TAIZÉ

Божая Даброць будзе мець апошняе слова

 
Серада 13 красавіка 2017 г.


 [1]

У гэты тыдзень з вамі, як таксама з усімі тымі, хто сёлета перабываў у Тэзэ, прагнем адкрываць новыя шляхі надзеі, вакол нас і навокал у свеце.

Праўдаю з’яўляецца сцверджанне, што мы жывем у свеце, дзе адчуваецца адчай. Існуе багата прычынаў гэтае з’явы. Гвалт, няспынныя войны, апошнія напады ў Егіпце ды Швецыі. Гэты Вялікі Тыдзень дазваляе нам крочыць пакутамі Хрыста дзень па дні, бо Ён таксама дасведчыў гвалту, а нават смерці крыжовай.

Дык, дзе мы можам знайсці крыніцу надзеі, якая ніколі не высахне? Дзе нам шукаць такой крыніцы як толькі ні ў ласцы Бога? Бо тое з’яўляецца Ягоным атрыбутам: Бог ёсць любоў.

Папа Францішак робіць усё магчымае, каб зрабіць нас больш чулымі. Апошнія два тыдні я правёў у Рыме, дзе мне было дадзена быць прынятым папам. Зноў я быў уражаны, на колькі моцна ён сведчыць сваёю паставаю пра Божую міласэрнасць, будучы ўважлівым да кожнага, у кожнае сітуацыі. Я хацеў бы папрасіць кожнага з вас памаліцца за яго.


Калі ў апошнія дні мы ўзгадвалі смерць Езуса, дык уначы з суботу на нядзелю мы святкуем Ягонае ўваскрасенне. Гэтая таямніца пераўзыходзіць нас, але мы адчуваем, што Ён з’яўляецца крыніцаю новага жыцця без гвалту і смерці.

Далей, для ўсіх і кожнага будзе магчымым прыняць, што ўваскрослы Езус ужо назаўсёды побач з табою, Ён любіць цябе такім, якім ты ёсць. Безумоўна, Ягоная прысутнасць не кіруе нас на лёгкую дарогу, пазбаўленую ўсіх турботаў. Наадварот, прымаючы Божую любоў, мы заахвочаныя адказваць на евангельскія патрабаванні, усведамляючы, што Божая Даброць будзе мець апошняе слова.

Менавіта гэты давер Божае любові спрычыніўся да таго, што нядзельным паранкам наш брат Жан-Даніэль сказаў Хрысту назаўсёды "так", учыніўшы сябе Ягоным на ўсё жыццё ў нашае супольнасці. Ён паходзіць са Славаччыны, жыў з намі цягам апошніх пяці гадоў, доўга рыхтуючыся да таго, каб пайсці за Хрыстом. Ягоная сям’я будзе тут у панядзелак, каб прысутнічаць у часе гэтае прыгожае ўрачыстасці.

Прымаючы Божую любоў мы адкрываемся на прыгажосць жыцця: смакуючы прыгажосць праз прыроду, мастацтва, позірк, захоўваючы моманты прыгажосці, дармова нам дадзенай. Без гэтага нашае жыццё высыхае.


Калі мы прымаем Божую міласэрнасць, нашыя сэрцы адкрываюцца на пакуты іншых, на галечу, як і на іншыя формы цярпенняў, на прыхаванае бедства: праблемных дзяцей, сем’і ў складаных сітуацыях, бяздомных, моладзь, што згубіла сэнс свайго жыцця, а таксама на самотных састарэлых асобаў, на інвалідаў...

У рэшце рэшт, што мы маем. Насамрэч, няшмат, амаль без нічога, але мы можам наблізіцца да тых, хто адчувае сябе выключаным, хто адхілены на ўзбочча нашых сцежак.

Але мы можам даканаць адкрыцця: галеча можа нам нешта сказаць, бо яна не толькі падстава дапамогі, але й падстава выслухання і ўзаемнага ўзбагачэння ад бедных. Часцяком найбольш абяздоленыя дапамагаюць нам прыняць нашыя ўласныя слабасці. А нават болей - яны могуць дапамагчы нам увайсці ў большую блізкасць з Езусам, які быў бедным сярод бедных. Служачы ім служым Езусу.

У гэтым кантэксце я не магу не сказаць пра гасціну, прапанаваную мігрантам. Еўрапейцы могуць надарэмна будаваць усялякія муры, мігранты ўсё роўна пранікнуць на наш кантынент. Выразы заклапочанасці не адгавораць тых, хто дасвядчае стан невыноснага бедства ў краінах, з якіх яны прыбываюць.

Канечне, прыбыццё ў Еўропу такой вялікай колькасці бежанцаў ставіць складаныя пытанні, на якія ніхто не мае простых адказаў. Але я перакананы, што мы не знойдзем іншых рашэнняў як толькі праз асабістыя кантакты. Без гэтага ўзнікае страх прыняцця большае лічбы бежанцаў, што цалкам зразумела.

Праз такія кантакты можа ўзнікнуць дух братэрства. У Тэзэ мы прынялі дзве хрысціянскія сям’і з Іраку ды мусульманскую сям’ю з Сірыі, а таксама дзве групы маладзёнаў з Судану, Эрытрэі ды Афганістану. Увесь час я кажу ім: гэта Бог паслаў вас нам.

Таму сёння нашыя сэрцы асабліва блізкія да тых 1600 бежанцаў, што жывуць у лагеры Grande Synthe ля Дзюнкерку на поўначы Францыі. Гэты лагер не так даўно быў знішчаны пажарам, таму сотні асобаў сёння не маюць даху над галавою. Сёння ўвечары мы молімся ў інтэнцыі іх усіх.


Мушу заканчваць. Сёння напружанасць і ўзрушэнні ў нашым грамадстве такія, што мы маем вырабіць моцную ўнутраную пастанову не паддавацца роспачы, але адкрываць шляхі надзеі. Якім чынам?

Праз паглыбленне нашых сцежак шляхам Добрае Навіны Евангелля. Вера, давер Богу не павінны быць для нас скрайнімі рэчамі. Гэта азначае не больш не менш, як толькі зноў змясціць Хрыста ў цэнтры нашага жыцця. Ці ж гэта не цудоўная пастанова на Вялікі Тыдзень у шляху да Пасхі!

Для таго, каб умацаваць наш давер, будзьма адважнымі ў даверы Святому Духу. Дазвольма Яму весці нас, хаця ён і нябачны. Але Ён прысутнічае ў нашых сэрцах, у свеце навокал.

Апошняе абнаўленне: 16 красавіка 2017

Зноскі

[1Здымак: Cédric Nisi