TAIZÉ

Разважанне брата Алоіса

“Смерць больш не мае апошняга слова”

 
Субота, 16 красавіка 2022 г.

Вельмі ўсцешаны, што на святкаванне Вялікадня сабралася тут так вялікая колькасць прысутных. Вялікоднае раніцаю ў садзе цішыні з відам на крыніцу а 6:15 мы запалім пасхальны агонь. Затым а 10-е гадзіне мы будзем цэлебраваць Эўхарыстыю. Напамін падзей, калі апосталам абвясцілі, што Хрыстос уваскрос, група жанчын прынясе у Храм велікодны агонь.

Але якім чынам мы можам увайсці ў радасць Вялікадня, калі штодзённа мы чуем навіны пра нясцерпныя пакуты жанчын, мужчын і дзяцей ва Украіне? Вайна, развязаная супраць народа гэтае краіны, беспрэцэдэнтны гвалт, абурае ўсіх нас. Мы таксама памятаем пра войны і гвалт у іншых краінах свету. Акрамя таго, мы не можам забыцца пра ўсе наступствы пандэміі ды экалагічную небяспеку. Увесь гэты цяжар ляжыць на нас усіх.

Мне б хацелася падзяліцца з вамі тым, што напісала нам Юлія, маладая дзяўчына з Украіны на пачатку ўварвання: “Зараз я знаходжуся ва Львове, у бяспецы, у адрозненне ад мільёнаў іншых украінцаў”. Далей яна разважае: “Як жа мне паўстрымацца, каб у маім сэрцы не нарадзілася нянавісць, калі я бачу фота бацькоў, якія толькі што страцілі сваё 18-месячнае дзіця, параненае аскалёпкам расійскае ракеты? Якім чынам у асобе аўтара гэтага злачынства ўбачыць перадусім чалавека, а не забойцу?”.

Па сутнасці, я мусіў бы сказаць ёй, што насамрэч не маю адказаў на гэтыя пытанні, але тое, што яна іх задала, сведчыць аб адкрытасці на надзею. Я паабяцаў ёй, што падзялюся з вамі яе пытаннямі, што мы будзем разважаць тое ў нашых малітвах.

Чаму існуе зло? Гэтае пытанне спавадавала, што ўнутры нас утварылася пустэча. Мы агучваем тое ў малітве, але занадта часта Бог, здаецца, маўчыць.

Наша хрысціянская вера не дае нам простага адказу на тое, чаму мы пакутуем. Але факт, што мы сёння разам, дык таму, што верым, што наша вера можа дапамагчы нам жыць з гэтым пытаннем, не губляючы надзеі.

Мы нібы пагружаныя ў стан трывалай Вялікай суботы. Вялікая субота — гэта дзень Божае цішыні, паміж крыжовай смерцю Езуса і паранкам Яго ўваскрасення. Езус памёр з такім крыкам: “Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” Той, хто не зрабіў нічога дрэннага, хто быў самой любоўю, увайшоў у найглыбейшую цемру чалавечнасці: выключэнне, катаванні, нянавісць і, нарэшце, гвалтоўная смерць.

Вялікая субота нагадвае нам пра гэтую таямніцу: Хрыстус, Божы пасланец, змагаўся за тое, каб прынесці Божую любоў там, дзе панавала смерць. Першыя хрысціяне адлюстравалі тое наступнымі словамі: зыйшоў да адхлані. Усходнія хрысціяне асаблівым чынам развівалі гэтую думку ў сваёй літургіі ды праз іконы.

Сёння ўвечары пасяродку Храма мы размяшчаем ікону «Сыходжанне да адхлані». Яна дэманструе, як Хрыстус сыходзіць да памерлых. Але ягоны рух уніз — гэта адначасова й рух угару: Ён разбівае брамы пекла, вызваляючы ўсіх палонных. Ён сапраўды быў мёртвы, але ён уваскрос з памерлых, з сілай забіраючы іх з сабою. Смерць страціла сваю моц, за ёй ужо няма апошняга слова. Таму мы называем гэтую ікону «Анастасіс», то бок «Уваскрасенне».

Гэтую таямніцу мы можам выказаць толькі вобразамі, бо нашая чалавечая мова не ў стане ўчыніць гэтага інакш. Хрыстус жыве. Нябачны для нашых вачэй, Ён аднак можа суправаджаць кожнага чалавека. Ён не кідае тых, хто пакутуе, Ён вымярае ім справядлівасць, нават па-за межамі смерці. Нашая хрысціянская надзея — гэта не няясная мара аб прыгожым жыцці, якое ніколі не заканчваецца, але надзея на справядлівасць для ўсіх. Гэта тая надзея, якая ўжо зараз можа стаць адметнасцю нашага штодзённага існавання.

У нядзелю, падчас святкавання Пасхі, мы станем сведкамі знака гэтае надзеі ва ўваскрослым Хрысце. Гэтага ж дня наш брат Бернат збіраецца скласці ў нашае Супольнасці вечныя манаскія зарокі. Ён учыніць гэта, як кажа правіла нашае Абшчыны, “з-за Хрыста і Евангелля”.

Толькі дзякуючы надзеі на Хрыста, дзякуючы даверу да Бога, можна сказаць “так” назаўсёды.

Бернат паходзіць з Каталоніі; яго сям’я прысутнічае тут, каб удзельнічаць у ягоных зароках. Бацькі Берната ў Тэзэ не ўпершыню: яны разам з ім, а таксама з ягонымі братам і сястрою ўжо былі тут, калі хлопец быў яшчэ зусім малы, калі таму было 13 гадоў.

Урачыстасць змёртвыхпаўстання Хрыста і радасць, якую яна ў нас спараджае, не аддаляе нас ад пакут свету. Цалкам наадварот, тое чыніць нас здольнымі лепш супрацьстаяць жыццёвым выпрабаванням, нашым і чужым. І сапраўды, уваскрослы Хрыстус пасылае нас, каб сваім жыццём мы паказалі, што існуе надзея па-за ўсялякай чалавечай надзеяй.

Такім чынам, пасля нядзельнае пасхальнае Эўхарыстыі мы можам вітаць адно аднаго гэтымі словамі: “Хрыстос уваскрос!”, і адказваць “Сапраўды ўваскрос!”.

Апошняе абнаўленне: 22 красавіка 2022