TAIZÉ

Малая часовая супольнасць Тэзэ на прадмесцях Ліёну

 

Гэтае восенню два браты і два маладзёны, што перабывалі ў Тэзэ, правялі некалькі тыдняў у раёне Жывор (фр. Givors) на прадмесцях Ліёну. Пад канец іх побыту браты ў прысутнасці арцыбіскупа Ліёну кардынала Барбарэна (фр. Barbarin) і Брата Алоіса правялі малітву са спевамі з Тэзэ падчас фестывалю святла.


Два валанцёры падзяліліся сваімі дасвядчэннямі з побыту ў Жывор.

Марнікс (Нідэрланды)

Перад тым, як там паехаць, я насамрэч вельмі хваляваўся, як тое будзе. Я дастаткова ведаў пра жыццё ў Тэзэ, калі разам з братамі перабываў у Супольнасці, але тое павінна было быць чымсці іншым. Паехаўшы там, у галаве мы мелі пэўную ідэю: супольнага жыцця разам з людзьмі з Ліёну ды наваколля. Акрамя таго, падставаю кожнага дня маюць быць супольныя малітвы, што я сабе ўжо ледзь мог уявіць: малітва толькі ўчатырох! Але я скіраваўся туды з адкрытым сэрцам, адкрытымі вачыма, адкрытымі вушамі і адкрытым духам.

У Жывор радасным і шчодрым пасілкам нас прывітаў святар. Павітанне працягвалася гэтага дня і праз увесь наступны тыдзень у выглядзе больш чым дастатковага матрацу, некалькіх сталоў ды слоікаў з варэннем: парафіяне былі вельмі ўсцешаныя з нагоды нашага побыту. Таго самага вечару адбылася першая малітва ў халодным, але прыгожым касцёле, адразу ж за дзвярыма месца, дзе мы пражывалі - такім чынам укшталтаваўся лад нашага побыту. Кожнага дня раніцаю й увечары будзе адбывацца малітва, а таксама - калі тое будзе магчымым - апоўдні. Амаль штораніцы да нас прыходзілі людзі, каб адведаць нас. Яны дзякавалі нам ужо толькі за нашую прысутнасць, якая нешта тут стварала.

Мы сутыкаліся з гэтае ўдзячнасцюі сціплаю радасцю жыцця ва ўсіх месцах, якія мы наведвалі. Да некаторых арганізацый мы хадзілі штотыднёва: Secours Catholique у Жывор ды Habitat & Humanisme у Ліёне. Гэтае дасвядчэнне ўразіла мяне найбольш, я багата чаму навучыўся ад іх. Я ўбачыў, што простая прысутнасць значна больш важная за вялікія справы (хаця, таксама добраю справаю будзе закасаць рукавы й ўзяцца за працу). Тое насамрэч спраўджваецца ў такіх месцах, як тое, дзе мы былі з самотнымі і беднымі людзьмі - ў Жывор - ды таксама з тымі, хто шукае прытулку, але амаль не размаўляе ангельскаю ці французскаю - ў Ліёне. Не мае патрэбы размаўляць пра цяжкую сітуацыю, асабліва калі асобы, што шукаюць прытулку, ужо столькі разоў апавядалі сваю гісторыю, дастаткова будзе зрабіць штосьці супольна.

Навт у сітуацыі найбольшае галечы можа загасціць радасць. Вельмі натхняе тое, што ўцекачы, якія адбылі ўжо доўгія працэсы, не сядзяць і распачаюць, але захоўваюць радасць свайго жыцця. Яны ўдзячныя за тое, што атрымалі, хаця таго часам вельмі няшмат.


Патрык (Кенія)

Міма праходзіць малады чалавек. Пад ягоным зношаным палітом голыя грудзі і шыя, што выстаўленыя на няўмольны і неразборлівы холад заўчаснае зімы. Гэта гісторыя, што апісвае тутэйшую сітуацыю багата якіх маладзёнаў. Яны спазналі, якім жорсткім можа быць жыццё: вайна, голад, прагненне, спёка, холад, ганьба... Судан, Лівія, Міжземнае мора, Італія, Кале ды магчыма іншыя кірункі па дарозе перад тым, як яны прыбылі да Ліёну. (...)


