3 жніўня два браты сустрэліся з арцыбіскупам Дэсмандам Туту ў мясцовасці Валмаед, у экуменічным рэкалекцыйным цэнтры ў Заходне-Капскай правінцыі.
Ён узгадаў свой першы візіт у Тэзэ: “Я наведаў Тэзэ ў 1979 г., калі быў Генеральным Сакратаром Паўднёваафрыканскае рады цэркваў. Я быў глыбока ўзрушаны, калі апынуўся сярод пяці тысяч маладзёнаў з усіх куткоў планеты, што сабраліся разам нягледзячы на моўныя і культурныя бар’еры, шукаючы іх супольнае чалавечнасці праз пошукі Бога, у супольных малітвах і спевах. Тэзэ - гэта гасціннае месца, месца шчырасці і даверу. Пасля прачытанага ўрыўку з Аб’яўлення ў часе малітвы ў Храме паяднання ў мяне ўзнікла ідэя падрыхтаваць пілігрымку маладых паўднёваафрыканцаў. Не было магчымым арганізаваць 144 тысячы, але я арганізаваў групу са 144 маладых людзей усіх расаў і канфесій у якасці метафары нашае краіны, якой мы прагнулі. Неўзабаве з разадранай і падзеленай Паўднёвай Афрыкі моладзь усіх расаў адбыла пілігрымку да Тэзэ і вярнулася з новаю надзеяю, новым даверам, маючы вопыт паглыбленага і адсвежанага іх унутранага жыцця. Асабіста я не атрымаў дазволу пакінуць краіну разам з імі, у мяне забралі пашпарт, але біскуп Брус Эванс суправаджаў іх.
Арцыбіскуп Туту і вялебны Эдвін Арысан з братамі Люкам і Норбератм у Валмаед, жнівень 2017 г.
Вы ведаеце, як Тэзэ ўплывае на малітвы шэрагу людзей па ўсім свеце. Бог выкарыстоўвае Тэзэ на розныя спосабы, але ніхто не мог прадбачыць такога значнага ўплыву. У Тэзэ людзі разумеюць, што могуць стаць чальцамі адной супольнасці нават, калі яны прыбылі з розных абшчын. Дзякуем Табе, Божа, за вас, бо вы пачулі Ягоны заклік”.
Словы арцыбіскупа Туту, што былі выкарыстаныя ў часе павітання ўдзельнікаў Пілігрымкі Даверу ў Яганэсбургу ў 1995 г., надаль актуальныя й сёння: “Зараз у нашай краіне мы адчайна павінны навучыцца слухаць адзін адно ды умацоўваць давер паміж падзеленымі людзьмі. Каб збудаваць нашую нацыю, нам неабходна ўмацаваць нашыя ўнутраныя рэсурсы. Нашая наноў здабытая свабода ў сувязі з гэтым нясе багата адказнасці: разам мы маем абараняць гэтую свабоду ды будаваць грамадства, што любіць супакой, які будзе перадавацца ўсім людзям. Мы не можам чакаць на некага яшчэ, каб тое здарылася. Толькі ад кожнага з нас залежыць, каб мы выходзілі на вуліцы поўныя веры, каб працягнуць руку ў прымірэнні і збудаваць мост, што раней усімі лічылася не да здзяйснення. У малітве мы знаходзім моц, каб будаваць і узносіць. Малітвы ствараюць клімат, у якім мы можам сустракацца і расці, любячы адзін аднаго.
Малітвы - гэта цэнтр усяго таго, што адбываецца ў Тэзэ. Просты, характэрыстычны стыль службаў, сімвалы і спевы распаўсюдзіліся на шэраг Цэркваў усіх вызнанняў, узбагачаючы набажэнства і заахвочваючы нас дасведчыць малітвы ў цішыні і роздумах.
Сотні маладзёнаў падарожнічаюць з Паўднёвае Афрыкі да Тэзэ; і зараз, неверагодна, Пілігрымка Даверу Тэзэ прыходзіць да Паўднёвае Афрыкі. Я заклікаю асабліва моладзь, каб выкарастаць гэтую магчымасць дзеля супольнага скіравання да крыніцаў даверу ў Богу, каб узброіцца і прынесці давер і надзею, якіх яны так патрабуюць”.