Усяго месяц таму разам з больш як 2000 тысячамі маладзёнаў з Афрыкі ды іншых краін мы сабраліся ў Паўднёвае Афрыцы, у Кейптаўне. Для мяне было вельмі ўсцешна вярнуцца ў гэтую цудоўную краіну, якая 25 гадоў таму паказала свету моц негвалтоўнага пратэсту супраць апартэіду.
Аднак трэба таксама сказаць, што сітуацыя ў Паўднёвае Афрыцы застаецца вельмі складанай і сёння, асабліва з-за падзелаў паміж этнічнымі абшчынамі: чорныя, белыя, паўкроўкі вядуць розны лад жыцця і мала сустракаюцца. Мікрараёны падзеленыя, а мастоў мала.
У такім кантэксце тое, што 1000 сем’яў адчыніла дзверы, каб прыняць больш за дзве тысячы маладых людзей з 31 краіны, не ведаючы загадзя іх паходжання, было надзвычайным знакам. Насамрэч гэта патрабавала смеласці з абодвух бакоў: як тых, каго віталі, так і тых, хто вітаў.
Я павінен таксама сказаць вам пра тое, што працягваючы ажыўляць гэтую радасную «Пілігрымку Даверу», апошнім часам нас напатакала цёмная рэальнасць, пра якую я лічу важным пагаварыць з вамі зараз.
У апошнія месяцы мы былі заангажаваныя ў справу ставання ў праўдзе, якая тычылася абвінавачванняў у сексуальных гвалтах братоў на непаўнагадовых у 1950–1980 гадах.
Пасля перадачы тых спраў да суда ды абнародаванні гэтага працэсу, нядаўна я атрымаў новую, смутную гісторыю, з абвінавачваннем брата ў духоўных, псіхалагічных ды сексуальных маніпуляцыях і дамаганнях цягам шэрагу гадоў.
Каб на справу пралілася святло, я адразу ж пераслаў тыя паказанні кампетэнтным органам. Некалькі дзён таму брата, які быў аскарджаны, узялі пад варту, яго потым абвінавацілі ў згвалтаванні і нападзе, і змясцілі ў следчы ізалятар.
Вядома, што трэба чакаць, калі праўда будзе ўстаноўлена. Але мы павінны гэта сказаць выразна: калі гэтыя факты праўдзівыя, гэта азначае, што той брат здрадзіў давер, які быў яму аказаны. Перадусім - давер ахвяры, але таксама давер тых, хто прыязджае сюды, а таксама давер наш, братоў.
Мы з братамі ў шоку і хочам, каб на справу пралілася святло, таму што такое захаванне цалкам несумяшчальнае з нашым жыццём. Я стаю на баку ахвяры, і мы зробім усё магчымае, каб падтрымаць яе.
Калі сёння ўвечары я вырашыў пагаварыць з вамі аб гэтай вельмі сур’ёзнай тэме, дык гэта таму, што наша Супольнасць хоча зрабіць усё, каб Тэзэ заставалася для вас месцам даверу, месцам, дзе ўсіх вас прымаюць, вас, чыя недатыкальнасць застаецца ў павазе.
Столькі моладзі і дарослых асобаў адкрываюць тут, ці нават паглыбляюць, свой давер да Бога ды іншых людзей! Аднак разам з апосталам Паўлам мы павінны тое добра падкрэсліць: гэты скарб прысутнасці Бога, мы, браты, нясем у гліняных начыннях.
Калі некаторыя з вас адчуваюць патрэбу паразмаўляць, ведайце, што браты і сёстры, святары і пастары могуць вас выслухаць тут, у храме.
А зараз малітва працягнецца пэўным жэстам, які мы звычайна праводзім у пятніцу ў Тэзэ: малітва вакол Крыжа. Усе, хто таго жадае, могуць падысці да Крыжа, пакласці чола на дрэва, перадаючы тым жэстам Хрысту свае цяжары ды цяжары іншых асоб. Гэтая малітва дазволіць нам агарнуць сваёю малітваю ўсіх тых, хто ў сваім жыцці праходзіць праз выпрабаванні.
Сёння ўвечары мы зможам памаліцца асабліва за тых, хто стаў ахвярай супрацьпраўнага ўплыву альбо любой іншай формы гвалту. Давярайма Хрысту, добраму пастыру, які кіруе да нас свой давер, нават у часіну нашае цемры.
[1]