Францішак, Біскуп Рыма
Дарагая моладзь,
ужо больш за сорак гадоў у вялікіх гарадах Супольнасць Тэзэ штогод арганізоўвае кантынентальную Еўрапейскую сустрэчу, у якой удзельнічаюць некалькі пакаленняў маладых людзей. Папа Францішак сёлета чарговы раз рады далучыцца да вас у думках і малітве. Хаця пануючая санітарная сітуацыя не дазваляе на такога кшталту сустрэчу, вы выказаліся крэатыўнасцю і фантазіяю: нягледзячы на тое, што вы раскіданыя па свеце, вы з’адзіночаныя пры дапамозе новых сродкаў камунікацыі. Адначасова вы пашыраеце маштабы гэтае сустрэчы на маладых людзей з усіх кантынентаў. Няхай гэтыя дні, калі вы супольна моліцеся і падтрымліваеце адзін аднаго ў веры і даверы, дапамогуць вам “мець надзею ў спрыяльны і неспрыяльны час”, паводле тэмы Паслання, якое будзе суправаджаць вас на працягу ўсяго 2021 года.
Сам факт “сустрэчы” з самім сабою, нават калі вы чыніце тое - ў выключным выпадку - віртуальна, ужо ставіць вас на шлях надзеі. Як прыгадвае ў сваёй энцыкліцы Fratelli Tutti Святы Айцец, “ніхто не можа адолець жыццё ў самоце. Нам патрэбная супольнасць, якая нас падтрымае, дапаможа, у якой мы дапамагаем адзін аднаму глядзець у будучыню!” (n. 8). Не варта быць адным з тых, хто сее адчай і павадуе пастаянны брак даверу, гэта б нейтралізавала моц надзеі, якую нам дае Дух уваскрослага Хрыста. Наадварот, дазвольце насыціцца той надзеяй, якая дасць вам мужнасць крочыць за Хрыстом і працаваць дзеля найбольш абяздоленых і разам з імі, асабліва з тымі, каму нялёгка справіцца з цяжкасцямі сучаснасці. Надзея адважная, яна здольная глядзець далей, па-за асабістую выгоду, па-за малую ўпэўненасць і прыемнасці, якія звужаюць гарызонты, каб адкрыцца на вялікія ідэалы, якія робяць жыццё прыгажэйшым і больш годным. Пойдзем жа з надзеяй! (Fratelli Tutti, n. 55). Няхай жа на працягу гэтага года ў вас атрымалася працягваць развіваць культуру сустрэчы і братэрства, а таксама супольна крочыць да гэтага гарызонту надзеі, які быў адкрыты ўваскрасеннем Хрыста.
Святы Айцец дабраслаўляе кожнага з вас, дарагія маладзёны, а таксама дабраслаўляе братоў Супольнасці Тэзэ, вашыя сем’і ды ўсіх тых, хто па ўсім свеце ўдзельнічае разам з вамі ў гэтае міжнароднае сустрэчы.
Сусветны Патрыярх Барталамей I°, Архіепіскап Канстанцінопаля – Новага Рыма
Дарагая моладзь,
2020 год, які завяршаецца, прынёс сваю долю няўпэўненасці, пакут і смутку. На досвітку 2021 года мы, нарэшце, бачым бляск святла, мімалётнага і крохкага, выхаду з крызісу, якога нам усё ж давядзецца цярпліва чакаць. Такія крызісы, асабліва калі яны настолькі глабальныя, выяўляюць крохкасць нашай чалавечнасці і нашу глыбокую залежнасць ад гэтай Божай любові, якая не перастае нас атуляць, хаця мы можам ужо не быць у гэтым упэўнены.
