Брат просіць, каб таварышыў яму падчас малітвы з малой абшчынай, якая збіраецца ў адзінай у наваколлі каталіцкай капліцы. Пасля нашай малітвы, каля 19:30, мы ўзнімаемся да Alto da Cruz, у некалькіх вуліцах ад дома абшчыны.
Зараз поўня, і ўпершыню ад таго моманту, як я прыехаў, ноч выглядае прыгожа. Мы ўзнімаемся і вітаем старога чалавека, які дрынкаў на гітары на парозе дома. Кубінская музыка, добры гітарыст. Затым сустракаем адну з вельмі маладых мам, Джэйсі, якая прыходзіць на вечаровыя заняткі для дзяцей са сваім сынам, што мае сур’ёзныя цяжкасці ў навучанні.
Мы заглядаем да капліцы, дзе некалькі сталых бабулек горача моляцца на ружанцы. Ювенсія, былы алкаголік, які вядзе малітву, фінансаваў будаўніцтва гэтае маленькае капліцы з уласных сродкаў ад таго часу, калі паабяцаў кінуць піць. З таго моманту, як ён стаў членам абшчыны, у яго з’явіўся шэраг абавязкаў у акрузе. Заведвае спевам і малітвамі з пераканання. Звонку, невялікая група маладзёнаў, якія надзяваюць свае бейсболкі задам наперад, прыкметна слухаюць музыку каля дзвярэй капліцы - музыка напалову фанк, напалову рэп, якая здаецца быць апошняю “фішкаю” сярод падлеткаў у бейсболках. “Ave Maria” тут перамешваецца з музыкаю, якая ляціць з партатыўнага плэера. За алтаром праходзіць сабака. Усё тое адбываецца так натуральна, як толькі магчыма. Уводзіны да бразільскае версіі містычнага жыцця.
Малітва заканчваецца. Ювенсія прагне забраць нас да “Дому Ізраэля”. Гэта цэнтр, недалёк капліцы, дзе прымаюць людзей, што патрапілі ў залежнасць ад алкаголю ці наркотыкаў, і якім ён заведвае. Калі ўваходзім, іншы брат, які акурат вярнуўся па цяжкім часе побыту на Гаіці, кажа, што стаміўся і хацеў бы ісці дадому. Таму я апынуўся сам у цэнтры са сваёю малою знаёмасцю партугальскае мовы, якую я апаноўваў цягам 10 дзён ад часу свайго прыезду... Ювенсія прапанаваў мне кавы. Мы выкарыстоўваем адну руку, дзеля таго, каб адмахвацца ад камароў, што пачынаюць раіцца, як толькі западне ноч, і сярод прысутнай групы дзясятка мужчын зноў пачалася дыскусія. Гэта сустрэча АА - Ананімных алкаголікаў. Мая прысутнасць іх зусім не бянтэжыць. Здаецца, паміж імі існуе моцны давер. Яны занятыя размовай пра адзін з дванаццаці пунктаў сваёй праграмы: паправіць тое, што можна выправіць, і папрасіць прабачэння ў тых, хто пацярпеў ад іх залежнасці. Старэйшы пачынае з таго, што цяжэй за ўсё яму было дараваць самому сабе.
Нібы падтэкст шуму пачуўся глыбокі стогн мужчыны ў суседнім пакоі. Ювенсія ўзнімаецца, калі той пачынае крычаць занадта гучна. Гэта чалавек, якога не прынялі ў l’abrigo - гарадскім цэнтры для бедных людзей. Здаецца, яму цяжка пераносіць расстанне. У палове стагнання малодшы з групы, з бейсболкаю і капюшонам на галаве, што мае служыць абаронаю ад камароў, гаворыць пра цяжкасці адмовы ад гэтага “свінарніка”, які трэскаецца. Ён таксама згадвае той факт, што “oxi”, новая танная сумесь крэку і бензіну, ужо з’явілася ў акрузе.
Дыскусія заканчваецца, і ўсе ўзнімаюцца да “Малітвы спакою”: “Божа мой, дай мне спакой прыняць тыя рэчы, якія я не магу змяніць; мужнасць змяніць тыя рэчы, якія я магу змяніць; і мудрасць, каб распазнаць розніцу”.
Ювенсія просіць мяне сказаць некалькі слоў: маёю кепскаю партугальскаю моваю я спрабую выказаць сваё захапленне іх барацьбой, і зноў кажу ім, што Бог вялікі і што Ягоная веліч - гэта прабачэнне.
Затым мы крочым, каб паглядзець цэнтр і наведаць начлежку для жабракоў. Ювенсія мяне вельмі крануў. Калі ён таварышыў мне падчас спуску ўніз да дарогі, Натан, адзін з хлопцаў, якога я ўжо пазнаў раней, кліча нас. Наўрад ці хлапчо калі-небудзь хадзіла да школы. Ювенсія размаўляе з ім, як бацька. Ён кажа мне, што ўсё гэта Евангелле. Як можна не прымаць іншых, калі мы ўспрымаем Евангелле насамрэч сур’ёзна?
Вяртаюся дадому, а ў галаве ўсё пераблыталася: бабулькі ды іх ружанец, дзеці, рэп-музыка на вуліцы, настойлівасць гэтых наркаманаў, з’адзіночанне іх групы, захапляльная спакойная моц Ювенсія. Уводзіны да бразільскае версіі містычнага жыцця: кладучыся спаць, першы раз сапраўды пачуваю сябе так, нібы насамрэч прыбыў там, куды мяне скіравалі браты з Тэзэ.