TAIZÉ

Радасны радыкалізм святога Францыска Асізскага

 
Чацвер, 11 ліпеня | Taizé, Храм Паяднання

У гэты першы вялікі тыдзень лета вельмі ўсцешна бачыць тут так багата вас. Вы прыехалі з усёй Еўропы, большасць з Нямеччыны, Нідэрландаў і Швецыі, але я таксама хацеў бы прывітаць моладзь асабліва з іншых кантынентаў, з шэрагу краін свету. Некаторыя з вас застануцца ў Тэзэ на цэлае лета ў якасці валанцёраў. Шчыра вітаем!

Гэты тыдзень вельмі асаблівы, бо мы арганізоўваем цудоўную падзею: сустрэчу больш за 200 маладых францішканцаў з усяго свету.


 [1]

Вы пазнаеце іх па іх манаскіх хабітах, чый колер адрозніваецца ад нашага. Я асабліва дзякую іх кіраўніку, брату Майклу Пэры, генеральнаму міністру Ордэна Братоў Меншых, за тое, што ён запрасіў сваіх братоў на гэты тыдзень у Тэзэ.

Хоць Францыск Асізскі жыў вельмі даўно, у сярэднявеччы, ён надаль натхняе нас. Сапраўды, ён захапляе нас сваім радасным радыкалізмам у жыцці Евангеллем.

Брат Ражэ любіў Францішка з Асізі; ён часта звяртаўся да ягоных тэкстаў. І мне б хацелася адзначыць некаторыя моманты, што звязваюць нас з францішканскаю сям’ёю.

Першы агульны пункт паміж намі - важнасць жыцця ў абшчыне дзеля наследвання Хрыста. Як і першыя хрысціяне, мы хацелі б жыць дзелячыся добрамі і пастаянна амалоджваючыся праз супольную малітву. Новае жыццё, якое прынёс Езус, - гэта жыццё братэрства. Разам, у нашым жыцці, мы хочам стаць знакам Божае любові ў сучасным свеце.

Другім супольным пунктам будзе неабходнасць спрасціць наш лад жыцця дзеля таго, каб быць сапраўднымі наслядоўцамі Езуса. Якім чынам мы можам наследваць Хрыста, які стаў бедным сярод бедных, у той час калі нас душаць матэрыяльныя выгады? Вядома, ёсць беднасць, якую ніхто не абіраў, няшчасце, з якім безумоўна трэба змагацца. Але спрашчаючы нашае існаванне, мы салідарызуемся з тымі, хто мае няшмат, застаючыся ўважлівымі да самага неабходнага.

Для святога Францішка галоўнае - гэта мой трэці пункт - было праслаўленне, якая ажыўляе інтэнсіўнае ўнутранае жыццё. Сапраўды, у кожнае нашае малітве павінна заставацца багата месца на падзяку й удзячнасць. У праслаўленні мы адкрываем усё, што Бог дае нам, каб крочыць у жыцці наперад. Гэта вялікі выклік, але святы Францішак прыняў гэта: нават у хвіліны пакут ён умеў дзякаваць, памятаючы, што Бог большы за ўсё існае. Ягоныя словы, якія мы спяваем у кампазіцыі № 66 Laudemus Deum, дапамагаюць нам увайсці ў гэтую хвалу.

Нарэшце, святы Францішак Асізскі быў чалавекам дыялогу. Напрыклад, ён не завагаўся сустрэцца з мусульманскім султанам - штосьці неймавернае для яго часу. Ягонымі слядамі мы хацелі б набрацца смеласці прывесці сваю веру ў сапраўдны дыялог з людзьмі, якія думаюць інакш ад нас.

Завяршаючы, хацеў бы нагадаць, што ў нас у Тэзэ ёсць вітраж з выявай святога Францішка. Ён знаходзіцца ў невялікім раманскім касцёле ў вёсцы, злева ўперадзе. Ён крыху схаваны, але яго варта адшукаць. Калі вы заўтра плануеце пайсці туды, будзьце стрыманымі, бо гэты касцёл у Тэзэ - месца на цішыню й роздумы.

Гэты вітраж - вельмі істотны аспект паслання Францішка - ягоная ўвага да Стварэння. Так, як прадвеснік, ён разумеў, што хрысціяне павінны быць уважлівымі да ўсіх жывых істот, якія для нас з’яўляюцца Божым дарам. Будзьма ж клапаціцца пра нашу цудоўную планету, якая сёння так шмат церпіць.

Такім чынам, мы можам сказаць дзякуй дарагому брату Майклу і падзякаваць вам усім, францысканцы з усяго свету, за вашае сведчанне. Напэўна, гэтыя дні ўсё ж дадуць нам добрую магчымасць ўваходу ў дыялог.


Зараз Амаіта будзе зачытваць назвы ўсіх краін, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць на гэтым тыдні ў Тэзэ, што прадстаўляюць вялікую разнастайнасць народаў, а дзеці будуць раздаваць ім кветкі.

Гэтыя кветкі для гасцей з Гвінеі-Бісаў, Тога, Беніна, Нігерыі, Чада, Конга, Бурундзі, Руанды, Уганды, Кеніі, Танзаніі, Мадагаскара, Мазамбіка, Намібіі ды Паўднёвае Афрыкі.

Для тых, хто прыехаў з Мексікі, Гватэмалы, Сальвадора, Гандураса, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Коста-Рыкі, Панамы, Калумбіі, Венесуэлы, Эквадора, Перу, Балівіі, Бразіліі, Парагвая, Чылі і Аргенціны.

Для маладзёнаў з Канады, Злучаных Штатаў і Аўстраліі.

Для моладзі з РФ, Фінляндыі, Швецыі, Беларусі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Даніі, Нямеччыны, Нідэрландаў, Бельгіі, Злучанага Каралеўства ды Ірландыі.

Для румынаў, баснякоў, харватаў, вугорцаў, славакаў, чэхаў, аўстрыякаў, славенцаў, італьянцаў, мальтыйцаў, швейцарцаў, французаў, гішпанаў ды партугальцаў.

Для моладзі з Егіпта, Іарданіі, палестынскіх тэрыторый, Ізраіля, Лівана і Ірака.

Кветкі для карэйцаў, японцаў, кітайцаў, моладзі з Ганконга, Тайваня, В’етнама, Тайланда, Філіпін, М’янмы, Бангладэш, Усходняга Тымора, Індыі, Пакістана і Шры-Ланкі.

Апошняе абнаўленне: 10 жніўня 2019

Зноскі

[1Здымак: Sophie Desproges-Gotteron