TAIZÉ

Дазволіць узрастаць сяброўству дзеля прыгатавання супакою

 
Чацвер, 24 жніўня.

На гэтым тыдні у нас багата зменаў, што датычаць нашае адказнасці ў грамадстве ў якасці хрысціянаў. У той жа час мы збіраемся разам ля вытокаў веры - супольнае малітвы ды разважаннямі над Пісаннем. Адказнасць чалавека і пошукі Бога - гэта дзве непадзельныя рэчаіснасці.

Вось ужо трэці год запар, як мы на ўзгорку арганізуем тыдзень больш глыбокіх разважанняў з рэальнае прысутнасцю розных прамоўцаў з разнастайным дасвядчэннем, за што ім вельмі ўдзячныя. З імя ўзгадаю толькі адну асобу - каханага Жана Ванье.

І адразу ж хачу зазначыць, што мы будзем працягваць гэтую ініцыятыву. Наступным годам такі ж спецыяльны тыдзень мы з’арганізуем у перыяд з 19 па 26 жніўня.


Я перакананы, што ўсе мы прагнем убачыць братэрства, што ўзрастае вакол нас дзеля прыгатавання супакою. У гэтым напрамку мы можам супрацоўнічаць з багата якімі асобамі, асаблівым чынам з тымі, хто не падзяляе нашае хрысціянскае веры.

Дапамажыце братэрству ўзрастаць! У чацвертае прапанове, што мы падрыхтавалі для моладзі на 2017 год, вы можаце знайсці некалькі ўваг, якія датычаць абавязкаў з тым звязаным.

Напрыклад, існуе сур’ёзная праблема вялічэзнае колькасці мігрантаў, якая выбухла знянацку. Перад тварам гэтага выкліку многія людзі, як і Цэрквы, працуюць разам. Для парафій, для хрысціянскіх груп гэтае супрацоўніцтва прыносіць новы подых жыцця.

Дапамога іншым - гэта нешта значна большае, чым дакананне таго, пра што просяць. Евангелле запрашае нас распазнаць Хрыста, прысутнасць Бога у найбяднейшых. У Тэзэ, запрашаючы бежанцаў, я магу засведчыць, што мы атрымоўваем больш, чым даем. Яны знеслі так багата выпрабаванняў, таму яны заахвочваюць нас праходзіць нашыя ўласныя цяжкасці з мужнасцю. Часцяком я кажу ім: гэта Бог паслаў вас.

Дазвол братэрству ўзрастаць пачынаецца ў нас саміх, ля нашых брам. Мы мусім перакрочыць бар’еры, якія могуць паўставаць вельмі блізка да нас. Мы можам рухацца насустрач тым, чыё жыццё стала ранаю. Мы можам выслухаць бяздомных, непаўнавартасных асоб ці хворых, бежанцаў, дазволіць распавесці ім свае гісторыі. Мы можам ствараць сяброўства.

Таксама мы можам адкрыцца на іншую культуру і ментальнасць. Мы можам дзяліцца з тымі, хто думае інакш, будуючы масты паміж рэлігіямі, паміж еўрапейскімі краінамі, дзе заўважны ўсё большы брак паразумення, паміж кантынентамі.

Мы таксама прагнем жыць у братэрстве са стварэннем. Справядлівасць паміж людзьмі ды выкарыстанне рэсурсаў нашае зямлі моцна звязаныя. Як доўга мы будзем па-варварску выкарыстоўваць рэсурсы нашае зямлі, так доўга не будзе паміж людзьмі супакою. Нам патрэбна ўбачыць прыгажосць гэтага закліку да братэрства супольна са стварэннем, бо мы ўсе звязаныя з тым усім, што існуе.

Некаторыя з вас будуць змагацца, каб праявіць сябе за дапамогаю законаў і ўстановаў, бо дзеля эфектыўнасці ў доўгатэрміновае перспектыве патрэбныя структуры. Такія асобы не будуць адмаўляцца ад палітычнае барацьбы, яны будуць удзельнічаць у працэссе прыняцця рашэнняў у сваіх краінах.

Вельмі важным з’яўляецца праверка нашых матывацый, бо на нашым шляху могуць паўставаць перашкоды. Але якім чынам вера можа стаць крыніцаю надзеі для нашых абавязацельстваў?

Без малітвы, без сталага паглыблення нашае знаёмасці Бога, Хрыста і Святога Духа, нашае жыццё высахне, узнікне рызыка, што нашыя абавязацельствы будуць сканцэнтраваныя на нас саміх, даволі лёгка намі можа авалодаць смутак.


У мінулую нядзелю мы ўзгадвалі Брата Ражэ, які першы раз прыехаў у Тэзэ 20 жніўня 1940 г. З самага пачатку ён ведаў, што жыццё малітваю непадзельна ад спагады і салідарнасці з тымі, хто найбольш церпіць, у часе вайны імі былі бежанцы, якіх ён хаваў. Нават, калі ён быў сам, маліўся тройчы на дзень.

