TAIZÉ

Брат Поль (1951-2021)

 
Франсуа Бэлуа, які па далучэнні да Супольнасці Тэзэ ў 1975 годзе прыняў імя брата Пола, у выніку вельмі доўгай і пакутлівай хваробы памёр ува сне раніцай 16 снежня 2021 года. Урачыстасць яго памяці адбудзецца ў нядзелю, 19 снежня, а 11.30 у Храме Паяднання ў Тэзэ замест нядзельнае Эўхарыстыі.

Ён нарадзіўся ў Шатару 10 ліпеня 1951 года, будучы другім дзіцяці ў вялікае сям’і сярод іншых шасці братоў і сясцёр. Падчас вучобы ў парыскае камп’ютарнае школе Breguet ён адкрыў для сябе суполку, якая ў той час ангажавалася ў падрыхтоўку моладзевае рады, і пасябраваў з маладзёнамі, якія займаліся гэтым мерапрыемствам. З гэтае нагоды разам з трыма сваімі маладымі сябрамі летам 1972 г. ён здзейсніў паездку па СССР, тады яшчэ пры камуністычным рэжыме; у той час яны наладзілі першыя, вельмі стрыманыя кантакты ў Маскве з моладдзю гэтае краіны, якая мусіла хаваць сваю хрысціянскую веру з-за страху пераследу.

Праз год пасля завяршэння вучобы, у 1975 годзе, ён вырашыў далучыцца да Супольнасці, дзе склаў манаскія зарокі на Вялікдзень 1979 года. З самага пачатку ён прыцягнуў да гэтага ўсе свае тэхнічныя і юрыдычныя навыкі ў розных галінах: водазабеспячэнне, каналізацыя, электрычнасць, тэлекамунікацыі, відэатэхніка, а пакрысе ён увёў у штодзённае жыццё братоў камп’ютары. Пазней менавіта ён таксама падрыхтаваў доступ Абшчыны да сеціва. Ён спрыяў, каб ягоныя навыкі служылі міжнародным сустрэчам маладых еўрапейцаў.

У 1983 годзе ён быў абраны да муніцыпальнае рады вёскі Тэзэ, дзе Абшчыну доўгі час прадстаўлялі адзін, а потым некалькі братоў Супольнасці. Будучы дарадцам, а затым і намеснікам старшыні рады, ён шмат сіл аддаў дзеля заангажавання ў справы жыцця ў вёсцы ды наваколлі. Ён працаваў, у прыватнасці, у прафсаюзе водаправодаў, прафсаюзе электрыфікацыі, а затым у радзе камун, пакуль хвароба не перашкодзіла яму балатавацца на мясцовых выбарах 2020 года.

Ужо тады ён быў аслаблены аўтаімунным захворваннем, якое паступова адымала ўсе яго фізічныя сілы і часта вымагала часовых шпіталізацый у Парыжы, Маконе ці Клюні. З іншага боку, ён заўсёды заставаўся свядомым, надзеленым інтэлектуальнае цікаўнасцю, якая дазваляла яму да апошняга дня ўважліва сачыць за жыццём Супольнасці і ягонай вялікай сям’і, а таксама за падзеямі ў Царкве і на свеце.

Апошняе абнаўленне: 17 снежня 2021