Мы вельмі цёпла вітаем вас і прагнем пахваліць вас за тое, што вы, нягледзячы на пандэмію Covid-19, знайшлі час - асабіста альбо віртуальна - паўдзельнічаць у 43-е Еўрапейскае сустрэчы, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ ўнікальным чынам. Шчыра молімся, каб дзякуючы гэтаму пасланню вы ўсе былі ў бяспецы і здароўі. Няхай Гасподзь працягне сваю дабразычлівую руку над нашай планетай і ўсімі яе жыхарамі, каб як мага хутчэй вызваліць нас ад гэтага выпрабавання. Рыхтуючы гэтыя некалькі слоў прывітання і заахвочвання, нам прапанавана быць больш сціплымі і мець больш пакоры. Штогадова мы з радасцю кіруем вам пасланне ад Царквы-Маці Канстанцінопаля, Сусветнага Патрыярхата, і нас ашаламляе трагічная велічыня таго, якім быў 2020 год і як будучыя пакаленні будуць судзіць пра гэтыя падзеі.
Такім чынам, у гэтыя дні абнаўлення, калі час ідзе і цячэ, мы ўваходзім у студзень з яшчэ большае надзеяй, бо мы ўсе жадаем адчуць смак гэтага новага света. Аднак мы зможам ацаніць ступень выпрабаванняў, якія мы перажываем, толькі выказаўшы ўдзячнасць за шматлікія ахвяры, якія вызначылі гэты шлях выйсця з крызісу, за неверагодную ўстойлівасць нашых братоў і сясцёр, а таксама за талент і веды, ахвяраваныя на алтары супольнага дабра. Іншымі словамі, у тыглі гэтай глабальнай катастрофы была выкутая моц новай надзеі.
«Давайце пакладзем усе клопаты гэтага свету», спяваем мы падчас Боскае Літургіі. Плод нашай надзеі залежыць ад нашае здольнасці скласці свае пакуты і пакуты ўсяго чалавецтва ў рукі Госпада. Бо Хрыстос ахвяраваў сябе “дзеля жыцця свету”, гэта значыць узяць на сябе ўсю яго маласць, абмежаванасць ды пасрэднасць і перамяніць усё праз Сваю слаўную ахвяру. Такім чынам, крыж стаў знакам надзеі, перастаючы быць знакам сораму. Святы апостал Павел абвяшчае: «Для тых, хто гіне, слова аб крыжы – гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, – гэта моц Божая. (...) падабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых. Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства» (1 Кар 1, 18-23). Мець надзею ў спрыяльны і неспрыяльны час не што іншае, як жыццё ў Хрысце, да якога мы запрашаем вас, запрашаем ахвяраваць Яму свае таленты. Пасланне Вялікага і Святога Сабора Праваслаўнае Царквы гучыць наступным чынам: «Моладзь з’яўляецца ня проста будучыняй Царквы, але энергічным і творчым сапраўдным на памесным і сусветным узроўнях» (§11).
Таму мы працягваем маліцца за вас і дабраслаўляць вас. Няхай у кожным з вас ззяе ласка еднасці, і няхай яна прыносіць надзею, якая падтрымлівае жыццё Царквы, каб вы былі годнымі работнікамі ў вінаградніку Госпада.
Маскоўскі Патрыярхат
Сардэчныя віншаванні ўсім удзельнікам гэтай новай Еўрапейскай сустрэчы Тэзэ, традыцыйна арганізаванай падчас урачыстасцей Нараджэння Госпада Ісуса Хрыста па Грыгарыянскім календары.
