Пасланне на 2023 год
2023: Духоўнае жыццё і салідарнасцьДзе мы можам знайсці крыніцу паўсюднага братэрства нашае чалавечае сям’і, усяго стварэння? З уплывам часу ў духоўных традыцыях народаў зямлі склаліся розныя адказы на гэтае пытанне. Для хрысціян надышоў час глыбей зразумець уласную веру. Не дзеля таго, каб выставіць сябе наперад ці сцвярджаць, што ў нас ёсць адказы на ўсе пытанні, але каб больш эфектыўна далучыцца да супольнага пошуку з тымі, хто не хоча проста скарыцца свайму лёсу, але хто вырашыў працаваць над вялікімі выклікамі сучаснасці. Гэтае пасланне на 2023 год імкнецца вызначыць напрамкі дзеянняў, якія дапамогуць аднавіць хрысціянскае жыццё ў наш час. «Малітва і праведныя ўчынкі». У жудасныя гады Другой сусветнай вайны у пастара Дзітрыха Банхёфера [1] была пэўная інтуіцыя. Знаходзячыся ў зняволенні, ён разважаў аб істотных аспектах хрысціянскага жыцця. Пасярод трагедыі вайны ён заняў стасоўную пазіцыю. У цемры сваіх часоў ён выразна бачыў:
Як мы можам перанесці гэтую інтуіцыю на сённяшні дзень? Кожны можа даць свой адказ. У Тэзэ мы б сказалі: праз паглыбленне нашага духоўнага жыцця і нашае салідарнасці з іншымі, або, іншымі словамі, падсілкоўваючы нашае малітоўнае жыццё і пашыраючы сяброўства... Распазнаць знакі Божае прысутнасці ў нашым жыцці нам дапаможа сведчанне Дзітрыха Банхёфера. Ён быў цалкам свядомы існуючага ў яго часы абсалютнага зла, аднак унутраны імпульс дазволіў яму, як і шэрагу іншых людзей мінулага і сучаснасці, у сітуацыі надзвычайнае лютасці зрабіць выбар на карысць надзеі і даверу да Бога, не сумняючыся ў чалавецтве. У цяперашняе сітуацыі таксама й мы можам зрабіць выбар на карысць даверу. У нашым свеце мы ў стане ўбачыць святло, якое паходзіць аднекуль. Нават калі мы перажываем цяжкія часы, нават калі Бог, здаецца, не адказвае на наш лямант, гэтае святло ўжо ўзыходзіць, нібы зараніца, у нашых сэрцах (2 Пятра 1, 19). Брат Алоіс Выбіраючы даверШто сёння можа змяніць наш светапогляд і абудзіць нашую творчасць, калі маладое пакаленне – й не толькі яно – знаходзіцца пад такім цяжарам? Безумоўна, існуе шмат прычын адчуваць глыбокую трывогу, абставіны, якія могуць моцна паўплываць на нашае бачанне свету і тое, як мы бачым сябе. Некаторыя людзі нават даходзяць да таго, што ставяць пад сумнеў Бога і Божую прысутнасць у свеце. Хваляванне – зразумелая рэакцыя. Тое нават карысна, калі дапамагае нам убачыць і зразумець небяспеку, якая нам пагражае, быць празорлівымі і не наіўнымі. Варта аднак быць асцярожнымі, каб не паддацца фаталізму, цынізму або страху, якія рызыкуюць зацягнуць нас у негатыўную спіраль. Каб пазбегнуць такога тупіка, Евангелле скіроўвае нас, указваючы на Хрыста Езуса, які крочыць перад намі. Цягам усяго жыцця Хрыстус адчуваў радасць, але меў таксама й клопаты. Ён быў аб’ектам нарастаючай варожасці, якая ў выніку прывяла да надзвычайнай лютасці ўкрыжавання. Але смерць не мела апошняга слова, таму што Бог вярнуў Яго да жыцця, і Ён жыве вечна. Гэта неверагодная рэч у Евангеллі. Ягоныя першыя сведкі заклікаюць нас узяць на сябе рызыка, каб паверыць у гэтае пасланне. Сёння Хрыстус працягвае крочыць побач з кожным чалавекам, каб перадаць усім людзям безумоўную Божую любоў. Праз Святога Духа, Божы подых, Ён робіць нас здольнымі заняць стасоўную пазіцыю, надаючы кожнаму чалавеку фундаментальную годнасць. Кіруймася ж не толькі тым, што прыходзіць да нас звонку, але павітайма таксама тое ўнутранае святло, той давер, які носіць імя веры. Шукаючы аднаўлення ў малітвеКаб па-новаму зірнуць на сваё жыццё, на іншых людзей і на свет, патрэбны асабісты высілак. Тое адбываецца ў глыбіні нашага быцця, калі мы запрашаем да сябе ласкавую Божую прысутнасць. Тое звязана з унутранаю зменаю кірунку, якую Евангелле называе навяртаннем, і якая вядзе нас да таго, каб мы прымалі Божае суцяшэнне, любячы ўсё больш і больш. Кожны можа адшукаць час і месца, каб знайсці ўнутраную цішыню, адкрыць прастору