя)

Кожную раніцу мы маліліся ў доме, і гэта цудоўна - пачынаць дзень спевамі і цішынёю. Нягледзячы на тое, што часам цяжка ўздымацца раніцою так рана, мы матываваныя, каб памаліцца і дацэньваем ранішнюю малітву. Пасля гэтага мы разам снедаем і потым пачынаем працаваць. Дзве з нас двойчы на тыдзень ходзяць дапамагчы на "сацыяльны рынак", дзе людзі, каму бракуе грошаў, могуць набыць ежу па нізкіх коштах; трэцяя з нас праводзіць час у краме з вопраткаю second-hand. У гэтых месцах мы абслугоўваем кліентаў, п’ем каву і праводзім раніцу з іншымі людзьмі, што там працуюць. У аўторак мы наведваем кляштар, дзе большасць сясцёр ужо даволі сталага веку. Мы праводзім пэўны час разам з німі, крыху дапамагаючы ім.
 
Амаль кожнага дня нашая малітва апоўдні адбываецца ў манастыры Amstetten, дзе моляцца францішканкі, часам далучаемся да некаторых заняткаў у школе пры манастыры. Мы таксама маем абед у мясцовае сталоўцы, дзе сустракаемся з настаўнікамі.
 
Апоўдні ў нас іншыя абавязкі, такія як наведванне сталых людзей у панядзелкі ў клубе, з’арганізаваным Чырвоным Крыжам, клуб для падлеткаў, што маюць цяжкасці з навукаю ў чацвер, і дзіцячы клуб у пятніцу. Штовечар мы молімся, большую частку часу ў касцёле побач з нашым домам, і часцяком некаторыя асобы з мясцовае супольнасці прыходзяць да нас, каб прыняць удзел у малітве. Часам мы наведваем малітвы са спевамі з Тэзэ дзе-небудзь яшчэ, альбо самі арганізоўваем такую малітву дзесьці.
Эшлі, Нінке і Ўілма

Мантуя (Італія)

Нашыя дні былі сканцэнтраваныя вакол трохразовай дзённай малітвы і службы ў мясцовых аддзелах Caritas, раздачы ежы людзям з нізкімі даходамі і сустрэчы з німі, мыцця посуду, прыбірання, пакавання ежы, выканання іншай працы. Мы таксама мелі багата спатканняў: з моладзевымі групамі, у школах, у розных храмах, а таксама з біскупам Мантуі. Такім чынам мы маглі сведчыць пра нашае жыццё ў групе, нашую матывацыю, нашую веру.
 
Некаторыя спатканні былі вельмі складанымі, бо падлеткі пыталі нас такім чынам, што мы мусілі больш глыбока задумвацца над сваёю вераю. Шмат з ніх гэта агностыкі і тыя, хто скептычна ставіцца да Царквы, але мы шчыра сустракаемся з німі, і я дасведчыў, што мы зможам знайсці добрыя словы ў розных сітуацыях. Часам мы молімся ў самоце, часам - з вялікай колькасцю людзей. Мы запрашаем усіх да нашае малітвы. Там таксама была малая група, якая рэгулярна прыходзіла на нашыя малітвы.
 
У часе нашага побыту мы былі прынятыя парафіяй Suzzara, і павінен сказаць, што ўсі людзі, святары, валанцёры і жанчыны, што працавалі на кухні, былі вельмі шчырыя і добрыя да нас. Гэта было цудоўнае дасвядчэнне з двух бакоў, мне здаецца. Дзіўна: мы прыйшлі з пустымі рукамі, але маглі даць і атрымаць так багата. Мы адчувалі сябе нібы члены сям’і.
Тобіас

Браганса (Партугалія)

Мы не маглі паверыць, што першыя два тыдні нашага побыту тут ужо скончыліся. Мы насамрэч у захапленні ад таго часу, які правялі тут, у Брагансе. Мы сустрэлі тут столькі цудоўных людзей.
 
