TAIZÉ

Брат Паскаль (1940-2023)

 
Пасля працяглай хваробы 16 сакавіка 2023 г. памёр Ральф Рэй Уолш, які пры далучэнні да Абшчыны Тэзэ ў 1962 г. прыняў імя брат Паскаль.

Брат Паскаль нарадзіўся 12 кастрычніка 1940 года ў Ілінойсе, ЗША. Яго бацька быў пастарам, і ў яго былі брат, цяпер ужо нябожчык, і сястра.

Па прычыне сваёй прыналежнасці да епіскапальнай супольнасці ў Злучаных Штатах, ён быў першым сярод братоў Тэзэ, хто пашырыў дыяпазон канфесійнае прыналежнасці да англіканскай супольнасці.

Пасля супрацоўніцтва па прыёме гасцей у Тэзэ, з 1966 г. амаль усё сваё жыццё ён правёў з іншымі братамі ў фратэрніях, дзе яны жылі побач з найбольш уразлівымі: у вельмі бедным раёне Чыкага, у бразільскім горадзе Віторыя, ізноў у Злучаных Штатах, дзе ён некаторы час кіраваў нью-ёркскаю фратэрніяй, а затым, нарэшце, зноў у Бразіліі, у Алагоіньяс. Там ён правёў больш за ўсё часу: ён дапамагаў многім людзям з рознымі залежнасцямі, а дзякуючы сваім мастацкім здольнасцям стварыў майстэрню вітражоў, якая супрацоўнічала з многімі касцёламі па ўсёй Бразіліі, што дапамагала падтрымліваць матэрыяльны бок жыцця фратэрніі.

У 2015 годзе ён вярнуўся ў Еўропу і правёў чатыры гады з двума іншымі братамі ў Эльзасе, дзе змог прадэманстраваць сваё вытанчанае пачуццё колеру праз ткацтва. Пасля гэтага ён вярнуўся на ўзгорак Тэзэ, паступова аслаблены хваробамі, кульмінацыяй якіх быў балесны рак лёгкіх.

Апошняе абнаўленне: 18 March 2023