Францішак, Біскуп Рыма
Барталамей I°, Сусветны Патрыярх
Маскоўскі Патрыярхат
в.а. Генеральнага сакратара Сусветнае Рады Цэркваў, а. Ёан Саўка
вялебны Кейслі Б. Эсамуа, сакратар Сусветнага Хрысціянскага Форума
пастар Крысціян Крыгер, прэзідэнт Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў
вял. Разалі Вэллоса Івэл, старшыня пя сувязях з Цэрквамі Аб’яднанага біблійнага таварыства
сп. Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар ААН
спн. Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі
Францішак, Біскуп Рыма
Дарагія сябры,
пандэмія ізноў не дазваляе вам сустрэцца прыканцы года на 44-й Еўрапейскай моладзевай Сустрэчы, якую праводзіць Супольнасць Тэзэ, як тое планавалася. Вам давядзецца пачакаць да ліпеня, каб паехаць у Турын і пражыць гэты момант братэрства ў радасці. Святы Айцец моліцца ў гэтае інтэнцыі, і ўжо зараз яднаецца ў думках і малітвах з усімі вамі, хто прысутнічае на Сустрэчы (у тым ліку ў сеціве), і перадае вам самыя сардэчныя вітанні.
Вашая Сустрэча адбываецца ў той час, калі існуе багата прычын для турботы. Многія задаюцца пытаннем: ці ёсць у нашай планеты будучыня? Якія абавязкі мы павінны ўзяць на сябе, каб забяспечыць яе абарону і зрабіць зямлю прыдатнай для жыцця? У час, калі нарастае палярызацыя, якім чынам мы можам, згодна вашае тэмы на наступны год, «стаць стваральнікамі адзінства»?
Замест таго, каб займаць абарончую пазіцыю, уцякаючы ад гэтых пытанняў, вы вырашылі спрабаваць вырашыць тыя пытанні, шукаючы разам, молячыся, слухаючы Божае Слова, дазваляючы яму праліваць святло на ўсё больш складаныя чалавечыя сітуацыі. Нездарма ў кнізе Дзеяў Апосталаў удакладняецца, што ў дзень Пяцідзесятніцы вучні «усе былі разам у тым самым месцы» (Дз 2, 1). Менавіта калі мы разам, Дух Божы дзьме асаблівым чынам. Падчас трываючага Сінода таксама й Каталіцкі Касцёл імкнецца зрабіць сябе больш даступным для дзеяння Духа, запрашаючы вучняў Хрыста даведацца, наколькі мы маем патрэбу адно ў адным.
Вы вырашылі не адводзіць позірк ад чалавечых пакут і абуральных праблем сучаснасці, але глядзець на гэтыя рэаліі, будучы упэўненымі ў тым, што вы пакліканы ўдзельнічаць у пошуку рашэнняў. Бо калі не бракуе пытанняў, што становяцца аб’ектамі нашае тугі, не меншай праўдаю будзе таксама й тое, што Дух Божы ніколі не перастае дзейнічаць і ўзнімаць стваральнікаў братэрства, салідарнасці ды адзінства. Адкрываючыся на прысутнасць Уваскрослага Хрыста, дазваляючы Яму аб’яднаць вашыя сэрцы, кожны з вас рыхтуецца, каб стаць адным з іх.
Святы Айцец просіць Духа Святога дабраславіць вас, маладых католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, якія думкамі і малітвамі ўдзельнічаюць у Еўрапейскае сустрэчы, і давярае вас апецы Панны Марыі. Няхай й надалей вы застанецеся пілігрымамі даверу, куды б ні пасылаў вас Гасподзь!
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці
Сусветны Патрыярх Барталамей I°, Архіепіскап Канстанцінопаля – Новага Рыма
Шаноўная моладзь,
шчыра молімся, каб гэтае пасланне знайшло вас у добрым здароўі, спакоі і напоўненых надзеяй, калі вы збіраецеся разам у цудоўным горадзе Турын з нагоды 44-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы Тэзэ.
