Чацвер, 26 верасня
З глыбокай радасцю звяртаюся да вас, дарагая моладзь Паўднёвае Афрыкі і многіх іншых краін. Кожны з нас пакінуў свой дом ці краіну, каб прысутнічаць на гэтае пілігрымцы ў Кейптаўне. Паломніцтва - гэта шлях малітвы і супольнасці. Мы адкрываем сябе Богу ды іншым.
Прамаўляючы да вас, мне б хацелася адразу сказаць вам: мы не прыехалі з Тэзэ, каб перадаць вам паведамленне аднекуль. Гэта вы ўяўляеце сапраўднае пасланне: яно ўвасабляецца вашае прысутнасцю тут, разам ва ўсёй нашай разнастайнасці. Сапраўды, якая дзіўная разнастайнасць прысутнічае сярод нас! Вы прыехалі з усяе Паўднёвае Афрыкі, з шэрагу дзяржаў афрыканскага кантынента, а некаторыя нават з далёкіх краін.
Гэтая сустрэча стала магчымаю на запрашэнні Цэркваў у Кейптаўне, і таму я хачу падзякаваць тым, хто запрасіў нас сюды: англіканскаму арцыбіскупу Табо Макгоба, вялебнаму Сцівену Брысліну, каталіцкаму арцыбіскупу Кейптаўна, біскупу метадыстаў Сіва, старшыні Паўднёваафрыканскае рады цэркваў, а таксама вялебнаму др. Густаву Клаасену з Галандскае рэфармацкае царквы.
А праз іх я хацеў бы падзякаваць біскупам, пастарам і святарам Цэркваў усіх канфесій, якія дапамаглі зрабіць гэтую сустрэчу магчымай. Я таксама хацеў бы прывітаць арцыбіскупа Дэсманда Туту, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца сябрам нашае Абшчыны, англіканскага арцыбіскупа Джона Сентаму з Ёрка, які прыбыў з Ангеліі, каб перабываць з намі, а таксама каталіцкага біскупа ў Паўднёвае Афрыцы Стэнлі Дзюбу, які адказвае за моладзь, што будзе ўдзельнічаць ва ўсёй сустрэчы.
Мы сабраліся тут, на ўмілаванае зямлі краіны Паўднёвае Афрыкі! Сёння ў другой палове дня з намі перабываюць хрысціяне з Кейптаўна, якія прынялі рашэнне адчыніць дзверы, каб прывітаць нас. Сапраўды, тысяча гаспадароў паказала той давер, які заключаецца ў адчыненых дзвярыма незнаёмым людзям аднекуль альбо асобам іншага паходжання.
Ва ўмовах сучаснага грамадства гэтая прапанаваная гасціннасць набывае яшчэ большае значэнне, бо шмат сем’яў прымаюць гасцей з іншае супольнасці, іншае Царквы ці іншае краіны. Дазвольце мне працытаваць маці адной з мясцовых сем’яў, якая некалькі тыдняў таму падчас падрыхтоўчае сустрэчы сказала: “Так, мы баімся іншых, але мы ведаем, што павінны прывітаць іх; іншага выйсця няма”.
Тысяча дамоў адкрытыя, каб прыняць нас - якое ж гэта цудоўнае пасланне! Менавіта такім чынам нашая сустрэча становіцца сапраўднае Пілігрымкаю Даверу. Супольна з усімі, хто прымае нас, мы пакідаем своеасаблівае насенне даверу ў гэтае ўмілаванае краіне Паўднёвае Афрыкі.
Мы ўсе ведаем, што цяперашняя сітуацыя складаная. У большасці нашых краін падзел толькі ўзмацняецца. Калі мы прынялі запрашэнне падрыхтаваць гэтую сустрэчу, гэта было збольшага таму, што мы ўзгадалі, што ў вашае гісторыі, як у страшную эпоху апартэіду, так і ў час пасля, многія з вас знайшлі спосаб трываць у надзеі, перад абліччам усіх супярэчнасцяў.
