TAIZÉ

Румынія, Пасха 2016 г.

Пілігрымка ў Бухарэст

 
Напрыканцы красавіка браты з Тэзэ і маладыя людзі будуць адбываць пілігрымку да Бухарэста, каб адзначыць Вялікодны Тыдзень і Пасху ў правслаўных парафіях, а таксама каб сустрэцца з іншымі хрысціянамі, якія там жывуць.

Гэты этап Пілігрымкі Даверу з’яўяляецца вынікам працяглых адносінаў паміж Тэзэ і Царквою ў Румыніі, што маюць доўгую гісторыю. Ужо ў 60-ых гадах царкоўныя лідары з Румыніі змаглі наведаць Тэзэ, а ў 70-80-ыя гады браты супольнасці і валанцёры здзяйснялі асобныя візіты ў краіну, сустракаючыся з хрысціянамі, наведваючы манастыры і царкоўных лідараў з Праваслаўнае Царквы ды іншых канфесій. Гэты сціплы знак салідарнасці быў істотны для людзей, якія не мелі магчымасці выязджаць за межы і якім перашкаджалі практыкаваць іх веру.

У студзені 1990 г., адразу ж пасля падзення дыктатуры Нікалае Чаўшэску і адкрыцця межаў, Брат Ражэ наведаў Бухарэст. Будучы там ён сустрэўся з Патрыярхам Тэактыстам, айцом Канстантынам Галерыу (Constantin Galeriu) і айцом Думітру Стэнілоэ (Dumitru Stăniloae), двума вядомымі тэолагамі, што сталі важнымі сімваламі святла Хрысціянскае Царквы ў часе камуністычнага рэжыму.

Пасля гэтага тысячы маладых румынаў маглі прыехаць у Тэзэ падчас летніх месяцаў і на Еўрапейскія Сустрэчы. Брат Алоіс апошнім часам таксама некалькі разоў наведваў Румынію, дзе быў цёпла прыняты царкоўнымі лідарамі і вернікамі.

Адкрываючы хрысціянскую праваслаўную веру і традыцыю

Цягам некалькіх апошніх гадоў моладзь далучаецца да братоў з Тэзэ ў часе паломніцтва, каб спазнаваць багацце праваслаўнае літургіі і духоўнасці, што часта ў апошнія стагоддзіспазнавала выпрабаванні, але здолела захаваць веру ўва Ўваскрослага Хрыста, якая дапамагала трымацца многім вернікам. Паломніцтвы адбыліся ў 2013 г. у Стамбул, на свята Аб’яўлення разам з Патрыярхам Канстантынопалю ды іншымі хрысціянамі гэтага горада; у Маскву падчас Вялікоднага Тыдня і Пасхальных урачыстасцяў у 2011 г.; а таксама ў Маскву, Кіеў, Львоў і Менск на час Пасхі 2015 г.

“Сустрэўшы Брата Ражэ больш, чым толькі раз, я ўсвядоміў, як багата ён ведае і разумее пра традыцыю ранняе Царквы, і як Божае Слова і працы Айцоў Царквы сталі асноваю ягонага асбістага духоўнага дасвядчэння.

Дапасоўваючы вернасць навучанню Айцоў Царквы да творчае адаптацыі патрэбаў сённяшнага дня ў часе місіянерскага служэння сярод моладзі, складваўся шлях Брата Ражэ і супольнасці, якую ён заснаваў.

Тысячы маладзёнаў, што наведалі Тэзэ і прымалі ўдзел у спатканнях, якія штогод былі арганізаваныя супольнасцю ў розных еўрапейскіх краінах, пераканаўча сведчаць пра тое, што пасланне Евангелля пра Божую міласэрнасць надаль можа знаходзіць жывы вогук у чалавечых сэрцах нават сёння, і калі тое выказваць не толькі словамі, але асабіста жыць тым”.

Яго Свяцейшаства Крыл, Патрыярх Маскоўскі, з лісту да супольнасці з нагоды 70-ае гадавіны яе заснавання

У 2016 г. гэтае падарожжа будзе працягнута пілігрымкаю ў Бухарэст ад серады 27 красавіка да панядзелка 2 траўня, каб святкаваць Вялікодны Тыдзень і Пасху. З дабраславення Яго Блажэнства Патрыярха Даніэля Брат Алоіс з іншымі братамі з супольнасці адбудуць паломніцтва да Румыніі разам з групаю 150 маладзёнаў з усёй Еўропы і іншых мясцінаў. Гэта будзе нагодаю не толькі дзеля таго, каб упэўніцца ў жыццядзейнасці сённяшніх праваслаўных парафій, але й паразмаўляць пра тыя цяжкасці, з каторымі сутыкаюцца гэтыя абшчыны ў сучасным румынскім і еўрапейскім грамадстве. Такім чынам, мы спадзяемся ўзбагаціць і падтрымаць адзін адно, бо імкнемся сведчыць пра Евангелле.

Пілігрымка ў Бухарэст: некалькі практычных дэталяў

  • Пілігрымка падрыхтавана для 150 маладзёнаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, якія ўжо былі ў Тэзэ альбо ўдзельнічалі ў Еўрапескіх Сустрэчах.
  • Прыбыццё ў сераду 27 красавіка, ад’езд у панядзелак 2 траўня ці ў нядзелю 1 траўня ўвечары.
  • Прыём і гасціна ў сем’ях, адкрыццё традыцый румынскае культуры і веры.
  • Удзел ва ўрачыстасцях Вялікоднага Тыдня і пасхальных службах у адной з праваслаўных парафій у горадзе.
  • У якасці часткі пілігрымкі будуць арганізаваныя разнастайныя візіты, семінары і спатканні.
  • Таксама будуць адбывацца спецыяльныя малітвы і сустрэчы з хрысціянамі з іншых канфесій.

PDF - 79.7 кб
Pilgrimage to Bucharest
Provisional Programme

Калі Вы жадаеце прыняць удзел у пілігрымцы, калі ласка, пішыце па-ангельску на buc2016 taize.fr.

Апошняе абнаўленне: 28 лютага 2016