TAIZÉ

Тыдзень разважанняў для 18-35-гадовае моладзі

 
Чарговы тыдзень разважанняў для 18-35-гадовае моладзі адбудзецца з 25 жніўня па 1 верасня 2024 г.

У праграме гэтага адмысловага Тыдня рэфлексіі могуць удзельнічаць 18-35-гадовыя студэнты, маладыя спецыялісты, валанцёры альбо тыя, хто шукае працу.

У сувязі з гэтай канкрэтнай праграмай мы просім старшакласнікаў, асобы старэйшыя за 35 гадоў, а таксама сем’і з малымі дзецьмі выбраць іншы тыдзень у 2024 г., каб прыехаць у Тэзэ.


Тыповая праграма дня тыдня разважанняў

  • 08:15 ранішняя малітва з біблійным разважаннем у храме, пасля чаго - сняданак
  • 10:15 тэматычныя сустрэчы альбо працоўныя абавязкі
  • 12:20 паўдзённая малітва, пасля чаго - пасілак
  • 15:00 тэматычныя сустрэчы альбо працоўныя абавязкі
  • 17:00 падвячорак
  • 17:45 малыя групы абмену думкамі
  • 19:00 вячэра
  • 20:30 вечаровая малітва

Прыклад праграмы моладзевага Тыдня са жніўня 2023 г.

У далучаным файле поўная праграма тэматычных сустрэч моладзевага Тыдня разважанняў з 20 па 27 жніўня 2023 г.:

PDF - 218.2 kb

Прыклад праграмы моладзевага Тыдня са жніўня 2022 г.

У далучаным файле поўная праграма тэматычных сустрэч моладзевага Тыдня разважанняў з 20 па 27 жніўня 2022 г.:

PDF - 799.2 kb

Рэха спецыяльнага тыдня для моладзі: меркаванні ды ўражанні ўдзельнікаў пра тэматычныя семінары

Экалагічныя змены ў маштабах мясцовай тэрыторыі – з Жан-Люкам Дэльпёшам (Францыя), старшынёю Супольнасці муніцыпалітэтаў Клюні.

Жан-Люк Дэльпёш прадставіў тэрытарыяльны праект Супольнасць муніцыпалітэтаў Клюні. Мэта гэтага праекта - зрабіць тэрыторыю больш устойлівай і падрыхтаваць яе да вырашэння цяперашніх і будучых выклікаў. Гэта міжмуніцыпальны орган з 42 муніцыпалітэтаў, які складаецца з 450 прадстаўнікоў на 14 000 жыхароў, і які заклікае да актыўнае дэмакратыі і “мазгавога штурму” дзеля падштурхоўвання гэтага праекта. З выяўленых слабых месцаў (у тым ліку засуха, сацыяльная дыферэнцыяцыя, старэнне насельніцтва) і моцных бакоў (у тым ліку біяразнастайнасць, камунальныя лясы, судовыя сістэмы ў некалькіх юрысдыкцыях агульнага права) былі вызначаны тры канкрэтныя дзеянні для кожнае вобласці. Гэты прыклад экалагічнае трансфармацыі, ужыты на мясцовым узроўні, нас вельмі зацікавіў, таму што гэтая тэма нас хвалюе і блізкая сэрцу.

Нікаля (Францыя), Ціна і Леа (Нямеччына)

Паміж надзеяй і адчаем - Ці могуць біблейскія тэксты адкрыць для нас новыя перспектывы ў часы крызісу? – разам з Катарынаю Апалка (Нямеччына), пратэстанцкім тэолагам.

Катарына Апалка, пратэстанцкі тэолаг, якая працуе ў Бонскім універсітэце, прадставіла нам свае даследаванні аб нашае здольнасці да ўстойлівасці ў крызісах, з якімі мы можам сутыкнуцца. Крызіс можна вызначыць як час у нашым жыцці, калі мы губляем кантроль над нейкае сітуацыяй, напрыклад, расстанне ці напружаная праца. Выступоўца апісала нам розныя практыкі, якія дазваляюць перажыць крызіс, такія як вербалізацыя і прыняцце абставінаў, абмен сваімі эмоцыямі з сябрамі альбо малітва, а таксама захаванне паўсядзённых працэдур, што аднаўляюць пачуццё кантролю. Мы змаглі падзяліцца ўласным вопытам і стратэгіямі, каб разам захаваць надзею на будучыню, якая застаецца нявызначанай.