У гэтыя дні, каб увайсці ў гэты досвед братэрства, мы павінны быць гатовыя прыняць адзін аднаго ва ўзаемнае павазе, з адкрытасцю прызнаць нашую разнастайнасць. Так, на вобраз самога Бога, будзьма прымаць іншых, не такіх, якімі мы б хацелі, каб яны былі, але такімі, якімі яны ёсць; можа, мы пагодзімся быць прынятымі імі на свой кшталт, а не паводле нашага ўласнага ўпадабання.
Гасціннасць - гэта жаданае стаўленне да іншых, але тое таксама змушае нас у глыбіні нашага быцця ўспрымаць сябе такімі, якімі мы ёсць. Гэта пачатак шляху да аздараўлення, якое патрэбна ўсім нам. Будзьма ж прымаць нашыя слабасці й уразлівасць у якасці дзвярэй, праз якія да нас уваходзіць Бог.
Урывак з Евангелля, які мы чулі сёння ў другой палове дня, нагадвае нам пра тое, што шчасця не можа быць знойдзена ў нейкім ідэальным жыцці альбо ў пошуках маёмасці. Наадварот, словы дабраслаўлення заклікаюць нас увайсці ў прастору радасці, сціпласці ды міласэрнасці. Па гэтых словах Езуса мы разумеем, што мяккасць і пакора не з’яўляюцца прыкметамі слабасці. Наадварот, для Езуса гэта тыя каштоўнасці, што чыняць з нас больш гуманных і шчаслівых.
У адным з блажэнстваў Езус кажа нам: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць!” У гэтыя дні ў гэтае паўднёваафрыканскае краіне, якую так любяць, але якая таксама пакутуе, дазвольце гэтаму слову Хрыста адгукнуцца ў нашых сэрцах!
Пятніца, 27 верасня
Учора ўвечары мы пачулі прыгожы ўрывак з Евангелля паводле Яна, які распавядае пра знак любові, які Езус даў напрыканцы свайго жыцця: пра момант, калі Ён падчас апошняе вячэры падзяліўся са сваімі сябрамі, абмываючы ім ногі. Гэтым актам Езус адмяняе ўстаноўлены парадак. Ён займае месца слугі і ўшаноўвае сваіх вучняў.
Гэты жэст паказвае, як моцна любіў Хрыстос сваіх вучняў, але, у той жа час, гэта таксама заклік. Падаючы ім гэты прыклад, Езус заклікае іх рабіць тое ж самае і крочыць паўсюль шляхам любові. Пра гэта Ян кажа ў сваім першым пасланні: “Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая”.
Ці ж бы тое не было перадусім пытаннем веры ў любоў, веры ў тое, што любоў існуе? Каб маглі любіць мы, трэба спачатку дазволіць Божае любові змяніць і перамяніць нас. Так, Хрыстос так палюбіў нас, што паставіў сябе нам на службу і заняў нашае месца. Такім чынам, скарб Ягонае любові становіцца маім, а я, у сваю чаргу, магу чэрпаць з гэтага скарбу прагненне кахання ўсіх тых, каго Бог даручае мне.
Колькі людзей мужна імкнуцца дапамагаць іншым! Раніцамі нам пашанцавала сустрэць у горадзе сведкаў надзеі, якія вельмі канкрэтна паляпшаюць паўсядзённае жыццё вакол іх. У другой палове дня семінары закранаюць шматлікія праблемы сучаснасці: дзяленне з беднымі, адукацыя, прадпрымальніцтва і клопат пра Стварэнне ды шэраг іншых.
Варта прызнаць, у шэрагу краін свету гвалт выклікае спусташэнне ў імя нечалавечых ідэалогій. Да гэтага дадаюцца надзвычайная беднасць, зламаныя рэляцыі, трывога за будучыню і небяспека кліматычных змен. Узрушаныя гэтае нестабільнасцю, багата каго адпуджваюць пакуты і несправядлівасць.
Менавіта таму, што цяперашнія праблемы настолькі істотныя, нам бы хацелася мець большы давер да нечаканае знаходлівасці нашае чалавечае сям’і. І ў прыватнасці, сёння мы хочам звярнуць увагу на творчасць і жыццёвую сілу столькіх маладзёнаў.
