Стаючы ў праўдзе (абноўлена)Аўторак, 4 чэрвеня 2019 г.У той час, калі грамадства і Царква спрабуюць праліць святло на сітуацыю з сексуальным выкарыстаннем і нападамі, асабліва ў дачыненні да непаўнагадовых і далікатных асобаў, мае браты і я вырашылі, што таксама неабходна выказацца на гэтую тэму. Цягам дзесяцігоддзяў і аж да сёння ў Тэзэ мы прымалі тыдзень па тыдні тысячы маладых і не такіх ужо маладых людзей з Еўропы ды рэшту свету. Маючы свядомасць нашае адказнасці і праўды, якую дэманструюць нам гэтыя маладзёны, іх сем’і ды кіраўнікі іх груп, мы заўсёды імкнуліся зябяспечыць, каб той прыём адбываўся ў найлепшых варунках, як толькі тое магчыма, з павагаю да перакананняў кожнае асобы ды глыбокаю ўвагаю да інтэгральнасці і бяспекі ўсіх прысутных. Тым не меней, сярод удзельнікаў сустрэч, як паміж самімі маладымі людзьмі, так і паміж моладдзю і дарослымі, мелі месца сітуацыі парушэння гэтае інтэгральнасці. Калі мы былі інфармаваныя пра тое, мы выслухоўвалі ахвяры з адначасовым інфармаваннем адпаведных уладаў, як свецкіх, так і рэлігійных. Сярод іншых мер, пачынаючы ад 2010 г. адна з нашых старонак [http://www.taize.fr/be_article25771.html] у сеціве была прысвечаная абароне асобы, дзе змешчаныя E-mail адрасы, па якіх можна звяртацца і паведамляць пра магчымыя злачынствы. Таксама у Тэзэ брат з іншымі асобамі з па-за абшчыны адказныя за выслухоўванне якой-кольвек асобы, якой сталі вядомыя прыклады нападаў сексуальнага кшталту ці пра любую іншую форму гвалту, асабліва ў дачыненні да непаўнагадовых. Сюды ўваходзіць таксама інфармаванне пра тое кожнага з удзельнікаў, што прыязджаюць да Тэзэ, на пачатку іх побыту. Тое, чаму я сёння прамаўляю, дык таму, што з глыбокім смуткам даведаўся пра выпадкі, звязаныя з нашымі братамі, і, нават прымаючы да ўвагі даўнасць тых сітуацый, мы ў абшчыне пачуваліся з’абавязанымі паведаміць пра гэта. Гутарка пра пяць прыкладаў сексуальнага нападу на непаўнагадовых у перыядзе паміж 1950-ымі гг. ды 1980-ымі гг. з боку трох нашых братоў, два з якіх памерлі больш пятнаццаці гадоў таму. [1] Калі я быў паінфармаваны пра тыя напады, маёю першаю задачаю было выслухаць разам з іншымі братамі ацалелых*, з абсалютнаю павагаю да іх слоў, каб пачуць іх пакуты ды трываць з імі ў меру нашых магчымасцяў. Балазе, у апошнія гады ў грамадстве ды ў Царкве ўсведамленне нанясення шкоды інтэгральнасці чалавека паглыбляецца. Гэта таксама знайшло сваё адлюстраванне ў французскім заканадаўстве, якое абавязвае інфармаваць пра кожны выпадак, незалежна ад таго, калі тое здарылася ў мінулым. Працягваючы нашую працу па ўсталяванні праўды і папярэдне паразмаўляўшы з ацалелымі, я толькі што паінфармаваў французскага пракурора пра тыя пяць выпадкаў. Мы прызнаем, што гэтыя напады, здзейсненыя нашымі братамі ў мінулым, таксама з’яўляюцца часткаю нашае гісторыі. Для нас такая пастава - частка спробы высветліць праўду, што пачалося ад выслухання пацярпелых, і аж да сёння нашыя думкі скіраваныя ў іх кірунку. Пачуўшы тое, што яны дасведчылі і як пакутавалі, мы адчуваем сорам і глыбокі смутак. Магчыма, што гэтая заява можа заахвоціць іншых магчымых ацалелых паведаміць пра свае сітуацыі. Мы выслухаем іх і будзем таварышыць ім у кроках, якія яны пажадаюць зрабіць. Мы перакананыя, што выключна праліваючы святло на тыя ўчынкі пры адначасовай дапамозе асобаў з па-за абшчыны, мы будзем плённа абараняць усіх тых, хто аказвае нам свой давер, прыязджаючы да Тэзэ. І, калі я прамаўляю сёння, дык таму, што мы абавязаныя гэтым ацалелым, усім, хто побач з імі, а таксама ўсім тым, хто шукае ў Тэзэ даверу, бяспекі і праўды. брат Алоіс