Сёлетняя сустрэча вакол тэмы надзеі праходзіць у надзвычайных абставінах, што зноў вяртае нас да крыніц “нашай надзеі” (1 Пят 3,15). На першы погляд, як нам захаваць надзею, калі амаль год бушуе пандэмія на тле фізічных, псіхалагічных і духоўных пакут, якія яна прычыніла на тле глыбокіх сацыяльна-эканамічных пераломаў цяперашняга крызісу? Год, які набліжаецца да завяршэння, стаў нечаканым часам выпрабаванняў, перыядам, калі хрысціянскія вернікі жорстка сутыкаліся са складанымі пытаннямі: дзе мы павінны размясціць нашу веру перад абліччам жорсткае рэчаіснасці свету, так заўважнай у часы нягод? Які сэнс маюць нашы малітвы, калі яны, здаецца, не маюць аніякага ўплыву на вынікі эпідэміі? Якая роля царкоўных супольнасцей у нашым жыцці і ці могуць яны заставацца з’яднанымі ва ўмовах часам жорсткіх абмежаванняў, якія не дазваляюць нам збірацца фізічна?
Гэтыя пытанні прымушаюць нас праверыць уласнае сумленне, па-іншаму разгледзець сувязь паміж вялікімі хрысціянскімі цнотамі веры і надзеі. Хрысціянская надзея вынікае непасрэдна з поўнай аддачы сябе, свайго жыцця і працы ў рукі Бога; толькі тады пяшчотнае Божае святло не згасне ў цемры гэтага свету. У сітуацыі, якая выявіла ўсю дробязнасць, усю нязначнасць нашых намаганняў, у барацьбе з вірусам, нават нябачным для вачэй, усе ілжывыя надзеі на формы палітычнай і грамадскай арганізацыі, на лідэраў, на моц зброі альбо на здольнасць навукі вырашаць усе праблемы, выявіліся больш ясна, чым калі-небудзь раней. Але менавіта ў гэтае сітуацыі мы пакліканыя сустрэцца з вялікімі дзеячамі Святога Пісання, якія ўвасабляюць надзею, напрыклад, Абрагамам, які, паводле апостала Паўла, «насуперак надзеі паверыў з надзеяй... Таму гэта і залічана яму як справядлівасць» (Рым 4, 18-22).
Атрымаўшы такім чынам усведамленне вымярэння надзеі, якая арыентаваная на Бога і на Хрыста, мы можам пайсці далей, адкрыўшы велізарную творчую сілу гэтай, мабыць, сціплай і стрыманай цноты. Як пісаў выдатны паэт Шарль Пегі, надзея - гэта “крыніца жыцця, бо яна не перастае разбураць прызвычаення. Гэта зерне кожнага духоўнага нараджэння. Яна з’яўляецца крыніцай і фантанам ласкі, таму што ніколі не перастае прыбіраць смяротную звычку прызвычаення”. Надзея дазваляе выйсці за межы рутыны, звычайнага, скамянелага, па-сапраўднаму адкрыцца на подых Святога Духа. Прыкметы дзеяння Духа праявіліся і праяўляюцца ў гэтыя страшныя часы пандэміі. Колькі “нябачных герояў” - лекараў, медсясцёр, прадаўцоў, сацыяльных работнікаў - сціпла нясуць паслугу суседу ў надзвычайных умовах апошніх месяцаў! Колькі святароў, манахаў, свецкіх людзей і вернікаў нашых Цэркваў выконвае сваё пакліканне, часам рызыкуючы жыццём ці здароўем! Колькі супольнасцей, нягледзячы на непазбежныя фінансавыя цяжкасці, стварылі асноўныя праграмы дапамогі тым, хто пакутуе, самым слабым і найбольш уразлівым членам грамадства!
Дзякуючы Госпаду за дзеянне Яго ласкі, нават перад абліччам смерці, пакут і разбурэнняў, будзем імкнуцца дзейнічаць як “супрацоўнікі праўды” (3 Ян 1, 8), як “супрацоўнікі Божыя” (1 Кар 3, 9). Молячыся аб супакоі душаў тых, хто памёр падчас пандэміі, аб аздараўленні хворых і суцяшэнні тых, хто пакутуе, будзем разважаць пра тое, да чаго заклікае нас Хрыстос у гэтых асаблівых абставінах. Няхай сіла надзеі, якая караніцца ў асобе і вучэнні нашага Госпада і Збаўцы, стане маяком, які асвятляе наш шлях у гэтыя цяжкія часы.
