Брат П’ер-Іў нарадзіўся 15 красавіка 1929 года, будучы найстарэйшым сярод дзяцей ягонай сям’і. Ён вырас у швейцарскім кантоне Юра, у мясцовасці Ла-Шо-дэ-Фон, пакуль у 1944 годзе сям’я не пераехала ў Лазану, дзе ён адбыў усё сваё багаслоўскае навучанне, за выключэннем семестра ў Базелі, калі ён наведваў курсы вялікага кальвінісцкага тэолага Карла Барта.
У 1953 годзе, паводле тагачаснага звычаю Тэзэ, перад тым, як далучыцца да Супольнасці, браты атрымліваліалі пастырскае пакліканне; брат П’ер-Іў паехаў стажыравацца ў абшчыну Эгль у кантоне Во, затым у 1955 годзе ў Нёўшатэль, дзе ў 1956 годзе быў ардынаваны на пастара.
Разам з двума іншымі братамі ён на працягу некалькіх гадоў выконваў пастырскае служэнне ў прыходзе лютэранскай супольнасці Пеі дэ Манбельяр, адначасова развіваючы сваё пакліканне ў якасці экуменічнага багаслова: ён удзельнічаў у групе Dombes [1], супрацоўнічаў у тэалагічных даследаваннях Экуменічнага цэнтру ў Жэневе, падрыхтаваў публікацыі, у прыватнасці, на тэмы «Адзінства вернікаў у небе і на зямлі», «Хрыстус — наша ўзнагарода», «Эўхарыстычная ахвяра сярод французскіх рэфармаваных тэолагаў XVII ст.»…
Пашырэнне магчымасцяў прыёму ў Тэзэ вярнула яго на вясковы ўзгорак, дзе ён, у прыватнасці, адказваў за душпастырскую апеку над сустрэчамі пар. З таго часу на працягу дзесяцігоддзяў ён прысвячаў гэтаму значную частку свайго служэння, падтрымліваючы духоўнае жыццё і экуменічнае заангажаванне сужэнскіх пар з розных краін, у тым ліку шэрагу змешаных каталіцка-пратэстанцкіх сем’яў.
Сярод ягоных публікацый былі, у прыватнасці, «Малітва ў цэнтры жыцця», «Подых надзеі, элементы хрысціянскага жыцця»; акрамя таго, ён перадусім пачаў вывучаць і перакладаць творы святога Бернарда ды іншых айцоў цыстэрсаў з XII ст., стаўшы прызнаным спецыялістам у дадзенае галіне. На працягу многіх гадоў ён любіў праводзіць некалькі тыдняў Вялікага посту ў манастыры Тамі. Ён ахвотна адгукаўся на запрашэнні рэлігійных супольнасцей, якія жадалі дзякуючы яго прысутнасці ажывіць рэкалекцыі.
Акрамя інтэлектуальных і душпастырскіх здольнасцяў, варта адзначыць, што брат П’ер-Іў быў музыкам і амаль да канца жыцця рэгулярна граў на віяланчэлі. На стыку сваёй любові да музыкі і захаплення літургічным жыццём ён напісаў тэксты шматлікіх гімнаў, якія выконваліся асабліва ў манаскай традыцыі.