Гэтыя дні ў Тэзэ адмысловыя, праграма з семінарамі і круглымі сталамі стала мажліваю дзякуючы прысутнасці шэрагу запрошаных гасцей, што прадстаўляюць розныя галіны дзейнасці. Шырокае кола пытанняў, глыбіня абмену дасвядчэннем ды ўдзел усіх вас зрабілі гэты тыдзень прыгожаю падзеяю гэтага лета на ўзгорку.
Што тычыцца мяне, дык наконадні я вярнуўся з Ганконгу, дзе разам з дзясяткам братоў мы адбылі сустрэчу з 2500 маладзёнаў, сёмы азіяцкі этап нашае Пілігрымкі Даверу. Бракуе слоў, каб перадаць інтэнсіўнасць таго, што мы перажылі. Былі прадстаўленыя шэраг азіяцкіх краін, у тым ліку багата моладзі з кантынентальнае часткі Кітая, - тое было па-за ўсімі спадзяваннямі.
Нашыя спевы былі перакладзеныя на багата азіяцкіх моў. Адметнасцю тое сустрэчы стала глыбокае ўсведамленне еднасці, сапраўднае еднасці ў вялікае разнастайнасці гэтага кантыненту, дзе хрысціяне часцяком у меншасці. Мы маем маліцца за гэтых маладых хрысціянаў у Азіі.
Праз Пілігрымку Даверу на Зямлі, якую сорак гадоў таму распачаў Брат Ражэ, мы прагнем удзельнічаць у стварэнні даверу паміж людзьмі, паміж Цэрквамі, а нават паміж рознымі рэлігіямі. Наступны этап, напрыканцы снежня, будзе ў Мадрыдзе; у ліванскім Бейруце, наступнага сакавіка; у Кейптаўне, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, у верасні 2019 г. Неўзабаве я перадам слова Амандзе, маладой валанцёрцы з ПАР.
Праз малітву, разважанні і дзяленне на кожнае сустрэчы Пілігрымкі Даверу мы спрабуем супольна крочыць да крыніцаў радасці. Тое таксама было тэмаю, якую я хацеў паглыбіць у чатырох прапановах, сфармуляваных на 2018 год. Зараз я хацеў бы з вамі пра тое паразмаўляць.
Сутыкаючыся з вялікмі праблемамі, праз якія праходзіць сучасны свет, заставацца радаснымі для нас часцяком вельмі цяжка. Часам быццё радасным можа здавацца нават не на месцы, калі так шмат людзей дасвядчаюць пакуты, а экалагічныя пагрозы становяцца драматычнымі, некаторыя людзі здзіўленыя: ці радасць можа быць адпаведнаю паставаю?
Таму важным, як мне здаецца, будзе вяртанне да сэрца нашае веры, бо радасць, якая перадаецца Евангеллем, паходзіць з пераканання, што Бог любіць нас усіх, а ўсё існае паходзіць ад Яго. Прарок са Старога Запавету запрашае нас атрымаць сапраўдную радасць у якасці Божага дару: “І ня смуткуйце, бо радасць прад Госпадам — падмацаванне вам” (Нээмія 8:10).
Мы, хрысціяне, гэтым дарам дзелімся праз жыццё ў абшчыне ды супольнае спяванне гімнаў хвалы. У той самы час праз супольную малітву ўтвараецца асабістая рэляцыя з Богам ды еднасць паміж тымі, хто сабраўся разам.
Адчуванне радасці абуджаецца прыгажосцю адпаведных падзей, адметных спатканняў, трываласцю сяброўства, мастацкае творчасцю альбо прыгажосцю прыроды. Але тое таксама паходзіць знутры: асабліва тое бярэцца з любові, якая была нам паказаная і якая нараджае шчасце, што паступова напаўняе глыбіні душы.
Таму пакрысе мы лепей можам разумець, што радасць - гэта не прыклад перабольшанай сентыментальнасці, не індывідуалістычнае шчасце, што вядзе да ізаляцыі, але спакойнае перакананне аб тым, што жыццё мае сэнс. Будучы далёкім ад экзальтацыі, калі мы ўцякаем ад праблемаў сённяшняга часу, тое чыніць нас нават больш чулымі на горасці іншых.
Унутраная радасць, калі яна караніцца ў нашае затоенае істоце, не аслабляе салідарнасці з іншымі, але толькі яе ўзмацняе. Тое пабуджае нас нават да пераадольвання межаў дзеля таго, каб далучыцца да тых, хто спытвае ліхоты. Тое падтрымлівае ў нас жывую настойлівасць заставацца верным жыццёвым пастановам.
