TAIZÉ

Біблія - гісторыя пра Божую вернасць

 
Чацвер, 31 жніўня.

Па-за намі прыгожае лета. Заўчора некалькі маладзёнаў з Лівану прыйшлі, каб развітацца. Я задумаўся, ці яны здагадваюцца, наколькі каштоўным быў іх трохмесячны побыт разам з намі? Яны прыблізі нам Блізкі Усход ды перадалі сваё прагненне супакою.

Некалькі хрысціянаў-арабаў усё яшчэ тут. Нам усцешна спяваць разам з німі наш спеў “Ubi caritas et amor Deus ibi est” па-арабску. Там, дзе любоў, там Бог. Многія маладзёны з розных краін за дапамогаю гэтага спеву даведаліся, што ў арабскае мове слова ’Бог’ - гэта “Аллах”, без розніцы мусульманін вы ці хрысціянін.

Учора два мусульманскія маладзёны з Лівану Алі і Мухамад, што правялі месяц на ўзгорку, таксама выехалі ад нас. Яны былі пасланыя групаю ліванскае моладзі, якая спрыяе збліжэнню мусульманаў і хрысціянаў. Як цудоўна было гасціць іх сярод нас!

Нам бы хацелася станавіцца усё больш бліжэй да хрысціянскае арабскае моладзі. Напрыканцы верасня з некаторымі братамі ды сотняю маладзёнаў з Еўропы і Блізкага Усходу мы скіруемся ў Егіпет, каб правесці некалькі дзён дзелячыся і молячыся разам з сотняю маладзёнаў з Егіпту. Праз некалькі хвілін Рой, грэка-каталік з Лівану, прамовіць да нас, пасля чаго разам з ліванцам Мішэлем ды коптам з Егіпту Юсэфам заспявае арабскую кампазіцыю.


Цягам усяго лета, як і праз увесь апошні тыдзень, штодня моладзь, што прыехала на сустрэчу, слухала разважанні падрыхтаваныя адным з маіх братоў да фрагменту тэксту з Бібліі. Чаму мы надаем столькі ўвагі гэтым біблійным уводзінам?

Таму, што падставоваю рэччу для кожнага з’яўляецца пытанне: што з’яўляецца крыніцаю майго жыццёвага шляху? З якой крыінцы я чэрпаю найглыбейшы сэнс свайго існавання? Скіроўваючыся да найбольш глыбокае крыніцы, ці, іншымі словамі, адкрываючы дзверы да нашых сэрцаў на Божую прысутнасць, Біблія становіцца бясцэнным скарбам.

Не заўсёды лёгка чытаць Біблію, гэта праўда. Часам мы ўвогуле не разумеем тэксту, які прачыталі. Гэта чарговая прычына для нас, братоў. Робячы Біблію лягчэйшай для чытання, важна таксама памятаць два шляхі доступу, якія я хачу запрапанаваць.

Першы: неабходна падкрэсліць, што ляжыць у сэрцы Бібліі - любоў Бога і бліжняга. Біблія - гісторыя пра Божую вернасць. Яна распачынаецца свежасцю першага кахання, затым пераходзіць праз перашкоды, а нават чалавечую нявернасць. Але Бог не стамляецца кахаць, Ён заўсёды гатовы шукаць сваіх людзей, Ён заўсёды імкнецца шукаць кожнага і кожную з нас.

Па сутнасці, Біблія - гэта гісторыя Божае вернасці, якую адзін з прарокаў апісаў вельмі ўражваючымі словамі. Бог прамаўляе да кожнага з нас: “Ці забудзе жанчына немаўля сваё? Але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе” (Ісая 49:15).

Іншы шлях доступу да Бібліі такі: Евангелле распавядае нам пра тое, што Хрыстус - Слова Бога. Калі мы чытаем Пісанне, мы адкрываем Яго, Хрыста; мы чуем Ягоны голас; мы можам увайсці ў асабістыя адносіны з Ім.

