Пераклад не даступны.

TAIZÉ

Унебаўшэсце 2017 / Разважанні брата Алоіса

Кіруймася да новых гарызонтаў

 

На гэтым тыдні нас тут, у Тэзэ, сапраўды багата. У гэты ж самы час некалькі братоў знаходзяцца ў Злучаных Штатах, у Сэнт-Луіс, каб адбыць сустрэчу з маладымі амерыканцамі. Нам хацелася б прывітаць удзельнікаў гэтае сустрэчы, якая будзе праведзена ў горадзе з сур’ёзнае - апошнім часам - напружанасцю паміж рознымі супольнасцямі, але таксама горадзе, дзе людзі шукаюць супакою і прымірэння. Сустрэча будзе завершаная “Шпацырам Даверу” праз горад. Прагнем выказаць, наколькі мы чуемся блізкімі з німі.


Усе мы былі шакаваныя тэрарыстычнымі атакамі, што мелі месца ў панядзелак 22 траўня вечарам у Манчэстары, асабліва таму, што напад быў скіраваны супраць дзяцей і падлеткаў.

Што тычыцца мяне, я быў асабліва ўражаны, бо літаральна пасля гэтага прымаў удзел у сустрэчы ў Берліне на тэму ролі рэлігій у будаванні супакою. Сустрэча была падрыхтаваная нямецкім Міністэрствам замежных спраў і сабрала каля сотні лідэраў розных рэлігій - юдаізму, ісламу, хрысціянства з Еўропы, Блізкага Ўсходу ды Афрыкі.

Галоўнаю мэтаю сустрэчы было паказаць, што не рэлігіі з’яўляюцца крыніцаю гвалту, наадварот, яны ствараюць патэнцыял для братэрства. Тое было знакам спадзеву, што праявіўся менавіта ўва вышэйузгаданым моманце гэтае трагічнае падзеі.


З-за таго, што сёння насілле прымае такія брутальныя формы, неабходнаю рэччу з’яўляецца множыць знакі братэрства паміж рознымі рэлігіямі. Тры тыдні таму тут, у Тэзэ, упершыню ў нас адбылася сустрэча хрысціянска-мусульманскага братэрства з удзелам трох соцень мусульманскіх і хрысціянскіх маладзёнаў, што пазнавалі адзін адно, ствараючы мноства сяброўскіх сувязяў.

У верасні некаторыя з нашых братоў разам з сотняю маладзёнаў скіруюцца ў Егіпет, каб цягам некалькіх дзён удзельнічаць у пілігрымцы. Там мы сустрэнемся з сотняю мясцовых маладзёнаў. Мы будзем імкнуцца лепш зразумець хрысціянаў-коптаў гэтае краіны, якія жывуць у мусульманскім асяроддзі. Такія знакі сяброўства - гэта падстава.


Сёння ўва Ўнебаўшэсце мы адзначаем падзею, якая не адразу ўсведамляецца сучасным розумам. За дапамогаю тагачасных вобразаў Біблія апісвае нам, як Езус сорак дзён пасля ўваскрасення быў узяты да неба. Тут, з правага боку царквы, ёсць маленькае вакенца-вітраж, дзе паказана тое, што цяжка можа быць уяўлена нашаю свядомасцю.

Пасля смерці Езуса вучні мелі моманты выпрабавання, яны былі збянтэжаныя. І толькі паступова яны пачынаюць верыць, што Езус сапраўды ўваскрос. Пакрысе яны рыхтуюцца ўсвядоміць, што Езус адгэтуль будзе з німі але ў іншым выглядзе, на нябачнае дарозе.

У дзень Унебаўшэсця Езус ясна даў да зразумення Ягоным вучням, але й нам таксама, што Ён ніколі не пакіне нас самотнымі, але Ягоная прысутнасць будзе ў Святым Духу, моцы, якую Ён спашле нам.

Калі Ён жыў, Езус казаў вучням: “Вы будзеце Маімі сведкамі ажно да краю зямлі”. Гэта таксама так, як бы Ён сказаў нам: зараз вашая чарга, каб перадаць любоў свету; моц Святога Духа дасць вам неабходную адвагу.

