TAIZÉ

Сяброўства Хрыста для ўсіх і кожнага

 
Чацвер, 17 жніўня.

Сёння мы молімся за ахвяраў атакі ў Барселоне. Прысутнасць моладзі з гэтага рэгіёну збліжае нас да тых, хто непасрэдна спытаў тыя падзеі на сабе. Па заканчэнні гэтае сустрэчы мы заспяваем па-каталонску El Senyor, з асаблівым націскам на наступныя словы: “No tinc por! Не бойцеся!”.


Ужо цягам пяцідзясяці гадоў пакаленні маладзёнаў змяняюць адзін адно на нашым узгорку. Для нас, братоў, вялікая радасць прымаць вас тут. Яшчэ Брат Ражэ заўважыў тое, як важна для моладзі быць выслуханаю, каб іх галасы былі пачуты ў грамадстве і ў царкве.

Учора мы ўзгадвалі Брата Ражэ. Ён быў забіты тут, у царкве, 16 жніўня 2005 году. Ягоны дынамізм, ягоная ўпэўненасць перадаваліся нашай супольнасці нібы паводле фізічнага працэсу, што называецца осмас. Дзеля таго, каб выказаць удзячнасць за ягонае жыццё, у пярэдняе частцы царквы мы размясцілі ікону сяброўства. Ён любіў тую ікону, сімвал сяброўства Хрыста для ўсіх і кожнага з нас.

У той момант гісторыі, калі добрая чалавечая надзея пачала рабіць дрэнны зварот - пачатак другой сусветнай вайны, - малады Ражэ, якому было толькі 25 гадоў, не быў у роспачы. Ён верыў, што супакой магчымы, а хрысціяне маюць зрабіць свой унёсак у гэтую справу.

Літаральна наконадні ён перажываў перыяд сумневаў у сваім жыцці. Ён багата пытаў самога сябе: калі Бог з’яўляецца любоўю, чаму хрысціяне працягваюць так моцна падкрэсліваць падзелы паміж сабою? Калі Бог ёсць любоў, хрысціяне павінны паказаць тое сваім жыццём, з’яўляючыся сведкамі прабачэння.

Пасля ён пастанавіў распачаць з самога сябе жыць прабачэннем і супакоем. У той час ён не публікаваў багата рэчаў. І так заставалася аж да самага канца ягонага жыцця: перадусім мы мусім жыць евангельскім заклікам супакою і прабачэння, рукапісы будуць паўставаць пазней.

Затым некалькі першых братоў наведалі яго, каб жыць у супольнасці, даючы знак Хрыстовага супакою праз усё сваё жыццё.

Нягледзячы на незлічоныя цяжкасці, пра якія Брат Ражэ не любіў распавядаць, ён застаўся верным супольнасці разам з першымі братамі. Я асабіста прыехаў у Тэзэ ў 70-ыя гг. Разам з братамі з майго пакалення і тымі, хто прыбыў пазней, мы непамерна ўдзячныя настойлівасці першага пакалення братоў.


Калі ў Брата Ражэ праявіліся тыя дынамізм ды ягоная ўнутраная моц? Адзін з адказаў можна знайсці ў словах, у якіх ён падсумаваў сваё бачанне прымірэння паміж хрысціянамі: “Я знайшоў маю ўласную хрысціянскую тоеснасць, прыміраючы ў сабе маю першасную веру з таямніцаю каталіцызму, але без разрыву камуніі з кім-кольвек яшчэ”. Часамі ён дадаваў “і з праваслаўнае вераю”.

Ён болей не мог шукаць сваёй тоеснасці як хрысціянін у канфесіі, якая б была ў апазіцыі да іншых хрысціянскіх вызнанняў. Ён прымаў і любіў дары, што змешчаныя ў розных канфесіях. Ён пераканаўся, што гэтыя дары не маюць узаемавыключнага характару, але толькі дапаўняюць адзін адно, а часам нават карэктуюць сябе наўзаем.

У ягоных вачах падзелы паміж хрысціянамі былі прычынамі узаемнага збяднення. Калі нашыя разнастайныя традыцыі супрацьпастаўлены адна адной і па кожным з бакоў заўважныя тэндэнцыі да абсалютызацыі, падзелы касцянеюць і становяцца больш трывалымі. Мы патрабуем адзін аднаго, каб заззяла святло Евангелля.

Паходзячы з Рэфармаванае царквы, Брат Ражэ знайшоў у камуніі з каталіцызмам і праваслаўем паглыбленне сваёй веры. Са свайго боку, я магу сказаць, што паходжу з каталіцкай сям’і, з Братам Ражэ ды іншымі братамі я адкрыў дары цэркваў Рэфармацыі ды Ўсходніх цэркваў.

Урачыстасці ўсходніх хрысціянаў выклікаюць у нас глыбокую пашану да Бога. Праз іх урачыстасць, іх прыгажосць яны выражаюць таямніцу Бога, якая канчаткова ўсё-ткі пераўзыходзіць нас, але якая тым не меней блізкая да нас. У мяне засталіся незабыўныя ўспаміны пасля пілігрымак, якія мы адбылі разам з моладдзю ў Маскву, Кіеў, Менск і Бухарэст, каб святкаваць Пасху разам з усходнімі хрысціянамі.


Якія ж гэта дары цэркваў Рэфармацыі, якія сталіся жыццёва важнымі для маёй уласнай веры? Хацеў бы назваць чатыры з іх. Перадусім, ласка Пісання. Рэфармацыя размясціла Біблію ў цэнтры хрысціянскага жыцця. Праз яе Бог прамаўляе да нас. У Евангеллі мы чуем голас Хрыста; Ён становіцца прысутным сярод нас.