Нават крыху разумеючы Евангелле, заўсёды варта спрабаваць зразумець больш праз некалькі слоў, што могуць быць вельмі важнымі для нас.

З’язджаючы прыканцы гэтага тыдня з Тэзэ, нават калі ў вас захаваліся толькі некалькі слоў, застасуйце тыя словы на практыцы, каб вы зразумелі іх больш глыбока, атрымліваючы такім чынам доступ да іншых слоў Евангелля.


Заўтра нашая малітва будзе мець адметны кантэкст. Два гады раней папа Францішак зацвердзіў, як ён тое назваў, “сусветны дзень малітвы за клопат аб стварэнні”, які мае адзначацца штогод 1 верасня.

Усталёўваючы гэты дзень у Каталіцкім касцёле, папа адказаў тым самым на прапанову, зробленую яму праваслаўным патрыярхам Барталамеем, бо гэты дзень ужо быў днём малітвы ў Праваслаўнае царкве. Аднадумна папа і патрыярх у супольнасці з падобнымі ініцыятывамі Сусветнае Рады Цэркваў заклікаюць усіх вернікаў, а нават усіх людзей, узяць адказнасць за стварэнне.

Заўтра будзьма маліцца Богу і дзякаваць за прыгажосць стварэння, якое людзі атрымалі як дар, якое стала нашым супольным домам. Будзьма памятаць пра агромністую адказнасць усяго чалавецтва за клопат пра планету, каб не марнаваць рэсурсы. Таму кожны можа запытаць сябе самога, што тое значыць у ягоным штодзённым жыцці.



Рой: Добры вечар, маё імя Рой, я прыехаў з Бейруту ў Ліване. Я вывучаю эканоміку ва ўніверсітэце Св. Юзафа ў Бейруце. У Тэзэ я разам з іншымі маладзёнамі з Блізкага Усходу перабываю ўжо больш двух месяцаў. Тут, у цудоўнае супольнасці, я правёў найлепшыя моманты свайго жыцця.

Я прыналежу да грэка-каталіцкае Мельхіцкае царквы, якая сваімі каранямі паходзіць з грэка-праваслаўнае царквы. Мне ўсцешна, што тут, у Тэзэ, я магу падзяліцца з іншымі вялікае прыгажосцю літургічных спеваў маёй канфесіі. Таму зараз разам са сваімі сябрамі мы б хацелі памаліцца разам з вамі за дапамогаю спеву з візантыйскае літургіі. Гэты спеў прысвечаны Панне Марыі, і быў складзены на святой гары Афон.


Жуана: сённяшнія кветкі для тых, хто прыехаў з Японіі, КНР, Карэі, Сянгану, Інданэзіі, Усходняга Тымору, Камбоджы, В’етнаму, Філіпінаў, Тайланду, Лаосу, М’янмы, Бангладэш, Індыі, Лівану, Сірыі, Іраку ды Ізраэлю.

Таксама для тых, хто прыехаў з ПАР, Кеніі, Чаду, Буркіна-Фасо, Беніну, Кот-д’Івуару, Тога, Сенегалу, Судану, Эрытрэі, Егіпту і Мадагаскару.

Для расейцаў, нарвежцаў, фінаў, шведаў і датчан.

Для беларусаў, летувісаў, палякаў, немцаў, галандцаў, бельгійцаў, ангельцаў ды ірландцаў.

Для ўкраінцаў, мадзьяраў, чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, швейцарцаў ды французаў.

Таксама для асобаў, што прыехалі з Балгарыі, Сербіі, Босніі-Герцагавіны, Харватыі, Славеніі, Італіі, Мальты, Гішпаніі ды Партугаліі.

Для прыбылых з Аўстраліі, ЗША і Канады.

А таксама для моладзі з Аргентыны, Чылі, Уругваю, Балівіі, Бразіліі, Калумбіі, Коста-Рыкі, Гватэмалы, Дамініканскае Рэспублікі, Сальвадору, Гаіці ды Мексікі.


 [1]

Апошняе абнаўленне: 8 September 2017

Footnotes

[1Здымак: Cédric Nisi