Я жадаю, каб гэтая Сустрэча Тэзэ прынесла духоўную карысць усім, і прашу пра Божае благаслаўленне для вас.
старшыня сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата
Джасцін Уэлбі, Арцыбіскуп Кентэрберыйскі
«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу» (Лк 2, 10)
Калі анёлы з’явіліся пастухам на палях пад Бэтлеемам, пастухі былі ў жаху. Але анёл прынёс ім паведамленне пра суцяшэнне і радасць. Іх страх быў суцішаны, бо яны атрымалі самую радасную вестку пра нараджэнне Збаўцы, Езуса Хрыста.
Я з задавальненнем скіроўваю сваё асабістае прывітанне Супольнасці Тэзэ і ўсім, хто сабраўся ў Тэзэ ды сеціве на штогадовую Еўрапейскую сустрэчу. Вельмі шкада, што ваша сустрэча не можа адбыцца ў Турыне, як планавалася, але важна, каб мы ўсе зараз зрабілі ўсё магчымае для аховы грамадскага здароўя.
Ва ўсім свеце людзі сутыкаюцца з нябачнай пагрозай у выглядзе віруса Covid-19, які, аднак, становіцца бачным у хваробах і пакутах. Пандэмія ўплывае на жыццё людзей, якія прызвычаіліся да добрага здароўя і якія не прывыклі да абмежавання іх дзейнасці. У такіх абставінах можа ахапіць страх - страх перад хваробай і смерцю альбо страх за нашае будучае жыццё і дабрабыт.
Тым не менш мы памятаем пасланне анёла: пасланне суцяшэння і радасці - “Ня бойся”.
Аглядаючыся па свеце, я бачу прыгожае, але кволае стварэнне, створанае і любімае Богам. Я бачу ў народзе Божым ва ўсім свеце ўстойлівасць і надзею, нягледзячы на цяжкасці, і я малюся, каб маладыя людзі, віртуальна сабраныя амаль з усёй Еўропы ў гэтыя, самыя кароткія дні года, знайшлі суцяшэнне і радасць у святкаванні Божага Нараджэння, калі “святло свеціць у цемры” (Ян 1,5). Таксама я малюся, каб, прымаючы пасланне анёла, усе мы змаглі стаць пасланцамі суцяшэння і радасці для тых вакол нас, хто баіцца, чыя надзея занікае. “Таму што Бог, які загадаў:«Няхай з цемры заззяе святло», засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання Божай славы ў абліччы Езуса Хрыста” (2 Кар 4, 6).
Віншую ўсіх вас з Калядамі. Дай Бог кожнаму з вас ягонае суцяшэнне і радасць, надзею і спакой.
а. Ёан Саўка, в.а. Генеральнага сакратара Сусветнае Рады Цэркваў
Дарагія сёстры і браты ў Хрысце,
з радасцю пішу вам сёння, каб падзяліцца прывітаннямі ад Сусветнае Рады Цэркваў з Супольнасцю Тэзэ і, у прыватнасці, шматлікімі маладзёнамі, якія сёлета збіраюцца далучыцца да вашае штогадовае моладзевае сустрэчы, хай і ў іншым фармаце праз online-зносіны.
Сапраўды, пандэмія Covid-19 змяніла нашы рэаліі ў большай ступені, чым мы маглі спачатку ўявіць магчымым, і мы ўсе працягваем прыстасоўвацца да новых варункаў працы, дзялення і супольнай малітвы.
Як Сусветная Рада Цэркваў, мы таксама бачым, што пандэмія ўзмацніла і выкрыла мноства аспектаў несправядлівасці і прыгнёту ў свеце, не ў апошнюю чаргу закранаючы моладзь па ўсім свеце праз праблемы беспрацоўя, доступу да адукацыі, доступу да аховы здароўя і рэчаў першай неабходнасці, акрамя таго абвастрылася надзвычайная сітуацыя з кліматам, стан псіхічнага здароўя, гвалт і канфлікты.
