Асноўная праграма сустрэчы прайшла ў прыемна ацяпленай евангельскай кірсе U Salvátora. Падчас супольных малітваў у суправаджэнні хору і аркестра храм быў запоўнены не толькі ўдзельнікамі, але й іншымі зацікаўленымі з ліку мясцовых жыхароў. Суботняя раніца была прысвечана біблейскім разважанням пад кіраўніцтвам брата з Тэзэ, пасля чаго адбылося сумеснае абмеркаванне ў групах.
Тутака вы можаце прачытаць тэкст уступу (па-чэску).
Акрамя малітваў, для грамадскасці былі адкрыты пасляабедзенныя тэматычныя сустрэчы, якія вялі святар і сацыёлаг кс. Томаш Галік, святар і біёлаг Марэк Орка Ваха ды настаяцельніца прыходу і псіхатэрапеўтка Марціна Вікторыя Капецка.
Затым Яна Раянтава правяла майстар-клас, на якім можна было навучыцца габрэйскім танцам, а таксама паспрабаваць іх станчыць.
На сустрэчу прыбыло некалькі сотняў удзельнікаў, большасць з якіх паходзілі з Чэхіі. Але прыехала таксама больш за 30 маладых людзей са Славаччыны, больш за 20 з Польшчы ды чарговыя 20 з Нямеччыны. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел пілігрымы са Славеніі, Нідэрландаў, Украіны, Францыі, Вугоршчыны, Аўстрыі ды іншых краін. Іх гасцілі месцічы, чыя шчодрасць перасягнула чаканні: колькасць прапанаваных месцаў была большай, чым колькасць удзельнікаў, якім патрэбна было жытло.
Пра сустрэчу паведамляла TV Noe (глядзець ад 05:50), а таксама Katolický týdeník.
Тутака можна прагледзець іншыя фотаздымкі з сустрэчы.
Існуе таксама магчымасць прагледзець трансляцыю вечаровых малітваў, якія адбываліся на платформе Facebook:
пятнічная малітва
суботняя малітва
Вось, што напісалі ўдзельнікі сустрэчы і гаспадары:
Прысутнічаць на гэтае цудоўнае сустрэчы было шчасцем! Я паўдзельнічала ў малітвах і адным з семінараў. Я атрымлівала асалоду ад розных рэчаў, але больш за ўсё я ўсцешаная з той нагоды, што ў мяне была магчымасць кантакту з іншымі хрысціянамі з розных Цэркваў!
У мяне гасцілі двое маладзёнаў з польскае Лодзі. Што мяне здзівіла — Лодзь як першае праваеннае гета...Лодзь з такой вялікай спадчынай пакут, а прыехалі двое маладых, усмешлівых і добрых людзей, напоўненых надзеяй і верай. Дзякую, што вы дазволілі мне быць такой маленькай часткай супольнасці.
Гэта быў асаблівы час для мяне: ўпершыню я прысутнічаў на вялікае сустрэчы Тэзэ. Яна была напоўнена радасцю і малітвай праз спевы. Асабліва мне спадабалася сустракацца з іншымі маладымі людзьмі з розных краін. Музыка была прыгожая, таксама як й сама Прага. Мае гаспадары былі вельмі добрыя і паслужлівыя.
З усіх бакоў я адчувала неверагоднае прыняцце. Я цаню выбар спеваў, якія з’яўляюцца аднымі з маіх улюбёных. У групе былі прыгожыя сведчанні, якія мяне абудзілі.
Прыемна, што ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі былі такімі гарманічнымі. Бог прамаўляў да мяне праз іншых людзей. Я сустрэла Хрыста і нарэшце зразумела правіла св. Бэнэдыкта, які заклікае нас маліцца, служыць іншым і прымаць іх, якімі б яны ні былі. Мы жылі хрысціянскае любоўю, падарожнічаючы ў пошуках Бога ва ўзаемнае павазе і братэрскім падбадзёрванні! (...)