TAIZÉ

Падарожжа насустрач COP26 у Глазга

 
Каардынацыйны камітэт Цэркваў COP26-Глазга запрасіў Абшчыну Тэзэ падрыхтаваць і ўзначаліць чуванне для студэнтаў і моладзі ў Глазга падчас сустрэчы COP26. З гэтае нагоды два браты Тэзэ будуць знаходзіцца ў горадзе з 7 па 12 лістапада.

Чым з’яўляецца сустрэча COP26?

З мэтаю аб’яднання сусветных лідараў для прыняцця тэрміновых глабальных кліматычных дзеянняў ад 31 кастрычніка па 12 лістапада ў шатландскім Глазга адбудзецца Канферэнцыя ААН аб змене клімату (COP26). Удзел у саміце прымуць людзі з усіх слаёў грамадства (бізнесу, прамысловасці, навукі ...), у тым ліку шмат маладых людзей.

Што там будзе рабіць Тэзэ?

Наступствы зменаў клімату і барацьба за іх скарачэнне мабілізавалі мноства маладых людзей ды шэраг царкоўных абшчын. У Тэзэ тэма кліматычных зменаў стала падставаю разважанняў на семінарах, якія праводзіліся ў Абшчыне на працягу апошніх гадоў.

Запрашаем вас прыняць удзел у малітоўнае пілігрымцы на перыяд, які папярэднічае COP26, як і пад час самога мерапрыемства. Гэтыя малітвы могуць адбывацца дзе заўгодна, у вашае мясцовасці, невялікімі групамі або ў большых калектывах, з наведваннем - па магчымасці - таксама мясцовых ініцыятыў, звязаных з надзвычайнай сітуацыяй у клімаце, або ў форме абмену думкамі па дадзенае тэматыцы.

Як я магу паўдзельнічаць у сустрэчы?

На нашае старонцы (сачыце за ёю цягам бліжэйшых тыдняў) мы апублікуем прапанаваны парадак набажэнстваў і расклад малітваў на верасень (які з 2019 года Папам Францішкам і Патрыярхам Баўтрамеем пазначаны месяцам стварэння), кастрычнік і пачатак лістапада. Гэтыя малітоўныя набажэнствы будуць складацца між іншым з малітвы вернікаў, сабраных шатландскаю экуменічнаю супольнасцю Ёна ад маладых людзей па ўсім свеце, а таксама ад маладзёнаў, што прымаюць удзел у спецыяльным тыдні разважанняў 2021 года ў Тэзэ напрыканцы жніўня.

Калі вы жадаеце, каб мы апублікавалі дату і месца вашага малітоўнага спаткання, напішыце нам на prayers taize.fr, пазначаючы ў тэме ліста “Prayers COP26”, каб атрымаць усе неабходныя дэталі.

А што, калі я буду ў Глазга ці ў наваколлі?

Браты разам з камандай мясцовае моладзі будуць удзельнічаць у малітвах апоўдні з панядзелка 8 лістапада па пятніцу 12 лістапада каля ўніверсітэта і кожны вечар у розных частках горада. У чацвер, 11 лістапада, у езуіцкім касцёле Святога Алаізія пры Роўз-стрыт у Глазга (St Aloysius’ Church on Rose Street 25), адбудзецца галоўнае малітоўнае чуванне. Падрабязная інфармацыя будзе размешчана на гэтае старонцы па меры ўдакладнення часу і месца правядзення малітвы. Вядома, усё будзе залежаць ад стану пандэміі і цяперашніх абмежаванняў у галіне аховы здароўя.

Калі вы можаце дапамагчы з музычным афармленнем, гатовыя дапамагчы нам з практычнымі пытаннямі альбо жадаеце паведаміць нам пра час набажэнства ці сустрэчы, якія будуць падрыхтаваныя ў вашае мясцовасці, напішыце нам на glasgow21 taize.fr.

Апошняе абнаўленне: 27 жніўня 2021