Фані (Францыя), Яра (Нямеччына) і Рос (ЗША)

Як у сучасных умовах пабудаваць устойлівую будучыню ў Афрыцы – разам з Жэрменам Дасільвам (Конга / Францыя), былым высокапастаўленым чыноўнікам Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (FAO).

Перад сваёю 30-гадоваю працаю ў FAO (Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый) у якасці эканаміста да спраў рыбалоўства Жэрмен Дасільва быў на сталым валантарыяце ў Тэзэ. На семінары ён распачаў з агульнага партрэта розных дынамік і праблем афрыканскага кантынента, падкрэсліўшы мноства сітуацый. У прамоўцы ёсць надзея на будучыню гэтага кантынента, якую нясуць яго маладосць і мясцовыя ініцыятывы. Мы высока ацанілі яго гісторыі, падмацаваныя яго вялізным вопытам і здольнасцю даваць цікавыя адказы на шматлікія зададзеныя пытанні.

Летыцыя і Летісія (Францыя)

Экалагічны крызіс і палярызацыя меркаванняў: размаўляць аб кліматычных зменах, застаючыся ў адзінстве – разам з псіхолагам Леай Фішэр (Нямеччына).

Гэты семінар не быў класічнай размовай пра кліматычныя змены. Нягледзячы на ​​тое, што ў нас ёсць доступ да вялікае колькасці інфармацыі аб тым, што адбываецца, часцей за ўсё мы не ведаем, што з гэтым рабіць. Якім чынам мы можам перадаць тую заклапочанасць, не высільваючы сябе і не атакуючы ​​іншых? Леа Фішэр прапануе для гэтага псіхалагічны падыход. У той час як навуковыя факты неабходныя, каб пераканаць іншых, эмацыйныя рэакцыі - гэта тое, што людзі найбольш памятаюць пасля размоў: гэта азначае, што клопат пра тое, як мы размаўляем з іншымі, гэтак жа важны, як і прывядзенне лагічных аргументаў. Не заўсёды лёгка мець прыемныя размовы з людзьмі, якія, здавалася б, маюць мала агульнага з намі. Таму прамоўца прапануе нам паспрабаваць зразумець пункт гледжання іншага з пункту гледжання чалавечых каштоўнасцей. Калі людзі адчуваюць сябе зразумелымі, лягчэй абменьвацца думкамі і дасягаць кампрамісаў. Гэта можа быць праблемай, але гэта яшчэ адзін карысны спосаб зрабіць свой унёсак у экалагічную трансфармацыю - мы прапануем вам пагаварыць аб кліматычных зменах з дапамогай гэтага новага падыходу.

Марыя і Сафія (Гішпанія)

Зялёны лад, Covid-19, міграцыі: абмен еўрапейскімі навінамі – разам з Філіпам Ламбертсам (Бельгія), дэпутат Еўрапарламента.

Філіп Ламбертс, вопытны еўрадэпутат, прадставіў сваё бачанне таго, як Еўразвяз вырашае асноўныя бягучыя праблемы. Калі ёсць нейкія прыкметныя поспехі, у прыватнасці, у распаўсюдзе вакцын супраць Covid-19 або ў распрацоўцы Зялёнага ладу (пакет законаў па барацьбе з кліматычнымі зменамі), дык з міграцыйнай праблемай Еўразвяз па-ранейшаму не спраўляецца. Адказваючы на ​​пытанні моладзі, Філіп Ламбертс падзяліўся з намі, якое месца займае ягоная хрысціянская вера пры разглядзе розных пытанняў, як глядзець на праблемы сістэмна і адпаведна прымаць іх. Такім чынам, ён заяўляе, што “вера важней за ўсё” ў пераадоленні крызісаў. Ён таксама настойвае на захаванні даверу да сацыяльных інстытутаў і прадстаўнічай дэмакратыі, заклікаючы трактаваць мігрантаў як людзей, а не як інструменты.

