TAIZÉ

Казанне арцыбіскупа Упсалы Марціна Мадэуса, прымаса Швецыі

 
Падчас нядзельнае Эўхарыстыі 24 красавіка лютэранскі арцыбіскуп Упсалы, прымас Швецыі Марцін Модэус прамовіў казанне, прысвечанае гісторыі вучняў па дарозе ў Эмаус.

Падарожжы – гэта рызыка. Мы сустракаемся з новымі людзьмі, з новымі ўражаннямі – і многае з гэтага ў пэўным сэнсе будзе новымі часткамі майго светаўспрымання, жыцця майго і маіх блізкіх. І, канечне, маёй веры.

Перабываць у пілігрымцы – гэта спосаб сканфрантавацца з жыццём, таму што кожнае падарожжа дае мне магчымасць узрастання. Аднак перадусім тое дапамагае нам пазнаваць Божую любоў. Я бачу гэта ў людзях, з якімі сустракаюся, у іх адкрытасці, пільнасці ды заангажаванні. І ва ўсім стварэнні. Таму што Божая любоў пранізвае ўсё навокал.

Аднак крыху ж тое й сумна, што калі штодзённасць цячэ, то плыні кахання лёгка хаваюцца ў звычайным жыцці, якое часам называюць «шэрым». Але на самой справе, нават у гэтым звычайным жыцці, прысутны мігатлівы цуд кахання, ужо тут, пад рукой.

Калі ў мяне ёсць вольны час, я люблю проста адпачыць, назіраючы за птушкамі ў садзе. Неаднойчы мяне дзівіў шпак. На першы погляд, ён здаецца чорна-шэрым і крыху цьмяным. Аднак, калі я гляджу на яго ў адпаведным святле, ён пераліваецца, як перламутр, як вясёлка, нібы святло на паверхні мора ў цудоўны летні дзень. І гэтая прыгажосць была ж там увесь час. Чаму я не бачыў гэтага раней?

Часам менавіта выключэнні са штодзённасці, нечаканасці – спазненні цягнікоў, папсутыя рэчы, новае святло – дапамагаюць мне адысці ад відавочнага і ўбачыць крыху больш. Або тая ж пілігрымка.

Двое сяброў, якія ідуць з Ерузалему ў Эмаўс, вырываюцца з паўсядзённай рутыны. Калі Езуса ўкрыжавалі, іх жыццё нейкім чынам разбурылася. Падчас шпацыру яны могуць паразважаць і крыху занурыцца ва ўласныя думкі.

Размова кіпіць, бо чуткі, якія пачалі распаўсюджвацца, пярэчаць іх жыццёваму досведу. Мёртвыя людзі не паўстаюць з памерлых. Іх светапогляд пастаўлены пад сумнеў. Потым узнікае незнаёмец, і ён дапамагае ім нанова скласці кавалачкі іх светапогляду. Езус адкрывае ім вочы.

Тады рэальнасць пачынае зіхацець. Яны ведалі тое, што было ў іх раней: уласны вопыт Езуса, іх малітвы, іх надзею, іх давер альбо яго недахоп. Вы ведаеце, што ў вас ёсць, або чаго вы прагнеце.

А цяпер, як тлумачыць Езус, уваскрасенне і перамога над смерцю. Божая любоў іскрыцца і ззяе на пыльнай, звычайнай, дарозе. Яны пачынаюць бачыць тое, што заўсёды было там. Але цяпер гэта становіцца відавочна.

Словы Езуса і святло Божае любові асвятляюць сучаснасць. Але ўсё тое асвятляе таксама й мінулае, і раптам яны пачынаюць наноў адчытваць старыя апавяданні і тры гады досведу побач з Езусам. Яны знаходзяць новы спосаб разумення жыцця.

І больш за тое: раптам з таго, што яны адкрылі, яны таксама пачынаюць адчытваць й будучыню. Пачынаюць пералівацца перламутравыя фарбы жыцця, а ў шэрасці будзённасці праглядаецца яго паўната.

Пераліваецца барвамі шпак. У дажджы з’яўляюцца колеры вясёлкі. Божае вечнае жыццё ззяе тут і цяпер. Бог наноў выклікае давер паміж Богам і людзьмі. Тут і цяпер Бог любіць нас і стварае новае жыццё.

Ва ўсіх жыццёвых абставінах, нават у тых, якія выклікаюць і пагражаюць нам, прысутнічае Ўкрыжаваны і Ўваскрослы. Той, хто разам з жыццём сышоў у смерць, ва ўсіх нашых абставінах, нават у самых балючых, стварае такую ж прысутнасць. Любоў, якой уваскрослы Пан асвятляе нашае жыццё, прысутнічае таксама там, дзе мы не можам ці пакуль не хочам яе бачыць.

Езус запрашае нас разам з Ім глядзець на свет вачыма жыцця і любові. У нашае пілігрымцы нас там, можа, й няма. Але Ён побач, глядзіць на нас зіхатлівымі вачыма любові.

Апошняе абнаўленне: 29 April 2023