Зараз мы ў сярэдзіне лета і сёння ўвечары мне б хацелася выказаць падзяку тым, хто перабывае на ўзгорку даўжэйшы час, валанцёрам, што знаходзяцца тут год, але таксама й тым, хто перабывае тут некалькі тыдняў, дапамагаючы нам. Дзякуючы іх заангажаванню сустрэчы маюць надзейную падтрымку.
Сярод іх каля 120 маладзёнаў з Азіі, Афрыкі, Лацінскае Амерыкі ды Блізкага Усходу. Для большасці гэта іх першы побыт у Еўропе. Тут усё інакш: ежа, надвор’е, адносіны, якія маюць людзі. Мы вельмі ўдзячныя ім за адвагу, што дазволіла прыехаць сюды. Нам хацелася б лепш пачуць іх, каб зразумець іх краіны, і якім чынам яны жывуць там як хрысціяне.
Асабліва заўважным гэтым летам з’яўляецца прысутнасць арабскіх хрысціянаў з Егіпту, Палестыны, Іарданіі ды Лівану. Яны часцяком дасвядчаюць напружанасці ў сваіх краінах. Вітаючы іх, мы спявайма “Ubi caritas Deus ibi est” арабскаю моваю. Вялікім здзіўленнем для большасці было тое, што Бог па-арабску гучыць ’Аллах’, а арабскія хрысціяне і мусульмане карыстаюцца заўсёды менавіта тым самым словам.
Нам бы хацелася быць бліжэй да гэтых арабскіх хрысціянаў. Прыканцы верасня некаторыя браты разам з сотняю маладзёнаў з Еўропы ды Блізкага Усходу скіруюцца ў Егіпет, каб правесці некалькі дзён, дзелячыся і молячыся разам з сотняю маладых егіпцянаў.
Браты таксама плануюць візіт у Ліван, бо адкрылі багата ініцыятыў, што прамуюць дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі. Мы таксама цешымся, што ў нас атрымалася запрасіць двух мусульманскіх юнакоў з Лівану, Мухаммада і Алі. Я дзякую ім за праяўленую мужнасць, за тое што мелі адвагу прыехаць і жыць сярод хрысціянаў.
Усе разам мы можам жыць на ўзгорку, дзелячыся між сабою. Сціпласць, на якую вы згаджаецеся, вельмі дапамагае: доўгія чэргі па ежу, падчас сядзення ці стаяння на каленях у храме, брак сеціва... У рэшце рэшт, дзяленне падобнымі сціплымі варункамі спрыяе паўстанню сяброўства.
У пачатку тыдня вы атрымалі Прапановы на 2017 год. Другая з іх запраше нас “спрасціць нашае жыццё, каб дзяліцца з іншымі”. Для нас, братоў, пастаянная сціпласць і дух дзялення - гэта падстава. Гэта вядзе нас да таго, што мы ствараем мікракосмас усеагульнага братэрства.
У абшчынах першых хрысціян дзяленне матэрыяльнымі рэчамі было неад’емнаю часткаю іх веры ў Хрыста. Калі б нашыя супольнасці, нашыя парафіі, нашыя рухі змаглі надаваць больш увагі ды энэргіі такому дзяленню, мы маглі б стаць больш выразным знакам Евангелля!
У Хрысце Езусе Бог прыходзіць, каб дзяліць з намі чалавечыя ўварункаванні аж да смерці, а нават гвалтоўнай смерці на крыжы. Але Езус уваскрасае. Калі мы давяраем Яму, Ён чыніць з нас сведкаў Ягонае любові. Ён натхяне нас да здзяйснення чынаў дзялення перад абліччам чалавечых пакутаў, знявагаю беднасцю, выпрабаванняў бяздомных і мігрантаў.
Будзьма мець мужнасць ісці насустрач адзін аднаму, нават калі маем абмежаваныя магчымасці ці ўвогуле нічога. Дзяленне нашым часам таксама вельмі важна ў свеце, які змушае нас быць эфектыўнымі і не губляць часу. Мы павінны паспрабаваць спрасціць наш стыль жыцця. Гэта дапаможа нам лепей ацаніць дар і прыгажосць стварэння.
Безумоўна, слушна, што мы можам баяцца дзяліцца тым, што мы маем. Але, калі мы пераадолеем наш супраціў, мы адкрыем радасць.
Штогод мы бачым тое, калі ў вялікіх гарадах кантыненту пасля Раства арганізоўваем Еўрапейскую Сустрэчу. Гасціннасць, якую прапануюць тысячам маладых людзей, дае вялікую радасць тым, каго прымаюць, але таксама й тым, хто прапаноўвае сваю гасціну іншым. Усё сведчыць аб тым, што наступная Еўрапейская Сустрэча ў Базэлі будзе вельмі цёплаю.
Прагнучы быць бліжэй Хрыста, мы становімся вольнымі, калі дзелімся ў сваім жыцці. Аднак важна таксама ўкараніць нашую прыхільнасць да Божае любові ў нас саміх. Менавіта для гэтага тройчы на дзень мы сустракаемся тут, у храме. Гэта спосаб на чарпанне са студні міласэрнасці: звяртаючыся да Хрыста, Які адсланіў крыніцу сваёй любові на крыжы, мы запрашаем Святога Духа, які чыніць гэтую крыніцу ў нас поўнай удзень і ўначы.
У Тэзэ мы вельмі ўдзячныя папу Францішку за заахвочванне, якое ён дае нам праз жыццё поўнае радасці, сціпласці і дзялення з найбяднейшымі.
Ужо тройчы ён запрашаў мяне на асабістую размову. На гэтым тыдні я напісаў да яго, пішучы пра падзеі сёлетніх сустрэч. Я хацеў бы папрасіць вас штодня маліцца за яго. Будзе дастатковым нават імгненнае ўзгадванне аб ім. Не толькі сярод католікаў, і нават не толькі сярод хрысціянаў увогуле, ён будзіць надзею на тое, што супакой паміж людзьмі магчымы.
Разан: Прывітанне, маё імя Разан, мне 22 гады і я паходжу з Бэтлеему ў Палестыне. Я вывучаю працатэрапію на Ўніверсытэце ў маім горадзе. Я належу да царквы Дона Боско. Гэта не проста царква, гэта адначасова школа з супольнасцю, што яднае мусульманаў і хрысціянаў праз розныя ініцыятывы.Тут, у Тэзэ, нягледзячы на тое, што паходзім з розных краін, маем рознае дасвядчэнне і рэлігійныя верванні, жывем у супакоі і патрафім дзяліцца між сабою нашым жыццём. Гэта магчыма таму, што мы пакінулі ўсё па-за супольнасцю, асабліва знешні шумны свет, дзеля таго, каб быць разам.
Езус сказаў: Ідзі, прадай усё, што маеш, вяртайся і кроч за Мною. Ён сказаў тое, бо багацце і супакой прысутнічаюць у нашых сэрцах. Жыццё не мае сэнсу, калі не дзяліцца ім. Кожны акт згасае, калі не служыць іншым.
Калі мы ўсе вернемся дадому, будзьма памятаць, каб жыць у сціпласці. Будзьма маліцца за кожнага з нас, за людзей, якіх мы тут сустрэлі, каб кожны з нас змог стаць у сваім асяроддзі носьбітам супакою і сціпласці сэрца.
[1]