Хуан (Гішпанія) і Анамарыя (Вугоршчына)

Вобраз (ікона) Бога, Стварэнне, Валадарства: трохмерная перспектыва іконы на Ўсходзе – разам з Ёанам Ленам (Албанія / Нідэрланды), праваслаўным святаром.

Ці павінны мы ствараць іконы, калі гаворыцца, што мы не павінны ствараць вобраз Бога? Увасабляючыся ў Езуса, Бог узвялічвае чалавецтва і адкрывае яму дзверы доступу да пазнання Бога ў асобе Езуса. Нарысы гісторыі ўнутранае барацьбы ў хрысціянскім свеце дазваляюць даведацца, ці можам мы ствараць іконы. Айцец Ёан Лена ачысціў той вобраз іконы, што мы мелі ў нашым уяўляенні, і абнавіў яго. Ікона - гэта дзверы, якія дазваляюць чалавеку ўступіць у адносіны з Богам. Не той абраз, які мы абагаўляем, а нават не абавязкова сам вобраз - бо Царква - гэта вобраз Божага Валадарства - ікона - гэта віятык, які прыходзіць на дапамогу нашае адзіноце і нашаму нарцысізму. У стварэнні, дзе людзі занялі ўсю прастору, што пагражае нашаму існаванню, ікона ўвасабляе выратавальную адкрытасць на Бога і такім чынам нагадвае нам пра боскае пакліканне чалавека на Зямлі. “Мы не каралі стварэння, але ўкрыжаваныя каралі стварэння”.

Роберт-Ян (Нідэрланды) і Амбруаз (Гішпанія)

Зразумець становішча хрысціян на Усходзе, засяроджваючы ўвагу на бягучых падзеях і сведчаннях з рэгіёну – разам з Марыель Фантаніль (Францыя), дырэктарам французскай сеткі L’Œuvre d´Orient (Справа Ўсходу) ды Беатрыкс Нестэр (Францыя), валанцёрам, якая вярнулася з місіі ў Ліване.

Папа Ян Павел II сказаў, што хрысціянства мае два лёгкіх: Захад і Усход. Гэты семінар, прысвечаны ўсходнім хрысціянам, быў кранальным і займальным. Дзве маладыя жанчыны, чальцы L’Œuvre d´Orient, а таксама група хрысціян з Усходу прапанавалі нам дадатковую перспектыву сітуацыі. Гісторыка-палітычны кантэкст, а таксама канкрэтныя сведчанні дазволілі нам зразумець неабходнасць абароны гэтае культурнае спадчыны.

Квенцін і Аўрэліян (Францыя)

Жанчыны ў Бібліі, жанчыны ў Царкве. Разважанне і абмен думкамі (для моладзі 17-35 гадоў) – разам з с. Крысцінаю (сёстры св. Андрэя) ды Орсі Хардзі (Вугоршчына / Францыя).

Што вы думаеце пра месца Марыі, Марты, Альжбеты і ўвогуле жанчын у Бібліі? Калі на гэтае пытанне вы не ведаеце, што адказаць, дык рэшта гэтага тэксту для цябе. Тэма? Жанчыны. Дзе? У Бібліі, але і ў Царкве. Якім чынам? Праз гісторыі, сведчанні. Пытанне? Якая жанчына натхніла цябе у хрысціянскім жыцці?
Ідэя, якая была адметнаю для нас на гэтым семінары: “Біблія была напісана мужчынамі, для мужчын і інтэрпрэтаваная мужчынамі”. Важна перагледзець месца жанчыны не праз яе ролю маці, жонкі, дачкі ці праз яе адносіны з мужчынаю, але праз тое, кім яна ёсць.

Мары і Мацільда (Францыя)
Апошняе абнаўленне: 1 September 2021