Дык дзе мы знаходзім надзею сярод усіх гэтых нявызначанасцей?
Убачыўшы вашу сёлетнюю тэму “Мець надзею ў спрыяльны і неспрыяльны час”, дазвольце мне прапанаваць слова суцяшэння і салідарнасці і паразважаць пра тры аспекты нашага супольнага жыцця ў гэтыя дні: усведамленне, прызнанне і суправаджэнне.
Усведамленне праблем, якія датычаць моладзі і ўсіх пакаленняў
Пандэмія Covid-19 выявіла, магчыма, больш выразна, чым калі-небудзь раней, дыспрапорцыі нашага сённяшняга свету: у даходах і багацці, доступе да медыцынскай дапамогі, у неаднастайных наступствах, спавадаваных розніцамі расы і полу. У той жа час таксама больш вачэй было адкрыта на гэтую рэальнасць, што ў сваю чаргу стварыла магчымасці для Царквы рэалізаваць сваё прарочае пакліканне. Гэта час, каб абудзіцца і быць актыўным. Усведамленне, распазнаванне знакаў нашага часу, з’яўляецца ключавым для вырашэння праблем няроўнасці і несправядлівасці вакол нас, і мы ўжо ўбачылі, як паўстае багата рухаў салідарнасці, асабліва на чале з моладдзю, цяпер, калі многія прызнаюць неабходнасць змен.
Прызнанне лідэрства моладзі
Маладзёны адзначаюцца істотнае роллю ў пераўтварэнні Бога ва ўсім Яго стварэнні. Як Сусветная Рада Цэркваў, мы бачым, што моладзь з’яўляецца лідэрам не толькі будучыні, але і сённяшняга дня. Чуйцеся заахвочанымі, каб мець свой голас і вольную волю, выказваць свае думкі і нагадваць іншым пакаленням пра вашую ролю ў пабудове больш мірнай, устойлівай і справядлівай будучыні для ўсіх.
Суправаджэнне
Усе мы злучаныя і ўзаемазвязаны як адно чалавецтва і як частка аднаго стварэння. Сёлета падчас нашай Пілігрымкі Справядлівасці і Супакою мы даведаліся, у прыватнасці, што салідарнасць на розных узроўнях выходзіць за рамкі фізічных і асабістых сустрэч. Мы пераходзім ад усведамлення знакаў часу да прызнання лідэрства маладых людзей, да сумеснай працы над вырашэннем праблем, якія закранаюць усіх нас. Вы, моладзь, мабілізуецеся, натхняючыся сілай вашых аднагодкаў ды іншых людзей, і ствараеце ініцыятывы, каб весці нас да “новай нармальнасці”. Як нам нагадвае Пасланне Якуба (2, 14-17), наша вера павінна прымусіць нас дзейнічаць - гэта калектыўны заклік да місіі ў ролі вучняў Хрыста.
Спаглядаючы зараз на вашу сёлетнюю сустрэчу, якая праходзіць у цеснай сувязі з калядным перыядам, няхай усе мы ўбачым, што пасланне надзеі, якое ёсць у нашым Пану і Збаўцы Езусе Хрысце, жыве і сёння, як тое было і будзе.
Я малюся, каб вы працягвалі дазваляць Духу Святому пранізваць вас, каб вы дазволілі Божай любові дакрануцца да вашых сэрцаў, Божай мудрасці і сіле, каб умацаваць вас у нашай справе дзеля справядлівасці і міру, а Божаму суцяшэнню і супакою суправаджаць вас ва ўсе дні вашага жыцця.