Акрамя таго Рэфармацыя моцна нагадвае нам, што Бог - гэта любоў, а Ягоная любоў безварунковая. Мне б хацелася, каб мы ў Тэзэ выказалі гэтае пасланне з усім нашым імпэтам.

Трэці дар Рэфармацыі - гэта напамін пра тое, што ўсе вернікі могуць жыць асабістае камуніяю з Богам, ёсць і тыя, хто паслугуе ў Царкве ў якасці святароў, што выбудоўваюць гэтыя асабістыя адносіны кожнага верніка з Богам.

Чацверты дар Рэфармацыі - гэта абарона свабоды веравызнання. Брат Ражэ жыў менавіта гэтым. Гэта было не проста талераванне любых поглядаў усіх навокал, але, больш грунтоўна, давер, якім абдорваў кожнага, каго сустракаў на сваім шляху.

Ён быў перакананы, што Бог жыве ў кожным, нават, калі ён ці яна не ведаюць пра тое. Ён ведаў, якім чынам запрасіць іншых паверыць у свае магчымасці. Незлічоная колькасць людзей пасля кароткае сустрэчы з ім аднавіла ўпэўненасць, што дазволіла ім пазней прыняць істотныя рашэнні ў жыцці.

Безумоўна, адносна гэтых чатырох дароў Рэфармацыі, якія я прадставіў, сёння мы можам сказаць, што яны таксама падзяляюцца іншымі Цэрквамі. Тым не менш, варта прызнаць гістарычны ўклад Рэфармацыі ў тым аспекце, што падкрэслівала менавіта гэтыя фундаментальныя якасці хрысціянскага жыцця.

У трэцяе прапанове на 2017 г. вы знойдзеце некаторыя тэмы да разважанняў, што маюць дапамагчы рухацца ў кірунку бачнага адзінства хрысціян. Толькі калі мы ўсе разам, тады можа разгарнуцца ўвесь патэнцыял Евангелля. Усе мы можам быць заангажаваныя ў гэты высілак!


І нешта яшчэ. На гэтым тыдні мы цешымся, што можам жыць у камуніі з афрыканскае моладдзю, што сабралася ў алжырскім Тлемсене. Ад таго часу, як ім стала нялёгка атрымліваць візы, каб прыехаць у Тэзэ, чацвёра з іх правялі тут, на ўзгорку, некалькі тыдняў, рыхтуючыся правесці два тыдні сутрэч там, у іх, так, як мы тое робім тут, у Тэзэ.

Напрыканцы верасня ў Афрыцы адбудзецца іншая сустрэча: з прыблізна сотняю еўрапейскіх маладзёнаў мы накіруемся на некалькі дзён з пілігрымкаю ў Егіпет, каб наведаць сотню маладзёнаў з Егіпту і Блізкага Усходу.

Гэтымі днямі мы пільна і з увагаю сочым за напружанасцю ў Паўночна-Усходняй Азіі. Такім чынам, мы ўсе вельмі ўдзячныя за магчымасць мець стасункі з Паўночнай Карэяй.

Пры дапамозе нашае “Аперацыі Надзея” мы толькі што выслалі дваццаць тон соевых бабоў у гэтую краіну. Учора грузавік перасёк кітайска-карэйскую мяжу, перавозячы гэтыя бабы на завод, што вырабляе соевае малако для малых дзяцей.

Мы молімся ў інтэнцыі супакою, а таксама за бедных жыхароў Паўночнае Карэі. Мы таксама выказваем сваю радасць з нагоды перабывання сярод нас моладзі з КНР, Карэі ды іншых краін гэтага рэгіёну. Сёння ўвечары я папрасіў Цзін скіраваць да нас некалькі слоў.

Цзін: Добры вечар усім. Маё імя Цзін, я з Пекіну, сталіцы КНР. Мне 28 гадоў, працую ў рэкламнай кампаніі, аднак праца была мною пакінута, каб цягам трох месяцаў у мяне атрымалася быць валанцёрам у Тэзэ. У маёй царкве акрамя сталых набажэнстваў існуюць розныя сустрэчы для ўзроставых груп. Мы дзелімся між сабою і вучымся адзін у аднаго жыццёвага дасвядчэння. Раз на месяц мы запрашаем да царквы новенькіх на імпрэзу з хатняе выпечкаю, каб лепей пазнаць сябе наўзаем.

Лічба кітайскіх хрысціянаў увесь час расце, асабліва сярод маладога пакалення, чые бацькі могуць быць атэістамі ці вызнаўцамі іншых рэлігій. Я прыклад гэтае моладзі. Мой хрост адбыўся тры гад таму, мая маці будыстка, а мая сястра вызнаўца даасізму. У КНР нашая вера напатыкае багата цяжкасцяў. Большасць моладзі мусіць працаваць звыштэрмінова, у тым ліку ў выходныя, таму яны не маюць часу, каб пайсці да царквы. У сельскае мясцовасці людзі таксама маюць невялікі шанец даведацца пра Бога і хрысціянства.

Мне б хацелася папрасіць вас памаліцца за хрысціянаў у КНР, а таксама за тых, хто не мае магчымасці даведацца пра Бога. Прыканцы, але не менш значнае: наступны этап Пілігрымкі Даверу, міжнародная сустрэча Тэзэ, адбудзецца ў Сянгане з 8 па 12 жніўня 2018 г. Ад імя ўсіх кітайскіх хрысціянаў разам з маімі сябрамі з САРС* я запрашаю ўсіх вас на тую сустрэчу.
*САРС - Спецыяльны Адміністрацыйны Раён КНР Сянган; да 1997 г. - калонія Вялікабрытаніі Ганконг.


Апошняе абнаўленне: 22 August 2017