На мінулым і на бягучым тыдні ў Тэзэ распачалося прыгожае лета. Мноства моладзі прыязджае, каб маліцца, шукаючы натхнення для свайго жыцця. Мы, браты, разам з сёстрамі і валанцёрамі, што перабываюць зараз на ўзгорку, радыя павітаць вас.
У прапановах на 2017 г. вы бачылі, што з усімі тымі, хто тыдзень па тыдні перабывае ў Тэзэ, мы прагнем адкрыць новыя шляхі надзеі, вакол нас і па ўсім свеце.
Насамрэч, праўдаю ёсць тое, калі чуем навіны і бачым, наколькі складанаю сітуацыяю ёсць становішча ў шэрагу месцаў. Мы жывем у свеце, дзе багата людзей дасвядчае роспачы. Прычынаю таму гвалт, войны, атакі тэрарыстаў, прыродныя катаклізмы тыпу пажараў у Партугаліі альбо засухі ў Афрыцы.
Часта мы таксама молімся за тых, хто церпіць з голаду, бо мы бачым, што разрыў паміж багатымі і беднымі ўвесь час павялічваецца.
Цягам усяго наступнага тыдня мы будзем перажываць Тыдзень прысвечаны пытанням міграцыі. Гэты час аддазены пераважна тым маладзёнам ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, хто цікавіцца тэматыкаю прыняцця мігрантаў, бежанцаў ці ўцекачоў. Якім чынам мы можам салідарызавацца і дапамагаць тым, хто быў вымушаны пакінуць сваю айчыну? Гэта адно з важных пытанняў, якое будзьма разважаць у гэты час.
У кантэксце таго, пра што я казаў перад хвілінаю, перад абліччам усіх гэтых цяжараў, часам я задумваюся, якім чынам рухацца наперад. Дзе мы можам адшукаць крыніцу надзеі, якая ніколі не высахне?
Дзе мы можам знайсці крыніцу надзеі, калі перадусім не ва ўражлівасці, у Божае міласэрнасці ў дачыненні да кожнае чалавечае істоты. Мы атрымалі Божую міласэрнасць у якасці дара, і менавіта гэта вельмі дакладна акрэслівае асобу Бога: Бог ёсць любоў.
Менавіта з гэтае нагоды важна засяродзіць наш позірк на Крыжы і Ўваскрасенні Хрыста, настолькі гэта важна, а нават вельмі істотна. Са свайго боку я часам паўтараю словы апостала Пятра, які звяртаўся да Хрыста: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага” (Ян 6,68).
Сапраўды, праз Хрыста Бог незваротна перадае ўсяму чалавецтву Сваю любоў. Шукаючы і адкрываючы шляхі надзеі ў нашым свеце, перадусім мы жадаем пакласці ўсе нашыя надзеі ў Хрысце ды знайсці ў Ім радасць жыцця.
Гэтую надзею ў Хрысце, надзею на міласэрнасць Бога часцяком я знаходжу ў асабістых сустрэчах.
Узгадваю сабе візіт разам з некалькімі маімі братамі некалькі месяцаў таму, які мы здзейснілі ў складаны раён ля Тулузы на поўдні Францыі. Гэта была вельмі праблемная гарадская зона, дзе мы знайшлі людзей, што спрыяюць існаванню надзеі вакол іх сціплым штодзённым жыццём, якое яны вядуць.
Таксама ўзгадваецца мне мая паездка паўтара гады таму ў Сірыю. Я правёў Раство ў Хомсе, напалову разбураным горадзе. На першы погляд магло скласціся ўражанне, што надзеі няма. Але я знайшоў святара ды маладзёнаў, якія сабралі дзяцей, каб адсвяткаваць Раство. Вельмі проста, але ў іх атрымалася наладзіць стасункі з дзецьмі. Усе вы можаце ўявіць сабе такіх людзей вакол вас, якія выпраменьваюць святло, а пад кіраўніцтвам такіх людзей вы зможаце стаць сведкамі надзеі для іншых.
Сведкамі надзеі, якой мы хацелі б быць, мы, браты, таксама шляхам пакоры, ахвяруючы дар свайго жыцця. Таму мы цешымся, што ў суботу на гэты шлях разам з намі ўвойдзе новы брат. У часе вечаровае малітвы ў суботу ён атрымае белыя шаты брата супольнасці. Ягонае імя Марнікс (Marnix), ён паходзіць з Нідэрландаў. Ён быў адным з першых валанцёраў, а зараз рыхтуецца пасвяціць усё сваё жыццё, наслядуючы Хрыста ў нашае супольнасці.
