TAIZÉ

Хрыстус нашым супакоем

 
Чацвер, 1 жніўня | Taizé, Храм Паяднання

Тройчы на дзень мы збіраемся разам у гэтым Храме Паяднання. Разам мы крочым да вытокаў веры.

Вы ўжо ведаеце, што для нас, братоў, гэты тыдзень адзначыўся смерцю ў начы з панядзелка на аўторак нашага брата Жака. Урачыстую цэрэмонію развітання з усімі вамі мы арганізуем ў суботу апоўдні.

Брат Жак пражыў вельмі значную частку свайго жыцця ў якасці брата ў Азіі, у Бангладэш, куды ён прыбыў у 1975 годзе. Там некаторыя з нашых братоў жывуць сярод людзей, што амаль цалкам з’яўляюцца вызнаўцамі ісламу.

Але якім чынам нашыя браты могуць быць там сведкамі ўваскрослага Хрыста? Тое адбываецца пераважна не праз размовы, але перадусім праз запрашэнне людзей, праз перабыванне поруч з імі, захапляючыся іх дарамі, напрыклад, іх пачуццём прыгажосці і паэзіі. Тое адбываецца таксама праз быццё блізка тых, што церпяць, дапамагаючы ім зразумець, наколькі іх любяць.

Так, нашыя браты дзеляцца іх штодзённым дасвядчэннем з найбяднейшымі і найбольш пакінутымі. Яны таксама праводзяць пілігрымкі з маладымі інвалідамі, што збіраюць разам вернікаў з розных рэлігій. Вялікая разнастайнасць рэлігій і культур, што характэрна для Бангладэш, імкнецца да быцця знакам таго, што служэнне найбольш безабаронным адкрывае шлях супакою і еднасці.


Іншага дня малады хлопец запытаў мяне: як я магу знайсці ўнутраны супакой? Я пачуўся крыху заспетым знянацку, каб адказаць яму. Сапраўды, унутраны супакой - вельмі важная рэчаіснасць, але ў той самы час яго можна адчуць, прынамсі, толькі часамі.

Так, бываюць сітуацыі, калі я, нібы будучы здзіўленым, напаўняюся ўдзячнасцю за жыццё, за чалавека, за падзею, за музыку, за прыроду. Але жыццёвыя клопаты, вялікія ці малыя, часта хутка зноў перацягваюць шалі ўвагі.

Езус запрашае нас не дазваляць сабе быць перагружанымі клопатамі. І я ведаю людзей - я маю на ўвазе кагосьці канкрэтнага, - хто павінен пераадолець непакой, захоўваючы пры тым дзіўны спакой. Гэты чалавек сказаў мне: “Святы Дух перабывае тут, Ён падтрымлівае мяне”.

Але як мы можам здабыць той давер, які ёсць у Бога, давер большы ад нашых клопатаў? У гэтым нам можа дапамагчы выказванне Езуса. Перш чым памерці на крыжы, Ён сказаў сваім вучням: “Я даю вам супакой”.

Стварэнне гэтага супакою не залежыць ад нас: усё, што мы можам зрабіць, гэта прыняць яго. Апостал Павел ідзе так далёка, што кажа “Хрыстус нашым супакоем”. Гэты Хрыстовы супакой перш за ўсё не з’яўляецца толькі нашым пачуццём, якое нас супакойвае. Больш глыбока гэта праяўляецца ў нашых адносінах з іншымі. Нават з тымі, хто адрозніваецца ад мяне, у каго іншыя меркаванні, іншая рэлігія… Хрыстус захоўвае нас у супакоі.

Вядома, гэты супакой Хрыста касуе рознагалоссі ці напружанасць не пры дапамозе магіі. Але асвячае іх новым святлом. Гэта прымушае нас больш уважліва слухаць адзін аднаго, каб пайсці як мага далей дзеля зразумення пункту гледжання іншых. Тады ён ці яна ўжо не ўяўляюць для мяне пагрозы; мы нават можам зрабіць некалькі супольных крокаў наперад.

Таму адносіны з іншымі меней напоўненыя страхам, нас тое супакойвае, тады можа паўстаць унутраны супакой.

Хрыстус нашым супакоем: Ён прымушае нас адкрыць сябе іншым і нават вытрымліваць напружанне без страху. Менавіта такі падыход дазваляе забяспечыць душэўны супакой. Паяднанне, якога жадае ад нас Бог, пачынаецца ў нашых сэрцах, ва ўнутраным свеце, дзе іншы не быў бы катэгарызаваны ці забабонна патрактаваны.

Так, менавіта Хрыстус з’яўляецца тым, хто дае нам свой супакой. Без гэтага спакуса расчаравання і горычы можа стаць занадта моцнай. Сапраўды, дзякуючы ўнутранаму супакою, які мы атрымліваем ад Хрыста, мы можам стаць носьбітамі супакою і паяднання ў чалавечае сям’і.


Зараз я хацеў бы даць слова маладому валанцёру з Ірака, які праводзіць з намі лета. Ён і ягоная сям’я моцна пацярпелі ад лютасці ды вайны. Давайце прыслухаемся да ягоных слоў.


Добры вечар усім. Мяне завуць Фадзі, і я родам з Багдзеды / Каракаша, горад Масул у Іраку. Сёлета я перабываю ў Тэзэ ў якасці валанцёра.

У апошнія гады мы падвяргаліся вялікім пераследам з боку экстрэмісцкіх груповак ды Ісламскай дзяржавы, уключаючы забойствы, разбурэнні і паленні нашых дамоў і храмаў, рабункі нашых уладанняў і маёмасці, у дадатак псіхалагічны гвалт да і пасля нашага прымусовага перасялення.

Нягледзячы на ўсё гэта, нашая хрысціянская вера рэкамендуе нам прабачаць ім. Гэта вельмі цяжка, таму што мы так шмат пацярпелі. Але без прабачэння не будзе міру, будзе яшчэ адна вайна. У апошні час мы пачалі адбудоўваць масты сувязі з нашымі суседзямі.

Нам патрэбныя вашыя малітвы тут, у Тэзэ, за нашых ворагаў і за нас, каб мы маглі жыць у міры і бяспецы.

Дзякуй, Фадзі, за гэтыя вельмі моцныя словы. Мы будзем маліцца за цябе, за тваю сям’ю і за мір у Іраку й на Блізкім Усходзе.

Ад траўня ў Тэзэ пасяліліся чатыры сям’і ўцекачоў-язідаў, у прыватнасці маці з дзецьмі з Ірака і Сірыі. Для гэтага мірнага народа наступная субота, 3 жніўня, з’яўляецца вельмі сур’ёзнай датай, калі пяць гадоў таму многія з іх былі жорстка зарэзаны. У суботу ўвечары гэтыя сем’і будуць з намі ў храме. Напрыканцы малітвы мы правядзем некалькі хвілін у цішыні, каб паказаць сваю салідарнасць з пакутамі язідскага народа.



 [1]

Апошняе абнаўленне: 13 August 2019

Footnotes

[1Здымак: Cédric Nisi