Безумоўна, вы з’яўляецеся сведкамі найвялікшых тэхналагічных змен, з якімі калі-небудзь сутыкалася чалавецтва, з хуткасцю і інтэнсіўнасцю, якіх не адчувала ніводнае пакаленне. Гэтая новая рэальнасць закранае нас і фармуе наш погляд на свет. Хуткасць мы ўспрымаем як належнае. Нецярплівасць да павольнасці паўсядзённых рэчаў, якія не дастаткова хуткія, занадта часта ператвараецца ў запал. Гэты пераварот у нашым перажыванні часу, але й прасторы, істотна змяняе нашую здольнасць шанаваць і сузіраць прыгажосць свету, які, хоць і нерухомы, тым не менш знаходзіцца ў пастаянным пераўтварэнні. Ідэальным адлюстраваннем гэтага з’яўляецца прырода.
Разам з тым, мы ведаем, наколькі тэхналогіі могуць быць карыснымі. Хуткасць і свабодны паток інфармацыі, безумоўна, дапамагаюць. Больш за тое, вытворчасць вакцыны супраць пандэміі COVID-19 у рэкордна кароткія тэрміны з’яўляецца прыкметай вялікіх магчымасцяў, якія сталі рэальнымі дзякуючы развіццю навукі. Аднак варта быць таксама ўважлівымі да ілюзій, якія могуць паўстаць па прычыне занадта вялікага замілавання да ўласнае сілы, цалкам адарванай ад адзінай сілы, якая мае значэнне, – сілы любові. Акрамя таго, ці ж Рабле не пісаў: “Навука без сумлення не што іншае, як пагібель душы”?
Менавіта з гэтае нагоды пакора сапраўды з’яўляецца самай важнай цнотай, якую можна набыць у сваім жыцці. Як сцвярджае святы Ян Клімак, адной пакоры дастаткова, каб адкрыць вароты раю (Святая Лесвіца, 23, 12). Мы ведаем, што Гасподзь прыняў шаты пакоры, прыняўшы нашую прыроду, каб цалкам аддаць сябе за жыццё свету. Як пісаў да Філіпянаў святы апостал Павел: “[Хрыстос], будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей.
І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай” (Флп 2, 6-8).
Нашыя сэрцы павінны быць прасякнуты духам пакоры Госпада. Не разглядайце гэтага як слабасць. Наадварот, мы павінны моцна трымацца на зямлі, а наш дух увесь час звяртацца да неба, каб разам ісці да Царства, дзеля таго каб «стаць стваральнікамі еднасці», як нагадвае нам тэма сёлятняе Сустрэчы. Адзінства грунтуецца на пакоры. Гэта яго ідэальнае становішча, знак надзеі, дзякуючы якому ўсе нашыя падзелы будуць ліквідаваныя.
Таму мы запрашаем вас увайсці на гэты шлях мудрасці з пакорай, якая знаходзіць сваю крыніцу ў Хрысце. Мудрасць у Слове Божым, уцелаўлёным Логасе. З пакоры гэтае Слова стала для нас целам.
Няхай Гасподзь адорыць вас усёю сваёю ласкаю і багатаю любоўю, каб вы змаглі шукаць мудрасці ў пакоры і стаць чыннікамі перамен, так патрэбных свету, чакаючы на надыход Царства Божага.
Няхай вас усіх дабраславіць Гасподзь! Таксама й мы працягваем маліцца за вас і дабраслаўляем вам. Мы віншуем Супольнасць Тэзэ з нагоды гэтага новага этапу гэтых сустрэч. Няхай ласка адзінства заззяе ў кожным з вас, і няхай яна будзе носьбітам надзеі, якая падтрымлівае жыццё Царквы, каб вы былі годнымі працаўнікамі ў вінаградніку Госпада.
Маскоўскі Патрыярхат
Дарагія браты і сёстры,
з радасцю вітаю ўдзельнікаў традыцыйнай сустрэчы Супольнасці Тэзэ, якая праходзіць падчас святкавання Нараджэння Хрыстова паводле Грыгарыянскага календара; сёлета яна прысвечана тэме: «Становячыся стваральнікамі адзінства».
У гэтыя цяжкія часы неабходнасць адзінства як ніколі відавочная. Нягледзячы на прагнозы многіх палітыкаў і навукоўцаў, працэс глабалізацыі не прывёў да заспакаення на лініі міжнародных і міжкультурных супярэчнасцей, не паспрыяў змяншэнню няроўнасці ўнутры грамадства. Наадварот, наша эпоха сутыкаецца з беспрэцэдэнтнымі выклікамі, якія ў пэўным сэнсе пагаршаюць ужо існуючыя праблемы, адначасова ставячы перад намі зусім новыя пытанні.