Неўзабаве Эмануэль прывітае ўсіх тых, хто на гэтым тыдні перабывае на ўзгорку, а потым прадстаўнікі кожнае краіны атрымаюць кветкі. Але мы маем не толькі моладзь, але й царкоўных лідэраў, якія прыехалі ў Тэзэ. Мне б хацелася прывітаць некаторых з іх.
Цягам гэтага тыдня мы разам з польскае моладдзю цешымся з нагоды перабывання сярод нас Арцыбіскупа Войцеха Поляка. Ён з’яўляецца біскупам Гнезна ды адначасова Прымасам Польшчы. Ён не пабаяўся адбыць доўгае падарожжа аўтобусам разам з моладдзю. У нас адбылася размова, між іншым на тэму сітуацыі моладзі ў ягоным краі, дзяржаве што вельмі пяшчотна любіць Тэзэ.
Заўтра да нас прыедзе адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў папы Францішка кард. Ларэнца Бальдзісэры (Lorenzo Baldisseri). Ён адказны за працу сіноду біскупаў, што адбываецца ў Рыме. Праз год адбудзецца чарговы сінод, што будзе прысвечаны пытанням моладзі, веры і жыццёваму пакліканню. Каб прыгатавацца да сіноду, для моладзі была падрыхтаваная анкета, і не толькі для католікаў, але ўсіх, хто прагне адказаць на тыя пытанні. Вы можаце знайсці тую анкету на старонцы ў сеціве. Мы будзем разважаць над тым цягам усяго лета. Кардынал будзе цэлебраваць нядзельную Эўхарыстыю.
У нядзелю мы спадзяемся іншага супрацоўніка папы Францішка. Гэта езуіт, што адказвае за пытанні прыёму мігрантаў. Ён мае намер дапамагчы нам паразважаць над гэтым загадненнем цягам наступнага тыдня, пра што я ўжо казаў раней.
Мне б хацелася таксама адзначыць шматлікіх праваслаўных святароў і пратэстанцкіх пастараў, што перабываюць цягам летніх месяцаў у Тэзэ, напрыклад, пастараў з Рыгі, што былі тут на мінулым тыдні. Сёння ўвечары я вітаю англіканскага біскупа Джонатана (Jonathan) з Саўтгемптана. Нядзельнае раніцаю з Ангеліі прыедзе англіканскі арцыбіскуп Джон Сентаму, які з’яўляецца арцыбіскупам Ёрку. Ён таксама падарожнічае аўтобусам разам з моладдзю з ягонае дыяцэзіі і правядзе наступны тыдзень сярод нас.
Эмануэль :
мы вітаем і перадаем кветкі моладзі з Аргентыны, Чылі, Уругваю, Балівіі, Бразіліі, Калумбіі, Коста-Рыкі, Нікарагуа, Гватэмалы, Дамініканскае Рэспублікі, Пуэрта-Рыка, Панамы, Сальвадору і Мексікі.
Таксама маладзёнам з Аўстраліі, Злучаных Штатаў і Канады.
Моладзь з РФ, Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі і Даніі.
Тых, хто прыбыў з Летувы, Польшчы, Нямеччыны, Нідэрландаў, Бельгіі, Брытаніі ды Ірландыі.
Моладзь з Украіны, Вугоршчыны, Чэскае Рэспублікі, Славаччыны, Аўстрыі, Швейцарыі і Францыі.
Таксама тых, хто прыехаў з Арменіі, Румыніі, Малдовы, Сербіі, Босніі-Герцагавіны, Харватыі, Славеніі, Грэцыі, Італіі, Гішпаніі і Партугаліі.
Таксама тых, хто прыбыў з Карэі, КНР, Тайваню, Сянгану, Філіпінаў, Інданэзіі, Усходняга Тымору, В’етнаму, Бангладэшу, Індыі, Лівану, Сiрыі, Іраку ды Палестынскае Аўтаноміі.
Вітаем моладзь з Уганды, Кеніі, Камеруну, Чаду, Судану, Эфіопіі, Нігерыі, Тога, Сенегалу, Егіпту і Мадагаскару.