Гэтымі днямі мы спяваем фрагменты, словы якіх былі вельмі істотныя для яго ў той час шмат гадоў таму: “Шчаслівы той, хто павярае сябе Яму, о Божа; Ты захоўваеш нас у радасці, сціпласці ды любові”.

Заўсёды ў тым самым духу - радасці, сціпласці і любові - вечарам у суботу наш брат Хендрык прамовіць сваё назаўсёды “так” Хрысту, пасвячаючы ўсё сваё жыццё нашае супольнасці. Ён паходзіць з Нідэрландаў і ўжо перабывае з намі каля шасці гадоў. Ён самастойна падрыхтоўваў сябе цягам доўгага часу, каб пайсці за Хрыстом. Каб стаць сведкам гэтае цудоўнае падзеі, у вёску прыедзе ягоная сям’я.


Завяршыць мне б хацелася, дзелячыся даволі асабістым дасвядчэннем з некалькіх апошніх дзён. Пэўная вельмі хворая асоба сказала мне: “Кахаю жыццё”. Я быў ашаломлены. Усім нам вядомыя такія моманты, калі некалькі слоў моцна кранаюць нас. Гэтая асоба, якая вельмі абмежаваная ў сваіх магчымасцях з прычыны хваробы, дазволіла мне выйсці па-за сваё вузкае сузіранне. Я быў узрушаны не столькі словамі гэтага чалавека, але прыгажосцю з якою яны былі сказаныя.

“Кахаю жыццё”. Падобныя словы могуць абудзіць у нас усведамленне да прыгажосці, паэзіі, мастацтва і музыкі. Сярод варштатаў на гэтым тыдні былі два цудоўных канцэрты на піяніна і аргане. Культываванне такога стасунку да прыгажосці - прыгажосці прыроды ў тым ліку - з’яўляецца падставаю.

Зноў хачу падзякаваць на гэтым тыдні, як і тыдзень таму, за асаблівую еднасць з маладымі афрыканцамі, якія сабраліся ў Алжыры. Багата маладзёнаў з розных афрыканскіх дзяржаў навучаюцца ў Алжыры, даволі складанаю справаю для іх зрабіць візы, каб прыехаць сюды, таму штолета цягам двух тыдняў накшталт сустрэч у Тэзэ адбываюцца падобныя сустрэчы ў алжырскім горадзе Тлемсен.


Добры вечар, я Тэадор, мне 20 гадоў. Я паходжу з Лівану, арабскае краіны. Тут я ўжо амаль два месяцы ў якасці валанцёра. Я атрымаў запрашэнне дзякуючы руху праваслаўнае моладзі, што з’яўляецца часткаю Грэка-праваслаўнае Царквы Антыёхіі.

Мне б хацелася распавесці вам толькі адну кароткую гісторыю. Я жыву на поўначы краю, у горадзе Эль-Міна, які служыць партом Трыпалі, аднаго з найбольш разнастайных з пункту гледжання дэмаграфіі гарадоў, які насяляюць у пераважнае большасці праваслаўныя хрысціяне і мусульмане-суніты, але багата таксама каталіцкіх касцёлаў ды іншых мусульманскіх абшчын. Я выхоўваўся сярод мусульманскіх і хрысціянскіх сяброў, што жывуць разам як браты, так, як мой сябра мусульманін Зіяд. Я хадзіў з ім да той самай школы, ягоны тата меў рыбную краму адразу за маім домам. Таму дзе б ні пайшоў, я мінаў яго, вітаючыся і абменьваючыся некалькімі фразамі.

Пэўнага вечару я прагульваўся марскім узбярэжжам па дарозе разам з сябрамі з па-за Эль-Міны, тлумачачы ім, якім чынам мусульмане і хрысціяне жывуць разам. Раптоўна два маладзёны, што прыслухоўваліся нашае размове, падыйшлі да нас і прадставіліся: “Маё імя Мухамад, а гэта мой лепшы сябра Антоні, мы мусульманін і хрысціянін, і жывем цалкам у згодзе!” З асалодаю мы ўсміхнуліся. Цудоўны прыклад таго, чым я хацеў бы падзяліцца.

Зараз мы ўдзельнічаем у праграме прымірэння паміж рознымі людзьмі з розных рэлігійных канфесій Трыпалі. Той факт, што мой бацька - праваслаўны святар, прымушае мяне адчуваць вельмі заклапочаным і кранутым гэтым рухам сталага супакою ў маім горадзе. Мы спадзяемся, што тое стане добрым узорам для ўсіх нашых суседзяў, і па рэлігіі, і па геаграфіі. Адрозненні не павінны дзяліць нас, але дапамагаць нам станавіцца багацейшымі, рабіць нашае жыццё больш разнастайным і напоўненым салідарнасцю.


JPEG - 63.6 kb

 [1]

Апошняе абнаўленне: 2 September 2017

Footnotes

[1Здымак: Vincent Bellec