У гэтым кантэксце мы ўсё больш сур’ёзна задумваемся над сэнсам паняцця адзінства на розных узроўнях: адзінства чалавецтва, адзінства прадстаўнікоў розных рэлігій, якія сутыкаюцца з агульнымі выклікамі, адзінства хрысціян, салідарнасць на нацыянальным і мясцовым узроўні. У гэтым кантэксце, ці не выпадала б лічыць прароцкімі заклікі прадстаяцеляў нашых Цэркваў да адзінства чалавечага роду, распачатыя ў апошнія гады. У 2020 годзе Папа Францішак апублікаваў энцыкліку “Fratelli tutti”, якая змяшчае яркія разважанні цяперашняга кіраўніка Каталіцкага Касцёла на гэтую тэму. Братэрства і адзінства таксама дарагія для прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы. Так, у інтэрв’ю румынскаму агляду “Q Magazine” у 2017 годзе Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл адзначыў: “Евангелле і сёння з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам дасягнуць шчасця самым кароткім шляхам, як для канкрэтных асоб, так і для грамадства ў цэлым. Глупствам і цалкам немагчымым з’яўляецца імкненне пераадолення індывідуалізму проста ў імя калектывізму. Сітуацыя выглядае значна больш сур’ёзнаю: хрысціянства сцвярджае, што толькі праз служэнне Богу і бліжняму чалавек набывае паўнату быцця, і толькі яно можа даць натхненне і сапраўднае шчасце за межамі зямнога існавання”.
Гэтыя словы застаюцца актуальнымі й сёння, у кантэксце новых глабальных канфліктаў, якія суправаджаюцца з’явамі, што, як здавалася, засталіся ў мінулым: гонка ўзбраенняў, праявы варожасці і нянавісці. Я веру, што ўсё гэта прымушае нас ізноў прызнаць, што будучыня нашае планеты ды ўсяго чалавецтва па Божай волі знаходзіцца ў нашых руках.
Ад нашых намаганняў у поўнай меры стаць стваральнікамі адзінства залежыць у пэўным сэнсе далейшае развіццё гісторыі, лёс будучых пакаленняў. Як на гэты конт не ўзгадаць вядомую цытату знакамітага ва ўсім свеце расейскага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага, 200-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета: “Д’ябал з Богам змагаецца, а поле бітвы - сэрцы людзей”. У гэтае барацьбе суцяшэннем для нас з’яўляюцца словы Збаўцы: “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33).
Усім вам жадаю, каб гэтая Сустрэча была паспяховаю і прынесла вам духоўную карысць.
З сяброўскім прывітаннем у Госпадзе,
старшыня сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата
а. Ёан Саўка, в.а. Генеральнага сакратара Сусветнае Рады Цэркваў
Мае дарагія сябры, удзельнікі Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы Тэзэ,
са шчырай радасцю я вітаю вас ад імя Сусветнае Рады Цэркваў і дасылаю свае малітвы ды добрыя пажаданні з нагоды дзён вашае Сустрэчы і вашае рэфлексіі, малітвы, сустрэчы адно з адным ды сумеснага вырашэння праблемаў нашага часу.
Вашая прысутнасць абуджае маё сэрца, таму што я бачу ў ёй знак таго, што мы — як асобы, як хрысціяне, як еўрапейцы — можам праз нашую асабістую і калектыўную трансфармацыю нібы вучні Хрыста сустрэць і пераадолець шматлікія цяжкасці і выклікі, з якімі сёння змагаецца наш свет. Вы даеце мне надзею!
Як тое магчыма? Як заклікаў брат Алоіс, адкрываючыся і настройваючыся на любоў да Бога, асобу Хрыста і дзеянне Духа, мы можам стаць стваральнікамі адзінства. Мы завязваем сяброўства і ствараем сапраўдную супольнасць з тымі, хто побач з намі, нават або асабліва з тымі, хто адрозніваецца ад нас. Мы адчуваем салідарнасць з усімі патрабуючымі і з нашае патрабуючае планетаю. Дазвольма нашае надзеі адкрыць новыя і творчыя падыходы. Мы даследуем агульныя каштоўнасці і імкнемся да прымірэння, каб аб’яднаць усіх нас у адну чалавечую сям’ю.