Паўднёваафрыканцы ўвасабляюць барацьбу за свабоду, што трывае дзясяцігоддзямі. Некаторыя заплацілі сваім жыццём або гадамі пазбаўлення волі за адданасць справе годнасці для ўсіх. Ад вас, дарагія сябры Паўднёвае Афрыкі, мы атрымліваем гэтую добрую навіну: мы будзем па-сапраўднаму свабодныя, толькі калі нашыя сэрцы будуць вольныя ад нянавісці, страху, пагарды і асуджэнняў.
Пошук сапраўднае свабоды ўчыньвае нас больш здольнымі браць на сябе адказнасць. Давяраць Богу не азначае мець гатовыя адказы, але гэта дазваляе нам не быць паралізаванымі страхам ці зняважлівасцю.
Такая надзея не з’яўляецца танным аптымізмам, які заплюшчвае вочы на рэальнасць, але гэта як якар, які трымаецца ў Богу. Яна з’абавязвае нас, вызначае наш кірунак. І тады мы разумеем, што Евангелле адкрывае гарызонт надзеі.
Напрыканцы супольнае малітвы будзе магчымасць памаліцца так, як мы тое робім кожную пятніцу ў Тэзэ: малітва вакол Крыжа. Усе, хто жадае, могуць прыйсці да Крыжа, паклаўшы чола на дрэва, і тым знакам аддаць Хрысту цяжары, свае ды іншых асоб.
Гэтая малітва вакол Крыжа дазваляе нам трымаць ў нашае малітве тых, хто праходзіць цяжкія выпрабаванні ў сваім жыцці: тых, хто пакутуе ў сваёй душы або на целе, хворых, ахвяры несправядлівасці ўсіх відаў, тых, каму давялося пакінуць краіну, альбо тых, хто адчувае самотнасць.
Не губляючы нашае дальнабачнасці, але супраціўляючыся страху, мы можам памятаць, што Хрыстос выцягнуў рукі на Крыжы, каб прыняць кожную чалавечую істоту. Як паслядоўнікі Хрыста, ці ж бы не ўсе хрысціяне мелі пакліканне працаваць для супольнасці ўсіх людзей, па-над бар’ерамі любога кшталту? Менавіта такое братэрства, адноўлены давер паміж людзьмі, з’яўляецца адзіным шляхам, што вядзе да супакою.
Субота, 28 верасня
Сёння я хацеў бы пачаць з падзялення асабістымі ўспамінамі. У лістападзе 1978 г. некалькі з нас прыехалі з Найробі разам з братам Ражэ, заснавальнікам нашае Супольнасці Тэзэ, каб правесці некалькі дзён у Паўднёвае Афрыцы - у Яганэсбургу і Кейптаўне. Гэта быў мой першы візіт у Паўднёвую Афрыку. У Кейптаўне адбыўся малебен у Crossroads. Вялікая колькасць людзей сабралася тады цалкам наўрышча.
Нас прымалі некалькі пастараў і лідэр мясцовага савета. Напрыканцы службы брат Ражэ укленчыў, просячы кожнага чалавека зрабіць знак крыжа на далоні ў якасці жэсту прабачэння.
Праўдаю ёсць тое, што ў некаторых сітуацыях прабачэнне здаецца немагчымым, бо на столькі вялікая здзейснілася несправядлівасць і трываюць пакуты. Памятайма, што прабачэнне часам адбываецца праз паслядоўныя этапы. Нават звычайнае жаданне не дазваляць сабе рэагаваць гвалтам на дасведчаны гвалт - гэта крок, які навяртае нас на шлях прабачэння. Толькі Бог можа дараваць усё і адначасова даваць справядлівасць усім прыгнечаным.
Езус засеяў гэтае насенне Божага прабачэння сярод чалавецтва. У сваім жыцці і нават на крыжы Хрыстос дараваў, адмаўляючыся каго-небудзь асуджаць. Царква, якая збірае ўсіх тых, хто любіць Хрыста, пакліканая да таго, каб сама перамянілася міласэрнасцю. Менавіта ў Царкве мы знаходзім прабачэнне для сябе, унутраны супакой і заахвочванне да таго, каб прабачаць тым, хто нас пакрыўдзіў.