вялебны Кейслі Б. Эсамуа, Сакратар Сусветнага хрысціянскага форуму
У імя нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста я перадаю вам - міжнароднай супольнасці маладых людзей, якія сустракаюцца на Новы год у Тэзэ - братэрскія віншаванні Сусветнага хрысціянскага форуму.
У гэтым годзе, несумненна, назіраліся беспрэцэдэнтныя змены ва ўсім нашым жыцці - асобных людзей і ўсяго чалавецтва разам. Прынамсі раз можам сцвердзіць, што было нешта глабальнае, што аказала непасрэдны ўплыў на ўсё наша паўсядзённае жыццё. І ўсё ж у разгар гэтай пандэміі з’явіліся аазісы добрай волі і нязменныя акты дабрачыннасці. У гэты час, калі мы перажылі найгоршае ў жыцці, з некаторых з нас выйшлі й нашы лепшыя анёлы.
Вы збіраецеся, хай сабе ў іншым фармаце, каб адсвяткаваць дар жыцця, якім усе мы зараз прагнем падзяліцца, так як й узгадваючы тых, хто тое жыццё страціў. Вы збіраецеся, каб паразважаць над нашай агульнай будучыняй на гэтай планеце, асабліва ў святле ўсіх праблем, з якімі мы сутыкаемся. Вы збіраецеся не сам-насам, але адно з адным, каб прадэманстраваць, што разам можаце зрабіць значна больш, чым паасобку.
Нашаму свету зараз патрэбнае вашае лідарства, як ніколі, і таму не варта недаацэньваць моц, якую вы маеце, збіраючыся для разважанняў, для цішыні і потым для дзейнасці.
Малюся, каб у вас засталася моц вырашаць выклікі жыцця, спадзяюся, што ўжо ў пост-вірусную эпоху, калі будзе больш справядлівасці ў размеркаванні рэсурсаў гэтай планеты. Кожнага з вас сардэчна кахае Стваральнік, які ў перыяд Нараджэння Пана дае нам найлепшы дар - самога сябе.
___
вялебны Марцін Юнгэ, Генеральны Сакратар Сусветнае Лютэранскае Федэрацыі
Умацаваныя прыгожай гісторыяй нараджэння Езуса ў бэтлеемскай стаенцы, мы аднаўляем сваю надзею і радасць, паколькі супакоеныя ў сталае Божае волі прыйсці ў гэты свет і ўкараніцца ў ім. Бог заўсёды знаходзіць спосаб быць Богам з намі - Эмануэлем!
Гэта тычыцца й актуальнага перыяду пандэміі, калі багата асоб страціла сваіх блізкіх, сутыкнуўшыся з праблемай адсутнасці магчымасці сустрэцца і збірацца разам, як гэта было ў мінулым. Тычыцца тое й вашае штогадовае сустрэчы, якая сёлета пройдзе ў змешаным фармаце, а не ў горадзе Турыне, як планавалася. Тым не менш, дарагія сябры, Бог уварвецца і знойдзе вас як супольнасць, якая згуртавалася, каб шукаць і ўмацоўвацца ў падарожжы надзеі. Менавіта пра гэта гісторыя ўваходу Бога ў свет у асобе Езуса Хрыста!
Я цешуся, што вы збіраецеся на штогадовую сустрэчу, прыкладаючы ўсе намаганні, каб па-ранейшаму ўзаемадзейнічаць адно з адным, маліцца, разважаць, святкаваць і ствараць у сваім уяўленні. У вашым заангажаванні ў справы паяднання прысутнічае “прароцкі выклік”, а зараз, у вашае рашучасці сустрэцца, сведчанне дару веры, які Бог абудзіў у вашых сэрцах. Хвала Богу за вашае сведчанне!