слухання і знайсці еднасць з Богам. Езус ужо заклікаў да гэтага сваіх сяброў: “Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці” (Мацвея 6, 6). Здаецца, што гэтае запрашэнне ідзе неяк супраць плыні. Мы перажываем час, калі ўсё становіцца значна больш палярызаваным, калі ў нашым грамадстве, часам нават у Цэрквах ды сем’ях, нарастаюць падзелы. У гэтым кантэксце шум і хлусня нібыта заглушаюць маўклівае духоўнае развіццё, якое патрабуе часу. Менавіта таму асабліва важная малітва: гэта крыніца надзеі, шлях да ціхамірнасці; яна дае нам магчымасць трымаць адчыненымі дзверы дыялогу нават з тымі, хто супрацьстаіць нам ці хто мае іншае, адрознае ад нас, жыццёвае дасвядчэнне. Ідучы разам з іншыміАкрамя асабістае малітвы ёсць яшчэ адзін заклік: крочыць разам з іншымі, маючы на ўвазе тое паўсюднае братэрства, знакі якога мы спрабуем распазнаць. Духоўнае жыццё – гэта не ізаляванае імкненне; яно працягваецца ў агульных справах з тымі асобамі, якія шукаюць нечага падобнага. Распачаць мы можам ужо зараз, дапамагаючы ўзрастаць бачнай еднасці хрысціян! Вядома, не дзеля таго, каб быць мацнейшым перад абліччам варожага свету, але каб вызваліць дынамічнасць Евангелля. Каб сабрацца разам на малітве, няма патрэбы чакаць на ўзгадненне ўсіх багаслоўскіх пытанняў. Калі сустракаемся з хрысціянамі розных вызнанняў, часам мы ўсведамляем погляды, якія здаюцца, а часам і сапраўды могуць быць, несумяшчальнымі, прынамсі, на канцэптуальным узроўні. Замест таго, каб тое падкрэсліваць, існуе іншы магчымы падыход: зноў і зноў пачынаць з супольнае малітвы. Такая практыка еднасці дазволіць Божаму народу скіравацца да супольнага вызнання веры. Магчыма, што гэта дапаможа змяніць наш погляд на Царкву: ці патрафім мы разглядаць яе у катэгорыі вялікай сям’і тых, хто вырашыў любіць, ідучы слядамі Хрыста? Надыйшоў час, каб быць закваскай міру, перастаць спрыяць падзелам паміж сабой, застаючыся на паралельных сцяжынах, якія ніколі не сустракаюцца! Гэты пошук бачнага адзінства мае адбывацца адначасова з прызнаннем зла, якое часам чынілася ў нашых Цэрквах, і з цвёрдаю пастановаю ўчыніць неабходныя змены. Багата хто ўбачыў, як ушчэнт разбіты іх давер. Таксама ў Тэзэ давер некаторых людзей быў падмануты; мы гэта добра ведаем. Давер — гэта крохкая рэчаіснасць, якую часта трэба аднаўляць і адбудоўваць, а тое магчыма толькі прыслухоўваючыся да тых, хто быў паранены [2]. Пашыраючы нашае сяброўстваКаб спрыяць стварэнню агульначалавечае сям’і, Царква мае быць знакам надыходу Божага Валадарства і адкрываць тое, да чаго нас сёння заклікае Святы Дух. Вось некаторыя з гэтых заклікаў, якія трэба паглыбіць разам з іншымі.
Для тых з нас, хто веруе, давер да Бога можа даць нам надзею, якая з’яўляецца больш магутнаю, чым страх перад будучыняю. Не наіўны давер, але перакананне, укаранёнае ў нашых сэрцах, што Бог дзейнічае ў стварэнні і заклікае нас да працы, каб мы прынялі на сябе адказнасць за сябе... і за наступныя пакаленні. Калі супакой здаецца недасяжным ідэалам, а лютасць раздзірае сям’ю народаў, калі нас бянтэжаць разнастайныя пагрозы, нагадайма сабе: у духоўным жыцці, якое можа быць вельмі ўбогае, праз салідарнасць з суседзямі і сяброўства, якое становіцца ўсё больш шырокім, Уваскрослы Хрыстус ідзе нам насустрач. Хрыстус змяняе наш светапогляд, выводзіць на шырокі абсяг і запрашае зрабіць нечаканыя крокі наперад. Ці мы здольныя прыняць Яго? [1] Актыўны ўдзельнік руху супраціву супраць Гітлера і Вызнаўчай Царквы, Дзітрых Банхёфер (1906-1945) быў зняволены ў 1943 г., а ў 1945 г. пакараны смерцю. Ягоныя творы, асабліва лісты і разважанні, напісаныя ў турме, мелі вялікі ўплыў пасля вайны і застаюцца такімі дагэтуль. [2] На гэтую тэму прачытайце зварот брата Алоіса «Праца па высвятленні праўды ў Царкве і ў Тэзэ павінна працягвацца», апублікаваны з нагоды Еўрапейскае сустрэчы ў Ростаку і даступнае на старонцы www.taize.fr/protection [http://www.taize.fr/protection]. |