Як сёння мы можам абвяшчаць пра гэтую добрую навіну ў свеце, калі мы, хрысціяне, застаемся падзеленымі? Больш бачная еднасць сярод хрысціянаў з’яўляецца неабходным каталізатарам адзінства і супакою ва ўсёй чалавечай сям’і. Ці будзем мы рабіць усё магчымае, каб збірацца пад адным дахам часцей і паглыбляць адносіны паміж намі?
Пасланне Божага прабачэння не можа выкарыстоўвацца для апраўдання зла ці несправядлівасці. Наадварот, гэта вызваляе нас, каб мы маглі бачыць уласныя недахопы, а таксама недахопы і несправядлівасці вакол нас і ў свеце. Ад нас залежыць, як правільна выправіць тое, што можна выправіць.
Раны гісторыі могуць пакідаць шнары ў свядомасці і менталітэце людзей на працягу многіх пакаленняў. Але прыніжэнні, якія былі перажытыя, не павінны заўсёды весці да гвалту. Вылячэнне можа прыйсці не праз перамогу адной групы над другой, але калі ў сэрцах людзей вызваляецца месца на павагу годнасці іншых.
Найноўшая гісторыя Паўднёвае Афрыкі дае нам прыклад. Хоць наперадзе яшчэ доўгі шлях у бок большае справядлівасці, Нэльсан Мандэла і іншыя, прапанаваўшы прабачэнне, зрабілі магчымым загаенне шматлікіх ран, хаця яны й сапраўды былі страшнымі.
На сустрэчы моладзі, якую мы правялі ў Яганэсбургу ў 1995 г., Мадыба даслала нам такое паведамленне: “Я заклікаю маладое пакаленне, якое адыгрывае важную ролю ў стварэнні новае Паўднёвае Афрыкі, прымаць адказнасць і не паддавацца нецярплівасці і адчаю. Такім чынам, гэтае пакаленне можа стаць крыніцай надзеі для многіх маладых людзей па ўсім свеце, якія шукаюць спосабы ўмацаваць давер да чалавечае сям’і. Падтрымліваючы і служачы адзін аднаму, мы можам разам рухацца наперад, знаходзячы сілы і радасць у салідарнасці, якая нас аб’ядноўвае”.
Гэта пасланне вельмі актуальна й сёння. Нават у выпадку выбуху гвалту мы можам засведчыць той факт, што любоў мацнейшая за нянавісць. Мае браты, некаторыя з якіх два гады былі тут, у Кейптаўне, распавялі, што некалькі тыдняў таму пры аўтастрадзе з актыўным транспартным патокам пару дзясяткаў жанчын і дзяцей трымалі транспаранты і шыльды з надпісам “Спыніць гвалт”.
Акцыя можа выглядаць нязначнаю перад абліччам адной з самых сур’ёзных сацыяльных праблем краіны. Але гэтая гісторыя кранула мяне. Хто пачуе крык гэтых маці, якім давядзецца сутыкнуцца з гэтым гвалтам?
Заўтра мы вернемся да паўсядзённага жыцця. Мы будзем развітвацца з людзьмі, якія сустрэлі нас з такой шчодрасцю. Выкажам ім удзячнасць нашых сэрцаў ужо зараз!
Я хацеў бы, каб мы ў рэшце рэшт сустракаліся на малітве і на абмене з іншымі: якія крокі я магу здзейсніць на сваім узроўні, каб пабудаваць грамадства, дзе братэрская любоў і прымірэнне былі б рэаліямі? Зразумела, мы не можам прыкідвацца, што маем рашэнне праблем, якія не падлягаюць нашаму кантролю. Але пытанне накшталт гэтага будзе трымаць нас у стане пільнасці і гатовасці стаць міратворцамі ў нашым штодзённым жыцці.
Будзьма ж працягваць гэтую Пілігрымку Даверу ў нашым жыцці дома, і не забываць пра заахвочванне, якое мы атрымалі ў гэтыя дні. Гэта словы заахвочвання самога Езуса, які кажа кожнаму з нас: “Не бойцеся, вось Я з вамі ва ўсе дні аж да канца свету”.