Такое радыкальнае навяртанне — поўная адданасць сябе любові — не адбываецца ані хутка, ані лёгка, але мы створаны менавіта для гэтага.
Мне не трэба ўзгадваць усе тыя галоўныя праблемы, з якімі мы сутыкаемся сёння; вы іх ведаеце гэтак жа добра, як і я. Наша адзіная надзея пераадолець іх і стварыць устойлівую будучыню заключаецца ў тым, каб аб’яднацца як асобы і супольнасці, абсалютна адданыя жыццю, годнасці і дабрабыту кожнага чалавека, а таксама дабрабыту стварэння.
Як маладыя людзі, як людзі любові і сумлення, як вучні Хрыста і Яго шляху, вы трымаеце ключ да гэтае будучыні. Разам з усім сусветным братэрствам Цэркваў я малюся: няхай час, які вы правядзеце разам, засадзіць насенне пераўтварэнняў для вас і вашых сяброў, для нашых суполак і нацый, і для нашага свету.
вялебны Кейслі Б. Эсамуа, Сакратар Сусветнага хрысціянскага форуму
Калі нашаму свету калі-небудзь былі патрэбныя мудрасць і энергія маладых людзей, дык той момант менавіта зараз. Мы перажываем неспакойныя часы на ўсіх узроўнях, і павучальна тое, што моладзь - якой належыць будучыня - знаходзіцца на перадавой і ў цэнтры, спрабуючы з перакананнем заангажавацца ў глабальныя праблемы сучаснасці.
Розныя культуры па-рознаму ставяцца да моладзі. Некаторыя, на жаль, трэба прызнаць, хочуць, каб моладзь была бачнаю, але не пачутаю. Іншыя звальваюць усю фізічную адказнасць, ад якой адмовіліся старэйшыя, на моладзь, прымушаючы яе несці цяжар фізічных патрабаванняў. Біблія спрыяе здаровай сярэдзіне, калі ўсе ўзросты лічацца каштоўнымі і запрашаюцца да поўнага ўдзелу ў справах цяперашняга свету.
Дарастаючы ў якасці метадыстычнага пастара ў Гане, для спеву мы выкарыстоўвалі мудрагелістыя словы Чарльза Уэслі, мэта якіх натхніць:
Каб служыць сучаснае эпосе,
Маё пакліканне выканаць:
О, каб усе мае сілы былі заангажаваныя
Выканаць волю майго Настаўніка!
Клапаціцца пра будучыню мы можам выключна праз поўнае узаемадзеянне з «сучаснае эпохаю».
Шмат у чым гэты час можа стаць момантам Kairos для ўсіх нас: не столькі засяроджвацца на тым, чаго мы не можам зрабіць з-за пандэміі, колькі спытаць сябе, якія шляхі служэння і клопату сталі магчымымі менавіта таму, што нашы нармальныя мадэлі жыцця былі парушаныя?
Сярод пяцёркі найбольшых выклікаў, з якімі цяпер змагаецца наш свет - COVID, расавая справядлівасць, глыбокая палітычная палярызацыя, кліматычная справядлівасць і моцнае пачуццё трывогі ў сувязі з глабальным парадкам - моладзь выбірае новы і беспрэцэдэнтны курс дзеянняў і падтрымкі. Усё, што я магу сказаць, гэта ТАК ТРЫМАЦЬ ды КРОЧЫЦЬ НАПЕРАД. Запэўніваю вас у маёй глыбокай пашане: можаце разлічваць на нашую малітоўную падтрымку.
пастар Крысціян Крыгер, старшыня Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў
На знак братэрскае супольнасці дасылаю вам цёплыя прывітанні ад Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і перадаю падбадзёрванне 114 цэркваў-членаў — праваслаўных, пратэстанцкіх, англіканскіх, старакаталіцкіх з больш чым 40 еўрапейскіх краін.