Таксама як вучні Езуса, мы часам будзем вымушаныя скіравацца да новых гарызонтаў, поруч ці далёка, дзеля таго, каб абвяшчаць Евангелле.

У дзень Унебаўшэсця мы молімся, каб надзея ўваскрасення агарнула ўсё чалавецтва. Езус смерць перамог. Ён жыве з Богам і суправаджае кожнага з нас. Апошняе слова не будзе за пакутамі, хваробамі, нянавісцю і гвалтам.


Сёння ўвечары хачу сказаць яшчэ некалькі слоў. Заўтра я буду ў Нямеччыне, а ранкам суботы яшчэ некалькі братоў далучацца да мяне. Мы будзем удзельнічаць у 500-ае гадавіне Рэфармацыі ў Берліне ды Вітэнбергу, горадзе Марціна Лютэра.

Мы былі ўсцешаныя запрашэннем, бо будзьма ўдзельнічаць не ў святкаванні падзелу паміж хрысціянамі, але святкаваць перабыванне хрысціянаў разам, наслядуючы ўсіх тых, хто быў таго сведкам цягам усяе гісторыі, а між іншым Марціна Лютэра, што займаў асаблівае месца.

У суботні вечар у Вітэнбергу на адкрытым паветры мы правядзем малітву, нагадваючы ўсім тым, хто будзе прысутны там, што Евангелле нясе ў сабе пасланне ўсеагульнага братэрства, таму многія маладыя людзі мараць пра хрысціянскае яднанне, і каб не зацяняць гэтага прагнення нашымі падзеламі.

І таму яшчэ раз. Кірую пытанне, якое я часта задаю: ці не павінны падзеленыя цэрквы ўжо зараз разам сабрацца пад адным дахам, нават не чакаючы пакуль будуць узгодненыя ўсе тэалагічныя пытанні? Давайце ж адважымся на тое, каб прадбачыць адзінства праз нашыя частыя сустрэчы, асабліва на малітоўных чуваннях.

Спрабую запрапанаваць нешта вельмі простае. Маладыя шведы, прысутныя зараз тут, памятаюць, як у мінулым годзе папа Францішак наведаў іх краіну, молячыся словамі, якія ніколі раней не былі прамоўленыя папамі: “Духу Святы, дазволь нам прызнаць радасць, што выплывае з дароў, якія прынесла Рэфармацыя”.

Таму мая прапанова такая: ці ні гэтыя словы папы патрабуюць адказу? Ці не павінна ягоная адкрытасць на дары Рэфармацыі быць магчымасцю выказаць у малітве падзякі за ўсё тое, што пратэстанцкія цэрквы атрымалі ад Каталіцкага касцёла?


Я заканчваю. Тутака багата маладзёнаў з Нямеччыны, Швейцарыі ды Францыі. Напрыканцы гэтага года Еўрапейская сустрэча будзе запрошаная ў вашыя тры краіны, таму што ў гэтым рэгіёне - Базэль - тры краіны судакранаюцца. У Базэлі будзьма імкнуцца працягваць крочыць шляхам прымірэння, пра які я толькі што казаў.

Крыс: вось кветкі для маладых людзей з Карэі, Кітаю, Сянгану, Філіпінаў, Інданэзіі, В’етнаму, Індыі, Сірыі ды Іраку.

Таксама для аўстралійцаў, амерыканцаў і канадцаў.

Для расейцаў, нарвегаў, фінаў, шведаў і датчан.

Для летувісаў, палякаў, немцаў, люксембуржцаў, галандцаў, бельгійцаў і ангельцаў.

Для венграў, чэхаў, славакаў, аўстрыякаў, швейцараў ды французаў.

Для баснякоў, італьянцаў, гішпанаў ды партугальцаў.

Для моладзі з ПАР, Уганды, Кеніі, Судану, Эрытрэі, Сенегалу, Мадагаскару і Егіпту.

Для маладзёнаў з Аргентыны, Бразіліі і Мексікі.

Апошняе абнаўленне: 28 May 2017