Мы таксама задаволеныя нашаю працаю. Мы працавалі ў інстытуцыі, што ўключае ў сябе багата розных сацыяльных напрамкаў. Большую частку часу мы праводзілі са сталымі людзьмі, што жывуць у галечы. Мы спявалі разам з німі, прыводзілі іх у касцёл, бавіліся з німі і спрабавалі размаўляць. Не ўсі з нас размаўляюць па-партугальску, таму на пачатку было крыху складана камунікаваць з німі, але зараз мы ведаем, што зносіны могуць адбыцца дзякуючы мяшанцы розных моваў і ўсмешак. Двойчы ў тыдзень мы працавалі з дзецьмі з бедных сем’яў.
 
Нам падабаецца быць з людзьмі, штодня мы знаёміліся з німі ўсё лепш і больш, і нам падабалася праводзіць час разам з німі.
 
Некаторыя асобы прыходзілі да нас кожнага разу, калі адбывалася малітва.
Ліза, Магарэт і Анна, з Брагансы


Moresnet (Бельгія)

Рута, Інэс і Паскаль зараз ужо павярнуліся дадому пасля досведу жыцця ў малых часовых супольнасцях у нашым Jean Arnolds Home, Moresnet (Бельгія). Але памяць аб чатырох вельмі насычаных тыднях спатканняў засталася. Усі тыя, хто прыходзіў на малітву ці пасілкі, былі задаволеныя сваім візітам і заахвочваннем: сталыя асобы, студэнты і людзі, што рыхтуюцца прыняць сакрамэнт канфірмацыі, хворыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, усі тыя, хто не мае дому ці знаходзіцца ў галечы, члены нашае супольнасці...
 
Мы перажылі багата цудоўных момантаў, нават нягледзячы на сітуацыі, каторыя маглі быць прыгнятаючымі, бо мы сутыкаліся з пакутамі іншых і сваімі ўласнымі слабасцямі. Але радасць заставалася ўсё-ткі там, у хвілінах цішыні і падзякі.
 
Знаходзячыся на памежжы трох краінаў, мы зноў усведамілі сабе, як важна шукаць супольнае мовы і выслухоўваць адзін аднаго. Супольная малітва сабрала нас разам, ажывіла нас і дала новы імпэт.
 
Будучы ў Jean Arnold Home, мы вельмі ўдзячныя за намаганне быць разам у нашае малое супольнасці.
Рэнат, Moresnet


Roanne (Францыя)

Нашае падарожжа ў Тэзэ 13 верасня было цудоўным момантам. Мы - 47 маладзёнаў, якія здзейснілі паездку, каб прывезці трох маладых дзяўчын, што сфармуюць малыя часовыя групы, якія мы будзьма гасціць у Roanne. Мы вельмі былі задаволеныя, прымаючы ўдзел у біблійных уводзінах і дзяленнем у малых групах. Людзі працягваюць дзякаваць мне, калі мы сустракаемся з німі на вуліцы.
 
Марлен, Мішэль і Каця цудоўна былі размешчаныя ў іх маленькае кватэры пры парафіі Св. Ганны. Яны былі ў стане дабрацца роварам, курсуючы паміж Secours Catholique (гуманітарнаю арганізацыяю), пратэстанцкаю царквою, і Notre Dame у цэнтры ... Калі ім трэба было ехаць дзесьці далей, людзі прапаноўвалі падвезці іх. Людзі былі насамрэч кранутыя, калі бачылі гэтых дзяўчын, што ў свой вольны час ідуць і сустракаюцца з іншымі.
 
Час малітвы быў цудоўны, вялікая колькасць людзей збіралася на іх.
 
Гэты візіт насамрэч прынёс спадзяванні аб’яднаць людзей і пазнаёміцца з асобамі з усяго рэгіёну!
 
