TAIZÉ

Бэнэдыкт XVI пра Брата Ражэ

“Духоўны экуменізм”

 

Серада, 17 жніўня 2005 г. Напрыканцы генеральнае аўдыенцыі ў Кастэльгандольфа Папа прамовіў з нагоды смерці Брата Ражэ

Гэтае раніцы я атрымаў вельмі смутную, трагічную навіну. Падчас няшпораў учора ўвечары наш умілаваны Брат Ражэ Шульц, засноўнік Супольнасці Тэзэ, атрымаў нажавую рану і загінуў, магчыма, ад рук псіхічна хворай жанчыны.

Гэтыя навіны вельмі кранулі мяне таксама й з тае прычыны, што літаральна ўчора я атрымаў вельмі кранальны, пяшчотны ліст ад Брата Ражэ. У ім ён піша, што з глыбіні свайго сэрца хацеў сказаць мне, што мы “ў еднасці з табою і з тымі, хто сабраўся ў Кёльне”.

Затым ён піша, што па прычыне свайго здароўя, на жаль, не можа асабіста перабываць у Кёльне, аднак ён будзе духоўна прысутнічаць там разам са сваімі братамі.

Прыканцы ў сваім лісце ён піша, што мае надзею, як мага хутчэй прыехаць да Рыма на сустрэчу са мною, і сказаць мне, што “нашая Супольнасць Тэзэ прагне ісці насустрач еднасці са Святым Айцом”. Затым ён піша: “Ойча, я запэўніваю цябе ў сваім пачуцці глыбокае любові. Брат Ражэ з Тэзэ”.

У гэтую хвіліну смутку мы можам толькі паверыць дабрыні Пана душу Ягонага вернага слугі. Мы ведаем, што са смутку, пра які мы толькі што пачулі ў псальме, народзіцца радасць.

Брат Ражэ зараз у руках вечнае дабрыні, вечнае любові; ён асягнуў вечную радасць. Ён запрашае і вядзе нас, каб быць верным рабочым у вінаградніку Пана, нават у сумных сітуацыях, перакананы, Пан дапамагае нам і дае нам сваю радасць.

Пятніца, 19 жніўня 2005 г. Звяртаючыся да розных хрысціянскіх канфесій у часе Сусветных дзён моладзі ў Кёльне (Нямеччына) Бэнэдыкт XVI сказаў:

… Мне б таксама хацелася ў гэтым кантэксце прыгадаць вялікага піянера еднасці, Брата Ражэ Шульца, які так трагічна быў вырваны з жыцця. Я асабіста ведаў яго цягам доўгага часу і шчыра сябраваў з ім.

Ён часцяком прыязджаў, каб наведаць мяне, і, як я тое ўжо казаў у Рыме ў дзень ягонага забойства, я атрымаў ліст ад яго, якое кранула маё сэрца, бо ў ім ён падкрэсліваў сваю прыхільнасць майму шляху і казаў, што хоча прыехаць да мяне, каб пабачыцца. Зараз ён прыходзіць і прамаўляе да нас з вышыняў. Мне здаецца, мы павінны прыслухоўвацца да яго, разам з ім мы мусім прыслухоўвацца да ягонага духоўнага жыцця экуменізмам, дазваляючы сабе быць кіраванымі ягоным сведчаннем у кірунку ўнутранага і духоўнага экуменізму.

Серада, 16 жніўня 2006 г. Падчас генеральнае аўдыенцыі ў Кастэльгандольфа, папа Бэнэдыкт XVI узгадаў гадавіну смерці Брата Ражэ і прамовіў:

“Асаблівым чынам я хацеў бы ўзгадаць памяць Брата Ражэ, засноўніка Тэзэ, якога забілі год таму, 16 жніўня, падчас вечаровае малітвы. Ягонае сведчанне хрысціянскае веры ды экуменічнага дыялогу былі каштоўным урокам для цэлых пакаленняў маладзёнаў. Просьма Пана, каб ахвяра ягонага жыцця пасадзейнічала ўмацаванню кансалідацыі ў справе супакою і салідарнасці тых, хто мае ў сэрцы будучыню чалавецтва”.

Апошняе абнаўленне: 4 сакавіка 2018