Калі мы пачынаем усведамляць любоў, якую Бог мае для кожнага з нас, мы знаходзім новую мужнасць дзеля пашырэння нашага сяброўства і дзеля таго, каб агарнуць усіх тых, што былі нам даручаныя, асабліва тых, хто найбольш безабаронны. Такім чынам, багата людзей прысвячаюць сваё жыццё дзецям, хворым, выключаным асобам ці мігрантам.
Калі б толькі нашыя абшчыны, нашыя парафіі, нашыя моладзевыя групы маглі стаць месцамі ўсё большае дабрыні сэрцаў і даверу! Месцамі, дзе мы прымаем кожнага, дзе мы шукаем паразумення і падтрымкі адно аднаго, месцамі, дзе мы чулыя да найбольш слабых, да тых, хто не належыць да нашага кола, да тых, хто бяднейшы за нас.
Цягам гэтага тыдня вы задаваліся пытаннем наконт крыніцаў радасці ды вялікіх выклікаў нашых часоў. Гэты тыдзень разважанняў для 18-35-гадовых асобаў ужо становіцца традыцыяю, таму сёння я рады запрасіць вас прыняць удзел у чарговым тыдні падобнага кшталту наступным летам, з 25 жніўня па 1 верасня 2019 г.
Прыканцы мне б хацелася падзяліцца з вамі пэўнымі добрымі навінамі. У суботу вечарам падчас супольнае малітвы мы павітаем новага брата. Яго імя Ёган (Yohan), ён паходзіць з Інданэзіі, і адгэтуль будзе працягваць сваю вандроўку да Хрыста ў нашае супольнасці.
Ягоны край нядаўна пацярпеў ад моцных землятрусаў на адной з шэрагу высп архіпелагу. Разам з моладдзю, што сабралася ў Ганконгу, мы маліліся за ахвяраў ды іх сем’і ў жалобе. Мне б хацелася сказаць інданэзійцам, якія зараз перабываюць у Тэзэ: цягам гэтых дзён будзьма працягваць нашую малітву за вашую краіну.
А зараз да нас прамовіць Аманда з Паўднёва-Афрыканскае Рэспублікі.
[1]
Добры вечар усім! Маё імя Аманда, мне 24 гады і я з ПАР. Я была тут, у Тэзэ, цягам трох месяцаў у якасці валанцёра. Тое было цудоўным дасвядчэннем, таму я лічу, што змагу занесці той вопыт дадому, жывучы ў ладзе як абшчына нягледзячы на нашыя розныя колеры скуры і мовы.
Нягледзячы на тое, што Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка - прыгожая краіна, тут багата падзелаў, вялікі разрыў паміж беднымі і заможнымі, белымі, каляровымі і неграмі. Расізм надаль існуе: ў чорных абшчынах мы цяснімся, жывучы ў малых дамах ці нелегальных пасяленнях, не маючы прыватнае прасторы і вельмі абмежаваны доступ да рэсурсаў. Але мне хацелася б дадаць, што ёсць таксама й белыя людзі, што салідарныя з намі ў абароне нашых правоў.
Царква таксама мае праблемы, маладзёны не адчуваюць сябе патрэбнымі ў Царкве — мы пачуваемся, нібы не нясем аніякае адказнасці. Здараецца таксама й так, што Царква бярэ занадта шмат ад людзей, замест таго, каб даць; багата інфармацыі на тую тэму з’явілася ў СМІ.
Але, што добрае ў ПАР, дык гэта тое, што мы бачым праблемы і займаемся тым, бо ўсе мы жадаем жыць у супакоі, справядлівым і роўным жыццём. Пачаліся перамовы наконт пытання канфіскацыі зямлі без кампенсацыі, і мы спадзяемся на добрыя вынікі.
Мы разнастайная краіна, але адначасова прыгожая. Ад усяго сэрца я запрашаю далучыцца да нас падчас сустрэчы Тэзэ, што адбудзецца ў верасні наступнага года. Вашая прысутнасць насамрэч будзе ацэненая. Будзе таксама добрая магчымасць прыехаць на чатыры дні перад сустрэчаю, каб наведаць нас, жывучы ў мясцовых абшчынах і даведваючыся пра прыгажосць і разнастайнасць культур Паўднёвае Афрыкі. Шчыра запрашаем!