Дзякуем вам!
Ізабэль Дзюма, Roanne, Францыя


Кіеў (Украіна)

Што мяне ўразіла больш за ўсё цягам апошніх дзён праведзеных у Кіеве, дык гэта радасць, якую мы даем людзям. Мы - гэта невялікая група з Тэзэ, якая прыехала ва Ўкраіну на спатканне, каб спрабаваць дапамагчы ім ў чымсці. Мне здаецца, гэта вельмі важна для ніх убачыць, што ёсць людзі, каторыя жадаюць прыйсці і сустрэцца з німі пасля тых падзей, што адбыліся.
Ілан (Францыя), з Кіеву
Адна рэч, што мне падабаецца тут, у Кіеве, гэта праваслаўныя літургіі, напоўненыя спевам. Праз увесь час там спяваў хор, прынамсі, на два галасы. Пад час вялікіх урачыстасцяў, напрыклад, у нядзелю, у Лаўры даваў канцэрт прыгожы хор.
Маціяс (Нямеччына), з Кіеву


Брусэль (Бельгія)

Наведванне малых часовых супольнасцяў у Poverello адбывалася вельмі добра, як для Брэма, Бенжамена, Марка і Поля, так і для нас, сям’і з Poverello, гэта значыць валанцёраў і гасцей, што прыязджалі на пасілак альбо спыніліся ў нас. Кожнага дня было прыгатавана больш 700 пасілкаў і раздавана ў розных цэнтрах у Poverello у Брусэлі; было таксама з’арганізавана пасяленне для 55 асобаў. Для тых, хто прыбыў да Poverello, акрамя матэрыялаў і практычных навыкаў, тут было ўсё тое, каб адпачыць, годна прымаючы іншых.
 
Малая часовая супольнасць, што была з намі, з’арганізавала ўсё так, каб мець магчымасць маліцца тройчы на дзень. Пад час малітвы ў капліцы нашага дому таксама бралі ўдзел валанцёры і часам госці Poverello.
 
Мы бачылі, што яны вельмі адданыя сваёй працы і зацікаўленыя тым, што адбываецца ў Poverello. Для нас усіх іх прысутнасць была сапраўднаю падтрымкаю і заахвочваннем!
ад імя сем’яў Poverello Ёхан, Брусэль


Порту (Партугалія)

“Цяжка паверыць у тое, што большая частка нашага побыту ў Порту, ужо прайшла. Мы былі дабраслаўлёныя на тое, што сустрэлі розных людзей ва ўзросце ад 2 да 87 гадоў, якія, як падалося, былі шчыра радыя, што мы знаходзімся тут, нават, калі гэта больш прывілей для нас - пабачыць свет іх вачыма.
 
Адчувалася вялікая падзяка тром асобам, што пакінулі сваё штодзённае жыццё, каб быць там і пазнаваць гэтую парафію і суседзяў, жыць і маліцца іншым чынам, узаемадзейнічаць там, дзе ў мінулым былі толькі натоўпы турыстаў, і адкрываць, на колькі моцна тыя, хто апынуўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, павінен даваць і дзяліцца.
 
Нягледзячы на моўны бар’ер, што часам было выклікам, мова любові і службы, а таксама пасвячэння, здаецца, была па-за межамі ўсіх граматычных памылак і склонаў Portunhol (партугальска-гішпанскае трасянкі).
 
Мы радыя быць заангажаванымі ва ўсе аспекты працы сацыяльнага цэнтра пры парафіі: мы суправаджалі малых на дзіцячае пляцоўцы і сачылі за тым, каб яны не забыліся ўзяць свае малыя каптуркі на задавальненне і радасць усім. Мы падтрымлівалі працу з бяздомнымі, адзін з якіх апынуўся цалкам неблагім аматарам гітары, што дазволіла ацаніць яшчэ больш песні з Тэзэ. Мы займаліся гімнастыкаю са старыкамі і пяшчотна клапаціліся пра старых бабуль, што мелі праблемы з перасоўваннем, каб разам выпіць кавы ці наведаць сямейнікаў.
 
Ну, і таксама мы арганізоўвалі малітвы на працягу дня - раніцаю для нас, кароткія малітвы з асобамі, з якімі мы працавалі разам цягам дня, і ў касцёле de São José das Taipas увечары, дзе нашая група складалася з суседзяў з Vitória, але таксама і з іншых асобаў з усяго Порту, што выглядалі шчасліва, бо мы прывезлі крыху Тэзэ разам з намі (іконы, буклеты, малітоўны рытм, і, спадзяюся, нават значна больш)".
Жэан, Юдзіт і Ёланда, у Порту


Апошняе абнаўленне: 18 кастрычніка 2015