Дарагі Браце Алоіс,
мы перадаем групе маладых людзей з Турына, якія прымаюць удзел у Еўрапейскае Сустрэчы ў Базэлі, гэтае пасланне для Вас і для братоў Вашае абшчыны.
Экуменічная рэальнасць Турына і навакольнага рэгіёна мае глыбокія карані і з’яўляецца унікальнай для Італіі. Поруч з Каталіцкім касцёлам гістарычна тут прысутнічае рух вальдэнсаў, да якіх у наступныя эпохі далучыліся Царква баптыстаў, Лютэранская царква, Царква адвентыстаў сёмага дня ды некаторыя іншыя, больш познія евангелікальныя супольнасці. Пазней, у выніку міжнародных міграцый, тут таксама сталі з’яўляцца іншыя супольнасці, якія належаць да розных дахалкідонскіх і праваслаўных Цэркваў: Копцкая царква, Эфіёпская царква, Царква Элады Канстанцінопальскага патрыярхату, Румынская праваслаўная царква ды Руская праваслаўная царква.
У пачатку 1960-х гг. адбыліся першыя кантакты і навучальныя сустрэчы паміж святарамі і пастарамі, пасля чаго ў 1970-я гады былі праведзены экуменічныя ініцыятывы, прапанаваныя галоўным чынам Сакратарыятам па экуменічнай дзейнасці. З 1990-х гадоў па сённяшні дзень Каталіцкая і Пратэстанцкая экуменічныя камісіі, а таксама праваслаўныя абшчыны рыхтуюць і разам праводзяць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.
Зараз наш горад адчувае глыбокія раны з-за новых форм беднасці, такіх як адсутнасць працы, брак годнасці для новых мігрантаў і павелічэнне няроўнасці. Нашыя Цэрквы імкнуцца працаваць над гэтымі праблемамі праз розныя спосабы, сродкі і дары.
Але маладзёны змяняюць нас.
Іх натхняе, як вы, безумоўна, адчуваеце тое на ўзгорку ў Тэзэ, жаданне спаткання адзін аднаго і супольнага жыцця братэрствам ды малітваю. І мы, прадстаўнікі Цэркваў Турына, падбадзёраныя іх жаданнем, якое таксама ёсць й у нас і ў нашых царкоўных супольнасцях, наважваемся спадзявацца прыняць напрыканцы 2018 г., альбо калі-небудзь у будучыні, моладзь з усяго кантынента, якая прагне сабрацца разам падчас Еўрапейскае Сустрэчы, арганізаванай Вашае абшчынаю ў нашым горадзе.
Для нашай моладзі, для нашых супольнасцей і для нашых Цэркваў гэта была б істотная нагода жыць у поўнай меры каштоўнасцямі Евангелля і, у прыватнасці, як брат Ражэ так добра падкрэсліваў, радасцю, сціпласцю і міласэрнасцю.
З нашым братэрскім прывітаннем, у малітве,