Актуалізацыя | ліпень 2019 г.Пасля заявы брата Алоіса 4 чэрвеня на электронную скрынку taize.safeguarding protonmail.com напісалі некалькі асобаў. Гэта схіліла брата Алоіса да паінфармавання пракуратуры пра два абвінавачванні адносна сексуальнага выкарыстання непаўнагадовых, што мела месца ў 60-ых і 70-ых гг. Справа датычыць брата, які памёр больш дваццаці гадоў таму, а таксама брата, які выйшаў з Супольнасці больш сарака гадоў таму. Акрамя таго, іншыя атрыманыя сведчанні датычаць брата, пра якога ідзе гутарка ў ранейшае заяве, і які памёр больш пятнаццаці гадоў таму. Дадзеныя сведчаць пра злоўжыванне аўтарытэтам, што прывяло да дотыкаў інтымнага кшталту ў дачыненні да маладых поўнагадовых асобаў. Актуалізацыя | кастрычнік 2019 г.Ад часу апублікавання зварота брата Алоіса “Стаючы ў праўдзе” 4 чэрвеня 2019 г., нядаўна прыёр Тэзэ атрымаў сведчанні пэўнай жанчыны з апісаннем сувязі з братам, якога яна абвінавачвала ў псіхічных, псіхалагічных і сексуальных дамаганнях, што трывалі цягам некалькіх гадоў аж да апошняга лета. Паводле яе слоў, кантроль з боку брата доўжыўся ад 2003 г., калі яна - маладая дзяўчына - прымала ўдзел у міжнародных сустрэчах Тэзэ. Брат Алоіс неадкладна паведаміў пра гэта кампетэнтным органам, а жандармерыя сабрала паказанні пацярпелай. Брат, пра якога ідзе гутарка, зараз знаходзіцца пад вартаю; супраць яго высунутыя абвінавачванні ў “згвалтаванні і сексуальных дамаганнях”. Зараз справа за судом, дзе маюць быць устаноўленыя і кваліфікаваныя факты паводле законных падстаў. Брат Алоіс сцвярджае: “Мы з братамі ў шоку. Мы зробім усё магчымае, каб на гэтую справу пралілася святло. Такое захаванне абсалютна несумяшчальна з нашым жыццём. Я застаюся на баку ацалелых, і мы зробім усё магчымае, каб падтрымаць яе. Я даручаю сябе вашым малітвам і вашай дружбе”. Каб працягнуць працу па высвятленні ісціны, Абшчына зноў заяўляе, што былі прыняты розныя меры для атрымання дадатковых справаздач, у тым ліку па электроннай пошце taize.safeguarding protonmail.com. ___ Актуалізацыя | сакавік 2020 г.У чэрвені мінулага года мы паведамілі пра некалькі абвінавачванняў у сексуальным нападзе, у двух з якіх удзельнічаў брат, які яшчэ жывы. Ад моманту таго першапачатковага сцвярджэння, Абшчыне сталі вядомыя таксама іншыя сведчанні, звязаныя з тым самым братам, што тычыліся сексуальных нападаў на непаўнагадовых у форме неадпаведных дотыкаў. Гэтыя паказанні былі перададзены адпаведным органам, якія займаюцца расследаваннем. Толькі судовыя органы могуць кваліфікаваць факты паводле закону і ацаніць прававыя наступствы з улікам часу, які прайшоў з часу іх меркаванага здзяйснення. Аднак няма падстаў сумнявацца ў паказаннях пацярпелых-ахвяраў, чые пакуты надаль прысутнічаюць і праз столькі гадоў. З улікам сур’ёзнасці дзеянняў, у якіх абвінавачваецца гэты брат, а таксама іх несумяшчальнасці з манаскімі зарокамі братоў, брат Алоіс паведаміў яму, што для яго будзе лепей пакінуць Абшчыну. Ён будзе жыць у іншым месцы, а па прычыне яго сталага ўзросту з ім будзе жыць брат, іншыя ж будуць яму дапамагаць таварышыць брату ў гэтым перыядзе ягонага жыцця. Брат Алоіс дадае: “Ведаю з маімі братамі ўсё тое, што мы атрымалі ад яго, і мы гэтым глыбока засмучаныя. Я спадзяюся, што гэтыя рашэнні, уплыў і сур’ёзнасць якіх я добра ўсведамляю, дапаможа нам - і яму таксама - прасунуцца па гэтым шляху высвятлення праўды”. Актуалізацыя | чэрвень 2020У мінулым кастрычніку адзін з братоў Абшчыны быў узяты пад варту (падрабязнасці гл. вышэй у нататцы за кастрычнік 2019 г.). У пачатку траўня б.