Пандэмія, з якой мы жывем ужо амаль два гады, кідае выклік нашаму чалавецтву. У гэты асаблівы перыяд мы ўсведамляем, наколькі мы маем патрэбу сяброўскае сустрэчы, жыцця ў адносінах з іншымі, у згуртаванасці. Гэтая пандэмія, якая выпрабоўвае наш свет і яго сучаснасць, кідаючы выклік нашаму чалавецтву і яго навуцы, чарговы раз пазбаўляе вас - пілігрымаў з усіх еўрапейскіх гарызонтаў - шчасця супольнае сустрэчы, а нават большага - супольнага святкавання даверу, дадзенага нам тым Богам, які прапануе нам сябе, стаўшы адным з нас.
У цэнтры нашага падзеленага свету, пасярод нашых раздробленых грамадстваў, у сэрцы нашага чалавецтва, якое змагаецца з празмернасцямі індывідуалізму, калядная гісторыя прыходзіць як знак адзінства. Сапраўды, у Хрысце неба і зямля абдымаюцца! У момант Яго нараджэння неба кліча зямлю на сустрэчу з Богам. Анёлы запрашаюць пастухоў прыйсці і прывітаць нараджэнне Збаўцы. Зоркі вядуць мудрацоў Усходу да ясляў выратавання чалавецтва. Такім чынам, у Хрысце Бог ахвяруе сябе нашаму свету і нашаму чалавецтву ў якасці повязі адзінства. Ён аб’ядноўвае мясцовых і вандроўнікаў, вучоных і простых людзей, нябесныя істоты і тых, хто ступае па зямлі. Ён расчышчае заслоненыя гарызонты маладой пары, якая перажывае цяжкасці, праз датэрміновыя роды! У Хрысце Бог адкрываецца як повязь адзінства.
Няхай гэтая повязь еднасці, прапанаваная ў Хрысце, укшталтуе вашае бачанне свету, няхай яна кіруе тым, як вы бачыце сваіх сясцёр і братоў у чалавецтве, а таксама стварэнне ў цэлым, няхай гэта будзе асновай вашага даверу, падтрымлівае вашую надзею і мабілізуе вашую ўвагу.
Няхай прымірэнне, дадзенае ў Хрысце, накіруе вас на шлях да тых, каму даручана вашае спачуванне і каго Бог дае вам, каб у вашым штодзённым жыцці вы знайшлі знакі гэтае надзеі ў руху, у дадзеным вам абяцанні.
вял. Разалі Вэллоса Івэл, старшыня пя сувязях з Цэрквамі Аб’яднанага біблійнага таварыства
Дарагія сёстры і браты, якія сабраліся на Сустрэчу моладзі Тэзэ ў Турыне 2021-2022 гг.,
кірую да вас самыя цёплыя прывітанні ў імя Госпада нашага Езуса ад Аб’яднаных біблейскіх таварыстваў! У гэтыя часы падзелаў і вымушанага дыстанцыявання паміж усімі намі вашыя сустрэчы - як у сеціве, так й асабіста - з’яўляюцца сімваламі надзеі і адзінства ў раздробленым свеце. Вы з’яўляецеся адлюстраваннем радасці, аб якой маліўся Езус у Евангеллі паводле Яна: “Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай” (Ян 15, 11).
Сёлета Аб’яднаныя біблейскія таварыствы адзначылі сваё 75-годдзе. Падобна да вас, мы маем гонар працаваць з усімі хрысціянамі дзеля дабра Евангелля і спрыяць хрысціянскаму адзінству праз служэнне справядлівасці і міру.
Калі ласка, ведайце, што вы будзеце ў маіх малітвах, калі будзеце сустракацца разам, дзеля таго каб радавацца ў нашым Пану, маліцца і сведчыць аб надзеі і любові, якія мы маем у Хрысце. Няхай найбагацейшыя Божыя дабраслаўленні будуць з вамі.
сп. Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар ААН
Цешуся, што магу перадаць свае прывітанні ўдзельнікам штогадовае Сустрэчы Супольнасці Тэзэ. Нашаму свету як ніколі патрэбны вашыя ўдзел ды ідэі.
Мы сутыкаемся з самым вялікім каскадам крызісаў у нашым жыцці.
Пандэмія COVID-19 учыніла бачным свет слабасці і несправядлівасці. Гэта мáе быць зваротным пунктам для смелых і пераўтваральных дзеянняў.