Дарагія сябры, у актуальным часе мы закліканыя дзяліцца тымі дарамі, якімі самі былі надзелены. У святле таго, што адбываецца вакол нас істотным можа быць пытанне: ці нашае нястомнае сведчанне пра добрую навіну Езуса Хрыста мае месца ў спрыяльны і неспрыяльны час? Прызнаючы цяжкасці і боль, праблемы і абмежаванні, з якімі мы можам сутыкнуцца, я лічу, што гэта найлепшы з магчымых перыядаў, каб рэалізаваць сваё пакліканне дзяліцца дарамі веры, надзеі і любові ў разгубленым і расколатым свеце. Дарагія сёстры і браты, зараз мы менавіта ў гэтым часе, дзякуючы надзеленым нам дарам веры.
Я малюся за вашае спатканне, давяраючы Богу, які заўсёды знаходзіць спосаб, каб быць прысутным падчас вашага ангажавання ў гэты новы фармат. Няхай ён падсілкоўвае вас, накіроўвае, натхняе на бесперапынную пілігрымку надзеі ў гэтым свеце.
пастар Крысціян Крыгер, старшыня Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў
Дарагія пілігрымы даверу,
я перадаю вам брацкія прывітанні і заахвочванне ад Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў і яе 114 Цэркваў, якія базуюцца ў больш чым 40 краінах. Я ведаю, што ў вас была гарачая мара аб паездцы ў Турын, каб зноў сустрэцца ў якасці пілігрымаў з усёй Еўропы і разам пакланіцца гэтаму Богу, які дабраслаўляе нас, стаўшы адным з нас, прымаючы на сябе чалавечы стан, каб прывітаць яго і прадэманстраваць свету нязменную любоў, якою Бог абдорвае кожнага з нас.
Я таксама ведаю, наколькі важная гэтая штогадовая сустрэча Пілігрымкі Даверу для кожнага з вас, для паглыблення вашае ўласнае веры, для ўмацавання даверу, які аказваецца кожнаму з вас. Перамяшчэнне, сустрэча з іншым, узаемадзеянне з незнаёмцам, дзяленне з кімсьці яшчэ - гэта фундаментальнае падарожжа веры. Гэтыя ўчынкі дазваляюць упісаць вашу асабістую духоўнасць у гарызонт Царквы Езуса Хрыста; гэтая Царква, якая не мае лімітаў ці межаў, але ёсць цэнтрам, створаным праз Слова, каторае стала плоццю. Такім чынам, сустрэча з другім, асабліва калі гаворка ідзе пра выхад за межы ўласных звычак, але таксама межаў магчымага і неймавернага, становіцца адным з тых месцаў, дзе Божае аблічча спалучаецца з нашым, каб дабраславіць Божай прысутнасцю нашую чалавечнасць, якую Бог хоча прымірыць.
У гэтым годзе Пілігрымка Даверу, якая прапануе Вам вельмі важную сустрэчу з іншасцю, ускладняецца пандэмічным крызісам, які перажывае свет. Ужо шмат месяцаў меры аховы здароўя не дазваляюць сяброўству, братэрству, праслаўленню Творцы, грамадскаму і культурнаму жыццю цалкам расправіць крылы. Ужо шмат месяцаў гэты крызіс здароўя ізалюе, уплывае, засмучае і зацямняе гарызонт, нават уводзячы нас у адчай. Сутыкнуўшыся з няшчасцем гэтае пандэміі і стаючы тварам у твар з уласнай уразлівасцю, нам патрэбны давер і надзея.
Нават больш, нашаму пакутуючаму свету ў варунках вялікае напружанасці таксама трэба прымірыцца, каб знайсці шляхі даверу. Сутыкнуўшыся з выклікам надзвычайнай сітуацыі з кліматам, адраджэннем міжнароднай напружанасці, развіццём логікі адступлення, няздольнасцю еўрапейскіх краін даць гуманны адказ нашым братам і сёстрам, якія тонуць у Міжземным моры, а таксама эканамічнымі наступствамі цяперашняга пандэмічнага крызісу, хрысціяне маюць пакліканне быць носьбітамі даверу і сведкамі надзеі.