У Жывор ёсць пэўны старык, асамотнены і смутны, бракуе яму кагосьці, з кім можна было б паразмаўляць і падзяліцца сваім жыццём. Ён вельмі далёка ад дому. Я нават не ведаю, дзе ягоны дом. Ягоныя браты жывуць непадалёк, але бачацца яны зрэдку. Ягоная жонка, з якой яны разведзеныя, жыве ў Алжыры. Мужчына распавядае пра адзінага сына, якім вельмі ганарыцца. Ён вывучае інжынерыю ў Алжыры, але аднак яны не маюць кантакту паміж сабою.

Магчыма, той чалавек калісьці быў веруючым. Можа быць, што надаль ім з’яўляецца, але выглядае на тое, што ён вельмі далёка ад таго, што можа яму даць супакой. Ягоная гісторыя доўгая. Магчыма, пачалася ў Алжыры, і там праз доўгі перыяд часу развівалася. Потым былі Нью-Ёрк, Францыя, Алжыр і зноў Францыя, як зараз. Ён надаль чакае на сваю жонку і сына, ён спадзяецца, што маленькай кватэры, якую ён называе домам, хопіць для ўсіх.

“Кожны чалавек вольны верыць у тое, што сам для сябе абірае”, кажа старык. Але вера і выбар здаюцца быць паняццямі настолькі далёкімі ад яго, нягледзячы на востры язык, якім паслугуецца мужчына. Але сёння ён не асамотнены, ён раздзяляе з намі пасілак, слухае, п’е і размаўляе. Штосьці ў ім адкрываецца. (...)


З такімі вобразамі мы сутыкаемся ў нашае прыгодзе надзеі, дзе некалькі адданых асобаў пасвячаюцца на карысць дзённых патрэбаў тых, хто прагне. Для іх, бежанцаў, імігрантаў, бяздомных, старыкоў ды ўсіх беднякоў, што шукаюць шчасця і месца, якое яны маглі б назваць домам. Штодзённае заангажаванне людзей у цэнтрах на карысць тых асобаў, мне здаецца, найлепей адчуваецца ў цеплыні кавы ды слодычы печыва. Між іншым, дзякуючы Secours Catholique, Habitat & Humanisme, Foyer Protestant, Petits frères des pauvres ёсць надзея.

У Жывор мы правялі большасць нашага побыту, штодзённа распачынаючы і завяршаючы дзень малітваю. Знак адчыненых дзвярэй касцёла, які быў звычайна адкрыты толькі падчас пахавальных цэрэмоній, дае спадзеў унутранага абуджэння месцічаў. Большая частка тутэйшых жыхароў мусульмане, толькі невялікая частка састарэлых хрысціянаў рэгулярна бярэ ўдзел у жыцці царквы. Павабна хвалявацца і разважаць, як будзе выглядаць Царква ў бліжэйшае будучыні, але я ўсё-ткі знаходжу падтрымку, пражываючы дадзены момант.

Стасункі з хрысціянскімі дэнамінацыямі дазволілі нам сутыкнуцца з Евангелічнае царквою, пратэстанцкае, як й з Каталіцкім касцёлам. Гэта надало нам багата мужнасці, хаця на пачатку мы дасведчылі ненатуральнае абуджэнне, што адчувалася ў невымоўным пытанні “Але што вы тут насамрэч робіце?” Прагненне сустрэчы з іншымі ды ўзаемныя жэсты адкрытасці дазволілі аднак на цёплае адкрыццё, й менавіта ў ім найбольш відочным праяўляецца Хрыстус.

Мусульмане таксама прынялі нас. Наведванне мячэту, што - мушу сказаць - было для мяне першым такім дасвядчэннем, было толькі адным з прыкладаў супольнага жыцця ў якасці дзяцей Божых. Адным з унікальных дасвядчэнняў быў удзел у міжрэлігійнае сустрэчы, што адбылоая ў пратэстанцкае царкве. Можна было ўбачыць хрысціянаў - каталікоў ды пратэстантаў, якія сядзелі разам з мусульманамі ды юдэямі, каб паразмаўляць пра ролю харчавання і яго месца ў нашых розных рэлігіях.

Усё адзначанае - гэта толькі некаторыя з жыццёвых прыкладаў побыту ў Ліёне ды прадмесцях, якія асабіста мяне вельмі ўзбагацілі. Шмат засталося невымоўленага, бо словы часам не дастаткова адэкватныя, каб выказаць тое, што ўбачылі вочы, што схавана ў сэрцы.


Апошняе абнаўленне: 27 лютага 2017