Упершыню ад пакаленняў павялічваюцца беднасць і голад. Узрастае няроўнасць. Усплёск недаверу і дэзінфармацыі палярызуе людзей і паралізуе грамадства. Геапалітычныя падзелы парушаюць міжнароднае супрацоўніцтва. Пад пагрозаю правы чалавека. Акрамя таго, мы працягваем пасоўвацца ў бок кліматычнае катастрофы.
Але мы можам пераламаць сітуацыю.
У нас ёсць планы: Агенда 2030 і яе 17 мэт устойлівага развіцця. Шматкроць чалавецтва паказала, што мы здольныя на вялікія рэчы, калі мы працуем разам - па-за межамі ўрадаў, у розных геаграфічных лакалізацыях і пакаленнях.
Для гэтага нам патрэбна больш інклюзіўная і сеткавая шматбаковасць. Менавіта таму Арганізацыя Аб’яднаных Нацый распачала новую ініцыятыву: Нашая Агульная Агенда (парадак дня). Яна ўключае больш за 90 рэкамендацый і прапаноў, заснаваных на 360-градусным аналізе стану нашага свету.
Цэнтральным элементам з’яўляецца забеспячэнне поўнага ўдзелу моладзі ў распрацоўцы нашае агульнае будучыні і значна большага ўплыву ў самой Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Свету патрэбныя вашыя энергія, мужнасць і адданасць. Мяне перапаўняе надзея, калі я бачу, як вашае пакаленне кідае выклік статус-кво і заклікае да пераўтваральных змен.
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый - ваш надзейны саюзнік, калі мы імкнемся пабудаваць зраўнаважаны, інклюзіўны і ўстойлівы свет для ўсіх.
Зычу вам толькі поспехаў.
спн. Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі
Дарагія сябры Тэзэ,
маладосць - гэта час адкрыццяў, творчасці і надзеі. Гэта такі час у нашым жыцці, калі ўсё навокал новае, усе перажыванні маюць значэнне, а новыя сябры могуць заставацца з намі праз усё жыццё. Супольнасць Тэзэ таксама вызначаецца духам моладзі. Бо яна аб’ядноўвае столькі неабыякавых і адданых справе маладзёнаў з усёй Еўропы і свету. Гэта тыя асобы, якія ўжо ў так маладым узросце так шмат аддаюць грамадству.
За апошнія два гады маладыя людзі ахвяравалі значнае часткаю сваёй свабоды дзеля здароўя і бяспекі іншых. Вы сапраўды паказалі прыклад. Менавіта таму я прапанавала зрабіць 2022 год Годам еўрапейскае моладзі. Мне б хацелася, каб Еўразвяз больш займаўся моладдзю. Каб пачуць, чаго вы патрабуеце і аб чым марыце для Еўропы. Таму што я лічу, што Еўропе, каб пераадолець пандэмію і распачаць новы раздзел, патрэбны моладзевы дух.
Перад абліччам такіх праблем, як змяненне клімату, лідарства наступнага пакалення набірае значэння, як ніколі раней. Вось чаму я была так усцешана, бачучы, што Супольнасць Тэзэ арганізавала малітву для моладзі ў Глазга падчас COP26. Вяртанне справядлівасці і раўнавагі ў нашыя адносіны з прыродай - гэта высакародная задача. Дзякуючы Еўрапейскаму зялёнаму пагадненню Еўразвяз няўхільна рухаецца да больш зялёнай, справядлівай і здаровай будучыні, да якой імкнецца вашае пакаленне. Будучыня, якую мы можам пабудаваць разам, калі ўсе мы зробім свой уклад у нашае паўсядзённае жыццё.
Супольнасць Тэзэ пазнаёміла мяне са словамі святога Аўгустына, якія надалі мне сілы: “Ідзі па сваім шляху, бо ён існуе толькі тады, калі ты ідзеш”. У гэтыя цяжкія часы, я спадзяюся, што гэтыя словы надаюць моладзі яшчэ больш сіл. Ваш шлях можа быць доўгім, але ж вы моцныя духам.
Я дзякую вам за прыклад, які вы паказалі. Я спадзяюся, што вашая Сустрэча ў Турыне можа яшчэ больш натхніць будучыню нашага Саюза і аздаравіць нашую планету.
Жадаю вам і вашым сем’ям вясёлых Калядаў ды шчаслівага і здаровага Новага года.