Давер нараджаецца з дадзенага слова. У Бібліі дадзенае слова становіцца абяцаннем прысутнасці, суправаджэння, жыцця, дабраславення. Нават занепакоеную цяперашнімі абставінамі, выпрабаванаю жыццёвымі нягодамі, аспрэчаную абмежаванасцю чалавечага існавання, нашую Пілігрымку Даверу працягвае несці Боскі Подых. У гэты асаблівы год мае малітвы суправаджаюць вас і заахвочваюць да ангажавання ў лічбавы фармат Сустрэчы, чакаючы магчымасці зноў сустрэцца падчас асабістага спаткання, спадзяюся, у наступным годзе, калі мы зможам зноў цэлебраваць жыццё.
Каляднае Евангелле кажа нам, што ў Бэтлееме Бог вітаў нашы слабасці і ўзяў на сябе нашую ўразлівасць. Бог зрабіў гэта, стаўшы крохкім, уразлівым і залежным ад дабрыні іншых. Няхай абяцанне, увасобленае ў гэтым нараджэнні, і подых надзеі, які нясе Хрыстус, супакоіць вашыя сэрцы, прасветліць вашыя розумы і накіруе вашыя крокі да тых, хто давераны нашай спагадзе.
спн. Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі
Ужо шмат гадоў Супольнасць Тэзэ з’яўляецца для мяне, а таксама для мільёнаў людзей па ўсім свеце, крыніцай натхнення. У Тэзэ вера ніколі не бывае мяжою, клінам, які дзяліў бы людзей. Наадварот, вера - гэта запрашэнне да дыялогу. У гэтым духу кожны год Браты збіраюць тысячы маладых людзей, каб даведацца, што іх яднае як людзей.
Сёлета, як ніколі раней, мужчыны і жанчыны ва ўсім свеце зразумелі, што нашы лёсы звязаны. Нас яднае тая самая ўразлівасць. Усё наша жыццё так ці інакш пахіснула пандэмія. Таксама ўсе нашы краіны сутыкаюцца з уплывам змены клімату. Як людзі, мы ўсе стаім перад тым самым выбарам. Мы можам засяродзіцца на тым, што нас адрознівае, нашых рознагалоссях і непаразуменнях. Альбо мы можам выбраць аб’яднанне намаганняў для супольнага дабра - гэта значыць для абароны годнасці кожнага чалавека і прыгажосці тварэння.
У такі складаны момант для Еўропы і свету было б лёгка пачаць распачаць. Але, як нагадаў нам брат Алоіс, знакі надзеі надыходзяць з усіх куткоў свету. Незлічоныя групы мужчын і жанчын аддалі свой час і нават рызыкавалі жыццём, каб дапамагчы хворым, састарэлым і самотным. Маладыя людзі ўсіх нацыянальнасцей мабілізаваліся дзеля нашае планеты. І тут, у Еўропе, мы дамовіліся аб’яднаць намаганні для падтрымкі краін, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі. Гэты год пакут ператварыўся ў год салідарнасці.
“Ніхто не ўратуецца сам”: падчас гэтае Сустрэчы вы паразважаеце над значэннем гэтых слоў. Для людзей веры гэта азначае, што нам усім патрэбна Божая ласка, каб выратавацца. Але гэта таксама азначае, што ўсе мы патрэбны адно аднаму, каб перамагчы пандэмію, пабудаваць больш экалагічную і справядлівую эканоміку, спыніць разбурэнне Стварэння.
Я спадзяюся, што гэтая Сустрэча - нават у гэтай беспрэцэдэнтнай віртуальнай форме - можа стаць магчымасцю для ўсіх запачаткаваць новыя сяброўскія адносіны і ажывіць вашу душу. Дазвольце пажадаць усім вам шчаслівых Каляд і вельмі шчаслівага Новага года: года выздараўлення, салідарнасці і радасці.