г. брат быў вызвалены з-пад варты, але пакінуты пад судовым наглядам. Следства працягваецца, пакуль не будзе прынята адпаведнае судовае рашэнне. Незалежна ад вынікаў судовага следства й па узаемнае згодзе з братам было прынята рашэнне аб спыненні ягонага членства ў Абшчыне. ___ Актуалізацыя | лістапад 2022Пасля стварэння ўва Францыі незалежнай камісіі “Прызнанне і кампенсацыя” для людзей, якія сталі ахвярамі членаў рэлігійных супольнасцяў у Царкве, у студзені прыёр Тэзэ брат Алоіс сустрэўся з яе прэзідэнтам, суддзёй Антуанам Гарапонам. Ён пагадзіўся разабрацца з абвінавачваннямі ў дачыненні да братоў Абшчыны і прызначыў для гэтага двух членаў камісіі. Любы, хто хоча паразмаўляць з імі, можа зрабіць гэта непасрэдна праз электронную пошту альбо праз старонку ў сеціве [https://www.reconnaissancereparation.org/contact]. Акрамя таго, сведчанне, якое было атрымана праз taize.safeguarding protonmail.com, было адпраўлена пракурору Макона. Гэта датычыла былога брата, абвінавачанага ў некалькіх сексуальных нападах (гл. заяву ад чэрвеня 2019 г. і абноўленую нататку за сакавік 2020 г.). Нарэшце, Абшчына запрасіла незалежную каманду з чатырох чалавек прыехаць у вёску ў пачатку лістапада 2022 г., каб пачаць аўдыт палітыкі Тэзэ ў галіне асабістае бяспекі і даць неабходныя рэкамендацыі. Актуалізацыя | Травень 2023Сітуацыя, пра якую гаворыцца ў «Справаздачы аб ходзе абароны людзей у Тэзэ» (старонка 6 [https://www.taize.fr/IMG/pdf/22.12.12_rapport_etape_protection_fr_final.pdf]), якая была апублікаваная ў снежні 2022 г. (тэкст па-ангельску даступны online [https://www.taize.fr/fr_article35057.html]), завяршылася наконадні падпісаннем пад эгідай камісіі “Прызнанне і кампенсацыя” адпаведнага мемарандума паміж братам Алоісам (ад імя Абшчыны), братам Абшчыны (зацікаўлены бок) ды ахвяраю (пашкадаваны бок). У мемарандуме Абшчына Тэзэ з’абавязваецца, што ў бліжэйшы час узгаданы брат будзе працягваць знаходзіцца пад псіхалагічным суправаджэннем, а яго душпастырскія кантакты, звязаныя з сустрэчамі ў Тэзэ ды іншых месцах, застаюцца завешанымі. Актуалізацыя | Жнівень 2024Дзякуючы паведамленням, апублікаваным у прэсе, Супольнасць Тэзэ даведалася, што былы брат быў прысуджаны да аднаго года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за захоўванне выяваў дзіцячай парнаграфіі. Паводле той жа крыніцы інфармацыі, гэта брат, якога абвінавацілі ў згвалтаванні і сексуальным выкарыстанні ў кастрычніку 2019 года і які ўжо не з’яўляецца членам Супольнасці з вясны 2020 года (гл. нататкі актуалізацыі з кастрычніка 2019 года і чэрвеня 2020 года). Брат Мэцью, прыёр Тэзэ, зарэагаваў на тое: “Мы былі вельмі здзіўленыя, калі даведаліся пра гэты абвінаваўчы прысуд, бо не ведалі пра гэтую частку судовага следства. З гэтай нагоды я магу толькі паўтарыць абавязацельства, якое мы ўзялі на сябе, каб Тэзэ было бяспечным месцам для ўсіх, як на тэрыторыі самой Абшчыны, так і падчас міжнародных моладзевых сустрэч. Мы абавязаныя ахвярам, якія набраліся мужнасці сказаць пра тыя пакуты, якія ім выпалі; мы абавязаныя таксама ўсім тым, для каго Тэзэ займае важнае месца ў іх жыцці і веры”. Сярод артыкулаў, якія распавядаюць пра гэтыя навіны, можна прачытаць матэрыялы па-французску [https://www.lanouvellerepublique.fr/indre-et-loire/indre-et-loire-la-justice-condamne-un-ancien-membre-de- la-communaute-de-taize] і па-ангельску [https://english.katholisch.de/artikel/54954-taize-deals-with-abuse-the-first-judgement-surprises-the-brothers]. Калі вы адчуваеце, што гэтая інфармацыя закранула вас, калі ласка, не саромцеся звязацца з Супольнасцю, выкарыстоўваючы размешчаную ніжэй адпаведную форму, або кантактуйцеся са знешняй Групай прыёму і маніторынгу справаздач па адрасе taize.safeguarding protonmail.com. Калі вы жадаеце зарэагаваць на дадзеную публікацыю, вы можаце скарыстацца ніжэйшае формаю.
[1] З гэтае нагоды прачытайце нататку-абнаўленне з сакавіка 2020 года. |